Сёння з друку выходзіць папяровая мапа вуліцы Кастрычніцкай – падрабязны гайд па галоўнай культурнай атракцыі Менска. У эрганамічным і вывераным плане ты знойдзеш, дзе на вуліцы пасталавацца, закінуць за сўітшот, выбраць лепшы ракурс для сэлфі ці атрымаць авангардныя веды. Перадай іншаму!
Юля Дарашкевіч,
дырэктарка «ЦЭХа», аўтарка задумкі:
Ідэя была ў тым, каб прасоўваць Кастрычніцкую як асобны арт-аб'ект. Сама вуліца можа выглядаць суцэльнай: па ёй можна шпацыраваць, вадзіць экскурсіі. Ад гастранома з беляшамі, бюста Леніна і дошкі гонару МЗКР да муралаў Vulica Brasil, бараў, кафэх, галерэі з лекцыямі і выставамі – усё гэта адзіная гісторыя. Таму мапа – яе лагічны працяг.
Улад Луневіч,
са-ўладальнік «ДЭПО», ENZO і «Лаўкі», аўтар задумкі:
Кастрычніцкая ўжо нават ператвараецца з арт-тусоўкі ў славутасць горада: праз яе графіці, праз архітэктуру, атмасферу і гэтак далей. Адпаведна, прыйшла ідэя неяк папулярызаваць яе для турыстаў. Ёсць цікавасць у турыстычных кампаній, якія возяць экскурсіі па Менску, заканчваць тут свае маршруты. Турыстам трэба даць нешта ў руку, таму гэтая мапа – для іх!
Кастрычніцкая – вуліца ў цэнтры Менска з абаяльнай індустрыяльнай атмасферай, стрыт-арт мураламі ў некалькі паверхаў і маштабнымі вулічнымі тусоўкамі па выходных. Дзвіжуха пачала віраваць пасля асваення кафэхамі, барамі, крэатыўнымі агенцыямі і адукацыйнымі прасторамі пустуючых завадскіх складоў і лофтаў. І цяпер, можна сказаць, Кастрычніцкая – гэта ўнікальная гарадская з’ява са сваім гарэзлівым і трохі фанабэрыстым, але дужа кампанейскім genius loci.
Гістарычна вуліца Кастрычніцкая адносілася да Ляхаўскага прадмесця, якое праз зручнае размяшчэнне на беразе Свіслачы ў канцы XIX стагоддзя пачало шчыльна забудоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі. За два дзясяткі гадоў тут з’явілася некалькі гарбарань, вінны склад, дрожджава-вінакурны завод, чыгуналіцейны завод «Гігант», якія і склалі індустрыяльны воблік ваколіцы. Раней вуліца мела назвы Ніжне-Ляхаўская, Варашылава, Канцавая і з 1961 года стала Кастрычніцкай.
У савецкія часы прадпрыемствы ўзбуйнілі. Так з’явіўся гіганцкі станкабудаўнічы комплекс Менскага завода Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗКР), невычэрпная крыніца пладова-ягадных вінаў – завод «Крышталь» і парфумер раёна – дрожджавы камбінат. Пасля развалу саўка, як і паўсюль, абароты вытворчасці рэзка знізіліся, праз што вялікія складскія памяшканні пачалі сумаваць нават па рэху заблуднага сталкера.
На пачатку 2000-х вуліца прываблівала менскіх тусоўшчыкаў у клуб NC, які па закрыцці хутка набыў культавы статус. Хараством постындустрыяльнай эканомікі вуліца пачала напаўняцца недзе ў 2011-м, калі ў глыбіні прамысловай затокі адкрылася кавярня NewTon Fashion Art Вuffet з арт-галерэяй і крамай з дызайнерскімі шмоткамі. Пасля Newton закрыўся, адкрылі «Хуліган», насупраць – кругласутачную «Лаўку». У 2014-м прайшла першая Vulica Brasil, тым жа летам афтэрпаці FSP сабрала каля 1500 чалавек на вулічнай вечарыне. Ну і панеслася!
Ніжэй мы дэтальна разбярэм кожным мускул Кастрычніцкай, які ўтварае з яе адзіны арганізм – гэткага карнавальнага цмока, луска якога агніста пераліваецца творчымі ідэямі, бізнэс-канцэпцыямі і канцэнтраванай фарбай сяброўства.
Універсітэцкі гарадок БДУ (Кастрычніцкая, 2-12) – круглагадовы «пастаўшчык» моладзі на вуліцы, у тым ліку і замежнай. Акрамя будынкаў інтэрнатаў, у глыбіні квартала маюцца ўніверсітэцкі стадыён і басейн (толькі для студэнтаў БДУ). Сярод карпусоў месцяцца дзве сталоўкі: танная прасторная (Кастрычніцкая, 4) і даражэйшая камерная (Кастрычніцкая, 10). У фасадных будынках можна закупіцца ў гастраноме (Кастрычніцкая, 6) ці ў кітайскай крамцы (Кастрычніцкая, 2).
КЗ «Мінск» (Кастрычніцкая, 5) – дзяржаўная канцэртная глыба з насычаным тэатральным і канцэртным рэпертуарам, таксама – база для беларускага КВЗ. З тыльнага боку будынка месціцца кніжны кірмаш «У поющих фонтанов», побач – караоке-клуб Burlesque. Вакол яшчэ тры рэстарацыі: савецкая класіка «Родны кут», загарадная рамантыка з шашлыкамі і альтанкамі ў «Трех мушкетерах» і месца пра ежу «Я ж тебе говорил!..» у аранжарэі насупраць увахода ў КЗ.
Хаб MZOR (Кастрычніцкая, 16А) аб’ядноўвае пад адным дахам арганізацыйную прастору для мерапрыемстваў Event Space, рэкламную агенцыю PRKvadrat, фотастудыі Diva Studio, White Star і «Фот.Граф» і каворкінг «Станкі і інструмент». Побач барысты-прафесіяналы з Kitchen Coffee Roasters забяспечваюць наваколле кавай. Акрамя працоўных будняў, тут перыядычна праходзяць прагляды кіно і спартовыя трансляцыі на свежым паветры, а таксама невялічкія «MZOR-пікнікі». Каб трапіць у лакацыю, трэба ля велапешаходных мастоў праз Свіслач павярнуць да сталоўкі і ісці далей за чорны плот.
Завод «Крышталь» і крамы «Два буслы» і «Крышталь» (Кастрычніцкая, 15). Шырокі выбар гарэлкі, вінаў, бальзамаў, лікёраў. Ёсць на разліў партвейн, пасля якога не памятаеш сябе.
Графіці (Кастрычніцкая, 16) – галоўны візуальны спот Кастрычніцкай, любімае места аматарскіх фотаздымак. Агромністыя, у чатыры паверхі, муралы з’явіліся падчас беларуска-бразільскага фестывалю стрыт-арту Vulica Brasil. Цяпер гэта выява гусляра з карагодам (Cowek), Фрыда Кала з Ван Гогам і жырафамі (Rogerio Fernandes) і партрэт Чапскага (Izum). Малююца яшчэ некалькі грандыёзных муралаў якраз у гэтую хвіліну.
Moby Dick (Кастрычніцкая 16) – трэнажорная зала ў лофт-стылі, створаная музыкамі з гуртоў BRUTTO, Morfe’, «Егор Забелов трио» і H.A. Quartet. Таму фонам тут граюць адмысловыя падборкі для качу на густ заснавальнікаў. Кантынгент – ветлівыя дрышчы, якім няма ніякай справы да тваёй трапецыі. Таксама ёсць зала тайскага бокса, дзе трэніроўкі праводзіць той самы Гуркоў, а на першым паверсе адэпты слыннага кросфіту Dvor загоняць цябе ў самае пекла здаровага ладу жыцця.ECLAB (Кастрычніцкая, 19Б) – «Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі», месціцца за прахадной насупраць паркінга ENZO. Тут вывучаюць гуманітарныя навукі, мастацтва без закамплексаванага бюракратызмам падыхода, а суседзі побач – IT-школа Myfreedom – дапамагаюць злавіць жар-птушку праграмавання з маладых гадоў.
«Лаўка», «ДЭПО», ENZO (Кастрычніцкая, 23) – трохкутнае ядро грамадскага харчавання, галоўны пункт забеспячэння Кастрычніцкай правізіяй, у выпадку «Лаўкі» – у кругласутачным рэжыме. Раім завітаць у ENZO па фірмовыя бургеры, у «ДЭПО» – па сытныя блінцы з бутэлечкай айчыннага сідру, а ў «Лаўцы» сабраць сэндвіч з пажаданых інгрэдыентаў. Дарэчы, у гэтым жа будынку хаваецца канспіратыўны бар Stirlitz, а побач увечары на паркінг традыцыйна з’язджаюцца байкеры.
Platforma (Кастрычніцкая, 23А) – раней гарбарня, а зараз крэатыўны хаб з офісамі брэндынгавай кампаніі Public Group, рэкламнай агенцыі GetBob, адукацыйнай прасторай .PUNKT і кветкавым салонам Birdie Shop.
«Донарит», Papera Press, Gifter (Кастрычніцкая, 25). У будынку побач з «Платформай» месціцца дызайн-студыя Gifter, майстэрня друку Papera Press і друкарня «Донарит», на вокнах якой, дарэчы, таксама можна ўбачыць працы мастакоў Vulica Brasil.
«Хулиган» (Кастрычніцкая, 16) – тусовачная Мекка Кастрычніцкай, а часам і ўсяго горада. Бар «Хулиган» штотыднёва збірае менскіх клабераў як унутры, так і на тэрасе, а летам наўпрост на вуліцы. А калі ты хочаш адпачыць ад культурнага калейдаскопа, заўсёды можна выбраць шлях цішыні ў ёга-студыі Yoga Place на трэцім паверсе.
«ЦЭХ» (Кастрычніцкая, 16) – флагман сучаснага асветніцтва ў культурным асяродку Менска. Ва ўтульным памяшканні на другім паверсе «ЦЭХ» ладзіць выставы, адукацыйныя праекты, творчыя сустрэчы, лекцыі, а ўнізе, у ангары, якім ён карыстаецца разам з «Хуліганам», праходзяць буйныя фестывалі, кірмашы, месячнікі фота, а раз-пораз і тэхна-рэйвы. Карацей, жыццё віруе тут як нідзе.
Ultra Bar (далей па Кастрычніцкай, 16) – новае месца на Кастрычніцкай, толькі пачынае ўставаць абедзвюма нагамі ў свядомасці заўсёднікаў вуліцы. Закусачная прапаноўвае хот-догі і бурыта ў старым заводскім лофце. Таксама ёсць піва.
Запраўка «Белоруснефть» – адзіны пункт на Кастрычніцкай, дзе можна набыць цыгарэты.
Гайд рыхтаваўся на дзвюх мовах – беларускай і ангельскай – камандай 34mag пры падтрымцы Улада Луневіча. Шукай мапу ў месцах моцы горада, а таксама на рэсэпшанах сталічных гатэляў!
Краўд-праект «Ціхі Корпус», каб не перашкаджаць суседзям спаць!
Плейлист создан A1 Xplore Music от Deezer.
Сабралі сем лепшых поўнафарматнікаў гэтага тыдня.
Натхняліся творчасцю Лінча.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
КАМЕНТАРЫ (2)
убили улицу и радуются
Надо еще в аэропорт их завести!