Палац спорту

Побач з «ДЭПО» і «Чапскім» на Зыбіцкай адкрываецца новы бар з футбольнай назвай «4-4-2». Мы зазірнулі ў спартыўную абіцель напярэдадні афіцыйнага адкрыцця, каб зразумець, дзе будуць завісаць маладыя «глоры» і старыя заўзятары.

 

Назва «4-4-2» паходзіць ад класічнай схемы расстаноўкі футбалістаў на полі, якой асабліва карыстаюцца англійскія трэнеры Прэм’ер-лігі. Ідэя і рэалізацыя бара належыць першаму арт-дырэктару«Хулігана» Максу Старцаву і яго сябру Пашу Працукевічу – знаным менскім заўзятарам і тусоўшчыкам. Макс расказвае, што ўпершыню яны задумаліся пра ўласны спартыўны бар, калі ў чарговы раз спусцілі ў адной з менскіх устаноў па 50-60 рублёў за адзін матч. Яны з сябрамі марылі пра месца, якое б адпавядала тром асноўным крытэрам: сярэдні рахунак быў бы меншы, там было б душэўна і каб гэта была не піўнуха.
На першы погляд, у хлопцаў атрымалася дасягнуць сваёй мэты. «4-4-2» не падобны ні да стандартнага паба, ні да піўнухі. Афармленне вельмі стрыманае, няма ніякіх фанацкіх шалікаў і цішотак, затое ёсць некалькі сапраўдных дызайнерскіх аб’ектаў: дыптых Марадоны ў стылі ўорхалаўскай Манро, фрэска-алюзія на «Таемную вячэру» з выявамі футбалістаў замест апосталаў, а таксама мадэлі чатырох знакамітых футбольных стадыёнаў, якія стварыў мастак Андрэй Бусел aka Hutkasmachna.

 

 

 

 

«Дарэчы, больш за ўсё грошай мы ўвалілі ў абсталяванне прыбіральні. У ёй мы рэалізавалі мару любога футбольнага заўзятара: павесілі тэлек наўпрост над унітазам. Цяпер можна ісці сцаць, не баючыся прапусціць гол», – кажа Макс.

Што да меню і коштаў, то тут табе прапануюць узяць келіх разліўнога піва з шасці розных пазіцый (ёсць варыянты па 5, 7 і 9 рублёў), а таксама самаробныя наліўкі (трускаўкі, вішні, буракі і арахіс) і нават самагонку на кропе. Хоць у бары сабралася каманда лепшых міксолагаў, акцэнт на кактэйлях не робіцца наўмысна – у першую чаргу бар не пра гэта.

«Больш за ўсё грошай мы ўвалілі ў абсталяванне прыбіральні. У ёй мы рэалізавалі мару любога футбольнага заўзятара: павесілі тэлек наўпрост над унітазам»

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Хлопцы адзначаюць, што ўсё ў бары прыдумана ці зроблена «сваімі» – сябрамі і нават сваякамі. Па іх меркаванні, гэта тое, што стварае «душу» месца, яго адмысловы настрой, якія і павінны прыцягваць народ «прыбухнуць і папі**ець». Каб падтрымліваць сяброўскую атмасферу «4-4-2», тут працуюць два правілы: ніякіх чантаў (фанацкіх крычалак) і ніякай непавагі да заўзятараў іншых каманд.

«Я не сумняюся, што ў нас усё будзе добра, бо мы ўзялі вечную тэму – футбол»

Заснавальнікі кажуць, што засяроджвацца будуць не толькі на англійскім футболе. Таксама можна трапіць на трансляцыі іспанскай «Ла Лігі» і нямецкай «Бундэслігі». Акрамя таго, плануецца паказваць біятлон, тэніс, Формулу-1, а ў перспектыве, калі бар атрымае дакументы для працы да чацвёртай раніцы, – НХЛ і НБА. У «4-4-2» ёсць магчымасць паказваць некалькі розных гульняў адначасова. Таксама можна парубіцца з сябрамі ў прыставачную FIFA.

 

 

 

 

 

 

 

14 студзеня, у гэтую суботу, «4-4-2» запрашае ўсіх на сімвалічнае адкрыццё. Футбольную скрыню Пандоры адкрыюць чатыры матчы: першыя тры з ангельскай Прэм’ер-лігі і адна з італьянскай Серыі А. Пасля, магчыма, будуць танцы. «Я не сумняюся, што ў нас усё будзе добра, бо мы ўзялі вечную тэму – футбол. Футбол любяць усе і заўсёды, а гэта тое, што нам трэба», – падсумоўвае Максім.

 

 

 

Бар «4-4-2»
Вул. Зыбіцкая, 6 (з боку Свіслачы)
Аўторак-нядзеля з 12:00 да 2:00

FB   VK   Instagram   Twitter

 

Фота by palasatka

 


КАМЕНТАРЫ (3)

мастак
мастак | 14.01.2017 12:02

а кто разработал интерьер?

0 0
юрОК
юрОК | 12.01.2017 17:59

И кто это у нас там Иуда? =)

5 0 +5
Артур
Артур | 21.01.2017 12:33

Иудой должен быть Фиго!

0 0