Flytothesky: «уладар мемаў» рунэту
- 26.03.2018
- 6142
Flytothesky – агрэгатар, блог, анлайн-часопіс. Артыкулы з назвамі кшталту «Як палепшыць сабе настрой за 15 хвілін» і «5 залішне добрых, мілых і спагадлівых знакаў задыяку» – менавіта той кантэнт, які прыносіць сайту больш за 7 мільёнаў праглядаў штомесяц. Наш штатны рэпер Manitu сустрэўся з Андрэем Раманавым – стваральнікам Flytothesky – і напісаў біяграфію чалавека, які здолеў пабудаваць бізнэс на мары, мемах і клікабельных загалоўках.
Кароль драконаў
На цокальным паверсе новабудоўлі ў раёне Аўтазаводскай грукаюць ручкі настольнага кікера. Пластмасавых футбалістаў ужо ўкалыхвае ад пастаянных сінхронных сальта. Падыходзіць да канца трэцяя партыя адчайнай зарубы паміж мной і вялікім бізнэсмэнам, уладаром мемаў, уладальнікам кампаніі Flytothesky Андрэем Раманавым. Дарэчы, першыя два «тытулы», а таксама права быць названым так у гэтым артыкуле Андрэй выйграў у дзвюх папярэдніх партыях.
На гэты раз я не маю намеру прайграваць, інакш да тытулаў дадасца яшчэ адзін, не менш недарэчны. Лік 9-9. Я напружаны і засяроджаны як ніколі.
– Буууум! Бяры!
У маю браму па-здрадніцку ўляцела юбілейная дзясятая баначка. Я зноў прадзьмуў.
– Фух! Ну чо, яшчэ парцеечку?
– Не, дзякуй. Мог бы ўжо паддацца... Кароль драконаў.
«Кароль драконаў» усміхнуўся, важна сербануў піўка і ўпаў на велізарны аранжавы мяшок. Лепшае крэсла, прыдуманае чалавецтвам. Я прызямліўся насупраць на такое ж, толькі сіняе, і прыняў позу Юрыя Дудзя, рыхтуючыся да сур'ёзнага інтэрв'ю з паспяховым бізнэсмэнам. Хоць захоўваць сур'ёзнасць у такой абстаноўцы было складана.
Дзе нараджаюцца мемы
Офіс Flytothesky нагадвае хутчэй антыкавярню, чым працоўную прастору. Кікер, міні-гольф, выстава настольных гульняў рознага кшталту і некалькі пакуначкаў настолькі крутой гарбаты, што Kipah з «Бассоты» аддаў бы за яго мезенчык на адсячэнне. Але гэты кішэнны гік-парадайз не такі ўжо бяскрыўдны, як здаецца на першы погляд. Мала хто ведае, што тут знаходзіцца сапраўдная лабараторыя па вытворчасці віруснага кантэнту масавага паражэння.
Ты, вядома, можаш нічога не ведаць пра сайт flytothesky.ru, але... Але ж не, ты не можаш нічога пра яго не ведаць. Ускосна, але вы ўжо знаёмыя. Кожны дзень мемасікі, тэсцікі, сацыяльныя гісторыі і апавяданні ад хлопцаў з Аўтазаводскай сыплюцца наўпрост табе ў стужку і кормяць твае любімыя паблікі. Гэта той самы папкорн-кантэнт з чалавечым тварам, які не-не ды і прымусіць цябе заліпнуць у тэлефон на час, які можна было б выдаткаваць з большай карысцю.
«Галоўны вопыт, які я набыў у “Макдональдсе”, – гэта дакладнае ўсведамленне таго, што я не хачу працаваць на працы, ад якой стамляюся за 20 хвілін»
Медыяхолдынг з пяці чалавек
Шэсць гадоў таму Андрэй Раманаў... Прабачце, «Уладар Мемаў» стварыў забаўляльны сайт пра культуру і крэатыў flytothesky.ru. За гэты час праект ператварыўся з маленькага блога з апавяданнямі і асабістымі фатаграфіямі Андрэя ў велізарную медыямахіну, галоўную старонку якой штомесяц праглядаюць больш за сем мільёнаў разоў. Таксама кампаніі «Флай Медыя» належыць сетка паблікаў у Facebook, на якіх у суме падпісана каля мільёна карыстальнікаў.
У 2013 хлопцы былі намінаваныя на прэмію «Блог Рунэту» за свае дасягненні ў галіне інтэрнэт-вірусалогіі. І гэта ўсё тут, у Менску, у падвале шматпавярховіка ў раёне ДК МАЗ, куды нават дастаўка піцы праз раз прыязджае.
– Ой, ды чо ты прычапіўся – круты ў нас падвал! Мы сюды зусім нядаўна пераехалі. Мне тут падабаецца. Я тут нават начую часам, калі працы шмат. А калісьці я сядзеў адзін у сваёй кватэры і піліў па 20 пастоў у дзень, не выходзячы з дома.
– Колькі цяпер людзей у камандзе?
– Пяцёра. У прынцыпе, больш і не трэба. Хтосьці піша пасты, хтосьці здымае відэакантэнт, хтосьці напаўняе сацсеткі. Я кожнаму з іх давяраю. У апошні час я наогул пусціў сайт у свабоднае плаванне – усім займаюцца хлопцы. А я спрабую развіваць новыя фарматы, займаюся рэкламай.
– Раскажы падрабязней, што такое Flytothesky на дадзены момант.
– Гэта медыякампанія, якая валодае некалькімі буйнымі забаўляльнымі інтэрнэт-рэсурсамі. Гэта сам сайт flytothesky.ru – партал пра фатаграфію, культуру і творчасць, які штодня наведваюць больш за 150 000 чалавек, і сетка тэматычных паблікаў у Facebook. Самы буйны з іх – «В мире интересного» https://www.facebook.com/bestinteresting/ – налічвае больш за 600 000 падпісчыкаў. Таксама Flytothesky – гэта рэкламнае агенцтва, якое займаецца распрацоўкай вірусных рэкламных праектаў і прасоўваннем розных брэндаў у інтэрнэце.
– Гучыць пераканаўча. І неяк занадта пафасна для 26-гадовага студэнта журфака, з якім мы пастаянна здаем пераздачы ў апошні момант...
Андрэй усміхнуўся і працягнуў мне піва. Мы знаёмыя ўжо чатыры гады, так што гульня ў пафаснага інтэрв'юера скончылася, не паспеўшы пачацца.
Перыя палёты
– Раскажы лепш што-небудзь весялейшае. З чаго пачаўся ўвесь гэты твой «бізнэс»?
– Мой першы бізнэс я арганізаваў у 10 гадоў, калі пачаў прадаваць хлопцам у двары фішкі. Я выменяў у аднаго хлопца мяшок фішак на бірульку – і пайшоў...
– Ну Андрэй...
– Добра, калі сур'ёзна, то канкрэтна flytothesky я адкрыў у 2012 годзе. Я тады пісаў шмат усялякіх апавяданняў на сайт proza.ru, царства яму нябеснае, і шмат фатаграфаваў. Мне захацелася стварыць асабісты блог, дзе два гэтыя захапленні маглі б аб'яднацца. Тады гэта была вельмі папулярная тэма – заводзіць блогі. Купіў дамен за 5 даляраў, аплаціў самы танны хостынг на слабенькім серверы – і пагнаў. Тады мне больш і не трэба было. Стаў закідваць туды ўсё напісанае і знятае за тыдзень і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што гэта хтосьці рэальна чытае. Спачатку 200-300 праглядаў было. Потым першыя тысячы пайшлі. Было вельмі прыемна ўсведамляць, што я раблю тое, што падабаецца людзям. І я стараўся іх не расчароўваць: кожны дзень прымушаў сябе штосьці туды пісаць, хадзіць на мерапрыемствы, рабіць фотарэпартажы. У нейкі момант я зразумеў, што рэальна магу зрабіць flytothesky сваёй галоўнай працай.
«У інтэрнэце я адчуваў неверагодную лямпавасць, якая магла існаваць толькі ў той час, у пачатку дзясятых»
– А дзе ты працаваў да твайго цяперашняга праекта?
– Ой, ды шмат дзе. Ахоўнікам у начным клубе «НЛО», напрыклад. Палохаў дзяцей касцюмам прышэльца. Потым спрабаваў адкрыць кніжны ларок са сваім сябрам. Але мы нікому тады не здаліся са сваімі кнігамі. Масажыстам надомным быў. Паўгода займаўся платнай прапампоўкай персанажаў у гульні Lineage II. Па 20 гадзін у дзень, прыкінь? Складаны перыяд быў. А, яшчэ ў «Макдональдсе» тры тыдні адпрацаваў.
– Класіка...
– Ага. Я начытаўся тады якраз Роберта Кіясакі – гэта які «Багаты Тата, Бедны Тата». Хадзіў увесь натхнёны! Роберт казаў: «Трэба ўспрымаць любую працу як спосаб набрацца вопыту і завесці знаёмства». Я думаў, цяпер уладкуюся ў «Мак», зразумею, як працуе іх сістэма, і зраблю свой паспяховы бізнэс. Але галоўны вопыт, які я прыдбаў у «Макдональдсе», – гэта дакладнае ўсведамленне таго, што я не хачу працаваць на працы, ад якой стамляюся за 20 хвілін. Я ледзь вытрымліваў да канца змены. Як там людзі гадамі працуюць – не ідзе на цям! Нядаўна заходзіў у «свой» «Макдональдс» на Пушкінскай – усё тыя ж знаёмыя твары. Увогуле «Мак» стаў маёй першай і апошняй афіцыйнай працай. У мяне два запісы ў працоўнай: «Рэстаран Макдональдс – афіцыянт», а потым адразу «Кампанія "Флай Медыя" – дырэктар». Але першыя сапраўдныя грошы я зарабіў, калі даведаўся, што такое Forex.
«Паглядзеў на людзей, якія могуць, седзячы ў аўтобусе, з тэлефона напісаць тэкст, які разляціцца па інтэрнэце ўжо праз гадзіну, – гэта вельмі натхніла»
Блокчэйн пачатку дзясятых
– Ух ты! Можаш пра гэта падрабязней распавесці?
– Я пачаў гандляваць на біржы, калі мне было 16 гадоў. Памятаю, мой сябар завёў мяне на нейкі семінар па біржавым гандлі. Тады гэта было вельмі модна. Прыкладна як цяпер блокчэйн ці бінарныя апцыёны. Сябар вельмі здзівіўся і нават купіў сабе спецыяльны курс за 200 баксаў. Я хоць і адчуў, што гэта лахатрон нейкі, але таксама вырашыў разабрацца. А так як 200 баксаў для мяне тады былі непад'ёмнай сумай, прыйшлося вучыцца самому. Ужо вельмі мне спадабалася ідэя зарабляць грошы, не выходзячы з хаты. Так прайшло два гады. Я садзіў сабе нервы, падрываўся сярод ночы, каб праверыць каціроўкі, працаваў па 10 гадзін у суткі і ўсё-такі стаў на гэтым зарабляць. У выніку ў 18 гадоў я ўжо ўладкаваўся ў адну вядомую брокерскую кантору і атрымліваў прыстойны заробак. Мы гандлявалі на інвестарскія грошы і вялі курсы для трэйдараў. У мяне была свая каманда.
– Хто тады ў яе ўваходзіў?
– Адзін быў вельмі каларытны персанаж. Мілы дзядок гадоў 65, па маладосці гандляваў на Чыкагскай фондавай біржы, потым прыехаў у Беларусь і завінаваціўся мільён даляраў нейкім бандытам. І вось да сярэдзіны двухтысячных дзякуючы Forex і нашай канторы здолеў цалкам пагасіць гэты доўг. Ну і пра сябе не забыўся: у яго была вялізная кватэра, крутая машына – увогуле, гэта быў вельмі багаты чалавек. Што, зрэшты, не перашкаджала яму кожную нядзелю гуляць з мужыкамі ў даміно ў парку Чалюскінцаў і піць з імі піўко з кубачка. Вельмі цікавы быў дзядзька. Адзін мой калега сарваў вялікі куш і з'ехаў працаваць у сур'ёзную фірму ў Піцеры. Іншы, наадварот, страціў усе грошы інвестара і кінуўся на ўцёкі. Увогуле цікавы быў час. Мне падабалася тое, чым я займаўся, але ўсё ж я не адчуваў сябе ўтульна ва ўсёй гэтай Forex-тусоўцы.
– Чаму?
– Forex – гэта, па сутнасці, узаконены падман. Ты фактычна гандлюеш паветрам. Ведаючы законы гэтага бізнэсу, ты зможаш зарабіць на гэтым. Толькі гэта патрабуе велізарнай колькасці сіл, часу і жалезнай самадысцыпліны. А ўсе пачаткоўцы ў гэтай справе лічаць, што змогуць хутка і не прыкладаючы намаганняў падняць грошай, як і на любой пірамідзе. Буйныя кампаніі глядзяць на такіх, як кот на смятану. Такія наіўныя гора-трэйдары для іх – галоўная крыніца даходу. І курсы, на якіх мы выкладалі, былі створаны не для дапамогі пачаткоўцам, а для ўзбагачэння самай канторы. Ёй было пофігу, разарышся ты ці не, – галоўнае, адкрый рахунак і пакінь грошы. Я не хацеў падманваць людзей. Усе свае заняткі я пачынаў з фразы: «Падыміце рукі тыя, хто лічыць, што зможа зарабляць на біржы праз тыдзень». Звычайна рукі падымала прыкладна палова залы. І я працягваў: «Тады вы можаце адразу сыходзіць, вам тут лавіць няма чаго. Вы вельмі хутка застаняцеся без грошай з такім падыходам». Дзевяць з дзесяці кліентаў на другі занятак не прыходзілі. У мяне быў самы нізкі працэнт заключаных дамоў у кампаніі. Я адчуваў, што мяне аднойчы турнуць, і, калі гэта здарылася, я быў гатовы.
Покер, спорт, азарт
– І пасля гэтага ты сышоў і стварыў Flytothesky?
– Не, потым я навучыўся гуляць у покер і пару месяцаў зарабляў гэтым.
– О божа...
– Вось тут трэйдарскае мінулае і спатрэбілася. Калі ў цябе развітая самадысцыпліна, якая не дазваляе табе прайграць больш за пэўную суму, то покер – гэта тое, што доктар прапісаў. Паўдзельнічаў у некалькіх буйных турнірах, але потым завязаў. Таму што зразумеў: гэта абсалютна тое ж самае, што і рынак. Ты проста сядзіш з дэпазітам, спрабуеш зарабіць грошай і нічога не ствараеш. Можна за дзень сабраць 50 баксаў, потым на наступны дзень іх прайграць – і па факце ты змарнаваў два дні. Людзі, якія гэтым займаюцца, могуць сказаць, што ты набываеш вопыт, але я ўспомніў, ад чаго бег, калі сышоў з біржы, і зразумеў, што больш мяне гэтая пустата не прыцягвае.
– Здаецца, калі ты чапляешся за якую-небудзь справу, ты яе не адпусціш, пакуль не заробіш на ёй грошы. Адкуль у цябе гэта зацятасць?
– Напэўна, гэта з-за спорту. Я ж майстар спорту па плаванні.
– Блін, можа ты яшчэ і Чалавек-Павук? У мяне комплексы з'яўляюцца ад тваёй рознастароннасці.
– Не, Сань, я ўсяго толькі Кароль Драконаў.
«Мне здаецца, у мяне ёсць талент прадказваць, якая тэма стрэльне, нават калі ўсе вакол лічаць, што гэта хрэнь нейкая»
– Залічана. Ну дык і як ты майстрам спорту стаў?
– Там прама Галівуд быў. Я пяць гадоў не мог выканаць гэты нарматыў. Заўсёды чагосьці не хапала. А мне ўжо амаль дваццаць было тады, усе хлопцы даўно былі майстрамі, я адзін такі застаўся. У нейкі момант мы паехалі на чарговыя спаборніцтвы і трэнер паставіў ультыматум: альбо зараз выконваеш майстра, альбо сыходзіш. Натуральна, я не справіўся з ціскам і не выканаў.
На паўгода я застаўся без трэнера, бегаў і хадзіў у басейн самастойна: так як я плаваю ўсё жыццё, мне не хацелася кідаць. Думаў, што вярнуся як-небудзь і ўсім усё давяду. Потым я выпадкова пазнаёміўся з вельмі добрым трэнерам, які цяпер рэспубліканскую каманду трэніруе. Ён мне за 8 месяцаў змяніў трэніроўкі так, што на рэспубліканскім першынстве я выканаў майстра, прычым з вялікім запасам. Да таго ж я заўсёды «дэльфінам» плаваў, а майстра выканаў «на спіне» – гэта зусім іншая тэхніка і іншыя групы цягліц.
Стаць майстрам было маёй марай шмат гадоў, а калі яна ажыццявілася, я не разумеў, што далей рабіць. Склаў рэчы, пайшоў у бліжэйшае ад басейна кафэ і замовіў пельмені і чарку гарэлкі. Выпіў і напісаў сабе ў тэлефоне нататку: «Андруха, ты можаш больш». Я не ведаю чаму. Потым ледзь не спазніўся на цягнік. Дабег, лёг на верхнюю паліцу, выдыхнуў перагарам і заснуў шчаслівы.
«Мы неяк запусцілі з MDK сумесны мем: "Мала хто ведае, што каву трэба перамешваць іншым бокам палачкі"»
З'яўленне Flytothesky
– Атрымліваецца, што ты зноў страціў мэту ў жыцці.
– Так, і зноў стаў яе шукаць. Я ўспомніў, як у часы брокерства выпадкова клікнуў на рэкламны банер на маім сайце-візітоўцы і заўважыў, што зарабіў гэтым цэлых 4 цэнты. Тады я даведаўся, што ў інтэрнэце можна зарабляць неяк яшчэ, акрамя покера і Forex. І вось нарэшце мы падыходзім да стварэння Flytothesky.
У інтэрнэце я адчуваў неверагодную лямпавасць, якая магла існаваць толькі ў той час, у пачатку дзясятых. Гэта быў час, калі цябе не х*ясосілі на чым свет стаіць за ўсё, што ты робіш, а, наадварот, падтрымлівалі на кожным кроку. Людзі пісалі каментары накшталт: «Выдатны праект, вы вялікі малайчына!», часта цікавіліся, як справы, прасілі зайсці і зацаніць іх сайт.
Думаю, калі б мяне пачалі цкаваць у той момант, – нічога б не атрымалася. А так я атрымаў карт-бланш ад сваёй аўдыторыі на любыя эксперыменты. Напрыклад, у мяне быў праект «Бегам па жыцці». Цяпер ён ужо схаваны. Сутнасць была ў тым, што я бегаў па горадзе і фатаграфаваў людзей на камеру кнопкавага тэлефона. Спецыяльна змазана і недарэчна. Мне хацелася паказаць жвавасць гэтага працэсу – паказаць, як я бачу горад, калі бягу. Здавалася, што я магу стаць новым Форэстам Гампам, і людзі пачнуць бегаць разам са мной. Спачатку мы пабяжым па Беларусі, потым па іншых краінах. Нікуды мы, вядома, не пабеглі, але водгук быў вельмі вялікі. Людзям падабалася гэтая прасцяцкая шчырасць, яны пачалі рабіць такія ж фота. Інтэрнэт яшчэ не быў заражаны гэтай жоўцю, тролямі і іншым гаўном. Гэта было вельмі міла.
Я пісаў нейкія артыкулы, часам нават з памылкамі і апіскамі, але гэта таксама было лямпава. Ужо праз год на сайце было 5 тысяч наведванняў у дзень. Я трапіў у топ-100 аўтаномных блогаў Яндэкс. На першым месцы быў Рома Жолуд, дарэчы. Так, гэта быў яшчэ той інтэрнэт. Я сабраў сяброў у сушы-бары і ў гонар гэтага праставіўся як мог. А праз месяц ужо было 10 тысяч наведвальнікаў. Далей усё пайшло ў геаметрычнай прагрэсіі, у нас серверы клаліся некалькі разоў з-за наведвальнасці. Я пачаў зарабляць марай, як бы ванільна гэта ні гучала.
Палочка для кофе
– Калі ты зразумеў, што ты ўжо чагосьці дамогся?
– Калі штодзённы трафік дасягнуў ста тысяч і мяне сталі клікаць на ўсякія блогерскія праекты, экскурсіі, туры. Часам гэта было сумнеўным задавальненнем – маглі на мясакамбінат адвезці і вадзіць там дзве гадзіны туды-сюды. Але ўсё роўна мне хацелася да гэтага далучыцца. Я заўсёды быў чалавекам, які працуе днямі напралёт. І было крыху крыўдна, што жэжэшнікаў з нашмат меншым трафікам клікалі на ўсякія такія штукі, а мяне не. Калі шчыра, я ім трохі зайздросціў. І аднойчы мяне паклікалі на праект «Блогеры ў арміі». Гэта быў першы афлайн-праект Wargaming і Міністэрства абароны. Прапаганда ў стылі: «Паглядзіце, якая клёвая ў нас армія, прама як у серыяле "Салдаты"». Але мне было ўсё роўна. Я пазнаёміўся з кучай крутых людзей і адчуў, як гэта – пісаць пост у намёце з храновым 3G-мадэмам, адмахвацца ад камароў, спаць па дзве гадзіны ў суткі. Паглядзеў на людзей, якія могуць, седзячы ў аўтобусе, з тэлефона напісаць тэкст, які разляціцца па інтэрнэце ўжо праз гадзіну, – гэта вельмі натхніла.
– Як думаеш, у чым сакрэт твайго поспеху?
– Мне здаецца, у мяне ёсць талент прадказваць, якая тэма стрэльне, нават калі ўсе вакол лічаць, што гэта хрэнь нейкая. Напрыклад, мы неяк запусцілі з MDK сумесны мем – проста ад таго, што не было чаго рабіць. Фотка палачкі для кавы і надпіс: «Мала хто ведае, што каву трэба перамешваць іншым бокам палачкі». Проста ад балды прыдумаў такую бязглуздую канспіралагічную тэорыю і скінуў адміну Роберту Панчвідзэ. І гэта так стрэльнула... Я да гэтага часу сустракаю людзей, якія перамешваюць каву так, як на нашым малюнку. Пацешнае пачуццё ўзнікае.
«Зарабляць любімай справай – гэта мара, якую трэба заслужыць»
Тое ж самае было, калі Flytothesky адным з першых зарэгістраваўся ў рэестры СМІ Раскамнагляду. Усе блогеры пляваліся, маўляў: «Фу, не буду гэта рабіць», а я разумеў, што ўсе падобныя абмежаванні – як у Расіі, так і ў Беларусі – накіраваныя на канкрэтных людзей. А на астатніх апалітычных блогераў, якія проста робяць сваю справу, ім пляваць, таму баяцца няма чаго. Я зарэгістраваўся адным з першых. У выніку спіс першых афіцыйных СМІ разляцеўся па ўсіх навіновых сайтах і я атрымаў вельмі шмат пераходаў. З TJournal, з Лентача – гэты спіс быў усюды. Плюс вялікія брэнды захацелі супрацоўнічаць менавіта з афіцыйна зарэгістраванымі СМІ. Шмат у чым дзякуючы гэтаму мы зрабілі сумесны праект з Nike, напрыклад.
– Так, пасля гісторыі з MDK твой самаабвешчаны тытул «Уладар мемаў» гучыць ужо не так сцёбна.
– Ды ну, насамрэч такіх гісторый было шмат, і гэта не тое каб вельмі крута. Я рады, што ў мяне ёсць падставы для гонару і больш сур'ёзныя. Блін, піўко скончылася. Ну што, яшчэ парцеечку?
– Цур цяпер я чырвонымі.
– Табе гэта наўрад ці дапаможа, чувак...
– Давай гэтым разам хоць бы без тытулаў. Параіш напрыканцы што-небудзь такім жа, як ты, натхнёным Роберт Кіясакі?
– Не баяцца кідаць тое, што не падабаецца, і пачынаць тое, што страшна і незразумела. І, прабачце за выраз, я*ашыць. Зарабляць любімай справай – гэта мара, якую трэба заслужыць. Добра, нафіг гэтага Кіясакі! Буууум! Бяры!
Жоўтыя павялі 1-0. Наколькі ж гэты чувак не любіць прайграваць...
Фота: Таня Капітонава