Перадгісторыя
У Амерыцы пачатку 90-х рэп-батлы былі чымсьці накшталт гуманнай альтэрнатывы гангстарскай перастрэлцы. Сур’ёзныя хлопцы з Кўінза, Бронкса і Гарлема раптам сталі высвятляць, хто з іх круцейшы, не ў стылі фільмаў Таранціна, а вербальна ў цэнтры кола, амаль як дарослыя людзі. Даказаў, што твой супернік насупраць – храновы рэпер і мама яго не такая добрая жанчына, як твая, – малайчына, герой, пастаяў за гонар раёна! І пытанне вырашана, і крохкая папуляцыя гангстараў не зменшылася ні на адну асобіну.
Цяпер рэп-батлы эвалюцыянавалі з першабытнай формы вулічнай дыпламатыі ў сапраўднае шоу. Прычым досыць прыбытковае і запатрабаванае. Так, гэта ўжо не Бладз і Крыпс і не Бігі з Пакам. Калі ты прайграеш, цябе нават не паб’юць (хутчэй за ўсё). Але ніхто не сказаў, што ад гэтага батлы сталі менш гарачымі. Проста больш бяспечнымі, а запал застаўся на месцы. І я заўсёды хацеў паглядзець, як жа гэта выглядае знутры.
«Дзіўная штука – жыццё: у кастрычніку я яшчэ слэміўся на канцэрце Placebo, а цяпер вось рэп-батл»
Пару месяцаў таму я запіліў заяўку на Minsk Independent Battle. Не тое каб зусім па фане, але гэтае рашэнне дакладна не было з разраду «я доўга думаў і прыдумаў». Проста падчас падрыхтоўкі інтэрв’ю з арганізатарамі МІB-a я неяк няёмка пажартаваў у рэдакцыі на тэму: «А што, я і паўдзельнічаць магу!» Хлопцы жарт зацанілі. І вось я стаю ў перапоўненым бары ili ў цэнтры натоўпу галоваў гэтак пад трыста. Аператары рыхтуюць камеры, арганізатары раздаюць бляшанкі са спонсарскім энергетыкам, а я паўтараю пра сябе тэкст. Дажартаваўся, што сказаць…
Размінка
Праз некалькі хвілін я буду касплэіць Кроліка з «8 мілі» і рабіць выгляд, быццам я рэальна разумею, што адбываецца вакол. На храна я ў гэта ўпісаўся? Дзіўная штука – жыццё: у кастрычніку я яшчэ слэміўся на канцэрце Placebo, а цяпер вось рэп-батл. Ну і добра, чаго ныць – сам жа хацеў. Апанент таксама рыхтуецца: ён пачаў свідраваць мяне фірмавым батлерскім позіркам. Быццам ён Аляксандр Рыгорыч, а я – «Чай з малінавым варэннем». Гэтым скілам я пакуль што не валодаю, тут патрэбны доўгія гады трэніровак.
– Косця, ну дзе там вадзіца, ты ж абяцаў! Мы тут увогуле за вадзіцу і батлім!
– А як жа хайп?
– Ну і за яго, вядома... Не, я сур’ёзна – прынясі, а. Трэба ж неяк час цягнуць, калі тэкст забуду.
– Я табе забуду! Добра, зараз вазьму вам на бары.
Косця – адзін з арганізатараў і па сумяшчальніцтве вядучы батла. Беларускі Рэстаратар, толькі з валасамі. Са сваёй задачай ён спраўляецца на выдатна, трэба сказаць. Яго кароннае «А-ё-ё-ёў, з вамі Косця Баяндзін...» стала мемам ужо далёка за межамі нашай рэперскай тусы.
– На, трымай. Усё, праз пяць хвілін пачынаем, чувак. Хто першы, вырашылі?
– Так, першы я буду.
– Добра, удачы!
Дарэчы, наконт «нашай рэперскай тусы». Магчыма, для кагосьці гэта будзе адкрыццём (ну ці мала), але, калі камеры выключаюць, удзельнікі батла не спяшаюцца вырваць адзін аднаму кадыкі.
На MIB-е ва ўсіх рабят выдатныя адносіны. Пацверджаннем таму могуць стаць узаемныя віншаванні з Новым годам або, напрыклад, кранальныя аўдыяпаведамленні ад падбухнулых арганізатараў у стылі: «Хлопцы, я вас усіх таааак люблю! Усё, вырашана! Мы павялічым прыз да паўтары тысячы, хай яны там на SLOVO задавяцца ўсе!» І нешта мне падказвае, што яшчэ парачка сумесных папоек – і мы наогул будзем лепшымі сябрамі.
Не бачу ў гэтым ніякай супярэчнасці. Усе разумеюць, што сказанае ў коле застаецца там жа. Батлы – гэта спорт, і ставіцца да іх трэба адпаведным чынам. Больш скажу, часам батл – гэта нават карысна. Гэта нагадвае своеасаблівы рытуал ачышчэння. Чалавеку, які прама выказаў усё, што пра цябе думае, ты давяраеш больш, чым якому-небудзь крывадушнаму падхаліму. Да таго ж з выказанага ў твой бок можна запазычыць нешта карыснае, нешта, што прыкметна толькі збоку. Насуперак ходкаму меркаванню, у батлах ёсць нешта большае, чым проста жарты пра мамак. Ды і апошнія, калі шчыра, у 2017 годзе – ужо маветон сярод рэпераў.
Сябры падбадзёрваюць з-за спіны:
– Што, хвалюешся?
– Не, ну а ты як думаеш?
– Саня, супакойся, зараз ты яго вынесеш, а потым мы гэтую справу добра адсвяткуем.
Хутчэй бы. Наконт хвалявання. Памятаеце, як у Эмінэма: «His palms are sweaty, knees weak, arms are heavy». Памятаеце? Дык вось ні фіга падобнага. У цябе адзіная думка ў галаве – не забыць тэкст. Кожную паўзу, кожнае імгненне цішыні ты спрабуеш выкарыстоўваць, каб успомніць пару радкоў і пераканацца, што яны на месцы. Часу на тое, каб баяцца натоўпу, камеры, суддзяў, тым больш апанента, тупа не застаецца.
Бойка
– А-ё-ё-ёў, з вамі Косця Баяндзін, гэта Minsk Independent Battle, і сёння...
Ну вось, пачалося. Зараз ён прадставіць Горбаша, Габоныча, Кіпу, Эміа, таго барадатага мужыка з Rap News і звальваць мне будзе ўжо зусім позна. Дарэчы, на выпадак няяўкі або адчайнага уцёку ў нас на MIB-e прадугледжаны штраф 20 рублёў. Сума чыста сімвалічная, вядома. Маштаб народнага дызрэспекту будзе непараўнальна большым, і ўсе гэта разумеюць. Так што быць дэзерцірам – сабе даражэй.
Ды і навошта: я ж круты рэпер, маць вашу, я ўсіх вынесу! Сэтап з левай, панчлайн з правай! Нездарма ж я ў сутарэнні рэпетаваў цэлыя тры дні! Сапраўдны андэграўнд, ю ноў, біч! Усё, я гатовы, падайце яго сюды!
«Чалавеку, які прама выказаў усё, што пра цябе думае, ты давяраеш больш, чым якому-небудзь крывадушнаму падхаліму»
Сафіты
– Што ж, гэта было горача! А што скажуць нашы суддзі?
А хрэн яго ведае, што яны скажуць, Косця... Яму відавочна спадабалася: твар у яго быў, як быццам ён толькі што пералічыў выручку з сённяшняга мерапрыемства. Нарэшце ўсё скончылася! Я разумеў, што выступіў нядрэнна, але рэальна не ведаў, што ж скажуць Габоныч і кампанія. І вы не даведаецеся, пакуль не выйдзе відэа. Экскюзэ муа – такія правілы. Лік я вам не скажу, бо мы перад батлам далі сумленнае рэперскае «хто будзе зліваць вынікі да выхаду відэа – той лох». Чакаць засталося нядоўга. Па сакрэце: пагаворваюць, што я быў нічога так.
«Я карцінна так выцерся і... аддаў сурвэтку назад. Прычым з такім выглядам, тыпу: “На, потым на eBay прадасі!”»
– Чувак, гэта было афігіцельна! Скажу шчыра: калі ты мне даслаў заяўку, я падумаў: ну такое... Але цяпер я проста ў шоку, мужык, ты круты!
Атрымліваць рэспект ад Бакея прыемна ўдвая. Але такой рэакцыі я ад яго дакладна не чакаў.
– Ну што, гоў цяпер фіт пісаць?
– Ды хоць зараз! Бяром Ластэнда і пагналі!
Потым з рэспектам адзін за адным падышлі Кіпа (мабыць, забыўшыся пра сурвэтку), Эміа Афішл, Ластэнд, аператар батла Саша, нейкі лысы мужык і тры сімпатычныя мадамы, а адзін чувак нават са мной сфатаграфаваўся. Таня, наша фатографка, нават папрасіла яго сфатаграфавацца са мной яшчэ раз. Каб яна паспела сфоткаць, як са мной хтосьці фоткаецца. Вось яны, паўтары хвіліны славы!
Амар Хаям
Мы з сябрамі стаім каля клуба і назіраем, як людзі разыходзяцца па дамах. У кожнага з нас у заплечніках па дзесяць бляшанак спонсарскага энергетыка і адкрыты «Балантайнс» – мы едзем святкаваць. Тэлефон разрываецца ад твітарскіх апавяшчэнняў. Людзі развалакваюць тэкст на цытаткі, віншуюць, шлюць фоткі. Я прама рэп-зорка на гадзіну.
Насамрэч у кожнага батла можа быць толькі два вынікі. Выступіў дрэнна – гэтае лайно паглядзяць пару дзясяткаў тысяч чалавек, а былы настаўнік літаратуры перастане з табой вітацца. Перамог – настаўнік усё роўна вітацца перастане, затое на месяц ты станеш сапраўднай лакальнай зоркай. Кожны першы хоча з табой выпіць, кожная другая просіць тэлефончык. Яшчэ і сертыфікат на красоўкі могуць падагнаць – зусім прыгожа.
Але ўсё гэта такая дробязь, сябры. Заўсёды трэба памятаць, што мы проста раз у месяц смешна абзываем адзін аднаго на камеру, ні больш ні менш. І робім гэта з нейкага свайго скажонага фетыша. Гэта як Байцоўскі клуб ХХІ стагоддзя. На прызы цяпер усім пляваць, я думаю, чувакі са мной пагодзяцца. Галоўнае – атрымліваць задавальненне ад працэсу.
– Што табе Габоныч сказаў?
– Сказаў самую разумную рэч за дзень: «Малайчына, але цяпер не апускай планку. Я бачыў занадта шмат батлераў, хто крута стартануў, але хутка здаў свае пазіцыі. Не рабі чужых памылак».
– Прама Амар Хаям...
– Ай, ды ну цябе!
– А калі сапраўды выйграеш, што з грашыма рабіць будзеш?
– Альбом запішу, з’езджу на канцэрт RHCP, пра які гадоў пяць марыў. А калі не выйграю – усё роўна зраблю тое ж самае. Усё, харош загадваць, пойдзем адзначаць!
Пасля гэтых слоў «рэп-зорка» са світай адправілася блукаць па раёне ў пошуках кругласутачнага гастранома. Прама як Кролік у апошніх кадрах «8 мілі». Не хапала толькі адпаведнага саўндтрэка...
Гутарым з адным са стваральнікаў пабліка «Чай з малинавым варэннем» Мікітам Ляшкевічам.
Што такое батл-рэп і як ён праглынае Менск – дзелімся інфой пра новы гарадскі дзвіж.
У наступным выпуску самай вуаерыстычнай рубрыкі «Голас цела» разглядаем худзізну, шнары і смочкі Ягора Кіпы.
Агляд краўдфандынгавых платформаў: ад кананічнага Kickstarter да мясцовых Ulej, Talaka і MaeSens.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (5)
пожалейте глаза читателей: белым по черному больно
Рэп — это диагноз, он тяжелый случай))
Хоть где-то есть что почитать на родном языке. ыгар, напряги свой мозг если тебе интересно!
Роман все прекрасно не дурись! ;)
на русском ну пожааааалуйстааааа!