11 беларускіх ілюстратараў, на якіх варта падпісацца
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 28.04.2020
- 6902
Сумесна з беларускім часопісам пра сучаснае мастацтва Chrysalis Mag 34 прапануе табе якасна разнастаіць інстаграм-стужку працамі адзінаццаці маладых беларускіх ілюстратарак і ілюстратараў. Спіс, зразумела, не ультыматыўны.
Сэксуальнасць і чуллівасць – тэмы, з якімі Кацярына працуе часцей за ўсё, і ты, магчыма, знаёмы(-ая) з творчасцю гэтай менскай мастачкі па правакацыйных стыкерпаках. Вядома, голыя дупкі тут – значна больш, чым проста голыя дупкі. «Гэта замацаванне самарэфлексіі на дадзеную тэму. Гэта пра шлях ад табуявання і сораму да прыняцця сваёй сэксуальнасці, – кажа аўтарка. – Мае ілюстрацыі прасякнутыя вывучэннем пачуццёвага боку як аднаго са складнікаў жаноцкасці».
Стыль Дзімы Каштальяна – зліццё датворку і пуантылізму. Кожная праца змяшчае велізарную колькасць дэталяў, так што разглядаць іх можна доўга.
Прыхільнікам стрыт-арту Дзіма можа быць больш вядомы па малюнках на сценах: мастак паспеў адзначыцца мураламі ў Францыі, Швецыі, Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Італіі. Мінулай вясной ён удзельнічаў у міжнародным праекце «TOward2030. What are you doing?» у Турыне і разам з іншымі мастакамі звяртаў увагу шырокіх мас на мэты ААН у галіне ўстойлівага развіцця планеты. Дзіму выпала мэта нумар дзевяць – «Індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура».
Ну а пакуль еўрапейскія муралы ўжывую не пабачыць, зірні на праект да Сусветнага дня дзікай прыроды «The Art of Human Being», створаны Каштальянам у калабарацыі з ілюстратаркай Наталляй Мінчук.
Яна – дызайнерка, ілюстратарка і мастачка з Берасця, цяпер вучыцца ў Польшчы. Працуе ў асноўным у тэхніках тыражнай графікі і лічбавай ілюстрацыі. Адна з яе работ стала афішай першай анлайн-выставы беларускіх мастакоў «Lockdown» ад Chrysalis Mag.
Яна часта эксперыментуе з фарбамі, тэхнікамі і друкам, міксуе акварэль, камп’ютарную графіку і розныя віды ручнога друку. Кажа, што ілюстрацыя для яе – гэта збольшага знаёмства з сабой і сваім светапоглядам.
Ліза – фрыланс-ілюстратарка, якая лічыць сваю працу хутчэй пакліканнем і ладам жыцця. Яе ніша – камерцыйная ілюстрацыя для апак і сайтаў, а гісторыя гэтай дзяўчыны – лепшы прыклад таго, як, нягледзячы на адсутнасць профільнай адукацыі, можна выйсці на сусветны рынак за кошт упартасці і высокага ўзроўню работ.
У скарбонцы Лізы – супрацоўніцтва з крэатыўнымі агенцтвамі ЗША, Канады, Аўстраліі і Вялікабрытаніі. За яе ілюстрацыі пазмагаецца не адзін стартапер Крамянёвай даліны. Таксама Ліза стварае ўласныя праекты, натхняючыся, з яе слоў, светам вакол ды імкнучыся «захаваць хуткаплыннасць моманту».
Ілюстрацыі Дыяны – не спроба намаляваць канкрэтны сюжэт. «Гэта, хутчэй, падарожжа ў кропкі сваіх найбольш яркіх эмацыйных станаў», – так працы апісвае сама мастачка. Яе лічбавая графіка падобная да фотаальбома, зазірнуўшы ў які можна ўбачыць кадры з мінулага, а працэс стварэння, па словах аўтаркі, нагадвае машыну часу – дазваляе перажываць пачуцці зноў і зноў.
Для творчасці Дыяны характэрная моцная эфектная стылізацыя, упадабаныя персанажы – казачныя істоты.
Калісьці Наталія працавала над мультфільмамі, але цяпер яе больш прыцягвае тое, што «не будзе ўцякаць і пералазіць у іншы канец экрана» – напрыклад, ілюстрацыі да беларускай гульні на асацыяцыі «Воображариум» або тыя самыя вокладкі для неіснуючага часопіса The Minsker.
Наталія захапляецца шаўкаграфіяй. Тут яе прыцягвае магчымасць злучыць матэрыяльныя і лічбавай носьбіты. Нагадаем, што шаўкаграфія – тып тыражнай графікі, залатая сярэдзіна паміж станковым друкам і друкам прамысловым. У якасці матэрыялу для вырабу друкаванай формы ў шаўкаграфіі выкарыстоўваюцца спецыяльныя тонкія сеткі з высокай частатой размяшчэння нітак. Праз друкаваную форму друкарская фарба пранікае на паверхню і запячатваецца ў патрэбных месцах.
Таксама працуе ў тэхніцы шаўкаграфіі. А каб прасоўваць тэхніку ў масы, Грыс сумесна з калегамі Вовам і Максімам запусціў праект Rework Art Collective.
У рамках Rework Art на свет з'явіўся Зардоз – персанаж-цёзка антыўтопіі Джона Бурмена, знятай у 1974 годзе (назва ўтвораная ад The Wonderful Wizard of Oz). Грыс кажа, што пакуль Зардоз – туман, але памятай: Зардоз гаворыць асабіста з табой – у фармаце постараў, адзення, аксесуараў, стыкераў і ілюстрацый.
Псеўданім Ульяны – скарачэнне ад «memento mori», дзе склад «tо» заменены на «ta», што надае выразу новы сэнс. У старажытнагрэчаскай мове μετά (metá) – «пасля», «наступнае», «за», «праз», «паміж», «над». Адкрываецца шырокі прастор для трактовак. Сама Ульяна прытрымліваецца варыянту «над смерцю» і кажа, што гэта выдатна апісвае чалавечую культуру, бо яна жыве, перацякае з адной у іншую, змяняецца, але ніколі не памірае да канца.
Цяпер мастачка імкнецца адысці ад змрочных сюжэтаў да больш светлых і хоча, каб тое, што яна робіць, выклікала станоўчыя эмоцыі: спакой, замілаванне, смех.
Улада жыве, вучыцца і працуе ў Польшчы. Стварае графічныя працы, малюе ілюстрацыі да кніг і не толькі. Дзве яе кніжныя вокладкі былі намінаваныя на прэмію Міхала Анемпадыстава: у 2019-м – «Сіняя кніга» Антона Кулона, у 2020-м – «Муза сабачага сквера» Анатоля Астапенкі (абедзве выйшлі ў выдавецтве «Галіяфы»).
Акрамя ілюстрацыі, Улада займаецца татуіроўкай. Часам сферы яе інтарэсаў пераклікаюцца паміж сабой – і на ілюстрацыях Улады сустракаюцца персанажы, цалкам пакрытыя тату.
Стылі Мікіты і Улады падобныя, часам мастакі працуюць тандэмам. Разам яны рабілі, напрыклад, ілюстрацыі для самвыдату «Бацюхна, ды вы трансформер», для «Сноба», для ЮНФПА ў Беларусі.
Сам Мікіта ў асноўным засяроджаны на кніжнай і часопіснай ілюстрацыі. Летась яго працы да «Хазарскага слоўніка» Міларада Павіча атрымалі гран-пры на фестывалі беларускай кнігі «Прадмова». Акрамя ілюстрацыі, Мікіта займаецца дызайнам. Яго плакаты, прысвечаныя 100-годдзю УНОВІСА, займалі першыя месцы на конкурсе «УНОВІС ХХІ стагоддзе» і на IV Маскоўскім конкурсе плаката.
Даша працуе ў розных тэхніках: лічбавая графіка, жывапіс, калаж, відэа, анімацыя. Ахвотна распрацоўвае візуал для медыя (сярод іншага робіць ілюстрацыі ў нашу рубрыку «Працэс»), НДА і грамадскіх кампаній (глядзі, напрыклад, візуал кампаніі MAKEOUT, накіраванай супраць мовы варожасці), займаецца сацыяльна арыентаванай ілюстрацыяй. Сёлета Даша таксама прэтэндуе на прэмію Міхала Анемпадыстава – за вокладку, якую зрабіла для кнігі «Яна была» – пра 16 жанчын, якія вельмі паўплывалі на гісторыю Беларусі.
На 34mag выходзіла інтэрв'ю з Sheeborshee – з яго даведаешся, чаму натхненне насамрэч не патрэбнае і як мякка, але няўмольна прасоўваць вартыя ідэі праз «малюнкі».
Тэкст: Паліна Юргенсон, Надзея Макеева