10 маладых актораў і акторак, за якімі варта сачыць
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 24.04.2019
- 9376
За кім з маладых актораў і акторак варта сачыць, каб не прапусціць нешта цікавае на тэатральным небасхіле краіны? Сабралі дзясятку яскравых артыстаў, якія, акрамя ўдзелу ў рэпертуарных пастаноўках, ладзяць свае праекты і займаюцца крутымі рэчамі, пра якія ты можаш і не ведаць.
Ганна працуе ў Рэспубліканскім тэатры Беларускай драматургіі – глядзі па ролях і па афішы, куды ісці.
У спектаклі «С училища» на пляцоўцы Ок16 Ганна стварыла цалкам натуральны вобраз гопніцы, якая таксама хоча, каб яе кахалі. Тут пра тое, што любіць трэба вучыцца, пра тое, што людзі любяць, як умеюць, і пра тое, што часам гэта атрымліваецца жудасна. Аб’екта гвалтоўнай любові ўвасобіў Арцём Курэнь, пра якога будзе далей.
Калі не хочаш выгульваць тэатральную кашулю, прасачы хаця б за гісторыяй кахання лідара беларускага адраджэння Івана Луцкевіча і дачкі віленскага купца Юліяны Мэнке (Вітан-Дубейкаўскай), дзе Ганна выконвае ролю каханкі.
Цалкам верагодна, што ты ведаеш Арцёма па кіно. Менавіта ён сыграў маладога беларуса, які пазнае Шабаны ў фільме «ГараШ» на зайздрасць паспяховага беларускага творцы Андрэя Курэйчыка.
Але вернемся на тэатральныя падмосткі і нагадаем табе, што Магілёў займаўся тэатральным краўдфандынгам яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам, але ў XXI стагоддзі першым спектаклем, на які беларусы збіралі грошы талакой, лічыцца «Опіум». У гэтай пастаноўцы Арцёму дасталася роля хлопца з маленькага горада, які рыхтуецца да ЦТ без рэпетытараў і спрабуе дапамагчы сям’і зарабіць грошы.
Калі ж тваё сэрца прагне рамантыкі, глянь на паэта Міхася Чарота ў выкананні Арцёма Курэня ў чарговай серыі гістарычнага цыкла «Лабірынты» – «Гурын-Маразоўскі: Забойства на Ягелонскай».
Фішка праектаў па-за межамі рэпертуарных тэатраў у тым, што там збіраюцца крутыя акторы з розных пляцовак. «Опіум» – адзін з такіх, і Антон Жукаў працуе там таксама. У яго, дарэчы, толькі два спектаклі па-за межамі свайго тэатра, але ў абодвух ён вельмі круты.
Другі спектакаль – пачастунак для зачараваных сялянскім бэстсэлерам «Радзіва “Прудок”» Андрэя Горвата. Сачы за афішай і лаві спектакль «Гэтамы», зроблены ў калабарацыі з украінскім рэжысёрам Стасам Жырковым. Дарэчы, звярні ўвагу і на іншыя імёны касту: ладная частка трупы РТБД паспела прабегчыся па значных праектных спектаклях, а гэтыя рабяты вартыя таго, каб на іх глядзець.
Калі захочаш больш Антона – табе ў Тэатр-студыю кінаакцёра.
Іван заняты ў спектаклі «Вартавыя Тадж-Махала», які ідзе на пляцоўцы «Ок16». Тут пра прыгажосць, уладу, здраду і сяброўства. Калі ж жадаеш нечага без экзінстэнцыяльнай ямы, ацані ігру гэтага актора ў офісным трылеры «Метад Гронхольма», створанага ў межах «Альфа-Тэатра».
На пастаянцы Іван працуе ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. Зараз ён рыхтуецца там да ролі Яна Баршчэўскага ў спектаклі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Акторка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, якую цяжка пазнаць у «Песні песняў» (ад Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Гэта нават не тое, што must see, а тое, што must listen: цягам 40 хвілін Марта пяе біблейскі тэкст так, што па скуры ідуць дрыжыкі. Тут пра каханне, пра жаноцкасць і мужчынскасць па-за межамі нарматыўнасці, пра сэксуальнасць і гвалт – у стасунках і над стасункамі.
Таксама Марта ўдзельнічае ў дакументальнай відэачытцы «Арчы і Кэт», дзе сапраўдныя тэатральныя пары знаходзяць у тэксце свае гісторыі – паміж ролямі і жыццём. Звярні ўвагу і на партнёра Марты – Паўла Паўлюця.
Анатоль працуе ў Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры і ў тэатры «Тэрыторыя мюзікла».
Раім ацаніць ігру Анатоля ў той жа дакументальнай відэачытцы «Арчы і Кэт». Калі не хочаш нікуды ісці, глядзі ў сеціве «Смяротны більярд Максіма Танка» з гістарычнага цыклу «Лабірынты», дзе Анатоль Лагуценкаў з’яўляецца ў ролі беларускага драматурга Алеся Кучара.
Дзеля Юліі нават варта зганяць у Магілёў і патрапіць на монаспектакль «Ліпень» у Магілёўскім абласным драмтэатры. У камернай абстаноўцы актрыса выконвае ролю вар’ята, які едзе з глузду на працягу амаль дзвюх гадзін.
Малая сцэна – досыць інтымная прастора, дзе акторы працуюць вельмі блізка да гледача, што патрабуе не такога існавання, як на вялікай сцэне, – не так гучна, больш стрымана, – і гэта вельмі ўражвае.
Аляксей заняты ў Свабодным тэатры ў спектаклях «Центральный», «ONYX», «Быў у пана верабейка гаварушчы», «Дом №5», «Сегодня никто не родился», «DerMagenFinDelMöön», «Благополучие».
Таксама ў «Арт-сядзібе» Аляксей арганізуе імпрэзы, працуе пры падтрымцы «Еўрарадыё» над падкастам «Культурная сядзіба»), здымае розныя відосы і самаразвіваецца ў тэатральным кірунку (загуглі спектаклі «Браніслаў» і «Францішак»).
У не вельмі шырокіх колах Аляксей Сапрыкін вядомы і як музыка: ён стварыў музычны праект ZŁO, на рахунку якога пакуль адзін EP, адзін сінгл, некалькі кавераў ды фітоў. Хутка, кажуць, і лонгплэй саспее.
Станіслава занятая ў Свабодным тэатры ў спектаклях «Благополучие», «DerMagenFinDelMöön. Истории Хармса», «Дом № 5», «Быў у пана верабейка гаварушчы...», «Burning Doors», «Центральный», «Trash Cuisine».
Акрамя акцёрскай дзейнасці, выкладае тай-бо ў тэатры і ў тэатральнай лабараторыі Fortinbras пры ім. Гэта дысцыпліна, якая спалучае фізічную падрыхтоўку, усходнія адзінаборствы і працу з партнёрам. Тай-бо – «бой з ценем», эмацыйная разрадка, адпрацоўка ўдараў і прыёмаў без фізічнага кантакту, якая дазваляе не ўмешвацца ў прастору іншага чалавека.
Алена колькі год таму збегла з біяфака БДУ ў тэатр і цяпер кіруе тэатрам-студыяй «Фенікс» у БГЭУ. Таксама Алена – удзельніца перформ-гурта STRUCTURES. Па перформансы, хэпенінгі ды іншы дахазнос – сюды.
Раім паглядзець на Алену ў спектаклі «Дора, або Сэксуальныя неўрозы нашых бацькоў» (міжнароднага тэатральнага праекта HomoCosmos. Хочаш пра цялеснасць і сэксуальнасць – варта!
А яшчэ Алена – удзельніца дзіцячага імерсіўнага тэатра «Кропка», дзе маленькі глядач становіцца сапраўдным чальцом дзейства: ён можа дапамагаць героям казкі і рухацца з імі праз усе прыгоды.