На мінулым тыдні ў галерэі «Ў» адкрылася персанальная выстава Антона Сарокіна «Мінулае яшчэ не скончылася, будучыня ўжо не настала». Мы бязлітасна вырвалі з кантэксту фрагменты інсталяцый – аўдыя, відэа і скрынсэйверы ў гіфках – і распыталі ў мастака пра яго працы.
Антон Сарокін спецыялізуецца на мультымедыйных і дыгітальных формах сучаснага мастацтва, а таксама на DIY-музыцы. Мастак даследуе тэмы персанальнай і калектыўнай памяці, палітычнага вымярэння гуку і цішыні, сувязі музыкі і сацыяльных сфераў, нелінейнасці ўспрымання часу. Працуючы як рэдактар, дызайнер і актывіст, Сарокін вывучае, што «мінулае» кажа нам пра сучаснасць і будучыню.
Працы Антона Сарокіна экспанаваліся падчас персанальных і групавых выстаў у Менску, Берліне, Штутгарце, Берасці і Маскве.
Куратаркі выставы: Інга Ліндарэнка, Марыя Яшчанка.
«Карыстальнік, верагодна, адсутнічае»
калекцыя скрынсэйвераў для спячага рэжыму
– Праца ўяўляе сабой калекцыю з пятнаццаці відэа, стылізаваных пад скрынсэйверы, якія ўсталёўваюцца на лямпавых маніторах. Для гэтых старых манітораў скрынсэйверы выконвалі важную функцыю зніжэння іх энергаспажывання і зносу. Сёння яны абсалютна бескарысныя з пункту гледжання функцыянальнасці і выконваюць выключна дэкаратыўную функцыю.
Сама стылістыка скрынсэйвераў, як і ў цэлым эстэтыка Windows 95-98, атрымала другое нараджэнне дзякуючы жанру vaporwave, які першапачаткова насіў крытычны характар – праблематызаваць праблемы позняга капіталізму.
Я перавёў гэтую крытычную оптыку на нашы рэйкі. Мне падабаецца выкарыстоўваць інтэрнэт-смецце ў працы. Акрамя таго, што яно поўнае прывідаў і адсылак да нелінейнага характару часу, з ім вельмі зручна працаваць, выкарыстоўваць яго і як матэрыял для дэканструкцыі, і як матэрыял для канструявання.
Скрынсэйверы прысвечаныя беларускім рэаліям у сферы эканомікі, культуры, права на горад і палітычнага пратэсту. Так, напрыклад, у якасці тэкстуры трубаправода я выкарыстаў карціны Шагала, Суціна і Бакста, набытыя Белгазпрамбанкам для сваёй калекцыі. У скрынсэйвер з лятучымі тостарамі ўкаранёныя кубачкі з кавай на вынас з менскіх кавярняў. З танкам – выкарыстаны рэндар танка з World of Tanks. З лабірынтам – тыпавая тратуарная плітка і графіці на вуліцы Кастрычніцкай.
«У пакоі або ў замку»
тэлефонная размова (рэпліка на Кардыф/Мілер)
– Праца «У пакоі або ў замку» – гэта рэпліка на серыю работ канадскіх мастакоў Кардыф і Мілер, якія ў праекце «Dreams – Telephone Series (2008-2010)» звяртаюцца да сваіх сноў у якасці матэрыялу для мастацкай інтэрпрэтацыі.
Я ўзяў за аснову назвы прац-сноў і выбудоўваў тэлефонную размову паміж двума аўтаматызаванымі сэрвісамі. Адзін з іх – Siri – воблачны персанальны памочнік і сістэма «пытанне-адказ», якую можна навучыць. Другі – Google Text-to-Speech – праграма для канвертавання тэксту ў сінтэзаваную прамову.
Уся праца складаецца з 4-х дыялогаў – двух на англійскай і двух на рускай – і ўсталёўваецца праз старыя тэлефонныя апараты.
Праца падымае пытанні, звязаныя з голасам і камунікацыяй. Напрыклад, ці з'яўляецца сінтэзаваная прамова голасам, або голас можа належаць толькі чалавеку? Ці зможам мы прыняць «штучны» голас як роўны? Як змяняюцца зараз і будуць змяняцца ў будучыні нашы зносіны ў сувязі з развіццём навучэнцаў камп'ютарных сістэм? Як у цэлым мяняецца наша ўяўленне пра камунікацыі ў сувязі з развіццём тэхналогій? Ніжэй – аўдыяўрывак размовы «Мы знаходзімся ў дзіўнай краіне».
«Рэзервовае капіяванне часовых безыменных файлаў»
прывідалагічны міні-альбом у руху
– Гэтая праца – частка інсталяцыі ў жанры ханталогіі (ад англ. hauntology – прывідалогія). У якасці відэаматэрыялу я выкарыстаў VHS-запіс свайго выпускнога ў школе. У якасці аўдыя – папулярныя трэкі канца 90-х – пачатку 2000-х. І той, і іншы кантэнт я значна перапрацаваў, ствараючы па сутнасці новы візуальны і гукавы прадукт.
Трэк да відэа называецца «Ты где-то». Ён зроблены на базе аднайменнай песні гурта «Госці з будучыні» – на мой погляд, самага цікавага рускамоўнага поп-прадукту таго часу. Гурта, які насамрэч быў у пэўным сэнсе «з будучыні» і які выклікае ў мяне настальгію па той самай будучыні, якая так і не наступіла.
Падзея ў Facebook
Выстава працуе штодзень з 12:00 да 22:00 па 6 жніўня ў галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а)
Кошт уваходу – 2 руб.
Фота by Вiялета Саўчыц i Вiкторыя Харытонава
Экскурсіі, якія не транслююць Вікіпедыю, а прапануюць новыя адчуванні і меркаванні пра нешта важнае.
Цяпер твае магчымасці карыснай пракрастынацыі проста неабсяжныя.
Прэзентуем другую частку кнігі Рамана Свечнікава пра падарожжа вакол свету.
Могилевская группа напоминает, что «будзе заўсёды весела».
Што такое крытычныя штудыі нейраразнастайнасці?
Выгараць нельга захоўвацца.
Светлая туга, каханне, настальгія.
Постмемкіберпанк у дэкарацыях Усходняй Еўропы.
«Я токсік, я душніла, і мне жывецца так шчасліва».