Працягваецца набор у Школу маладога пісьменніка
- 13.10.2025
- 87
Да 20 кастрычніка можна падацца на бясплатнае навучанне пісьменніцкаму майстэрству. Заняткі ў Школе маладога пісьменніка праходзяць анлайн, таму далучыцца можна з любой краіны.
Школа маладога пісьменніка – гэта нефармальны літаратурны праект, які існуе з 2012 года і за гэты час выпусціў нямала літаратараў з уласным стылем і арыгінальным поглядам на свет. На лекцыях і майстар-класах выбітных адмыслоўцаў белліту ўдзельнікі ШМП вучацца аналізаваць мастацкія творы, слухаць сябе і пісаць свае тэксты, а таксама абмяркоўваць творы аднагрупнікаў. На курсе даюць асновы тэорыі паэзіі, прозы, паэтычнага перакладу. Дадаткова запланаваныя адукацыйныя сустрэчы з літаратарамі, выдаўцамі, навукоўцамі, дызайнерамі і мастакамі кнігі.
Графік навучання: па суботах з лістапада 2025-га па травень 2026-га.
Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц: да 35 гадоў.
Што трэба ўключыць у заяўку:
1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ) альбо фрагмент твора, на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2–5 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму ты хочаш паступіць у Школу маладога пісьменніка;
3) спіс з 5–10 кніг, якія на цябе паўплывалі найбольш.
Заяўкі чакаюць па адрасе bellit.info@gmail.com. Падрабязней пра афармленне заявак чытай на сайце.
Фото: Pexels