Як стварыць і выдаць кнігу: на YouTube даступныя літаратурныя гутаркі з Pradmova
- Рубрыка: УЛОЎ
- 14.10.2025
- 90
Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova ладзіць стрым-трансляцыі з сёлетніх імпрэз. На YouTube можна паглядзець некаторыя дыскусіі і прэзентацыі, якія адбываліся ў Вільні 11 і 12 кастрычніка.
Даём спасылкі на некаторыя імпрэзы з тайм-кодамі:
Прэзэнтацыя рамана Крысціны Сабаляўскайце «Silva rerum». Перакладчык Сяргей Шупа расказвае пра працу над літоўскім бестсэлерам і пра адметнасці вялікай віленскай сагі, у якой няма ніводнага дыялогу, што, аднак, не замінае ёй чытацца «нібыта песня». Пра «Silva rerum» з захапленнем адгукалася нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук, а літоўскія чытачы прысудзілі сазе трэцяе месца ў сотні кніг стагоддзя. Першыя дзве кнігі нашумелай тэтралогіі цяпер можна пачытаць і па-беларуску.
Прэзентацыя другога выдання кнігі пра Рамана Скірмунта. Аўтар Аляксандр Смалянчук у фарбах (і з карцінкамі) расказвае пра беларускага і польскага палітыка, жыццяпіс якога прадстаўлены ў кнізе на фоне вялікіх палітычных і нацыянальных пераменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, элементам чаго стала смерць ідэі ВКЛ. Шмат увагі надаецца беларускім старонкам біяграфіі Рамана Скірмунта.
«Ці мараць айцішнікі пра беларускі кіберпанк?» Арцём Шуканаў прэзентуе дэбютны раман «Пентаквантар» і разважае пра лёс навуковай фантастыкі як жанру беларускай літаратуры. Пра што раман – чытай тут.
Прэзентацыя новых нумароў самвыдат-часопіса «PAMYŁKA». Аўтаркі артыкулаў і ілюстрацый навукова-папулярнага выдання распавядаюць, што заахвочвае адмыслоўцаў на чыстым энтузіязме пісаць пра свае сферы інтарэсаў, і адказваюць на пытанне, чаму навукоўцам патрэбны такі праект і як кожны і кожная могуць да яго далучыцца. Дарэчы, з часткай каманды PAMYŁKA мы рабілі размову для 34.
«Пісьменнік і выдавец». Размаўляюць аўтар «Значных дзён» Цімур Кудзеліч і яго выдавец Ігар Іваноў (Skaryna Press). Можна пашукаць тут адказы на актуальныя пытанні пра кнігі з двух бакоў. Як падрыхтаваць рукапіс да выдання і дзе адшукаць рэдактара? Як звяртацца ў выдавецтвы? Як сфармуляваць выдавецкі партфель і ўзаемавыгадна будаваць стасункі з аўтарам?
«Што такое постфікшан?» Азначэнне загадкавага тэрміна намагаюцца акрэсліць стваральнікі выдавецтва «Мяне няма», якое апісвае свой партфель менавіта як «постфікшан-літаратуру». Пра выдавецтва можна даведацца больш з размовы 34 і Паўла Анціпава.
«Ле(ё)с літаратурных падкастаў: беларускі выпадак на фоне сусветных трэндаў». Разважаюць аўтарка «Белліту» Наста Карнацкая і аўтарка «Кніжных размоў» Кацярына Трубовіч. Цэнтральная тэма дыскусіі – развіццё і выклікі літаратурных падкастаў у Беларусі, іх месца ў сусветным кантэксце. Падкастаркі расказваюць, як стваралі і ўдасканальвалі свае аўдыяшоу, і даюць парады тым, хто марыць запусціць уласны падкаст, але не ведае, як да гэтай ідэі падступіцца.
***
Больш размоў знойдзеш на ютуб-канале Pradmova. Але на гэтым фестываль не канчаецца: пасля Вільні эстафету дыскусій пра беларускую літаратуру прымуць Прага (24–26 кастрычніка), Познань (7–9 лістапада) і Варшава (21–24 лістапада). Поўныя праграмы – на сайце фэсту.