У Менску адкрылася фотавыстава вясковага самародка Савы Сіўко

У Нацыянальным гістарычным музеі да 2 лістапада можна пабачыць рэдкі фотаархіў чалавечага жыцця ў беларускім мястэчку з 1920-х і праз дзесяцігоддзі.

«Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко» – гэта здымкі людзей у святочныя ці будзённыя моманты, з большага – сямейныя партрэты. Імя аўтара – Савы Сіўко – было адкрытае шырокаму гледачу толькі ў 2018 годзе.

Сава Сіўко нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Сенна каля мястэчка Любча. Падчас Першай сусветнай вайны Сіўко трапіў у нямецкі палон. З Баварыі ён вярнуўся з фотаапаратам і фатаграфічнымі ведамі, якія актыўна карыстаў, здымаючы аднавяскоўцаў і краявіды, вяселлі і пахаванні, сцэны вясковага жыцця і рэлігійныя святы.

Здымкі Сіўко трапілі да музейшчыкаў праз калекцыянера: той прынёс 582 шкляныя пласцінкі міжваеннага часу, аднак нічога не мог паведаміць пра аўтара ці хоць бы месца здымкі. На некаторых пласцінках супрацоўнікі гістарычнага музея пазналі Любчанскі замак і зладзілі экспедыцыю ў той край, каб даведацца пра гісторыю людзей на фота і па той бок аб’ектыва. Нехта з мясцовых узгадаў Саву Сіўко, які з энтузіязмам займаўся фатаграфіяй усё жыццё з таго моманту, як адкрыў для сябе гэтае рамяство, і да смерці ў 1978 годзе. Былі знойдзеныя яшчэ каля 400 шкляных пласцінак яго аўтарства, і такі скарб складана пераацаніць. Сава Сіўко скрупулёзна і выразна дакументуе быт беларускага мястэчка, што на свой лад спалучае рысы гарадскога і вясковага жыцця.