Стартаваў фемінісцкі арт-праект «Дама, удобная в быту»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.08.2018
- 13092
У Менску запусцілі арт-праект «Дама, удобная в быту», прысвечаны праблеме гендарнага дысбалансу. Яго аўтаркі(-ы) запрашаюць задумацца пра ролі сучаснай беларускай жанчыны ў соцыуме ды падзяліцца асабістымі гісторыямі.
Пачалося ўсё з заварухі, якая паднялася вакол бясцэнных інфармацыйных баз БелТА. Нехта Дзмітрый Крат выказаў тады здагадку, што затрыманыя следчым камітэтам журналісткі як прафесіяналкі яго «напрягали изрядно», хоць, магчыма, яны – «дамы, удобные в быту». Сэксісцкая фраза хутка разышлася ў інтэрнэтах і ў рэшце рэшт дала імя вялікага фемінісцкаму арт-праекту.
Аўтаркі(-ы) праекта «Дама, удобная в быту» – Ганна Карпенка, Антаніна Сцябур, Ганна Самарская, Сяргей Гудзілін, Андрэй Сцебурака, Майя Старавойтава, Ліза Капчыкава – запрашаюць усіх і кожнага абмеркаваць тэму гендарнай няроўнасці.
«Для нас "дама, удобная в быту" з'яўляецца не выпадковай фразай, а сімптомам беларускага грамадства. Яна вельмі добра выкрывае становішча жанчыны, – тлумачыць Антаніна Сцябур. – Нягледзячы на роўныя юрыдычныя правы, каля 80 % хатніх абавязкаў у беларускіх сем'ях па-ранейшаму кладуцца на плечы жанчыны. Пры гэтым жанчына практычна выключаная з прывілеяваных, высокааплатных, прэстыжных сфер».
Праект «Дама, удобная в быту» дазволіць яшчэ раз артыкуляваць праблему. Па змесце і форме ён дзеліцца на тры часткі.
1. Чэлендж
Да яго можа далучыцца кожная, хто гатовая расказаць асабістую гісторыю па тэме ў Instagram. Галоўнае – не забыцца на хэштэг #дамаудобнаявбыту, каб гэтую гісторыю прачытала як мага больш людзей.
Вось, напрыклад, гісторыя ад карыстальніцы @milkandfog: «На адной з пар па IT у мяне не атрымлівалася выканаць адно заданне. Выкладчык дапамог, але адразу пасля дапамогі была сказаная фраза, якая прымусіла мяне адчуваць сябе чалавекам другога гатунку. "Вось бачыце, вы не толькі прыгожая, але яшчэ і разумная"».
2. Плакаты ў горадзе
Візуальна праект падмацоўваюць вобразы паспяховых беларусак і статыстычная інфармацыя, пададзеная ў выглядзе інструкцый па зборцы мэблі – толькі тут збіраюць не шафы і ложкі, а «удобных в быту» жанчын.
Аня Самарская тлумачыць, чаму развешваюць плакаты не ў галерэях, а проста на вулках: «Сцены горада становяцца прасторай для мастацкага выказвання. Такім чынам, мы залучаем "выпадковага" гледача, мінака, да размовы пра гендарную дыскрымінацыю і размеркаванне эканамічных, сацыяльных выгод і абавязкаў. Далёка не ўсе ходзяць у галерэі мастацтва. Магчымасць уцягнуць у дыскусію максімальна шырокую колькасць людзей – у гэтым мы бачым сілу актывісцкага мастацтва сёння».
3. Краўдфандынг
Кампанія ў падтрымку арт-праекта стартуе 3 верасня на Ulej. Можна будзе замовіць майкі, сумкі, постары і паштоўкі з сюжэтамі праекта, каб насіць усю гэтую прыгажосць на сабе і штурхаць разумныя ідэі ў масы.
«Адзенне – гэта заўсёды наша меркаванне пра сябе або навакольны свет, – падкрэслівае Майя Старавойтава. – Мы пастаянна носім маніфесты: будзь то кароткая спадніца або мехаватае паліто». А Ганна Самарская дадае: «Нам бы хацелася, каб як мага больш людзей насілі майкі і сумкі #дамаудобнаявбыту яшчэ і таму, што такім чынам, як снежны ком, разрасталася б супольнасць уцягнутых людзей, тых, каму не абыякавая праблематыка, з якой працуе праект».
Любая рэч з прынтам #дамаудобнаявбыту дазволіць выказаць сваю пазіцыю і заявіць аб нязгодзе з існуючым станам спраў.
За праектам можна і трэба сачыць у сацсетках: