Як выжыць барам, клубам і культурным пляцоўкам падчас пандэміі?
- 10.06.2020
- 4836
Калі ў краіне няма выразных сігналаў ад дзяржавы, як паводзіць сябе падчас пандэміі, незразумела, што рабіць публічным пляцоўкам. Варта закрывацца? Што рабіць падчас каранціну і як тут не паехаць дахам? Пра ўсё гэта калегі з Radio Plato пагутарылі з удзельнікамі entertainment-індустрыі Глебам Кавалёвым, Глебам Gurami і Аляксандрам Багданавым. 34 зафіксаваў асноўныя моманты гутаркі.
Удзельнікі дыскусіі:
Глеб Кавалёў
Karma і Post Bar
Глеб Гурамі
Modul Art Platform
Аляксандр Багданаў
культ. цэнтр «Корпус»
Як ваша ўстанова і асабіста вы сустрэлі пандэмію?
Саша Багданаў: Пандэмію мы сустрэлі ў лёгкім кіпішы, бо ніхто яе не чакаў. 22 сакавіка мы прынялі рашэнне адмяніць усе наступныя мерапрыемствы. На той момант у нас быў распісаны кожны дзень, з панядзелка па нядзелю, да сярэдзіны чэрвеня. Мы адмянілі і перанеслі на нявызначаны тэрмін каля 90 мерапрыемстваў. Цяпер трэці месяц знаходзімся на каранціне.
Глеб Гурамі: У нас не такі шчыльны графік, але да чэрвеня таксама быў распланаваны каляндар. Апошняе мерапрыемства ў нас прайшло 14 сакавіка. Перанесліся ў асноўным рускія і ўкраінскія электронныя музыкі, з еўрапейскімі мы знаходзіліся ў стадыі перамоў.
Глеб Кавалёў: Пандэмію мы сустрэлі двума мерапрыемствамі. 7 сакавіка была выстава рыжскай мастачкі Агаты Лэлпетэр, дзе мы ўжо адчулі, што справы дрэнь, а 14 сакавіка мы правялі апошнюю вечарыну ў Гомелі сумесна з радыё «Плато». З гэтага моманту ўсё пайшло дзіўным шляхам. Пачалася цяжкая эканамічная сітуацыя. Уся каманда пагадзілася працаваць за «колькі-небудзь», але дзейнасць не спынялі.
Ці былі прадпісанні з боку ўладаў?
Саша Багданаў: Спачатку была рэкамендацыя ад Міністэрства аховы здароўя адмяніць масавыя мерапрыемствы. Потым прыйшоў ліст ад выканкама. Нам таксама тэлефанавалі з ідэалагічнага аддзела выканкама і ў вуснай форме казалі: «Ну вы ж не будзеце праводзіць гэтыя мерапрыемствы, на якія ў вас атрыманая гастролька?»
Глеб Кавалёў: Нам ніхто нічога не забараняў. Мы самі прыпынілі сваю міні-прамоўтарскую дзейнасць літаральна да канца траўня.
«Уся каманда пагадзілася працаваць за "колькі-небудзь"»
Арэндадаўцы ішлі на саступкі?
Глеб Кавалёў: У мяне самая лепшая гісторыя. Я арандую пляцоўку пад бар у прыватнай асобы, ён сказаў, што пра зніжку казаць пакуль рана, таму што «раптам мы ўсе памром», і даў адтэрміноўку. У другой установе мы атрымалі 87% зніжку.
Глеб Гурамі: Праз тое, што ў нас дзяржаўная арэнда, на ліст, які я занёс кіраўніцтву МЗКР, мы атрымалі адназначны адказ, што ніякіх адтэрміновак не будзе, пакуль не выйдзе які-небудзь афіцыйны дакумент або ўказ. На падставе яго мы зможам прадубляваць просьбу. Пасля выйшаў указ, які дае некаторыя паслабленні. Згодна з ім, мы атрымалі адтэрміноўку па арэндзе да восені, а з верасня па снежань павінны будзем пагасіць запазычанасць за ўвесь перыяд прастою.
Саша Багданаў: Культ. цэнтр «Корпус» здымае памяшканне ў камерцыйнай арганізацыі «Гарызонт-Белінвест-дэвелапер», створанай дзвюма некамерцыйнымі арганізацыямі: Міністэрствам прамысловасці і холдынгам «Гарызонт». На дадзены момант мы дамагліся толькі фіксацыі курсу еўра на 1 сакавіка і 10% зніжкі пры ўмове пагашэння ўсіх папярэдніх даўгоў па камунальных, эксплуатацыйных і арэндных плацяжах. Пры нашых плошчах 10% – гэта кропля ў моры і сімвалічны жэст з боку арэндадаўцы. Я думаю, што гэта максімум, чаго мы змаглі дамагчыся шматлікімі лістамі, юрыстамі і перамовамі.
Як вы спраўляліся з сітуацыяй, калі патоку людзей няма, а аплатныя абавязкі застаюцца?
Глеб Кавалёў: Хутка актывізаваліся нашы алкагольныя партнёры Pernod Ricard. Паколькі ім галаўны офіс забараняе цяпер любую афлайн-дзейнасць, яны запусцілі кампанію BarHelping, мэтай якой было дапамагчы барам фінансава. Нашы дызайнеры адмалявалі мерч, які Pernod Ricard цалкам аплаціла. Таксама мы ўдзельнічалі ў стрыме Ballantine's True Music разам з «Бассотай», «Ззяннем» і «Хуліганам». Акрамя гэтага, мы запусцілі свой уласны краўдфандынг і літаральна за суткі сабралі 3000 BYN – яны цалкам пайшлі на аплату арэнды і падаткаў. Мы паспрабавалі запусціць сваю дастаўку, але рэальнага прыбытку гэта не прынесла, толькі ўмацавала нашу сувязь з супольнасцю. У нашай сітуацыі ўсё хутка вярнулася на кругі свае: у бар вярнуліся людзі і завіравала жыццё.
Глеб Гурамі: Наша сітуацыя з краўдфандынгам прама супрацьлеглая. Мы запусцілі яго максімальна пазней за ўсе пляцоўкі і праз тое, што кам'юніці пляцоўкі толькі фармуецца, сабралі няшмат. У пачатку пандэміі для падтрымкі кантакту з публікай мы запусцілі некалькі стрымаў з «Модуля». British American Tobacco спадабалася гісторыя з інтэграцыяй брэнда ў трансляцыі, і мы прыдумалі анлайн-фестываль VELO_ve Music Fest. Мы пастараліся разнастаіць стрым – у адным выпадку ў нас быў тэатр, у іншым – майстэрня кастамных матацыклаў і інтэрв'ю з уладальнікам, – таму што ў адзін момант іх пасыпалася велізарная колькасць з усяго свету, а карцінка, у прынцыпе, была ўсюды аднолькавая. Магчыма, будзем рабіць працяг фестывалю.
Саша Багданаў: Адразу пасля закрыцця мы вырашылі запускаць збор сродкаў, таму што былі ўпэўненыя ў нашай вялікай супольнасці. Літаральна за пару дзён да запуску нам паступіла прапанова ад калабарацыі мастакоў і культурных менеджараў Artonist удзельнічаць у #АРТпраязным – асобнай галіне для культурных пляцовак на MolaMola. Думаю, калі б мы запускаліся самі, то сабралі б менш. На дадзены момант мы сабралі амаль 10 000 BYN. Гэтая сума можа пакрыць месяц арэнды, камунальных і эксплуатацыйных паслуг «Корпуса» без заробкаў. Таксама мы прыдумалі прадаваць кантрамаркі на любое платнае мерапрыемства ў «Корпусе». Прадалі, па-мойму, каля 40 такіх запрашальных. У інстаграме мы зладзілі аўкцыён-марафон, дзе кожны дзень выкладвалі рэч з гісторыяй або прадмет мастацтва з калекцыі «Корпуса» і аб'яўлялі аўкцыён. Так мы прадалі некалькі карцін, пуанты мёртвай балерыны і друкарку. Цяпер мы будзем прадаваць аблігацыі нашага бара «Дзве жабы», якія можна будзе там жа і прапіць.
«Стрымаў пасыпалася велізарная колькасць з усяго свету, а карцінка, у прынцыпе, была ўсюды аднолькавая»
Ці ёсць будучыня ў стрымаў?
Глеб Кавалёў: Я ўпэўнены, што не. Прынамсі для нас, гэта вартая жалю спроба, бо мы прадаём, па сутнасці, жывыя зносіны. Але, з іншага боку, калі б у нас было больш музычнага бэкграўнду, аўтарскага гучання, я б так не казаў.
Глеб Гурамі: Мы планавалі запускаць стрымы на стадыі адкрыцця пляцоўкі. Які патэнцыял ідэі, пакажа толькі практыка.
Саша Багданаў: Гэта добрая рэч, мы таксама плануем запусціць стрымы, калі пачнуцца мерапрыемствы.
Ва ўмовах неабвешчанага каранціну калі будзе «можна»?
Глеб Гурамі: На мой погляд, тут уключаецца ўсвядомленасць выбару таго, што ты робіш і што за гэтым можа рушыць услед. Для нас гэта, хутчэй, жаданне выжыць як праекту. Занадта шмат сіл і працы ўкладзена ў яго, і проста так мы не гатовыя яго адпусціць. Мы доўга прымалі рашэнне, якое, магчыма, хтосьці асуджае. Ва ўмовах неабвешчанага каранціну і той колькасці людзей, якая прысутнічае ў горадзе, мне здаецца, што паход у гандлёвы цэнтр тоіць у сабе больш негатыўных фактараў, чым прысутнасць у бары. Таму мы запусцілі невялікія прыватныя вечарынкі па спісах са строгім захаваннем прафілактычных мер. Гэта не тое што дазваляе зарабляць, але адназначна дапамагае пляцоўцы працягнуць працу. Для нас лепш працаваць у такім рэжыме, чым сядзець і чакаць незразумела чаго. Можна даседзецца да такога моманту, калі ўсё будзе занадта сумна.
Глеб Кавалёў: Мы шмат гаворым пра фінансы, але немалаважна, што такая дзейнасць дапамагае маральна быць на плаве. Сітуацыя складаная, у інтэрнэце вельмі шмат довадаў за і супраць, вельмі шмат фактаў, пацверджаных брытанскімі навукоўцамі. У гэтым інфармацыйным патоку ў многіх «падцякае дах» значна хутчэй, чым яны захварэюць каранавірусам. Мы хоць бы не парушаем закон, а ўжо з маральнага пункту гледжання кожны сам вырашае. Мы нікога не заклікаем. Вы прыйшлі, мы вам рады, але мы вас не клікалі. Такая наша пазіцыя. Як толькі хтосьці захворвае, ён добраахвотна сыходзіць у бярлог. Як з тусоўкі, так і з работнікаў бара.
Саша Багданаў: Таму, што мы месца, праз якое праходзіць велізарная колькасць цалкам розных людзей розных узростаў, у нас больш жорсткая пазіцыя. Мы не можам дазволіць сабе ініцыяваць сход хоць якой-небудзь колькасці людзей. Будзем арыентавацца на статыстыку. Пры пэўнай колькасці заражаных людзей у дзень будзем адкрываць бар і кухню. Як толькі статыстыка знізіцца яшчэ, будзем рабіць мерапрыемствы да ста чалавек. У планах у сярэдзіне чэрвеня адкрыць «Дзве жабы» і абслугоўваць у двары.
«У планах у сярэдзіне чэрвеня адкрыць "Дзве жабы" і абслугоўваць у двары»
Што пандэмія прынесла добрага? Чаму вы навучыліся і што паспелі зрабіць за гэты час?
Глеб Гурамі: Мы скончылі дробны, касметычны рамонт, які не паспелі зрабіць перад адкрыццём пляцоўкі.
Саша Багданаў: Мы пачалі некалькі анлайн-праектаў, атрымліваем класны вопыт у аўдыя- і відэапрадакшне. Са станоўчага – гэта водгук, крэпасць, сіла і вера нашага кам'юніці. Бяда паказала, што мы не адны. Гэта асноўны плюс, які мы пачарпнулі з усёй сітуацыі.
Глеб Кавалёў: Перыяд пандэміі паказаў, што, напрыклад, тая ж Зыбіцкая – гэта раён з кучай прахадных месцаў, якія жывуць без якой-небудзь супольнасці. Многія месцы з-за гэтага і закрываюцца ў першую чаргу.
Поўную версію размовы слухай
Фото: palasatka, pexels.com, Таня Капiтонава