Аўдыя дня: «Няўтульныя казкі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.04.2020
- 6752
Праграмны дырэктар радыё Unistar Аляксандр Найдзёнаў пачаў запісваць «Няўтульныя казкі». Аўтар раіць уключаць падкаст перад сном, «каб плаўна пераходзіць з трансу ў сны».
Ужо ў эфіры – гісторыі пра савяня, што марыла знайсці сябра, як з рэкламнага буклета мабільнага аператара; пра лыжніка-лузера, які трапляе ў непрыемныя сітуацыі; пра мядзведзя і яго касмічную адзіноту.
Аляксандр не прыдумляе сюжэты загадзя: проста садзіцца ля мікрафона з думкай, што зараз будзе, напрыклад, казка пра лыжніка, а далей – як ужо завернецца. Рэферэнсаў у праекта няма, хаця, вядома, ідэі лётаюць у паветры, і хто яго ведае, можа, недзе падобнае робіць які в’етнамец ці жыхар Канады.
Аляксандр Найдзёнаў:
«"Няўтульныя казкі" – гэта ахоўны бар'ер ад бягучай навіновай стужкі. Вялікая сцяна абсурду, якую метадам інтэнсіўнага абкурвання выбудоўвае вакол сябе апавядальнік. Галоўная задача гэтага падкаста – дапамагаць засыпаць у нервовым паслабленні. Менавіта таму сюжэт тут важны не больш, чым у любым матчы чэмпіянату Беларусі па футболе, – яго няма, і бог з ім. Ноч, лес, вогнішча – тут як у піянерскім лагеры для дарослых».
Фота: palasatka