Што глядзець на WATCH DOCS 2018?

Калі цэніш кіно не пра выдуманыя жарсці, вызваляй ад планаў 13–16 снежня: у гэтыя даты ў Менску адбудзецца фестываль круцейшых дакументалак WATCH DOCS Belarus 2018. Мы як след пакапаліся ў праграме і расказваем, над чым цябе запрашаюць задумацца сёлета.

 

 WATCH DOCS  – гэта міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека. У Беларусі ён адбудзецца ўжо ў чацвёрты раз і пройдзе пад хвосткім слоганам – «Стаяць на сваім». Праграму складаюць выключна моцныя стужкі, якія хвалююць, узрушаюць і натхняюць стаяць на сваім (калі яно варта таго, каб на ім стаяць, канешне).

Фільмы дэманструюцца з субцітрамі на рускай ці беларускай мове. Уваход на ўсё прынцыпова вольны.

 

 

 

 «Белы свет вачамі Даліборэка» 

Рэжысёр: Віт Клусак. Чэхія, Славакія, Данія

 

 

 Навошта ісці:  зацаніць, які страшны нацызм у сваёй жывучасці і які ён смешны, калі ўбачыць рэальнасць тых, хто ім жыве.

«Запрашаем на сустрэчу з чэшскім нацыкам»: Віт Клусак прапануе табе 105 хвілін назіраць за апантаным антысемітам ды неанацыстам, якога знайшоў у Сеціве пад пагрозлівым нікам Destruktor666. Класічная гісторыя, калі «на словах ты Лев Толстой, а на деле...», а на самой справе звычайны лузер. Фільм адкрыцця – рэдкі і вельмі ўдалы прыклад дакументальнай камедыі. Нават трэйлер немагчыма глядзець без усмешкі, але ўсмешка тая, вядома, з прысмакам гаркаты.

 

 

 «Дэбют» 

Рэжысёрка: Анастасія Мірашнічэнка. Беларусь

 

 

 Навошта ісці:  пранікнуць за агароджу адной з самых закрытых устаноў Беларусі – жаночай выпраўленчай калоніі ў Гомелі.

Фільм расказвае гісторыю незвычайнага аматарскага тэатра: гэты тэатр дзейнічае ў сапраўднай турме, а яго «актрысы» адбываюць тэрмін за крадзеж, забойства, махлярства або наркотыкі. Неверагодна, але факт: у беларускую турму рэальна ўпусцілі людзей з камерамі і мікрафонамі, таму «Дэбют» мы «піярылі» яшчэ тады, калі яго немагчыма было пабачыць на беларускіх экранах. Мінуў год, кіно з поспехам пракацілася па фестывалях і нарэшце вярнулася на радзіму. Не прапусці ні ў якім разе!

 

 

 «Наш новы прэзідэнт» 

Рэжысёр: Максім Паздароўкін. Расія, ЗША

 

 

 Навошта ісці:  паржаць над пудзілам расійскай прапаганды.

Дзмітрый Кісялёў ды іншыя тэлепузікі дробна пакрышаныя Максімам Паздароўкіным у такі дзівосны салат, які хочацца есці вялікай лыжкай, нават калі рызыкуеш смяротна падавіцца ад чарговага прыступу смеху. Фільм тэлепартуе цябе ў альтэрнатыўны свет дэзы, фэйкавых навінаў і ўсякай іншай постпраўды, якая раз’ядае мазгі пакорлівага электарату – тым мацней, чым бліжэй чарговыя выбары.

 

 

 «Глухое дзіця» 

Рэжысёр: Алекс дэ Рондэ. Нідэрланды

 

 

 Навошта ісці:  каб атрымаць адказы на тыя няёмкія пытанні, што ты хацеў(-ла) бы адрасаваць чалавеку з глухатой.

Кранальная гісторыя хлопчыка, які быў глухі ад нараджэння і зараз цалкам прымае сваю глухату. Дзіцячыя фотаздымкі, хатняе відэа, шчырая размова з Тобіасам і яго блізкімі паказваюць, як хіба можа стаць перавагай. Стужка асабліва спадабаецца тым, хто цэніць у кіно хоўм-атмасферу і інтымнасць маналогаў. Прастора для эмпатыі – велічэзная.

 

 

 «Трап у будучыню» 

Рэжысёр: Рэнэ Хэйзкамп. Нідэрланды

 

 

 Навошта ісці:  адчуць боль і пакуту Іншага.

Разам з камандай недасведчаных ідэалістаў ты пагрузішся на пераабсталяваны рыбалоўны траўлер і выправішся ў адкрытае мора на дапамогу бежанцам. Там ты станеш сведкай цудоўных выратаванняў, якія даюць надзею на светлую будучыню чалавецтва. Але пабачыш таксама і целы тых, хто не дачакаўся свайго анёла-выратавальніка. Іліяда ХХI стагоддзя.

 

 

 «Мурэйд Фэрэл: няскончаная размова» 

Рэжысёрка: Марціна Дюрач. Ірландыя

 

 

 Навошта ісці:  каб паразважаць пра розныя абліччы сепаратызму.

У 1988 годзе ў Гібралтары салдатамі брытанскага спецназу былі застрэленыя Мурэйд Фэрэл і яшчэ двое няўзброеных удзельнікаў ІРА. Для жыхароў яе роднага горада Мурэйд была патрыёткай, для брытанцаў – тэрарысткай, для яе сям’і – ахвярай ірландскай гісторыі. Хто яна была на самой справе? Адкажы для сябе сам(-а).

 

 

 «Міхнік: “Будзь рэалістам, патрабуй немагчымага”» 

Рэжысёрка: Марыя Змаж-Качановіч. Польшча

 

 

 Навошта ісці:  паглядзець на чалавека, партрэтам якога можна было б ілюстраваць артыкул «Дысідэнт» у тлумачальных слоўніках.

Адам Міхнік – герой барацьбы за правы чалавека ў Польшчы і галоўны рэдактар амаль што самага вядомага польскага друкаванага СМІ «Gazeta Wyborcza». Рэжысёрка паслядоўна – кадр за кадрам – малюе вобраз «нефармаціруемага» чалавека, на якога варта раўняцца цяперашнім маладым ды гарачым.

 

 

 «Мужчына, які рамантуе жанчын: гнеў Гіпакрата» 

Рэжысёр: Цьеры Мішэль. Бельгія

 

 

 Навошта ісці:  фільм пра далёкую Афрыку, але ён вельмі актуальны для нашай краіны, дзе сітуацыя са стрыманнем рознага харасменту па-ранейшаму не супер.

Гэтая стужка распавядае пра жыццё і працу лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Дэні Муквеге – неабыякавага гінеколага з Конга, які за 16 гадоў працы дапамог больш за 40 000 жанчын – ахвярам сэксуальнага гвалту. Для розных палітычных сілаў Муквеге – што тая костка ў горле, таму яго праца звязаная з заўсёднай рызыкай, але ён упарта змагаецца са змрокам і цемрашаламі.

 

 

 «Неспакой» 

Рэжысёрка: Джэніфер Брэа. Вялікабрытанія, ЗША

 

 

 Навошта ісці:  каб зразумець, што сур’ёзная хвароба не заўсёды толькі тая, калі струпы па ўсім целе ці пена з роту.

«У вас звычайнае абязводжванне. Ва ўсіх здараецца стрэс», – казалі дактары гераіні гэтай стужкі. Тое ж самае даводзіцца чуць тысячам чалавек па ўсёй планеце, якія пакутуюць на сіндром хранічнай стомленасці (СХС). Калі медыкі не здолелі дапамагчы Джэніфер, яна пачала занатоўваць сваё паўсядзённае жыццё, а таксама працэс атрымання звестак аб той хваробе, якая ў яе была насамрэч. Атрымалася надзвычай інтымная, праўдзівая і кранальная справаздача пра жыццё чалавека, які пакутуе на СХС.

 

 

 Кінаноч з 15 на 16 снежня 

У праграме кінаночы – фемінісцка-лесбійска-антырасісцкі рэп; мастацтва Буркіна-Фасо, якое пакрысе мяняе грамадства і краіну; драма, у якую пераўтвараюцца жыцці простых людзей на фоне несправядлівай камбаджыйскай рэчаіснасці; гісторыя ваеннага, які вырашае «Калі не я, то хто?» і самастойна праводзіць размініраванні, маючы ў наяўнасці толькі кішэнны нож і кусачкі. А дзесьці бліжэй да світання ў прасторы PR3 пачнецца ленінапад: пакажуць стужку Святланы Шымко, прысвечаную забароне камуністычнай сімволікі і татальнаму дэмантажу помнікаў Леніну па ўсёй Украіне.

 

 

Акрамя кінапаказаў на WATCH DOCS запланаваныя дыскусіі з удзелам экспертаў, сустрэчы з рэжысёрамі і героямі, а таксама вечарыны. Усю праграму шукай тут.

І так, ты можаш проста прыйсці і карысна правесці час, а можаш дапамагчы фестывалю рублём: выпіць каву ў кавярні, якая партнёрыць з WATCH DOCS, ці заданэйціць штосьці на «Талацэ».

 

 ПАДТРЫМАЦЬ