Watch Docs: як арганізаваць кінафестываль?
- 22.02.2018
- 5961
Як зладзіць фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека ў Беларусі з нуля? Ці можна паспяхова прайсці ўсе колы пекла ад збору сродкаў на арэнду кінатэатра да атрымання дазволу на стужкі ад Мінкульта? Узімку ў Беларусі прайшоў трэці кінафестываль Watch Docs і ўжо ідзе падрыхтоўка да чацвёртага. Мы сустрэліся з камандай арганізатарак фэсту і даведаліся, з якімі праблемамі сутыкаецца каманда і як ты можаш дапамагчы важнай справе.
Таццяна Гацура-Яворская
заснавальніца і дырэктарка фестывалю
Ганна Дзюсекава
сузаснавальніца фестывалю
Аліна Радачынская
сузаснавальніца фестывалю
Марыя Трафімава
асістэнтка і перакладчыца фестывалю
Watch Docs. Intro
Watch Docs – гэта міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека. Большасць стужак – гэта працы сусветна вядомых рэжысёраў, а ўваход на паказы для гледачоў прынцыпова вольны.
У нас ужо прайшлі тры фестывалі. У гэтым годзе мы пачалі рыхтаваць чацвёрты. Такія фестывалі ёсць у іншых краінах, і яны існуюць як пляцоўкі. Мы адчувалі, што нам не хапае такой прасторы для дыскусіі па актуальных праблемах у грамадстве, і вырашылі паспрабаваць зрабіць яе самастойна. З кожным годам мы выстаўляем усё большыя планкі. Спачатку гэта былі невялікія паказы. Потым мы замахнуліся і зладзілі Кінаноч і больш дыскусій. Сёлета мы выйшлі ў кінатэатр, і апошні фестываль адзначылі прэміяй «Зрабілі».
Партнёрства з Варшавай
Малой камандай і без грошай зрабіць фестываль, які існуе ў Варшаве ці ў Празе, амаль немагчыма. Патрэбныя вялікія інвестыцыі. Мы пайшлі такім шляхам: дамовіліся з фестывалем Watch Docs у Варшаве. Ён мае такія ж самыя каштоўнасці, як і наш, досвед і вялікі аўтарытэт у кіношным свеце. Мы запартнёрыліся з ім: яны дамаўляюцца з дыстрыб’ютарамі аб аўтарскіх правах. І калі за гэтыя правы трэба плаціць грошы, яны іх плацяць. Па такой схеме яны дапамагаюць нам ужо тры гады. Пры гэтым мы вольныя складаць тую праграму, якую захочам.
Адбор фільмаў
Фільмы Варшаўскага Watch Docs таксама складаюць нашу праграму. Мы выбіраем фільмы так: чытаем апісанні, складаем свой шорт-ліст з таго, што і каму падабаецца, спрачаемся. Калі ўсё добра з аўтарскімі правамі, то гэта ідзе ў прадакшн і на субцітры. Але можа быць і наадварот – мы бачым праблему, якую варта публічна абмеркаваць і асэнсаваць, магчыма, разам з гасцямі ці экспертамі. Тады мы адмыслова шукаем фільм пра гэта. Так, напрыклад, мы два гады запар паказвалі кіно пра падзеі на Майдане і прывозілі гасцей на сустрэчу з гледачамі.
Летась мы паказалі каля 20 фільмаў з кароткаметражкамі. Кароткаметражкі мы паказвалі адным блокам, таму агулам паказаў было 16.
Геаграфія паказаў
У гэтым годзе мы паказвалі фільмы ў Гародні, Берасці, Віцебску і Стоўбцах. У Гародні нам дапамагалі валанцёры, якія працуюць з TED, а рухавік усяго фэста там полька Вольга Галецка, якая пераехала жыць у Беларусь. Гародня – наш моцны сектар, падтрымка і важнае супрацоўніцтва. У Берасці нашымі партнёрамі была прастора КХ, Human Constanta і Жывая Бібліятэка.
«Самы істотны ўнёсак у справу – нашы чалавека-гадзіны і тоны нерваў»
Апроч гэтага, мы рабілі паказы яшчэ ў Віцебску ў межах RADA Forum і ў Стоўбцах у партнэрстве з мясцовай суполкай ТБМ. Звычайна ў нас такі падыход: можна арганізаваць паказы ў рэгіёнах, калі ёсць людзі, якім гэта цікава і якія самі гатовыя гэта арганізаваць у сваіх гарадах. Тады мы дамаўляемся з палякамі наконт аўтарскіх правоў і паказваем фільмы і тут, і там.
Пра тэмы
Звычайна мы выбіраем некалькі тэм фестывалю. Сёлета гэта была тэма папулізму: чаму цяпер набіраюць вагу палітыкі-папулісты, а выбарцы шукаюць простыя адказы на складаныя пытанні? Была яшчэ тэма гістарычнай памяці і таго, як яна ўплывае на сённяшні дзень, а сучаснасць – на мінулае. Трэцяя – тэма агульнага свету: чаму нас, у Беларусі, мусяць хваляваць школы ў Афрыцы і аварыя на гідрастанцыі ў Расіі?
Мінкульт: немагчымае магчыма
У гэтым годзе нам трэба было атрымаць дазвол на паказы ад Міністэрства культуры, бо мы пайшлі ў кінатэатры. Для працы з рэгіёнамі гэта таксама было істотна, бо паказы ў бібліятэках і на розных іншых пляцоўках патрабуюць дакументаў на стужкі з дазволам Мінкульту. Наконт працы ў Мінкульце Таня сказала: «Я хачу працу, як у гэтай дзяўчыны. Сядзіць увесь час у цёплым пакойчыку і глядзіць кіно – гэта ж праца мары».
Мы атрымалі дазвол на ўсе фільмы. Калі неслі першы пачак стужак у Мінкульт, то вельмі пераймаліся. Але ўсё прайшло досыць гладка. Дарэчы, на фільм «ГУЛАГ: цяжкія ўспаміны» паставілі пазнаку 12+.
Фінансы
Самая вялікая частка нашых выдаткаў – арэнда. Гэта фактычна адзінае, за што мы рэальна плацім. Пераклады робім сваімі сіламі і з дапамогай валанцёраў. Шанцуе, што ў нас ёсць знешні партнёр, які аплачвае правы на паказ, таму што гэта было б, напэўна, самым вялікім пунктам нашых выдаткаў.
Астатняе цяжка, але магчыма зрабіць бясплатна. Калі ёсць магчымасць, мы аплачваем працу дызайнераў. Дызайнеры часта працуюць у аўральным рэжыме «трэба ўчора» і пастаянным стрэсе, калі, напрыклад, трэба перавёрстваць праграму.
У сэрцы ўсяго – ідэя. Усё пачыналася з таго, што з’явілася Таня, якая вызначыла, што ў нас няма такога фестывалю, і ён паўстаў. Самы істотны ўнёсак у справу – нашы чалавека-гадзіны і тоны нерваў.
Праца ў калабарацыі
Моцная частка фестывалю – дадатковыя мерапрыемствы. Мы стараемся не толькі паказваць фільмы, але і арганізоўваць падзеі, дыскусіі. Хочацца, каб людзі мелі пляцоўку, дзе можна было б абмяркоўваць праблемы, якія мы падымаем. І тут важная менавіта калабарацыя.
Мы ўжо пералічылі суполку перакладчыкаў TED у Гародні, Жывую Бібліятэку, і Human Constanta, таксама мы партнёры з Лятучым універсітэтам і часопісам «Гарадскія тактыкі». Партнёрыцца з іншымі арганізацыямі суперважна. Па-першае, яны могуць прынесці сваю экспертызу. Па-другое, яны ў тым ліку прыводзяць сваю аўдыторыю. Калі мерапрыемства арганізоўваецца некалькімі арганізацыямі, яны адначасова перамешваюць аўдыторыі. Гэта вельмі добра, асабліва калі няма грошай.
Пра краўдфандынгавую кампанію
На краўдфандынгу мы сабралі прыблізна 5330 BYN. З іх 3477 BYN сышло на арэнду кінатэатра. Большая частка пайшла на мерапрыемствы для валанцёраў, прадстаўніцкія выдаткі, падарункі, друк флаераў і падрыхтоўку да Watch Docs Kava.
«Калі ў цябе няма прыватнага знаёмства, то наўрад ці нейкі бізнэс дапаможа ініцыятыве»
Самае цяжкае на краўдфандынгу – сабраць першыя 30 адсоткаў. Аднак чамусьці калі ўжо ёсць першыя 30 адсоткаў, то далей усё прасцей. Магчыма, людзі пачынаюць верыць, што гэта магчыма. Сто адсоткаў сродкаў мы сабралі толькі на трэці дзень фестывалю.
Выдаткі фестывалю Watch Docs у BYN
3477 Арэнда кінатэатра
80 Ацяпленне ОК 16
180 Харчаванне каманды і валанцёраў
200 Арэнда памяшкання на вечарынку
240 Выдаткі на дарогу і лагістыку гасцей
380 Падарункі партнёрам і фундатарам
250 Банкаўская камісія і падаткі
30 Канцылярскія расходы
80 Арганізацыя сурдаперакладу
200 Бухгалтарскія паслугі
80 Сервер сайта
5197 Усяго
Каналы прасоўвання
Мы прасоўвалі фестываль праз сацсеткі ў VK, і ў Facebook. Сёлета мы паспрабавалі наладзіць платную рэкламу ў Facebook. У мінулым годзе мы друкавалі флаеры і раскладалі ў кавярні. Гэта вельмі дорага ў параўнанні з рэкламай на Facebook. Па-першае, пры гэтым немагчыма падлічыць ахоп. Па-другое, нам падаецца, што ўсё ж такі ён нашмат меншы, чым ахоп на Facebook.
«Калі мерапрыемства арганізоўваецца некалькімі арганізацыямі, яны адначасова перамешваюць аўдыторыі»
Валанцёры
Рабіць фестываль Watch Docs нам дапамагалі каля 35-38 валанцёраў з улікам рэгіёнаў. Звычайна мы шукаем людзей пад патрэбы. Ёсць задача – шукаем чалавека.
Працавала з намі 7 перакладчыкаў. Іх шукалі праз розныя паблікі і платформу Адукацыя.Інфо. Агулам тых, хто жадаў працаваць, было 20 чалавек. Калі мы адбіралі перакладчыкаў для працы над фільмамі, то звярталі ўвагу на досвед працы з медыя-тэкстамі. Досвед, канешне, не паказчык, але калі ён ёсць, то гэта заўсёды добра.
У гэтым годзе, магчыма, варта зрабіць невялічкі семінар для валанцёраў і перакладчыкаў пра тое, як працаваць с субцітрамі і перакладамі. Гэта новая ніша ў нашай краіне. Таму менавіта веданне тэхнічных аспектаў можа дапамагчы людзям у жыцці, і яшчэ бонусам можна атрымаць цікавы навык. Таму мы хочам зрабіць невялічкі семінар для валанцёраў, для валанцёраў-перакладчыкаў і тых, каму гэта магло б быць цікава.
Інклюзіўны фестываль
Ёсць субцітры для людзей з інваліднасцю па слыху і з інваліднасцю па зроку. У гэтым годзе ў нас было 4 такія стужкі. У Польшчы ёсць асобная фундацыя, якая займаецца падрыхтоўкай інклюзіўных стужак, а ў нас усё яшчэ толькі пачынаецца. Мы спрабуем запусціць гэта як трэнд і зрабіць фестываль інклюзіўным, каб і іншыя фестывалі задумваліся пра тое, што гэтую катэгорыю людзе можна ўключаць ці не выключаць.
У 2016 Беларусь далучылася да Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Ёсць ініцыятывы, накіраваныя на адукацыю для людзей з інваліднасцю. Мы таксама хочам падтрымаць гэты трэнд, таму што гэта свет, які побач з табой. Нават Netflix, TED і Amazon робяць адаптаваныя субцітры. Цяпер ёсць попыт. Гэта кажа і пра камерцыйную выгаду.
Пра Watch Docs Kava
Акцыя Watch Docs Kava заключаецца ў тым, што мы размяшчаем у кавярні невялікія плакаты з колькасцю нявыпітых кубкаў. Першапачаткова іх 100. Кожны наведвальнік забірае сабе паперку, калі набывае кубачак кавы. Такім чынам фестываль атрымлівае 1 рубель ахвяраванняў: 50 капеек ад наведвальніка і 50 капеек ад кавярні.
Мы хочам супрацоўнічаць з кавярнямі, якія яшчэ не працавалі з намі. Яны могуць дапамагаць нам распавядаць пра фэст і дапамагаць такім простым спосабам падтрымліваць фестываль. У 2018-м кавярні яшчэ могуць далучыцца да нас для ўдзелу ў акцыі.
Пра адсутнасць дыялогу з бізнэсам
У гэтым годзе мы паспрабуем падацца на Social Weekend. Можа, беларускія бізнэсоўцы аблегчаць нам жыццё. Добра, каб нам хапіла сродкаў хаця б на аплату кінатэатраў. Людзі любяць займацца дабрачыннасцю, аднак падтрымліваюць больш сацыяльныя праекты.
Ужо ёсць нібы распрацаваныя шляхі дапамогі, калі адразу бачны вынік. Нельга сказаць, што наш праект цалкам сацыяльны. Усё ж такі ён займаецца больш грамадска-адукацыйнай, асветніцкай і культурніцкай дзейнасцю.
У нас ёсць «Белгазпрамбанк», які падтрымлівае культуру і мастацтва, а кіно і правы чалавека не падтрымлівае ніхто. Штогод мы пішам лісты бізнэсу, аднак на лісты нам ніхто не адказвае. Выснова, якую мы зрабілі, размаўляючы з іншымі праектамі і людзьмі: калі ў цябе няма прыватнага знаёмства, то наўрад ці нейкі бізнэс дапаможа ініцыятыве.
Як далучыцца?
Мы будзе шчаслівыя, калі наша каманда пашырыцца людзьмі, якія падзяляюць нашы каштоўнасці. Нам заўсёды патрэбныя людзі, гатовыя працаваць над кантэнтам, якія будуць дапамагаць з піярам і прома, журналісты, якія будуць рабіць інтэрв’ю з гасцямі.
Яшчэ нам патрэбныя проста «рукі-ногі»: паехаць, забраць, сустрэць, адвезці, адчыніць, зачыніць, раздаць, звадзіць гасцей на піва, адвесці гасцей дадому пасля піва. Калі вам падабаецца ідэя кіно і правоў чалавека і вы хочаце развіваць публічную пляцоўку для дыялогу, то прыходзьце да нас.
«Самае цяжкае на краўдфандынгу – сабраць першыя 30 адсоткаў»
Мы будзем рады, калі да нас далучацца людзі, якія будуць думаць разам з намі над павесткай, якую трэба ставіць у грамадстве да абмеркавання, і як прыцягнуць да дыялогу шырокую аўдыторыю.
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.
Фота by Віялета Саўчыц