12 цікавых падзей студзеня
- 09.01.2020
- 5361
34 выбіраецца з бярлогі, каб расказаць табе, дзеля чаго наогул варта выбірацца з бярлогі. У студзені 2020-га ёсць як мінімум дваннацаць нагод праветрыць сябе і адчуць нейкую эмоцыю: тэхна-шабаш, канцэрт пра твае беларускія карані, музыка-суфле, віяланчэль, шыбары, хакей на траве (?!), сумная экскурсія, крыпавате кіно ў зале і меланхалічнае – на адкрытым паветры.
Калі: 14 студзеня, 19:00
Дзе: Музей Заіра Азгура (вул. Азгура, 8)
Колькі: 8 BYN
Калі цябе хвалюе, што дух Каляд выветрываецца па меры абсыпання елкі, рэанімуй святочны настрой праглядам індзі-кіно на адкрытым паветры (балазе цяперашняй зімой такая забаўка не падобная да павольнага самагубства). Фільм Чарльза Покела – гэта меланхалічная гісторыя пра хлопца з разбітым сэрцам, які аднойчы сустрэў дзяўчыну. Кажуць, каб зарабіць на здымкі кіно, рэжысёр пяць гадоў гандляваў каляднымі елкамі – як і яго герой. Што тут зробіш, кіно – мастацтва дарагое.
«МАЯК»
Калі: з 16 студзеня
Дзе: к/т «Беларусь», «Цэнтральны», VOKA CINEMA
Колькі: 5–24 BYN
Калі для цябе гэта нешта значыць, то ў Канах другі фільм Роберта Эгерса адхапіў прыз FIPRESCI, а на сайце Rotten Tomatoes «Маяк» мае 98% станоўчых рэцэнзій на базе 52 водгукаў з сярэдняй ацэнкай 9,1 з 10. Калі ж на чужое меркаванне табе напляваць і размазаць, ідзі хаця б на Уілема Дэфо, які выглядае крыпавата нават не ў трылеравых стужках. Па сюжэце героі Дэфо і Пацісана 110 хвілін прыглядаюць за маяком і паволі з’язджаюць з глузду. Назіраць за гэтым будзе даволі дзіўна, але таму мы і ідзём. Трэйлер паказваюць тут.
Калі: 18 студзеня, 12:00–21:00
Дзе: Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)
Колькі: 70 BYN – загадзя, 94 BYN – у дзень.
Раптам цябе заводзіць тэма звязвання, але ты не ведаеш, як да гэтага падступіцца. Дык вось: прыходзь на фэст ShibariPanda Minsk2020, які збярэ не толькі майстроў і аматараў з вопытам, але і нубаў. Тут можна і даведацца больш пра тэхніку шыбары, і канкрэтна патэсціць усё на сабе – у ролі таго, каго звязваюць, або таго, хто звязвае. Аўтарка 34mag аднойчы абрала першае, а што атрымалася – чытай тут.
Калі: 18 студзеня, 18:00
Дзе: ZAL #2 (вул. Казлова, 3)
Колькі: 7 BYN
У галерэі «Арт-Беларусь» завяршаецца выстава аб'яднання брэсцкіх мастакоў BOLT, з гэтай нагоды будуць танцы. Выстава «Зала развітання» – гэта жывапіс, лічбавая графіка, інсталяцыі, відэа-арт, фэшн і не толькі, усё гэта аб'яднана агульнай тэмай развітання. «Усё жыццё – бясконцы паток падзей, у гэтым струмені сустрэчы ды развітанні непазбежныя». На фінішнай вечарыне можна будзе не толькі пакружыць пад музыку, але і купіць які-небудзь арт-аб'ект, паўдзельнічаць у гутарцы пра сучарт і паглядзець перформанс. А ў адзінаццаць вечара спакойна паехаць на метро да цёплага ложка.
Калі: 21 студзеня, 19:00
Дзе: «Другі паверх» (вул. Машэрава, 9, корп. 8)
Колькі: free, патрэбная рэгістрацыя
Нас вельмі цікавіць усё, што пра будучыню. Да таго ж планка лекцый ад ECLAB заўсёды высокая. Таму адзін з вечароў аўторка мы з задавальненнем правядзём у кампаніі Алены Агарэлышавай: даследчыца выступіць з лекцыяй «Гендарная будучыня: сцэнары, каштоўнасці і практыкі дагаворвання ў новым тысячагоддзі». Размова пойдзе пра тэндэнцыі будучага і пра выклікі, якія апісвае гендарная тэорыя. Вяртанне да традыцыйнага грамадства або адмова ад гендару: што перасіліць?
Калі: 24 студзеня, 23:00
Дзе: Modul art platform (вул. Кастрычніцкая, 16/3)
Колькі: 5–10 BYN, ёсць варыкі трапіць бясплатна
Самых натуральных і раскаваных запрашаюць увайсці ў «калектыўны транс пад агрэсіўныя сэты ад ужо вядомых баявых адзінак Менска і асаблівага госця з Грузіі». Новая серыя вечарынак ад супольнасці Pravda 25 – гэта магчымасць адрыўна паскакаць у правакацыйным прыкідзе і не знайсці сябе потым у сторыс сына сяброўкі тваёй мамы: камеры смартфонаў абяцаюць заляпіць наглуха. Знайсці прастору Modul art platform з першага разу не так проста. Але ты справішся. Вядома, распячатаць свой рэйвавы год можна і раней: «Сияние» назначанае на 11-е, «Мечта» – на 18-е.
Калі: 24–26 студзеня
Дзе: Палац спорту (пр-т Пераможцаў, 4)
Колькі: 7 BYN
Пакуль беларускія мужчыны на лёдзе прайграюць усё, што толькі можна прайграць, жанчыны нядрэнна ўпраўляюцца з клюшкамі – праўда, на траве. Ацаніць узровень можна ў канцы студзеня, калі Менск прыме чэмпіянат Еўропы па індархакеі. Індархакей – гэта хакей на траве ў закрытых памяшканнях (як бы дзіўна гэта ні гучала), і ў такім жанры наша зборная займае аж трэці радок сусветнага рэйтынгу. Пакуль Беларусь саступае толькі Нідэрландам і Германіі. Са зборнымі гэтых і яшчэ шасцёркі краін беларускі пазмагаюцца за тытул чэмпіёнак Еўропы і за пуцёўкі на ЧС.
Калі: 24 студзеня, 19:00
Дзе: культ. центр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9/8)
Колькі: 13 BYN
Ін'екцыя класічнай музыкі бывае эфектыўнейшай за вітаміны, так што пусці сабе ў кроў трохі Бенджаміна Брытэна ў выкананні аднаго з самых запатрабаваных на сёння віяланчэлістаў, пераможцы шматлікіх музычных спаборніцтваў – Аляксандра Рама. Знатакі любяць яго за эмацыйнасць і глыбокае пранікненне ў задуму кампазітара, а ты палюбіш за штосьці свае. У Менск Рам прыязджае ўпершыню – каб паўдзельнічаць у канцэрце «Жоўтыя зоркі» (туды, дарэчы, таксама варта завітаць). Напярэдадні гэтага выступу ён саліруе ў «Корпусе».
Калі: 25 студзеня, 21:30
Дзе: DK Gallery (вул. Герцана, 2А)
Колькі: free
Артава-кактэйлевая каманда Karma Crew нарэшце вяртаецца ў арганізацыю выстаў-вечарынак. Цябе запрашаюць адведаць ужо правераны фармат – мікс жывапісу, музыкі і чыста сяброўскай тусоўкі. У праграме: аднадзённая выстава Griss Lugard x Plotnik; прэзентацыя-перформанс Karma R. C. A. – прадставяць кастамізаваную калекцыю ад мастачкі Ташы Кацубы; музыка Monika Seta (LT) і Lojma (BY); а таксама татуіроўкі ад Good Sign Tattoo – куды ж без іх.
Калі: 26 студзеня, 12:30–14:00
Дзе: мемарыяльны комплекс «Трасцянец»
Колькі: free
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, і Беларусь гэтая гісторыя закранае зусім не па ўскоснай. 26-га ўсім неабыякавым прапануюць наведаць бясплатную экскурсію па мемарыяльным комплексе «Трасцянец» ва ўрочышчы Благаўшчына, якое стала цэнтральным месцам знішчэння вялікай колькасці людзей (пераважна габрэяў) у гады акупацыі беларускай сталіцы: людзей тут масава расстрэльвалі і задушвалі газам, а потым сутаргава замяталі сляды, эксгумуючы і спальваючы трупы. Усяго за гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі лагера смерці «Трасцянец» было забіта 206 500 чалавек усіх узростаў і нацыянальнасцяў.
Калі: 31 студзеня, 19:00
Дзе: клуб «Бруге» (пр-т Партызанскі, 6а)
Колькі: 20–40 BYN
Ева Гурары, якую яшчэ доўга будуць прадстаўляць не інакш як удзельніцай двойчы паламанага праекта «Мы» і інста-музай дзяцей 2000-х, прэзентуе ў Беларусі новы альбом – «Кокан». Сольнік у Евы ўжо трэці, але стыль яе па-ранейшаму не апішаш лепш за тое, як зрабілі аўтары пабліка «вечна XVII»: «Музыка са смакам узбітых вяршкоў і суфле, якое растае, нібы снег, яна валодае дзіўнай здольнасцю выклікання ўсяго адзінай, але лепшай думкі: трэба проста адчуваць». Самыя зефірныя дзяўчаткі горада ведаюць, дзе будуць таміцца ў апошні дзень студзеня.
Калі: 31 студзеня, 19:00
Дзе: клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)
Колькі: 15–20 BYN
У кагосьці 2019-ы скончыў асабліва прыгожа: гурт Relikt парадаваў фанаў шостым лонгплэем і нарэшце пазбавіўся адзінкі ў назве. У Re:Public рокеры прэзентуюць «Дрэва жыцця», а таксама сыграюць сваю the best golden collection. «Чароўны туман, казачны лес, зоркі-знічкі, ласкавая вада, што бяжыць скрозь векавыя камяні і маладую траву... Пачуй і адчуй, як галасы сівых продкаў адгукаюцца ў душах тых, хто жыве сёння, як іх беларускія сэрцы спяваюць і грукаюць разам».
Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk.