Нас ужо не бянтэжаць загалоўкі, што транслююць відавочную лухту, мы не правяраем дэталі, не шукаем пруфы і дзелім свет на сваіх і чужых так жа хутка, як змахваем фоткі ў Tinder: не падабаецца – налева, падабаецца – направа. Вучоныя намагаюцца неяк апісаць дзівосны новы свет, дзе эфектная хлусня заўсёды перамагае шэранькую праўду. Нават прыдумалі слова – постпраўда. Карацей, калі ты схільны(-ая) паразважаць, куды нясецца наша жоўтая страла (чытай: свет), табе гэты лонгрыд і прысвячаецца. Лайк, шэр, рэпост!
Прадмова. Як Святлана Алексіевіч памерла і ўваскрэсла
18 траўня. Па Фэйсбуку шамаціць сумная вестка: нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч памерла. Пра гэта паведамляюць аўтарытэтныя СМІ: Le Figaro, РИА Новости, Interfax; у Вікіпедыі аператыўна з'яўляецца дата смерці пісьменніцы, карыстальнікі сацыяльных сетак рэфлексуюць на тэму. У гэты час тэлефон сабжа разрываецца ад званкоў у роўмінгу: Святлана Алексіевіч знаходзіцца ў Сеуле, дзе прэзентуе свае выданні на карэйскай мове. Яна жывая-здаровая. На гонар некаторых СМІ, іх супрацоўнікі не забыліся на фактчэкінг і праверылі інфармацыю, перш як забацаць чорна-белую фотку пад некралог.
Крыніца качкі – фальшывы твітар-акаўнт свежапрызначанай міністаркі культуры Францыі. Пакуль Франсуаза Нісэн мірна сабе спала (або адзначала кар'ерныя поспехі – хто ведае), італьянскі настаўнік Тамаза Дэбэнедэці cтварыў «яе» прафайл, а на наступны дзень падчас школьнай перамены запосціў у ім наступнае: «Страшная навіна. Толькі што мне паведамілі, што Святлана Алексіевіч памерла. Ніякай іншай інфармацыі ў мяне няма». І панеслася...
Характэрная першая рэакцыя Святланы Аляксандраўны: «Гэта, напэўна, і ёсць новая рэальнасць, у якой мы апынуліся. Свет постпраўды. Калі мы не ведаем, што ў рэчаіснасці і дзе адбываецца».
Дык сапраўды – не ведаем.
Што такое пост-праўда
Post-truth стала словам 2016 года па версіі Оксфардскага слоўніка. Яно апісвае «абставіны, у якіх аб'ектыўныя факты менш важныя для фармавання грамадскай думкі, чым зварот да эмоцый і асабістых перакананняў». Лічыцца, што ў эпоху постпраўды людзі вераць у тое, у што жадаюць верыць, і ідуць за аўтарытэтамі замест таго, каб пакланяцца лічбам.
У беларускай мове для post-truth замацаваўся аналаг «постпраўда», хоць, на думку некаторых даследчыкаў, казаць «постісціна» было б дакладней. Маўляў, ісціна адзіная, а праўда ва ўсіх свая: хочаш – бяры «Гомельскую», хочаш – «Гродзенскую», ну а камусьці і «Камсамольская» – усім праўдамі праўда. Зрэшты, калі звярнуцца да тлумачальных слоўнікаў, абодва словы адсылаюць нас да аб'ектыўнасці, а менавіта аб'ектыўнасць постпраўда (або постісціна) падточвае ў самым падмурку. Гэта куды больш прынцыповы момант, чым адценні сэнсаў.
У тым значэнні, якое зафіксавана Оксфардскім слоўнікам, слова post-truth сустракалася яшчэ ў 1992 годзе: яго выкарыстоўваў у эсэ драматург Стыў Цесіч, каб апісаць канфлікт у Персідскай затоцы. Але ў 2016-м папулярнасць лексемы ўзрасла шматразова.
Менавіта ў 2016-м свет увайшоў у лабавое сутыкненне з феноменам постпраўды: усе мы крыху ўзбудзіліся ад вынікаў дзвюх кампаній па розныя берагі Атлантыкі. Спачатку брытанцы, насуперак усім прагнозам, вырашылі адчаліць з Еўрасаюза ў туман. А потым амерыканцы захацелі зрабіць Амерыку Great Again, абраўшы чалавека, у якога больш верылі гледачы тэлеканала «Россия 24», чым заўсёднікі паплаўцоў Цэнтрал Парку.
Галоўныя «кейсы» пост-праўды: Brexit і Трамп
Прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза актыўна працісквалі тэму, быццам сяброўства ў ЕС штотыдзень улятае краіне ў 350 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Рыторыка брэксітараў грунтавалася на тым, што салодкую суму добра было б пусціць на штосьці больш важнае – здароўе жыхароў Каралеўства, напрыклад. Лагічна?
Алагічна іншае: нават калі лічба ў 350 мільёнаў была аспрэчаная эканамістамі (смакуй шмат фактчэкінгу), брэксітары не адмовіліся ад сваіх словаў – лозунгі пра 350 мільёнаў па-ранейшаму трансляваліся ўсюды, дзе толькі можна. І гэта спрацавала!
Уранку пасля трыумфу Brexit кіраўнік Партыі незалежнасці Злучанага каралеўства прызнаў, што пасля выхаду з ЕС гэтыя грошы не з'явяцца, а праз некалькі дзён адзін з галоўных ідэолагаў кампаніі цынічна растлумачыў: «Ужо казалі, што факты не працуюць, вось і ўсё. Тыя, хто хацелі застацца ў ЕС, выкарыстоўвалі факты, факты і факты без канца. Гэта проста не працуе. Трэба знайсці эмацыйную сувязь з людзьмі. Так перамагае Трамп».
Дональд Трамп – апостал постпраўды. Па дадзеных праекта Politifact, 68% сцвярджэнняў Трампа былі лжывымі цалкам або часткова, 27% – не зусім праўдай, толькі 5% – вартымі даверу. І гэты чалавек – прэзідэнт адной з самых уплывовых краін на планеце!
Гэта падаецца абсурдным, калі карыстацца логікай ранейшага, фактацэнтрычнага свету, але Трамп надзвычайна супадае з сучаснай эпохай, калі эмоцыі нашмат важнейшыя за факты. Не міргнуўшы вокам ён сцвярджае, што Хілары Клінтан – злачынца, а Барак Абама нарадзіўся за межамі Штатаў, – і публіка разявае раты. Абвяржэнні ў медыя паспяваюць хутка, але дасягаюць не ўсіх, а прымушаюць задумацца толькі нязначную частку электарату.
Чаму табе ОК, калі на вушах локшына
Антраполаг Аляксей Юрчак напісаў цудоўную кніжку пра Савецкі Саюз перыяду разлажэння, дзе з сапраўды літаратурным талентам распісаў сітуацыю, калі грамадзянін позніх «саветаў» ужо не верыў у будаўніцтва камунізму і заклікі маразматычных генсекаў, але афіцыйная ідэалогія па-ранейшаму рэпрадуктавалася – як нейкі рытуал, які па агульнай змове ўсіх задавальняе, таму што нейкае іншае жыццё было цяжка нават уявіць. Каб апісаць гэты расклад, вучоны выкарыстаў тэрмін «гіпернармалізацыя».
Летась Адам Кёрціс зняў для BBC фільм, які назваў тэрмінам Юрчака –«HyperNormalisation».
Паводле Кёрціса, сучасны Захад знаходзіцца ў стане, аналагічным гіпернармалізацыі ў познім СССР. «У нас таксама досыць карупцыі. Мы ўсе пра гэта ведаем, і палітыкі ведаюць, што мы ведаем. Палітыкі на Захадзе таксама амаль страцілі кантроль над падзеямі, што адбываюцца, і яны ведаюць, што мы пра гэта ведаем. Такім чынам, усе ведаюць, што свет наш дзіўны, нерэальны, фальшывы і карумпаваны. Але ўсе ўспрымаюць яго як цалкам нармальны. Таму што… гэтаму свету ніхто не бачыць альтэрнатывы», – кажа рэжысёр у інтэрв'ю рускай службе BBC.
Чалавек 2000-х – індывідуаліст, які лёгка і каму заўгодна дэлегуе функцыю руліць грамадскімі інтарэсамі. Мы з усёй сур'ёзнасцю выбіраем троххуткасны блэндар і кампакт, але што тычыцца палітыкі, эканомікі, экалогіі – нам прасцей разлічваць на аўтарытэтную фігуру. І нават калі аўтарытэтная фігура будзе хлусіць, мы ўсё роўна будзем і далей дзейнічаць так, быццам цалкам ёй давяраем.
Лічбы губляюць моц паўсюль. Глядзі: у перадвыбарчай праграме кандыдата Лукашэнкі ўзору 2001 года было 13 лічбаў, 2006 – 17, 2010 – 16, а ў праграме-2015 лічбаў аказалася роўна адна. Затое слова «мы» прамільгнула аж 28 разоў.
Чаму гэта павінна хваляваць: filter bubble
Сёння ў нас ёсць доступ да бясконцых масіваў дадзеных – здавалася б, знойдзецца ўсё, толькі гуглі. Праблема толькі ў тым, што ўся інфа ў інэце падладжваецца пад цябе.
Сацыяльныя сеткі і пошукавыя сістэмы па дэфолце лічаць, што ты застыў(-ла) у бронзе і больш не развіваешся, а значыцца тваю далікатную псіхіку трэба засцерагаць ад альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Стужка Фэйсбуку фармуецца з улікам таго, што ты лайкаеш і шэрыш, а персаналізаваная выдача ў Гугле не дазваляе табе выйсці за межы «пухіра фільтраў». І вось табе ўжо здаецца, быццам усе вакол абіраюць твайго кандыдата, усе вераць у твайго бога і ўсе слухаюць твае музло. «Пухір фільтраў» татальна ўсыпляе крытычнае мысленне, таму, калі ў стужцы з'яўляецца пост, які супярэчыць тваім перакананням, ты хуценька знаходзіш у ім лагічныя агрэхі, а калі не знаходзіш – проста ігнорыш гэтую інфу.
Напрыклад, чалавек перакананы, што пад выглядам усеагульнай вакцынацыі на людзях ставяць нейкія страшэнныя эксперыменты. Любыя аргументы за вакцынацыю ён палічыць ангажаванымі, даследаванні – праплачанымі, гісторыі з медыя пра адмову ад прышчэпкі з сумным фіналам – падтасаванымі. Спрачацца бессэнсоўна. У эпоху постпраўды факты страцілі моц: клавіятуры ў дыскусіях крышацца не за аб'ектыўнасць, а за асабістыя перакананні, асабістую веру.
Як гэта працуе:
Інфармацыі становіцца больш, але правяраюць яе ўсё менш. Да таго ж знікае мяжа паміж масавым і асабістым: артыкул прафесара Каліфарнійскага ўнівера ў Берклі і пост сябра на Фэйсбуку могуць мець аднолькавую каштоўнасць і прымацца на веру безумоўна.
Публічная сфера дробніцца на мноства «гурткоў па перакананнях». Людзі імкнуцца трапіць у «свой гурток», не заўважаючы, што ўсё больш аддаляюцца ад іншых груп. Вось чаму нечаканае сутыкненне са светам каментатараў Onliner падобнае да лёгкага ўдару электратокам.
Перакананні чалавека рэзануюць з перакананнямі яго аднадумцаў, з-за чаго ён умацоўваецца ў іх і абараняе яшчэ мацней. Персаналізаваны пошук і выдача навін у сацыяльных сетках не дазваляюць выйсці за межы «гуртка». Ствараецца камфорт безумоўнай рацыі: «Хто не скача, той маскаль!»
Індывід імкнецца даказаць вернасць «сваім» і прыпадабняецца футбольнаму ціфазі, які заўзее за клуб эмацыйна і нават здольны ахвяраваць дзеля яго ўласнымі інтарэсамі.
Інфа перастае быць каштоўнай сама па сабе – куды важнейшая ўвага, на яе накіраваная. «Свет постпраўды – гэта не проста сімуляцыйная копія рэальнага свету, а гіпернасычаны варыянт, які імкнецца пераўзыходзіць яго», – чытаем у даследаванні ўкраінскага палітолага. Фарбы згушчаюцца.
У свеце постпраўды верыць можна ў што заўгодна: у 28 панфілаўцаў, у распятага на Данбасе хлопчыка, у тое, што амерыканцы ніколі не былі на Месяцы і што хмарачосы 11 верасня паваліліся па спецзаданні ЦРУ, а тэорыю эвалюцыі выдумалі масоны. Склалася так, што ў 2017-м Ленін – грыб яшчэ больш, чым у 91-м.
Як жыць і працаваць у эпоху постпраўды
«Калі мы сапраўды хочам зразумець, як жыць у эпоху постпраўды, варта звярнуцца да журналіста, якому даводзіцца кожны дзень пісаць лаяльныя артыкулы ў падтрымку вышэйшага кіраўніцтва краіны, да экспертаў па маркетынгу або прафесійных інтэрнэт-тролей, якія штодня пішуць сотні фэйкавых каментароў. Можа, нам варта зноў прачытаць “1984” Оруэла. Верагодна, гэта дапаможа зразумець, як існаваць у дыстапіі грамадства постпраўды», – разважае Уладан Ёлер, прафесар дэпартамента новых медыя Акадэміі мастацтваў Нові-Садскага ўніверсітэта.
Ёлер выказвае агульнае экспертнае меркаванне. Як дзейнічаць у новай рэальнасці – пакуль незразумела. Мы знаходзімся на пачатковым этапе яе асэнсавання. І пакуль ты чытаеш гэты матэрыял, медыя выпусцілі ў свет новую порцыю кантэнту рознай ступені шкоднасці.
Возьмем свежыя прыклады фэйкавых навін:
Кракадзілы ў Зімбабвэ зжэрлі святара, які хадзіў па вадзе.
Італьянскія манашкі зацяжарылі ад мігрантаў.
Госці фэсту атруціліся салам, з якога быў выкладзены 200-кілаграмовы герб Украіны.
Італьянскі суд забараніў трымаць лобстараў на лёдзе перад варкай, каб яны не пакутавалі.
Трамп паведаміў Расіі таямніцы дзяржаўнай важнасці.
Японца насмерць засыпала порначасопісамі.
Звярні ўвагу: на рэсурсах (рознай ступені аўтарытэтнасці, вядома) няма абвяржэння (што з іх узяць – сёння нават публічныя асобы не выбачаюцца за дэзу). Навіны па-ранейшаму выглядаюць як сапраўдныя, а значыцца, усё яшчэ могуць падмануць залётнага чытача і выклікаць у яго рэакцыю: здзіўленне, гнеў, радасць або нават пачуццё ўласнай перавагі. Далёка не ўсе з гэтых фэйкаў бяскрыўдныя. Напрыклад, цалкам відавочна, куды хіліць тэлерадыёкампанія «Зорка» са сваёй «манаскай оргіяй».
У гэтай сувязі мегаактуальнымі становяцца пытанні забароны прапагандысцкіх медыя на дзяржаўным узроўні і мацавання крытычнага мыслення на ўзроўні індывідуальным. Ну а калі ты працуеш у медыя, якое прэтэндуе на непрадузятасць, табе варта асвяжыць у памяці прынцыпы фактчэкінгу разам з Максімам Корневым, дацэнтам кафедры ТРІТ факультэта журналістыкі Інстытута масмедыя РДГУ:
Шукай першакрыніцу або пацверджанне інфармацыі з некалькіх незалежных крыніц.
Пацікаўся меркаваннем процілеглага боку.
Сачы за навінамі пра фэйкі, каб ведаць падробкі «ў твар».
Не ганіся за сенсацыяй на шкоду дакладнасці фактаў.
Будзь вельмі пільны з сацыяльнымі сеткамі. І ў гэтым выпадку ты, верагодна, не «пахаваеш» кагосьці раней часу.
Эпілог. Эфект матылька
Вернемся да чалавека, што паведаміў свету пра «смерць» нашай нобелеўскай лаўрэаткі. Хто гэты блазан і навошта ён каламуціць ваду? Тамаза Дэбэнедэці – даволі вядомая ў інтэрнэце асоба. Гэты пранкер публікаваў фэйкавыя інтэрв'ю з Міхаілам Гарбачовым, Далай Ламам, Варгасам Льосам ды іншымі «рок-зоркамі». «Ладзіць пахаванне» вялікіх яму таксама не прывыкаць: ахвярамі Тамаза раней былі Ёка Она і Башар Асад. Італьянскія журналісты нават завялі спецыяльны тэг #tommasodebenedetti, якім пазначаюць сумнеўныя крыніцы.
Па словах Дэбэнедэці, яго місія – усяго толькі паказаць нам усім, наколькі слабыя сучасныя медыя ў эпоху інтэрнэту, і гэта ніякі не тэрарызм, а, хутчэй, люстэрка новай рэальнасці. Італьянец на справе паказвае, як маленькая хлусня можа прывесці да вялікіх наступстваў. Яго твіт пра «забойства» прэзідэнта Сірыі выклікаў паніку на рынку нафты – за хвіліну цана падскочыла на 1%. Вось такі «эфект матылька», на хвіліначку.
Рэпарцёр і сузаснавальнік журналісцкага стартапу Outriders Якуб Гурніцкі – пра тое, як зрабіць паспяховае медыя з нуля.
Беларускія мэтры (і не толькі) фатаграфіі разважаюць пра тое, як іх праца змяняе рэальнасць і яе насельнікаў.
У новым выпуску 34 Media Day абмеркавалі, чаму сэкс больш не прадае, а жаночыя смочкі ў сацсетках – табу.
Запытваемся ў журналістаў, чаму стрымы – гэта «новы чорны» для медыя і як прамыя трансляцыі мяняюць перажыванне пратэстных акцый.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.