Анансаваная праграма тыдня супраць расізму
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.03.2019
- 6085
З 16 па 24 сакавіка праваабарончая арганізацыя Human Constanta разам з партнёрамі правядзе шэраг івэнтаў у рамках чарговага тыдня асветніцкіх дзеянняў супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісці. Мерапрыемствы адбудуцца ў Менску і Берасці.
«Думаеш, што ў Беларусі няма расізму, бо няма генацыду, прамой сегрэгацыі і сучасных гета? У нас для цябе дзве навіны. Дрэнная – расізм ёсць. <...> Добрая – мы распавядзем табе аб гэтым больш падрабязна і прапануем сумесныя дзеянні для вырашэння гэтых праблем», – паведамляецца ў анонсе мерапрыемства.
Падчас асветніцкага тыдня можна будзе даведацца пра шмат чаго новага, пазнаёміцца з неабыякавымі людзьмі, салідарызавацца з тымі, хто сустракаецца з дыскрымінацыяй, і падтрымаць іх. Удзел ва ўсіх паказах, дыскусіях, лекцыях, канцэртах бясплатны.
Расклад тыдня такі:
16.03 – вялікі адукацыйна-забаўляльны ўік-энд «Розныя-Роўныя». Адбудзецца лекцыя-дыскусія «Як супрацьстаяць расізму і ксенафобіі ў эпоху постмадэрну?», Жывая Бібліятэка, канцэрт з удзелам гуртоў «Тлушч» і «ксілема». На мерапрыемстве будзе працаваць дзіцячая пляцоўка. Месца: Менск, Lo-Fi Customs (вул. Кастрычніцкая, 16/3). Час: з 13:00 па 22:00.
19.03 – дыскусія па тэме дыскрымінацыі ад моладзевага клуба «ДысКут». Месца: Менск, культ. цэнтр «КОРПУС» (пр. Машэрава, 9/8). Час: з 18:30.
20.03 – унікальны па змесце ўводны семінар у канцэпцыю гуманітарнага антыфашызму. Месца: Менск, «Другі паверх» (пр. Машэрава, 9/8). Час: з 19: 00.
21.03 – лекцыя пра ісламскае вымярэнне Менска ў рамках выставы «Моваланд», а таксама постдыскусія. Месца: Менск, галерэя «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19). Час: з 19:00.
22.03 – прагляд дакументалкі «Гуляе як дзяўчынка» пра гендарную дыскрымінацыю ў спорце. Прадугледжана абмеркаванне ўбачанага з удзелам рэжысёра. Месца: Менск, «Другі паверх» (пр. Машэрава, 9/8). Час: з 19: 00.
23.03 – майстар-клас па коміксах ад праекта Mainbooks. Прагляд кіно і дыскусія. Месца: Берасце, «Прастора КХ». Час: з 15:00.
Апдэйты і падрабязнасці па змесце з’яўляюцца тут і тут.
Валдзіс Фугаш
праваабаронца, сузаснавальнік Human Constanta:
«Як заўважаюць BBC i Bloomberg, пагроза з боку людзей і палітыкаў, якія лічаць дапушчальнымі і нават неабходнымі дыскрымінацыю і гвалт у дачыненні “іншых”, ужо набывае масавы характар. І тут Беларусь таксама не ў “бурбалцы”: з праблемамі рознага ўзроўню (ад абразлівых жартаў да абмежаванняў на ўзроўні законаў ды прамога фізічнага гвалту) сутыкаюцца жанчыны, мужчыны, людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі і прадстаўніцы розных этнічных ды рэлігійных груп, людзі-ЛГБТК+ і іншыя.
Мы ведаем, што гэта не норма жыцця. Важна ўмець папярэджваць, заўважаць і рэагаваць на такія выпадкі, каб нашае асабістае жыццё, жыццё грамадства, краіны і свету было лепшым.
Мы хочам жыць у Беларусі і свеце, дзе кожны і кожная могуць карыстацца сваімі правамі, шукаць сваё шчасце і мець магчымасць самарэалізацыі без якой-небудзь дыскрымінацыі, незалежна ад гендару, паходжання, стаўлення да рэлігіі і веравызнання, грамадзянства, сэксуальнасці і любых іншых прыкметаў.
Мы верым у тое, што веды і нават мінімальныя салідарныя дзеянні могуць змяняць грамадства да лепшага».
Дадзены тэкст падрыхтаваны ў рамках кампаніі #Stophateby.