У Берасці з’явілася новая гарадская прастора «Кансерва»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.10.2019
- 7031
У Берасці з’явілася новая культурніцкая прастора. Уладкаваная яна ў цэнтры горада на плошчы былога кансервавага завода. І завецца «Кансерва». Берасцейскі часопіс «Бінокль’’» распавёў пра тое, што там будзе і як усё выглядае цяпер.
Прыдумала «Кансерву» берасцейка Кацярына Паўловіч, якая вярнулася ў родны горад, пажыўшы ў еўропах дзесяць гадоў і атрымаўшы там кінаадукацыю. Аднойчы яна адчула, што тут патрэбная прастора, якая будзе прыцягваць усё актуальнае і несаромнае. Ну а потым магчымасці, жаданні і рэсурсы нарэшце супалі. Раскрываць густы патэнцыял завадскіх квадратных метраў Кацярына ўзялася разам з маладымі архітэктарамі.
Цяпер на першым і другім паверхах будынка ідзе вялікі рамонт пад офісы і творчыя майстэрні. У падвале ўжо цалкам гатовая выставачная зала на 470 квадратаў. Новыя гаспадары пяшчотна захавалі гісторыю месца: ад кансервавага завода пакінулі стары прэс, цагляныя сцены, плітку 1941 года і нават плакаты рэлігійнага зместу.
Адчыніцца «Кансерва» ў сярэдзіне кастрычніка – разам з выставай фатаграфіі. З бліжэйшых мерапрыемстваў анансаваны таксама фестываль ArhEvolution, які збярэ каля 80 студэнтаў-архітэктараў і іх настаўнікаў, каб тыя сумеснымі намаганнямі спраектавалі ідэальны праект для новай прасторы.
Кацярына Паўловіч
стваральніца «Кансервы»
«Мы хочам удыхнуць жыццё ў гэтае месца, паглядзець, як яно працуе. Тут можна праводзіць усе што заўгодна: стрыт-фуд-фэст, выставы, паказ мод. Мы не толькі пра мастацтва, мы пра ўрбанізм, пра развіццё, пра архітэктуру, пра "дзвіжуху". У нас няма межаў: сёння гэта фатаграфіі, заўтра – архітэктурны фестываль. Мы ў самым цэнтры горада – хацелася стварыць такое сэрца, што б’ецца».
Фота: Раман Чмель для «Бінокль''»