Марына Штрахава

  • 31.03.2016
  • 3879

Пагутарылі з каардынатаркай «Жывой бібліятэкі» ў Беларусі – праекту, які ў форме нефармальнай гутаркі дазваляе даведацца пра досвед прадстаўнікоў розных прафесіяў і сацыяльных групаў. На івэнтах «ЖБ» можна «пачытаць» лесбіянку, мусульманку, чалавека з ВІЧ, вегана, аматара БДСМ, былога святара і каго толькі не. Усё дзеля таго, каб разбурыць закаранелыя стэрэатыпы.

 Гераіня:  Марына Штрахава, 27 гадоў. Заснавальніца і старшыня Праўлення Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка». Ініцыятарка і каардынатарка мінскага нэтворкінгу для гараджан і гаражданак Minsk Change Makers. Раней працавала ў міжнародным кансорцыюме «ЕўраБеларусь» і «Студэнцкай Радзе».

 Структура «Жывой Бібліятэкі»:  9 чалавек плюс валанцёры ў Менску. 5 каманд існуюць у Бабруйску, Берасці, Віцебску, Горадні і Маладзечна са сваімі каардынатамі і структурай. 

 Лічбы:  За 4 гады «ЖБ» правяла больш за 150 мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі, каля 400 чалавек выступілі ў якасці «жывых кніг».

 

Сайт    VK   FB    Instagram    Telegram

Арыгінальная дата публікацыі – 31.03.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Марыны

– Я пазнаёмілася з праектам «Жывая Бібліятэка» ў 2012 годзе, раней, чым ён з’явіўся ў Менску. Гэта было ў Польшчы, куды я паехала на адзін праект і выпадкова трапіла ў публічную бібліятэку, дзе якраз праводзілася гэтае мерапрыемства. Ідэя даволі простая: зводзіць тых, хто неяк адрозніваецца ад большасці, і тых, хто хоча разбурыць свае стэрэатыпы наконт першых. Спікераў клічуць «кнігамі», а гасцей – «чытачамі». Мяне так моцна здзівіла канцэпцыя «ЖБ», што два гады я жыла з думкаю пра тое, каб зрабіць гэта і ў нас. Сама ідэя разбурэння стэрэатыпаў – такая простая і адначасова такая цікавая.

Калі вярнулася дадому, мяне накрыла вучоба, праца ды іншыя заняткі. А ўлетку 2014 года я брала ўдзел у «Акадэміі першых», зарганізаванай моладзевай арганізацыяй «РАДА». У яе межах можна было зрэалізаваць нейкі праект, нашая каманда падалася з ідэяй «ЖБ» ды перамагла.

 

 

Што такое «Жывая бібліятэка»

– Ідэя «Жывой Бібліятэкі» з’явілася ў 2001 годзе ў Даніі. З яе стварэннем звязаная даволі сумная гісторыя: аднаго маладога хлопца моцна збілі нейкія падлеткі. Пакуль ён быў у шпіталі, ягоныя 14–16-гадовыя сябры думалі, як можна знізіць агрэсію ў грамадстве. Яны прыйшлі да высновы, што самае простае – размаўляць адзін з адным, каб пазбавіцца ад ярлыкоў «свой»–«чужы». Першую «ЖБ» яны зарганізавалі падчас музычнага фестывалю Roskilde, што моцна змяніла яго атмасферу: ён стаў больш адкрыты, сяброўскі, побач можна было ўбачыць шмат розных людзей. «Бібліятэка» дзеяла ўсе дні фэсту з раніцы і да вечара.

 

«Ідэя такіх бібліятэк даволі простая: зводзіць тых, хто неяк адрозніваецца ад большасці, і тых, хто хоча разбурыць свае стэрэатыпы наконт першых»

 

Потым гэтыя хлопцы заснавалі адмысловую арганізацыю, і цяпер яны распаўсюджваюць «ЖБ» па свеце. Гэта ўжо ператварылася ў міжнародны рух, у якім бяруць удзел больш за 50 краінаў. Беларусь далучылася да яго ўвосень 2014 года, мы разам са «Студэнцкаю Радай» звярнуліся да тых датчанаў і прапанавалі ім адкрыць філіял у Беларусі. Яны даслалі нам дэкларацыю, дзе былі правілы, якіх трэба прытрымлівацца: напрыклад, гэта выключна некамерцыйны праект, таму мы не бярэм грошай за ўдзел.

«Жывыя кнігі» – прадстаўнікі нейкай сацыяльнай групы або прафесіі, да якіх у грамадстве ёсць пэўнае стэрэатыпнае стаўленне. Таксама прыходзяць людзі, пра заняткі якіх мала што вядома, таму ёсць нейкае неразуменне таго, чым яны займаюцца. Напрыклад, цяпер яшчэ не ўсе ведаюць, хто такія фрыганы.

Калі мы рабілі першыя бібліятэкі, то кіраваліся толькі тою інфармацыяй, якую нам далі датчане. Потым сталі браць прыклад з Украіны і Расіі, бо ў іх гэты праект ужо існаваў. Спачатку мы запрашалі на выступы сваіх знаёмых, а потым зрабілі суполкі ў сацсетках і там пачалі шукаць цікавыя нам «кнігі»: пракурораў, следчых, хатніх гаспадынь ды іншых.

 

 

Фармат івэнтаў

– Cустрэчы пабудаваныя на сесіях і размовах: кожная «кніга» сядзіць у сваім закутку і цягам 25–30 хвілінаў распавядае пра сябе, а потым адказвае на пытанні «чытачоў»-слухачоў. Адначасова размаўляюць некалькі «кніг», таму іх колькасць на адной сустрэчы залежыць, у першую чаргу, ад памяшкання, бо трэба зарганізаваць зоны для размовы з кожнай. У сярэднім мы шукаем 10–12 «кніг» на адное мерапрыемства. Частка з іх – гэта тыя, хто ў нас ужо быў і карыстаўся попытам. Іншая частка – выбар чытачоў, людзі, якіх яны хацелі б пабачыць. І астатняя група «кніг» – тыя, каго мы самі даўно шукалі.

«Жывая бібліятэка» – гэта не толькі для чытачоў, яна нават больш патрэбная «кнігам». Бо ў большасці няма месцаў, куды яны могуць прыйсці ды распавесці сваю гісторыю. Гутаркі з сябрамі – гэта іншае.

 

«Да нас прыходзяць і 14-летнія падлеткі, і моладзь, і 60-гадовыя пенсіянеры, і сем’і з дзецьмі»

 

Сярод «кніг» у нас быў мужчына, які спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Ён выступаў на адной з самых вялікіх «Жывых бібліятэк», дзе было каля 200 чалавек. Калі я затэлефанавала яму потым, каб запрасіць на яшчэ адзін выступ, ён адказаў: «Ведаеш, у мяне цяпер усё класна. Мне вельмі спадабаўся ваш фармат, і, калі я распавёў людзям пра сябе, я канчаткова перажыў усе негатыўныя эмоцыі. Таму я больш не хачу пра гэта ўспамінаць». І я была такая шчаслівая, калі пачула! Дзякуючы нам чалавеку стала лепей, а гэта самае галоўнае. Таксама прыходзіў мужчына, які адседзеў у турме гадоў сем. Ён распавядаў сваю гісторыю некалькі разоў, а потым сказаў: «Нешта мне больш не цікава пра гэта гутарыць. Хочаце, раскажу пра свае духоўныя практыкі?». Вядома, мы запрасілі яго зноў, але з новаю тэмай.

У Менску мы ладзім нашыя мерапрыемствы раз на 2–3 месяца. Гэта залежыць ад таго, наколькі мы здольныя гэта рабіць, бо ўсе маюць іншую працу і заняткі. Прыемна, што больш за палову людзей на кожнай сустрэчы – гэта новыя ўдзельнікі, але ў нас ёсць і пастаянныя «чытачы». Спачатку мы вельмі баяліся, што праект стане месцам сустрэчы, дзе будуць тусіць «свае», як гэта звычайна бывае шмат у якіх НДА. Але ж да нас прыходзяць і 14-летнія падлеткі, і моладзь, і 60-гадовыя пенсіянеры, і сем’і з дзецьмі. Добра, што ў Беларусі няма закону аб забароне прапаганды гомасексуалізму, як у Расіі: там на некаторыя мерапрыемствы «Жывой бібліятэкі», дзе асвятляецца гэтая тэма, арганізатары вымушаныя пускаць чытачоў толькі з 18-ці гадоў.

Мы спрабуем даязджаць да рэгіёнаў: за 2015 год пабывалі ўва ўсіх абласных гарадах. У Горадні спачатку функцыю правядзення «Жывых бібліятэк» узяла на сябе арганізацыя «Актыўным быць файна», а зараз там ужо свая асобная каманда. У Бабруйску «ЖБ» ладзяцца тайм-клубам «1387».

 

 

 

 

 

«У нашым грамадстве вельмі немудрагелістыя стэрэатыпы: накшталт, жанчыны аказаліся ў сітуацыі хатняга гвалту, бо самі напрасіліся; вегетарыянцы не ядуць мяса, бо ім проста шкада жывёл»

«Кнігі» ды стэрэатыпы

– Наш досвед паказвае, што нецікавых «кніг» не існуе: каго б мы ні прывялі, заўсёды знойдуцца «чытачы». Часам «кнігі» прыводзяць за сабою новыя «кнігі». Гэтак да нас звярнулася ВІЧ-пазітыўная жанчына, яна даведалася пра праект ад сваёй сяброўкі, якая аказалася ў сітуацыі хатняга гвалту і распавяла пра гэта на нашай імпрэзе.

У нашым грамадстве вельмі немудрагелістыя стэрэатыпы: накшталт, жанчыны аказаліся ў сітуацыі хатняга гвалту, бо самі напрасіліся; вегетарыянцы не ядуць мяса, бо ім проста шкада жывёл; людзі-інваліды сядзяць дома і нікуды не выходзяць; феміністкі проста не задаволеныя жыццём, бо «ў іх мужыка нармальнага не было». Я лічу, што такім людзям проста неабходна пабываць на нашых сустрэчах. Дзіўна, што яны прыходзяць не з мэтаю даведацца пра штосьці новае, а для таго, каб упэўніцца ў тым, што іхныя стэрэатыпы правільныя, а таксама ўпісаць спікераў у сваю сістэму свету і свае нормы.

Заўсёды цікава паслухаць замежнікаў: напрыклад, ЛГБТК-актывістку з Азербайджану, бо там з гэтым рухам нават складаней, чымся ў нас. Таксама людзі любяць псіхалагічна складаныя тэмы: анкапацыенты, ВІЧ-пазітыўныя, хворыя на гепатыт С, пацярпелыя ад хатняга гвалту, маладыя маці з хворымі дзецьмі.

Трэба пазначыць, што мы не прапагандуем ідэі нашых «кніг» як правільныя для ўсіх. Мы запрашаем і антыфашыстаў, і філосафаў, і феміністак, і прадстаўнікоў ЛГБТК, і людзей з дадатковымі патрэбамі. Кожны чалавек рэпрэзентуе сам сябе, свой досвед, хоць і адносіцца да пэўнай групы. Людзі прыходзяць сюды не дзеля таго, каб папіарыцца, а каб падзяліцца сваёй гісторыяй і тым, як яны жывуць са сваймі асаблівасцямі. Бывае так, што нейкая «кніга» толькі пацвярджае стэрэатыпы пра сваю суполку. Але на іншай сустрэчы можа з’явіцца і іншая, якая раскажа нешта новае і зусім нетыповае.

 

 

Розныя фарматы і выхад у анлайн

– «Жывая Бібліятэка» ў Беларусі існуе як зарэгістраваная арганізацыя: сацыяльна-творчая ўстанова «Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка"». 

З часам мы сталі эксперыментаваць з фарматамі – праводзім не толькі «Жывыя Бібліятэкі», але і «Шчырыя размовы» – тэматычныя сустрэчы, пабудаваныя на фармаце «ЖБ»; а таксама сацыяльныя гульні, трэнінгі для будучых «бібліятэкараў» і «бібліятэкарак». 

 

«Трэба пазначыць, што мы не прапагандуем ідэі нашых "кніг" як правільныя для ўсіх»

 

Наш новы накірунак дзейнасці – праца над павелічэннем даступнасці публічных прастораў Менска для розных сацыяльных груп. Зараз мы правялі пілотнае даследванне інклюзіўнасці 15-ці мінскіх прастораў і будзем прэзентаваць яго 12 снежня ў Галерэі «Ў». Хочам вакол гэтай тэмы аб’ядноўваць зацікаўленыя арганізацыі. Мы лічым, што праз інклюзіўныя публічныя прасторы розныя сацыяльныя групы змогуць быць бачнымі, бо зараз менавіта ў гарадскіх публічных прасторах кіпіць і віруе гарадское жыццё. Праз большую бачнасць сацыяльныя групы змогуць сказаць: «Мы ёсць! Мы побач! Наш голас мусіць быць пачуты!». 

Канешне, адных «Жывых Бібліятэк» на дадзены момант не дастаткова для зменаў мыслення нашага грамадства, таму мы запусцілі новыя фарматы і актыўна супрацоўнічаем са СМІ, каб пра нашых «жывых кніг» і нашу дзейнасць можна было даведацца і ў анлайн-фарматах. У нас шмат розных ідэяў па развіцці, але праз валанцёрскі характар каманды пакуль можам зрабіць не ўсё. Плануем праз пару гадоў стаць больш устойлівай арганізацыяй, дзейнасць якой будзе падтрымлівацца ў тым ліку з боку нашых сяброў і прыхільнікаў ды мясцовага бізнэсу.

 

Тэкст і фота by Таня Капітонава