У Менску пройдзе выстава, прысвечаная медыкам
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.03.2021
- 4886
30 сакавіка ў прасторы «Месца» адкрыецца выстава «Машына дыхае, а я – не». Яна будзе прысвечаная айчынным медыкам и тым выклікам, што насыпаў ім 2020-ы: спачатку ковід, а потым яшчэ і палітызацыя сістэмы аховы здароўя.
На выставе экспануюць працы выбітных фатографаў(-ак) і мастакоў(-чак), якія прэпаруюць «год у рэжыме чакання, без планаў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, у паніцы, у шоку, у апатыі». Назва выставы «Машына дыхае, а я – не» ўзятая з праекта Галіны Краснапёравай «Запiскi пацыентаў, якія ляжаць на ШВЛ». Праект – пра людзей, якія доўгі час знаходзіліся пад апаратам ШВЛ і маглі перадаць свае думкі і жаданні толькі праз запіскі.
Максім Сарычаў заходзіць у тэму з другога боку: у межах праекта «Куды зніклі ўсе кветкі?» ён сутыкае прыватныя праблемы і сухія зводкі з навін, фатаграфуючы звялыя кветкі на газетных палосах.
Зазірнуць у брудную зону дазваляе спецрэпартаж Алеся Пілецкага з віцебскай бальніцы хуткай дапамогі. Партрэты-гісторыі лекараў – змагароў, прафесіяналаў, актывістаў (нават калі яны сябе імі не лічаць) – даюць мастачка Маша Святагор, журналістка Вераніка Лазарэвіч і прадзюсарка Юля Ваўчок.
Мастачка Васіліса Паляніна і мастак Андрэй Анро ў адмысловым «Маніфесце» заклікаюць беларусаў салідарызавацца далей і мацней.
Выстава пра медыкаў не пройдзе без медыкаў. У адукацыйнай праграме возьмуць удзел не толькі філосафы і сацыёлагі, але і лекары. Сярод іншага запланаваныя сустрэчы з урачом-інфекцыяністам Мікітам Салаўём, анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі Уладзімірам Мартавым і Андрэем Вітушкам, урачом-анколагам Надзеяй Пятроўскай.
Таксама ў праграме «Машына дыхае, а я – не» – тэматычнае кіно і прэзентацыя зіна праекта.
Уваход на ўсе івэнты вольны. Трапіць можна да 17 красавіка.
Максiм Сарычаў
Галiна Краснапёрава
Фота на галоўнай: Алесь Пiлецкi