Скончылася праца над фільмам пра валанцёраў #BYCOVID19

Анансаваная прэм'ера дакументальнага фільма з серыі «Невядомая Беларусь», які распавядае пра валанцёраў #BYCOVID19. Эпізод выйдзе пад назвай «Валанцёры» на ютуб-канале «Настоящее время. Док» і ў эфіры тэлеканала.

 

Аўтары праекта – Любоў Зямцова, Уладзімір Міхайлоўскі і Максім Гаўрыленка – загінулі ў ДТЗ у траўні 2020-га. Працу над фільмам завяршыла Юлія Шатун, якая не прымала ўдзелу ў тых здымках, якія аказаліся для яе калег апошнімі. Большую частку адзнятага матэрыялу атрымалася сабраць агульнымі намаганнямі родных, блізкіх і калег каманды. Фільм прысвечаны загінулым.

«Валанцёры» пакажа кухню #BYCOVID19 – ініцыятывы, якая дапамагала ўрачам Беларусі ў барацьбе з пандэміяй. За тры месяцы працы валанцёры даставілі ў бальніцы па ўсёй краіне 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны і 1500 адзінак медыцынскай тэхнікі. Усё гэта купілі на данаты (не)звычайных беларусаў.

«Невядомая Беларусь» – серыя дакументальных фільмаў, якія разбураюць стэрэатыпы аб Беларусі і распавядаюць пра краіну сапраўды важнае. Раней у серыі выйшлі фільмы пра працаўнікоў Камароўкі, арганізатарак шэлтара для ахвяр хатняга гвалту, студэнтаў на размеркаванні і баяніста Валеру.