Сяргей Савіч – пра карціны за ежу, пра 20 «мінімалак» і вернасць Менску
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 11.03.2020
- 7619
У канцы лютага 35-гадовага мастака Сяргея Савіча аштрафавалі на 540 рублёў за старое графіці на мосце каля гатэля «Пекін» у Менску. У той жа дзень была запушчаная кампанія па зборы сродкаў на пагашэнне штрафу. Менш чым за суткі сума была сабраная – нават з лішкам. 34mag сустрэўся з Сяргеем, каб пагаварыць пра гатоўнасць нашых людзей падтрымліваць мастацтва і тых, хто гэтае мастацтва стварае. Пра цэнаўтварэнне, прасоўванне сваіх карцін і стаўленне бацькоў да факту «я ў вас мастак» пагутарылі таксама.
Жодзiна – Мeнск
– Раскажы пра дзяцінства.
– Вырас у Жодзіна. Кожнае лета праходзіла ў бабулі ў вёсцы пад Ружанамі, там палац Сапегаў, у лясах – ядзерныя сховішчы: закінутыя падземныя бункеры і ангары. Возера, рэчка, шалашы, усе справы. Уражанні захаваліся на ўсё жыццё, да гэтага часу, здараецца, усплываюць. Астатні час праводзіў у Жодзіне, ведаеш, завод «БЕЛАЗ», кавальскі завод, турма. Мама працавала на «Світанку», потым сама на сябе. Бацька – кіроўцам-дальнабойшчыкам.
Скончыў школу – паступіў у Менск на юрыста. На электрычках і маршрутках ездзіў начаваць дадому.
– Так, пачакай. І скончыў?
– І скончыў. Але па спецыяльнасці ніколі не працаваў. Паступіў у Акадэмію МУС на факультэт права, ды мяне пасля другога курсу папрасілі, я тады займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Перавёўся ў іншую ВНУ.
Пераехаў у Менск і стаў здымаць жыллё, забяспечваў сабе жыццё выпадковымі падпрацоўкамі. Быў перыяд SMM, былі свае групы VK. Працаваў з дому – была магчымасць маляваць.
«Калі патрэбная праходка, я магу напісаць і папрасіць, але звычайна плачу, бо рабіў мерапрыемствы сам і разумею, што рабятам трэба пакрыць арэнду»
– Ты пераехаў у Менск гадоў дзесяць таму? Колькі табе цяпер?
– Цяпер 35. Дзесяць гадоў таму я толькі пачынаў маляваць, у мяне былі амбіцыі стаць мастаком, і я актыўна гэтым займаўся. Да гэтага, на старэйшых курсах, пачаў хадзіць на ўсякія тусоўкі, рэйвы і нейкі час рабіў свае мерапрыемствы – як дыджэй і як арганізатар. Калі рабіў свае тусоўкі, выхадныя зліваліся ў адно. Уражанні не захоўваюцца, проста ёсць посмак: было крута.
Апошнія мерапрыемствы рабіў некалькі гадоў таму ў бары «ДК», які стаў другім домам. Перапынак быў толькі ў панядзелак і аўторак, усе астатнія вечары праводзіў там. Потым гэта ўсё заглухла, а рабіць вечарынкі ў іншым месцы ўжо не хацелася. Цяпер узнікае жаданне пайграць дзе-небудзь. Але хочацца іншага фармату: завязаць мастацтва і музыку. Калі прыдумаю – зраблю.
– А дзе ты тусуешся цяпер?
– Залежыць ад вечарынкі. У асноўным на Кастрычніцкай: Hide, Ok16. Раней Squat быў, цяпер Modul адкрыўся, у Lo-Fi – радзей. «Сквот» пасля «ДК» быў другім месцам, дзе мне было прыемна. Месца, дзе ты ўсіх ведаеш, цябе ўсе ведаюць і ўсе да цябе добра ставяцца. Пасля праекта «here and now» Марынкіна [Аня, заснавальніца Squat. – заўв. 34] сказала: «Калі хочаш, пакінь тут працы». Мне было лянота іх забіраць, а карціны па выніку купілі.
Калі дапамагаў з рэкламай, заўсёды былі праходкі на івэнты ў Менску. Цяпер, калі патрэбная праходка, я магу напісаць і папрасіць, але звычайна плачу, таму што рабіў мерапрыемствы сам і разумею, што рабятам трэба пакрыць арэнду і ў лепшым выпадку гэта выйдзе ў нуль. Сяброў я хачу падтрымліваць, таму купляю квіткі.
«У Менску ты займаеш сваё месца ва ўсім варушняку, ствараеш яго. Мне б не хацелася прыязджаць на гатовае»
Гісторыя з графіці
– Калі стала вывучаць гэтую тэму, я заўважыла, што шмат людзей адгукнулася: пасты ў сторыз, рэпосты, адзнакі. Раскажы, як гэта было.
– Глядзі, я маляваў там малюнкі і раней, іх не зафарбоўвалі. У іншых месцах зафарбоўваюць праз два-тры дні; бывае, месяц малюнак вісіць. А ў гэтай зоне (не падчас Еўрапейскіх гульняў) мае працы не чапалі.
У канцы лістапада я намаляваў гэты малюнак, але з-за надвор'я ён аблез. Некалькі дзён думаў, аднаўляць ці не, потым мне скінулі, што Міхалок зрабіў з ім сэлфі, і я падумаў, што аднавіць усё ж такі варта. Было клёвае надвор'е, працы на паўгадзіны.
Звычайна, калі я малюю, людзям пофіг. Яны ідуць міма і робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Калі хтось і заўважае, то ставіцца лаяльна. Мамы з дзецьмі, сабакары падыходзяць у нармальным настроі. Вы размаўляеце, цябе яшчэ пачаставаць чымсь спрабуюць. А тут падышла жанчына: «А чо, у цябе ёсць дазвол?» – «Ну не». – «Я зараз міліцыю выклічу, я падаткі плачу на добраўпарадкаванне, а вы тут сцены псуяце». – «Выклікайце».
Дамаляваў і пайшоў па сваіх справах. Бачу, ідзе патрульны. Думаў, можна спакойна дамовіцца. Там якая сітуацыя: мост памежны, з аднаго боку – Партызанскі раён, з другога – Ленінскі. Прыехаў участковы з Партызанскага, а трэба было з Ленінскага, таму што графіці з іншага боку моста. У выніку сабралася куча міліцыянтаў з абодвух раёнаў, мяне павезлі ў апорны пункт. Потым доўга разбіраліся, чый мост: ЖКГ ці водаканала. Склалі пратакол, сказалі: чакай – можа, зафарбаваць прымусяць, а можа, прэмію дадуць.
Калі прыйшоў ліст, я быў у Піцеры. Прыехаў, гляджу: там 20 базавых, 540 рублёў. Тэрміны для абскарджання прайшлі, а ніхто не паведаміў. Максімальны штраф быў, дарэчы, дваццаць пяць базавых, мне далі дваццаць. Не ведаю, чым яны кіраваліся. Калі б гэта быў помнік або фасад важнага будынка, а мост за «Пекінам»…
– У цябе не было праблем з міліцыяй да гэтага?
– Не-а, асабліва не было.
– Адкуль прыйшла ідэя закраўдфандзіць на штраф? Ці шмат людзей адгукнулася?
– Ліст для мяне быў нечаканасцю. Я нават не ведаў: плаціць, не плаціць, проста выклаў у Instagram. Людзі, якім падабаецца мая творчасць, расшарылі, мне сталі пісаць і прапаноўваць скінуцца на штраф. Хтосьці сказаў: «А давайце збяром на molamola». Сябры стварылі кампанію, я закінуў інфу ў сацсеткі, праз паўгадзіны адкрыў – сабралі больш за палову сумы.
Усе аб'ядналіся: і тыя, хто даўно сочыць за творчасцю, і шмат новых людзей. Па выніку з негатыўнай сітуацыі я адчуў вялікую падтрымку.
– Ведаеш, хто данаціў?
– Ды не асабліва. Скінуліся 37 чалавек. Хтосьці кідаў 100 рублёў, хтосьці 20, хтосьці 50. Усім удзячны. І тым, хто не толькі падключыўся да кампаніі, але і купіў у мяне карціны ў патрэбны момант. Важна, калі ў творчасці спрабуеш зрабіць нешта і цябе падтрымліваюць.
Дарэчы, нягледзячы на ўсю гэтую гісторыю са штрафамі, малюнак яшчэ не зафарбавалі. Калі перашкаджае – зафарбоўвайце. Бляшанка фарбы пару рублёў каштуе, праца маляра – таксама нядорага.
– Крыўдна, калі твае працы зафарбоўваюць?
– Ага. Я ж гэта не толькі для сябе раблю, але і для горада. Бывае крыўдна. Калі вам не трэба, то і мне не трэба, думаю. Але потым гляджу на гэта па-іншаму. Як з людзьмі, так і з малюнкамі: адзін жыве доўга, іншага «зафарбуюць» на наступны дзень. Цяпер прасцей да гэтага стаўлюся. Захацеў – пайшоў яшчэ намаляваў.
Пераязджаць ці тут купяць
– Чаго, на твой погляд, не хапае мастацтву ў Менску? Ці ёсць у цябе ўнутраны боль або дыскамфорт? Не хочаш з'ехаць?
– Прымаю Менск такім, які ён ёсць. У мяне няма дастатковага вопыту жыцця ў іншых гарадах, каб параўнаць. Быў у Піцеры, Вільні, Кіеве. Спадабалася ў Кіеве. Калі паклічуць па працы з праектам або ідэяй туды, я не супраць пажыць год-два, а так мне падабаецца ў Менску, тут можна яшчэ шмат чаго зрабіць у плане культуры і мастацтва. Ты займаеш тут сваё месца ва ўсім варушняку, ствараеш яго. Мне б не хацелася прыязджаць на гатовае.
Тут мне не падабаецца гісторыя з бюракратыяй і заяўкамі. Калі трэба з паперкамі хадзіць – губляецца сэнс усяго гэтага. Крута, калі ідзеш з фарбамі, бачыш месца: зрабіў малюнак і паехаў далей, хай людзі радуюцца. Спадзяюся, у Менску стане з гэтым прасцей.
Яны ж дазваляюць часам: дадуць табе будку якую-небудзь у двары: на, малюй, але мне не падабаецца ўся гэтая заказуха. Сэнс стрыт-арту – у іншым. Пры гэтым я ўсведамляю ўсю адказнасць і адказваю за наступствы. Я не буду маляваць на Палацы Рэспублікі або на будынку тэатра.
– У 2019 годзе на «Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам» ты атрымаў дыплом міжнароднага журы. Колькі работ ты там прадаў?
– Тры падаваў і тры прадаў. Рух ад гэтага ёсць. Тыпу існуе пэўнае кола гледачоў, і ты за гэтае кола не скочыш, а падобныя мерапрыемствы пашыраюць і даюць магчымасць выйсці за межы. У красавіку ў мяне выстава будзе ў галерэі DK.
– Гэта твая першая персанальная выстава?
– У галерэі – першая. Да гэтага была куча лакальных выстаў, праектаў і гісторый. Я не раблю партфоліа і выставы дзеля выстаў. Бывае, у першы раз бачу чалавека, а ў яго спіс удзелу ў праектах – на некалькі старонак. Але тут ці ёсць попыт, ці попыту няма.
Мне падабаецца рабіць выставы ў розных дзіўных месцах, напрыклад у метро. Пару гадоў таму мы з хлопцамі з «Басоты» запусцілі праект «#15карцін»: мае карціны ехалі ад Уручча да Малінаўкі і назад. Рэзананс быў пазітыўны. Там нават купілі маю працу. Выстава доўжылася каля гадзіны.
«Мяняў малюнкі на ежу, на ўсялякую дробязь, на фарбы і матэрыялы. Любы мог сабе дазволіць кардонку з маёй працай»
– Цісне на цябе грамадства, бацькі?
– Першапачаткова бацькі хацелі, каб я рабіў кар'еру па спецыяльнасці, юрыстам, але я з'ехаў і толькі ў госці потым прыязджаў. Калі пачаў рабіць штукі з мастацтвам, яны толькі падтрымлівалі. Бываюць пытанні, але хутчэй гэта цікавасць і перажыванне, чым ціск. Я дарыў бацькам працы, маці падпісаная на Instagram, ёй падабаецца.
– А ты сябе штурхаеш?
– Не, я свабодны мастак. Паўдня памаляваў, захацеў – пайшоў паўдня гуляць. Мяне ніхто не гоніць, і я атрымліваю задавальненне ад таго, што я раблю. Часта кажуць: «Давай пераязджай, паспрабуй у Піцер, у Еўропу, там такое заходзіць». Але мне хочацца жыць тут і паспрабаваць на гэтым пражыць. Пакуль атрымліваецца, хоць часам не заўсёды стабільна. Нейкая сума падкопіцца, потым зноў на нулі, потым падмаляваў, прыйшлі людзі, купілі, грошы з'явіліся.
– Ці лёгка прызначаць кошт сваім працам? Як ты наогул пачаў прадаваць свае карціны?
– Я стаў прадаваць працы пару гадоў таму, хоць да гэтага маляваў каля дзесяці гадоў. Спачатку я часта дарыў карціны, мне было складана пазначыць суму, таму што гэта такія ж рабяты, у якіх усе грошы сыходзяць на жыллё і на ежу. Потым мая знаёмая, якая працавала ў краме галерэі «Ў», прапанавала, каб я напісаў ім. Праз час атрымаў адказ: так, прыходзь, прынось карціны. У іх быў кірмаш калядны, мае працы купілі, і я здзівіўся: нішто сабе, іх можна прадаваць.
Прынёс яшчэ, і першы час прадаваў праз галерэю. Гэта надало ўпэўненасці, і я стаў прадаваць сам, выстаўляючы невялікія цэннікі за працы. Таксама мяняў малюнкі на ежу, на ўсялякую дробязь, на фарбы і матэрыялы. Любы мог сабе дазволіць кардонку з маёй працай.
Вядома, можна ўжо павышаць кошт, але гэта тонкае пытанне. Сёння ў цябе купляюць, потым могуць не купіць, тады прыйдзецца паніжаць, а таму, хто купіў працу ўчора, будзе крыўдна даведацца, што сёння яна каштуе танней.
Вялікай чаргі за карцінамі ўсё роўна няма.
– Ага, мы пакуль па лесвіцы ў майстэрню да цябе падымаліся, сустрэлі пакупнікоў з дзвюма тваімі карцінамі.
– Ну так, а перад імі яшчэ ўзялі карціны. Можа, пасля вас яшчэ прыйдуць. Раз на раз не выпадае.