Дошка гонару
– Даша, сёлета ты ўдзельнічаеш у фестывалі Vulica Brasil. Ён традыцыйна ўспрымаецца як нешта пра стрыт-арт. Чаму ты ў якасці фатографкі? Гэта новая прыдумка – не толькі муралы, але і фатаграфія?
– Так, фатаграфія з'яўляецца ўпершыню на фестывалі. Міла Котка, арганізатарка, хацела трохі разнастаіць фестываль і выйсці за рамкі таго, як цяпер рэпрэзентуецца стрыт-арт. Яна ўключыла ўрбаністаў, скульптуру і прапанавала мне ўнесці ў гарадскую прастору фатаграфію.
Мая місія на Vulica Brasil – пашырыць уяўленне пра фатаграфію, паказаць, што гэта не толькі дакументацыя таго, што адбываецца на фестывалі, але і самастойны від мастацтва.
– Ідэя дошкі гонару завода на Кастрычніцкай твая? Ці арганізатары фестывалю прыдумалі ўсё самі і паклікалі цябе толькі рэалізаваць?
– Гэта была сумесная праца. Ідэя дошкі гонару належыць арганізатарам, а канцэпцыя здымкі – мая.
Галерэя адной фатаграфіі ў дворыку «Лаўкі» – мой праект. Кожныя паўтара-два месяцы фатаграфіі будуць змяняцца. Каб трохі аднавіць гендарны баланс, я выбрала восем мастачак. У асноўным на фестывалі мастакі – мужчыны, але хочацца ўнесці і жаночы погляд.
Фатаграфіі цалкам могуць быць выстаўленыя ў галерэі, у закрытай прасторы, але мне хочацца вынесці гэтыя працы ў гарадскую прастору, каб гэта была такая сабе публічная ода фатаграфіі.
«Я паглядзела некалькі дошак гонару ў Менску. Яны ўсе аднолькавыя: такое фота на пашпарт з кепскім святлом і жахлівай пластыкавай апрацоўкай»
Праект мы пачнем з Каці Шумак. Яшчэ ў маім спісе Аляксандра Салдатава, Жанна Гладко, Леся Пчолка, Маша Святагор, Караліна Палякова, але не ўсе пакуль пра гэта ведаюць. Сваю працу я яшчэ не абрала, але яна дакладна не будзе эратычнай або палітызаванай.
У Менску цяпер з фотамерапрыемствамі стала добра: адбываюцца падзеі ў «ЦЭХу», «Месяц фатаграфіі». Але, думаю, для большасці фатаграфія ўсё яшчэ застаецца чымсьці ўтылітарным. Таму хочацца паказаць яе з іншага боку.
– Дошкі гонару на беларускіх заводах (і ў дзяржустановах наогул) выглядаюць заўсёды аднатыпна. Наколькі моцна ты плануеш адысці ад гэтага клішэ?
– Я паглядзела некалькі дошак гонару ў Менску. Яны ўсе аднолькавыя: такое фота на пашпарт з кепскім святлом і жахлівай пластыкавай апрацоўкай. Часцей за ўсё ў мадэлі выраз твару «можна, я ўжо пайду?». Я хачу зрабіць інакш, але каб гэта было прымальна для завода.
Хацелася паздымаць рабочых у цэхах ва ўніформе. У выніку я так і здымала. Праўда, часу было мала, і бюджэт быў зусім не кіношны, таму мы спыніліся на натуральным асвятленні без усялякіх наваротаў.
– Як ты ўвогуле рыхтуешся да падобных праектаў?
– Перш за ўсё я аналізую, для каго гэта робіцца. Уяўляю, што б зацікавіла мяне як гледача, шукаю аналагі і выпрацоўваю некалькі візуальных канцэпцый.
Потым я пачынаю думаць, як людзі, якіх мы здымаем, адрэагуюць на тыя ці іншыя канцэпцыі. Зразумела, што на здымках у аўтамабільным салоне, куды запрашаюць візажыста і цырульніка, мужчыны нармальна рэагуюць на тое, што іх фарбуюць. Я ўпэўненая, што заводскія работнікі паставіліся б да гэтага з сумневам.
На маіх фотаздымках людзі заўсёды максімальна натуральныя і разняволеныя. Я хачу, каб заводскія рабочыя былі ў цэху ў звыклай вопратцы, а не ў студыі ў касцюмах з гальштукамі. У гэтым мая ідэя. Я не казачнік, я хачу паказаць у людзях тое, што ў іх сапраўды ёсць.
У пошуках pussy
– Добра, давай ад завода пяройдзем да вагін. Ты стала папулярнай пасля таго, як зрабіла праект #everydayifindnewpussy, ці была вядомай і да яго?
– А я не думаю, што я папулярная.
– Ну, увогуле дастаткова папулярная.
– Напэўна, калі б я не была ўжо дасведчаным камерцыйным фатографам, то вагіны б так не стрэлілі.
– У цябе ўжо быў сімвалічны капітал, а ў тваіх кліентаў склалася ўяўленне пра цябе. Ці не было страшна пачынаць гэты праект і здымаць тое, да чаго падобныя вагіны ў такіх абставінах?
– Не. Усё пачыналася як забаўка для сябе – спроба супрацьстаяць фалацэнтрычнай канцэпцыі. У той момант я ўжо жыла ў Варшаве, вучылася ў Акадэміі фатаграфіі. Я пераехала, каб збіць звыклы лад жыцця, набрацца новых ідэй і вопыту. Я камунікавала з вельмі крутымі выкладчыкамі, шмат здымала для сябе.
«Калі б я не была ўжо дасведчаным камерцыйным фатографам, то вагіны б так не стрэлілі»
Я заўсёды хацела займацца мастацтвам, рабіць некамерцыйныя праекты. Увогуле збочыла на крывую сцежку. Кайф у тым, што я не страціла сваіх навыкаў. Я працягваю займацца камерцыйнай здымкай, але цяпер я ў ёй пачуваюся больш вольнай. Акрамя таго, гэты досвед дапамагае мне ў творчых праектах.
У мяне два інстаграмы. Першы – афіцыйны, прыгожы, камерцыйны: кава, дзяўчынкі, партрэты. Другі – mybackside, дзе я выстаўляю і #everydayifindnewpussy, і яшчэ кучу фатаграфій, якія здымаю для сябе.
– Калі ты пачала выкладаць фоткі з #everydayifindnewpussy, не было боязі, што зараз пачнецца масавы адфрэнд і ў каментах цябе назавуць паехаўшай?
– Не, спачатку гэта ўсё было вельмі весела. Гэта ж былі мае падпісчыкі, мае знаёмыя, людзі, якія да мяне лаяльныя. Шмат хто пісаў, што выдатна, прышпільна, пыталіся: «А гэта праўда тое, што я думаю?»
Першыя негатыўныя каментары з'явіліся, калі праект выйшаў у свет. Citydog.by напісаў пра выхад «Большого» з маёй вокладкай, і тады я ўжо адхапіла каментароў. Часам у прыватныя паведамленні пісалі ўсялякія агіднасці.
«Жанчыны не толькі цягнуць сям'ю, але яшчэ і на працы ўпахваюць. Нармальная такая нагрузачка»
Я ўсё ўспрымаю балюча, але цяпер ужо «нарасло», стараюся моцна не ўключацца. Я імкнуся не да таго, каб усё сама перамагчы, я хачу, каб мой голас гучаў у агульнай масе людзей, якія мяняюць погляд на тое, што правільна і нармальна, а што – не.
– Менструальная кроў, вульва і валасы на целе – ходкія вобразы фемінісцкага мастацтва. Ці ёсць сэнс у 2017-м будаваць візуал на гэтым і працягваць заезджаную тэму?
– У Беларусі гэта мэтазгодна. Мы настолькі далёкія ад прыняцця і разумення таго, што такое фемінізм і навошта ён патрэбны.
У мяне ёсць класная гісторыя пра паход па візу. Я запаўняю бланкі ў візавым цэнтры, а побач стаяць дзве пары. У першай – запаўняе бланк муж, у другой – жонка. У першай пары жонка паказвае мужу на памылку. Ён пачынае псіхаваць: «Што ты пад руку лезеш?» Тады мужык, за якога жонка запаўняе бланк, выдае: «Мужык спачатку робіць, а потым думае. А баба наогул не думае». Я павярнулася да яго і сказала: «Праўда? Мне здаецца, за вас зараз анкету жонка запаўняе. Вы што, пісаць не ўмееце?» Настолькі перакручаная сітуацыя.
З-за нашага мудрагелістага гістарычнага шляху мы трапляем у сітуацыю, дзе свабода і роўнасць ужо быццам бы даўно прысутнічаюць па дэфолце, але на справе зусім не. Пры гэтым жанчыны, па маіх назіраннях, значна мацнейшыя. Яны выконваюць больш функцый. Яны не толькі цягнуць сям'ю, але яшчэ і на працы ўпахваюць. Нармальная такая нагрузачка.
Калі б мы жылі ў ЗША, дзе вульвы, вагіны і клітар у мастацтве ўжо выкарыстоўваліся на ўсю моц у 70-я гады, то мой праект там быў бы другасным. Але мы жывем у іншым кантэксце, і я ў яго ўплятаюся.
На мяжы сэксуальнасцi
– Якімі напрамкамі камерцыйнай здымкі ты займаешся?
Ёсць два напрамкі: праца з людзьмі і праца з кампаніямі і выданнямі. Здымаю партрэты (адзінкавыя, парныя, сямейныя) для прыватных заказчыкаў і бізнэс-партрэты для кампаній. Напрыклад, учора здымала сям'ю з дзесяці чалавек. Яшчэ ёсць прадметная здымка (ежа, адзенне), рэкламная і для часопісаў. У апошні час да мяне сталі звяртацца з замовамі, гледзячы на мае «ненарматыўныя» фота. Напрыклад, вокладка для «Большого».
– Так, дарэчы пра «Большой». У часопісе ёсць рубрыка «дзяўчына “Большого”» з фотаздымкамі напаўаголеных дзяўчат з цытатамі класікаў. Чаму ты, феміністка, пагадзілася здымаць для іх?
– Я пагадзілася рабіць вокладку для «Большого», таму што свет не стаіць на месцы. Трэба альбо памерці, альбо развівацца. І калі я зраблю для іх вокладку, іншая феміністка зробіць матэрыял, то, магчыма, у іх памяняецца вугал зроку. Нельга ставіць крыж толькі таму, што хтосьці штосьці не так робіць.
Добры прыклад з «Медузай»: спачатку былі «цёлачкі», а потым яны ўзялі ў каманду Вольгу Страхоўскую, спецыялістку па гендарных пытаннях, і яна там актыўна валіць па фемінізме.
Я б не стала называць сябе актывісткай. Я не ўдзельнічаю ні ў якіх супольнасцях і рухах. Я ведаю, што такое фемінізм, мяне бесіць гендарная няроўнасць, але я не дэкларую... Не, дэкларую ўсё-такі.
«Добры прыклад з “Медузай”: спачатку былі “цёлачкі”, а потым яны ўзялі ў каманду спецыялістку па гендарных пытаннях, і яна там актыўна валіць па фемінізме»
– Ты рэтушуеш фатаграфіі?
– Я магу адрэтушаваць прышчык і смецце на плёнцы. Контур цела, насы – не-не-не. Сляды стомленасці магу прыбраць, сінякі пад вачыма, калі гэта бізнэс-партрэт, а не жаданне зафіксаваць сябе ў пэўны момант часу. Калі гэта рэклама, то там даводзіцца. Але маршчыны я ніколі не прыбіраю, нават у рэкламе.
– Як зараз мяняецца паняцце сэксуальнасці ў фатаграфіі?
– Ува мне заўсёды змагаюцца мая любоў да сэксу і сэксуальнасці і ўсведамленне гендарнай няроўнасці. Аголенае цела і сэксуальнасць – гэта так выдатна, калі ставіцца да гэтага як да радасці і ўзаемнага задавальнення. Так, я разумею, што мы жывем у свеце, дзе праявы сэксуальнасці табуяваныя, дзе ёсць аб'ектывацыя і гвалт на глебе сэксуальнасці.
Я люблю здымаць голых жанчын. Я стараюся раскрыць у іх прыняцце сябе ў тым выглядзе, у якім яны зараз існуюць. Каб яны не думалі: «Я павінна выглядаць не так, а вось тут непрыгожа, а гэта мужу не спадабаецца». Візуальна я атрымліваю велізарнае задавальненне, гледзячы на фатаграфіі аголеных людзей. Але менавіта ў гэтым палітычным кантэксце я разумею, што да гэтага ёсць вельмі шмат пытанняў. Карацей, я ў працэсе абдумвання гэтага ўсяго.
У гэтым праекце Даша адбіла свае страхі пустэчы, невядомасці. Фатаграфавала дрэвы ўначы з выбліскам. Галіны разгойдваліся, і кроны прымалі дзікія абрысы. Над праектам Даша пачала працаваць, калі пераехала ў Варшаву.
«Кожны дзень я бачу»
Гэты праект можна назваць візуальным дзённікам. Калі Даша здымала аб'екты, якія сустракала на шляху ў Варшаве і ў Менску, то выявіла заканамернасць: карцінкі злучыліся ў дыптых. Аказваецца, у руціне нашых дзён ёсць музычны рытм і прыгажосць.
#everydayifindnewpussy (#вагинакаждыйдень)
Праект пра тое, што свет напоўнены не аднымі толькі фалічнымі сімваламі. Даша фатаграфуе прадметы, якія нагадваюць вульву. Дарэчы, гэты хэштэг многія ўзялі на ўзбраенне і працягваюць посціць фота ў сваіх інстаграмах з хэштэгам #everydayifindnewpussy.
«Self Religioned»
Даша – атэістка. Гэты праект пра яе асабістае адчуванне рэлігіі: вакол і ўнутры. Праект складаецца з некалькіх тэматычных частак: фатаграфіі польскіх каплічак, рэлігійных статуй і абвестак, якія знаходзяцца ў штодзённым асяроддзі. Яшчэ ў праект уваходзіць серыя аўтапартрэтаў, якія абыгрываюць традыцыі царкоўнага мастацтва: напрыклад, німб ад засветаў над галавой аголенай Дашы, плямы воску на далонях, якія нагадваюць стыгматы. Яшчэ яна паздымала купель у гомельскім яры – палохаючае месца.
«Здаецца, гэта павiнна быць прыгожа» («It seems it might be beautiful»)
Гэта праект пра Менск, які абсурдны і прыўкрасны, калі не баішся звярнуць з шырокіх праспектаў у двары. Крывыя змрочна-зялёныя агароджы будоўляў, аблезлыя бетонныя клумбы – вось настрой і створаны. Каб не было поўнага змрачняку, Даша здымае і народную творчасць: лебедзяў з шынаў, драўляныя скульптуры, пластыкавыя пальмы і іншыя цуды фантазіі. Гэта праект пра тое, як дробязі ўплываюць на наша пачуццё камфорту.
«Спрабуючы запоўніць пустэчу і пераадолець страх, я шукаю суцяшэння ў серыялах»
Даша рабіла праект у перыяд дэпрэсіі і называе яго ўпадніцкім. Гэты праект пра тое, што ў нашых інстаграмах усё прыгожа, а ў рэальным жыцці бывае па-рознаму. Ты можаш гартаць стужку з ідэальнымі фатаграфіямі, а потым выходзіш на вуліцу і бачыш плямы крыві на асфальце. Іх Даша і здымае. Пры гэтым у апісанні здымкаў фатографка ставіць жыццярадасныя папулярныя эмодзі: усмешлівыя твары, аднарогаў.
Партрэты жанчын, якія перажылі гвалт
Над гэтым праектам Даша працуе цяпер. Яго сутнасць яна апісвае так: «Тэрапеўтычная фотасесія, у працэсе якой жанчына павінна адчуць сябе больш упэўненай, гарманічнай і прыгожай». Твары не будуць схаваныя, як, напрыклад, у праекце «Дом і гвалт», паколькі Даша працавала з тымі, хто ўжо гатовы да адкрытасці, для каго сітуацыя гвалту – пройдзены этап. Гэты праект не пра тое, што гвалт існуе і выбрацца з яго цяжка, – ён пра жыццё пасля. Партрэты жанчын будуць суправаджацца цытатамі.
Учора ты адна з самых запатрабаваных дызайнерак адзення ў краіне, а сёння – у полі зроку МУС.
Гутарым з беларуска-амерыканскай паэткай Вальжынай Морт пра эратызм у паэзіі і сучбелліт.
Пагутарылі з Hutkasmachnaa пра аўтазакі і шпіцаў.
Наглядчыца ў жаночай калоніі – пра ўмовы ўтрымання зняволеных, крэатыўны атрад «наркаманак» і канібалак.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.