Як прывезці Вольскага і «Без Билета» ў Светлагорск?
- 28.06.2018
- 4418
Складана арганізоўваць канцэрты ў горадзе, у якім балем кіруе Гарадскі цэнтр культуры: і апаратура ў дэфіцыце, і пляцовак асабліва няма, і квіткі не купляюць. А калі і купляюць, то на Валерыю і Наташу Каралёву. Але ўсё ж ёсць людзі, якія ідуць супраць пагалоўнай апатыі: напрыклад, Аляксей Крот з Светлагорска. Наогул ён працуе на заводзе, але дзеля задавальнення займаецца прывозамі нашумелых беларускіх гуртоў у мясцовы цэнтр вольнага часу «Тандэм». Для 34mag Аляксей распавёў, як рабіць канцэрты ў горадзе, які знаходзіцца ў музычным анабіёзе.
Светлагорскі «Тандэм»
– Ідэя рабіць вялікія канцэрты ў Светлагорску ўзнікла выпадкова. Да гэтага ў цэнтры вольнага часу «Тандэм» былі толькі канцэрты мясцовага маштабу: тут выступалі нікому не вядомыя маладыя гурты, на якія народ прыходзіў папіць піва і крыху паслухаць музыку. З часам гледачоў станавілася ўсё менш і таму ўзнікла пытанне: што рабіць далей? Пачалі клікаць кавер-бэнды – ніякага выніку гэта не прынесла. Трэба было нешта іншае, больш цікавае.
«Тандэм» – гэта мясцовая канцэртная пляцоўка. Я падзарабляю ў гэтым месцы, таму з мясцовым начальствам наладжана паразуменне. Асноўнае месца працы ў мяне іншае – я далёкі ад культурнага жыцця, абслугоўваю высакавольтныя лініі. Калі мне захацелася рабіць канцэрты, з «Тандэмам» было прасцей за ўсё дамовіцца – кіраўніцтва адразу пайшло на кантакт.
Яшчэ з пляцовак у Светлагорску ёсць Гарадскі цэнтр культуры – там вялікая зала, сядзячыя месцы. Я хадзіў туды на канцэрт «Ляпіс-98», і было дастаткова некамфортна, таму што хтосьці хацеў патанцаваць, а хтосьці – спакойна паглядзець канцэрт. І гэта ўсё ўперамешку – у першым шэрагу людзі стаялі, у другім – сядзелі, і нікому нічога не было відаць. Людзі злаваліся, і гэта не вельмі добра.
«Фактычна арганізатарам канцэртаў з'яўляецца аддзел культуры Гарвыканкама»
Цэны на канцэрты ў ГЦК у лепшым выпадку пачынаюцца ад 40 рублёў, тыя ж «Ляпісы-98» каштавалі 40-45 рублёў. Але ГЦК працуюць праз прафсаюз, то-бок у іх ёсць канкрэтны спіс, па якім 60% квіткоў сыходзіць на розныя прадпрыемствы. Мы таксама спрабавалі так рабіць, але ў нас неяк не вельмі атрымалася. Але калі квіткі не прадаюцца, то мы ўсё ж ахвяруем гонарам і звяртаемся да прафсаюзаў.
Наша гісторыя з вялікімі канцэртамі ў «Тандэме» пачалася восенню 2017-га з «Без Билета». Раней яны выступалі ў нашым Гарадскім цэнтры культуры, у якім збіралі траціну залы. Мы ім прапанавалі: «Давайце вы выступіце ў "Тандэме", і тады тая ж самая колькасць народа зможа ўтварыць міні-аншлаг». Асаблівага аншлагу не атрымалася. Пасля канцэрта музыкі сказалі, што па грошах яны выйшлі «ў нуль», але прыехалі за тым, каб нас падтрымаць, маўляў, мы малайцы і робім добрую справу.
Голаму кашуля
– Акрамя «Без Билета» да нас у «Тандэм» прыязджалі Лявон Вольскі і Naviband. Восенню хочам Nizkiz прывезці. Шмат каго хацелася б тут бачыць, але ў нас памяшканне занадта спецыфічнае. Мы не гітарна-рокавая тусоўка, мы марым рабіць розныя канцэрты.
Яшчэ справа ў тым, што не ўсе хочуць да нас ехаць, ды і не з усімі атрымліваецца дамовіцца. Канкрэтнага бюджэту ў нас няма, а ў некаторых артыстаў ёсць пэўны ганарар, за межы якога яны не адступаюць. Мы ж у якасці аплаты прапануем адсотак ад прададзеных квіткоў. «Тандэм» – гэта дзяржаўная ўстанова, і мы не можам заплаціць групе загадзя, каб ужо потым «адбіць» гэта з квіткоў, – у нас ідзе менавіта працэнт.
«На "Без Білета" выходзілі мы, а менеджар Вольскага патэлефанаваў нам сам»
Фактычна арганізатарам канцэртаў з'яўляецца аддзел культуры Гарвыканкама. Там афармляюць паперы, робяць усю бюракратычную працу, а мы ўжо шукаем групы і займаемся тэхнічнай часткай. Увесь тэхнічны райдар выконваю я, апаратурай таксама я займаюся. Натуральна, аддзел культуры не мае патрэбнай тэхнікай – апаратуру мы бярэм у іншых людзей, збіраем па драбках. Нітка да ніткі – голаму кашуля.
З арганізацыяй канцэртаў справы ідуць так: спачатку мы маніторым тых, хто змог бы выступіць на нашай пляцоўцы, а затым абмяркоўваем магчымасць самога канцэрта – варта ці не варта, трэба яно нам ці не. Потым звязваемся з менеджарам групы: на «Без Білета» выходзілі мы, а менеджар Вольскага патэлефанаваў нам сам. «Дай Дарогу!» яшчэ звязваліся з намі, але мы не дамовіліся: цяпер лета, фестывальны сезон, таму ў нас проста не атрымаецца сабраць залу. З Nizkiz на шэсцьдзесят працэнтаў мы дамовіліся наконт таго, што правернем канцэрт восенню, ну і «Дай Дарогу!» хутка ўсё ж прывязем.
Простыя жаданні
– Наша галоўная праблема – гэта колькасць людзей, якая прыходзіць (ці не прыходзіць) на нашы канцэрты. Нам аказваюць інфармацыйную падтрымку мясцовыя выданні «РАНАК» і LoveSun, мы расклейваем афішы па горадзе, вядзём групу ў VK і ладзім масавыя рассыланні, але людзі ўсё роўна не хочуць ісці на канцэрты. І я не ведаю чаму. Можа быць, усе прывыклі да таго, што «Тандэм» – гэта месца для пенсіянераў і дзяцей, але ніяк не канцэртная пляцоўка. Але сітуацыя выпраўляецца ў лепшы бок – на «Без білета» быў мізер людзей, на Naviband – больш, на Вольскім – яшчэ больш. Пры гэтым у нас разнамасная публіка – і маленькія дзеці, і дарослыя людзі. Я лічу, што добра, што мы можам зацікавіць розныя пакаленні.
Пакуль якіх-небудзь адкрытых пажаданняў па прывозах не было. Я думаў, што Вольскі збярэ поўную залу, таму што ён тут яшчэ не выступаў, але на гарызонце замаячыў «Ляпіс-98» і проста пераманіў добрую частку нашых слухачоў. Мы рабілі апытальнікі ў LoveSun, маўляў, «ці жадаеце вы пабываць на канцэрце Лявона Вольскага», і каля 300 чалавек прагаласавалі «за». Але атрымалася так, як атрымалася – прыйшло 120 чалавек. Пакуль што гэта наш самы вялікі канцэрт.
Многіх вялікіх артыстаў хацелася б прывезці, але не кожнага музыканта наша пляцоўка зможа прыняць. Тыя ж Brutto! Было шалёнае жаданне зрабіць іх канцэрт, і мы нават выйшлі з імі на сувязь. Яны сказалі: «Окей, скіньце памеры вашай сцэны», – а потым я пасядзеў і падумаў, што 10 чалавек мы проста не зможам размясціць на нашай сцэне. Таму гурты такога маштабу адразу адпадаюць.
Наогул ідэй шмат. Ёсць думка зрабіць маштабнае мерапрыемства, тыпу летняга фестывалю. У Гомельскай вобласці няма такіх фэстаў. Але ўсё ўпіраецца ў сродкі і тэхнічныя магчымасці: трэба шукаць спонсараў, таму што, калі я папрашу падтрымку ва ўладаў горада, яны не змогуць усё ўзяць на сябе, а калі і змогуць, то не захочуць.
Культурная эвалюцыя і музычная адказнасць
– Раней, калі мы рабілі рок-кафэ ў «Тандэме», даводзілася мірыцца з бесцырымоннай публікай: людзі і напіваліся, і біліся. Чалавек прыходзіў з канкрэтнай мэтай: «Я сёння пабухаю і, можа быць, паслухаю музыку». Цяпер людзі ідуць на канцэрты менавіта па музыку, гэта ўжо добра. Ну, бар у нас таксама працуе – людзі п'юць піва, але ў межах разумнага, усё культурна і прыязна. Адчуваецца, што паволі мы прывучаем народ да клубнага фармату.
«Прыйшло 120 чалавек. Пакуль што гэта наш самы вялікі канцэрт»
Падлеткам у Светлагорску асабліва няма куды пайсці. Для паўналетніх ёсць дыскатэкі, рэстараны. Ёсць дыскатэка ў ГЦК, але росквіт гэтай дзвіжухі быў гады чатыры таму. Там даходзіла да таго, што ўся зала была забіта. Была думка зрабіць новую тусоўку – хоць бы ў тым жа «Тандэме». Калі б была магчымасць перарабіць гэты будынак у клуб, зрабіць падыходны інтэр'ер, прыбраць калоны і збудаваць барную стойку, то былі б у нас і канцэрты, і дыскатэкі. Але так як установа разнапланавая і мы абавязаны дагадзіць усім, у тым ліку дзеткам і пенсіянерам, то мы не можам так паступіць. Не атрымліваецца зрабіць будынак пад якую-небудзь адну ўзроставую катэгорыю, але гэта і добра – мы становімся ўніверсальнымі і можам прапанаваць гледачу новыя мерапрыемствы.
Думаю, што зараз адны не ходзяць на канцэрты з-за таго, што грошы шкадуюць, іншыя – таму, што прывыклі да бясплатных канцэртаў. Камусьці проста лянота: «Ай, дожджык сёння накропвае, што я буду на гэтым канцэрце рабіць, лепш тэлевізар пагляджу».
Хочацца і гледачоў больш бачыць, і прывозаў больш рабіць – не ўсё ж Светлагорску здавольвацца Наташай Каралёвай і Валерыяй. Але таксама хочам рабіць акцэнт на беларускія гурты – у нас шмат годных артыстаў , пра якіх людзі проста не ведаюць.
Фота – Таня Капітонава
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекта.