У дарозе: інтэрв’ю і рэпорт з менскага аншлагу «Дай Дарогу!»

Берасцейскія панкі «Дай Дарогу» адзначаюць сваё дваццацігоддзе з размахам. Сёлета хлопцы замахнуліся на Prime Hall і не прагадалі: кеды на танцпляцы ў «Замку» раздзіраліся ўшчэнт, а на сцэну разам з «ДД» выходзілі Вольскі, Ільін з Nizkiz і Мышкевіч з The Superbullz. Мы вырашылі, што такую культурную з’яву нельга абмінуць, і пагутарылі перад канцэртам з лідарам «ДД» Юрам Стыльскім пра планы гурта, беларускую музыку і новы кліп, а пасля аддаліся нябачнай руцэ сёркл-піту, а разам з намі – паўтары тысячы прыхільнікаў сапраўднага беларускага панк-року.

 

 – Сёння граеце ў Prime Hall замест традыцыйнага Re:Public. Кажаце, для вас гэта новы моцны крок і праверка. Якія пачуцці перад канцэртам, чаго чакаеце? 

– Вялікая адказнасць. Тут клуб добры. Ну і падыход іншы: там усё крыху па-распі*дзяйску было, а тут так не расслабішся. Нібыта ты на нейкай суперарэне, дзе на цябе скіраваны тысячы вачэй і ўсе цябе ацэньваюць. Мяне Лявон неяк сюды заманіў з ім выступіць. Я тады ўпершыню ў гэтым клубе апынуўся, дык ледзь у порткі не наклаў. Узровень адчуваецца, канешне.

 – Дарэчы, пра Лявона. Як у вас з ім нарадзілася такая калабарацыя? 

– Ды мы даўно карэшым, таму тут нічога надзвычайнага. Ну і ўвогуле прыемна падтрымліваць адзін аднаго ў складаную хвіліну.

 – Калі яшчэ ў снежні вы анансавалі свой канцэрт, то паабяцалі сыграць на ім колькі песень з альбома, што рыхтуеце. Як ідзе працэс і колькі новых сёння пакажаце? 

– Працэс ідзе. Але ў цэлым пакуль падрыхтоўчы. У нас ёсць касцякі новых песень. Нам трэба зараз абляпіць іх мясам, тлушчам, а потым ужо засесці недзе ў студыі і папрацаваць. Сёння я ўвогуле хацеў некалькі штук сыграць, але рэбзя кажа: «Давайце не будзем паліць, сыграем адну». Я прама засмуціўся, не ведаю, але сыграем пакуль адну. Маглі б увогуле песень пяць улупіць, але ўсе падумаюць, што гэта ўжо перадоз і мы злілі альбом. Вось мяне і ўгаварылі: «Юра, не пары гарачку». Вырашыў не пароць.

 

 

 – Вы ўжо 20 год на сцэне і, можна сказаць, галоўныя беларускія панкі. Маладая кроў усё б’е ў венах ці ўжо адчуваеце сябе такімі дарослымі сур’ёзнымі дзядзькамі? 

– Не, мне як было 18, так, здаецца, і засталося. Можа, дзесьці не столькі разумны стаў, але памудрэў – гэта дакладна. Ды і адчуваю сябе на 18: у мяне не дадалося лішняй вагі, я не такі дужа стары. Ну, 23 дакладна… Ну, можа, 25, хрэн з табой.

 – Акрамя Лявона, госцем на сёння вы яшчэ анансавалі Сашу Ільіна з Nizkiz. Чаму менавіта ён? Падабаецца музыка Nizkiz? 

– Увогуле слушныя людзі, якія хоць нешта робяць у нас. І вельмі прыемна, што ў іх неяк шчыра гэта ўсё атрымліваецца. Надзвычайны вакал у Сашы, акрамя таго. Я ў яго веру.

«Я тады ўпершыню ў гэтым клубе апынуўся, дык ледзь у порткі не наклаў»

 – Пра «ў нас». На твой уласны густ – вылучаецца хто-небудзь на нашай сцэне з рок-тусоўкі? 

– Ты ведаеш, усе ў такім андэграўндзе сядзяць. Шмат хто стараецца, канешне, але так, каб вылучыць кагосьці і сказаць: «Вось, рабяты, глядзіце, як трэба, бярыце прыклад!»… Мне здаецца, усё ў лайне, па вялікім рахунку.

 – А што трэба, каб сітуацыю расштурхаць? 

– Я формулы гэтай не ведаю. Дзесьці пашанцаваць павінна, можа. Апынуцца ў патрэбным месцы, як многія кажуць. Малітву чытаць кожную раніцу. Або трэба прадацца. Толькі каму – хрэн ведае. Увогуле не ў курсе, як гэта ўсё адбываецца. Але некаторыя неяк выстрэльваюць.
Трэба, атрымліваецца, ліняць адсюль, таму што тут ты ва ўласным соку варышся, а дзесьці там, калі ўсё-такі рванеш… Але мы спрабуем дыстанцыйна бамбіць: прыязджаем у Кіеў, у Маскве нас чакаюць. Увогуле прыемна заўсёды.

 

 

«Я ўжо за*баўся ад гэтага рок-н-ролу, шчыра кажучы. Добра хоць, што не бухаю»

 – Плануеце яшчэ пашыраць геаграфію? 

– Ну вядома! Вось зараз, напрыклад, на поўнач клічуць нейкую далёкую. Думаю, як бы там не змерзнуць.

 – Наконт поўначы і геаграфіі: можа, думалі пра які-небудзь калаб з Ванем Нойзам?   (Дай Дарогу і Noize MC добра сябруюць і любяць музыку адны адных, пра што Іван і Юра неаднаразова казалі. – 34mag)

– Думалі. Але ён вечна заняты. Я неяк яму тэлефанаваў, ён кажа, маўляў, мы там дзесьці кліп здымаем, і тое, і тое, і тое. Магчыма, гэта і адмазоны, хрэн ведае. Але нічога страшнага, шмат у каго свае турботы ёсць. Можа, яшчэ прыйдзе чарга пра нас падумаць. Мы дачакаемся, сам патэлефануе.

 – Якраз пра кліпы. Апошнім часам вы актыўна падаграваеце ў сацсетках цікавасць да вашага новага кліпа кадрамі са здымак. Раскажаш пару словаў пра яго? 

– Я ў гэтым кліпе бязглузды навукоўца. Ствараю і веру ў навуку, калі ўсе вераць крыху ў іншае. Але гэта вы потым зразумееце, калі паглядзіце. Гэта адна з нашых самых сур'ёзных прац, якую мы толькі нараджалі і да якой я меў нейкае дачыненне. Раней я ўдзельнічаў у шмат якіх здымках і ў чужых кліпах, але так, каб быць у галоўнай ролі, адчуць сябе не проста кімсьці, а акцёрам, – гэта ўпершыню. Мне трэба было рыдаць, смяяцца, угаворваць усіх – ну, рубіць такога сур’ёзнага тыпа. Ваван – наш галоўны рэжысёр – сказаў, што ў мяне атрымалася.

 

 

 – Нядаўна ты выклаў у сетку песню «Свинцовый конец колдуна» з будучага альбома. Яна пра акумулятарны завод і ўсю гэтую сітуацыю з пратэстамі ў Берасці. Песня сатырычная, а тэма сур'ёзная. Не адчуваеш, што апошнім часам твае тэксты больш накаляюцца? 

– Ды не, я сцябу ўсё. У нас такая сітуацыя, калі сабрана 40 000 подпісаў і гарвыканкам маўчыць, усе на марозе нейкія. Людзі хочуць стварыць рэзананс, зрабіць так, каб завода не было, а гэта ўсё караецца. Вось хлопцу, які проста ў інстаграме паклікаў людзей сабрацца, улупілі 20 базавых, па-мойму. Яго і народ падтрымліваў, і ўсе за яго галасавалі, а суддзя проста кажа: «Пастаноўлена». І ўсё – бац малаточкам. Я сам прысеў: «Вось гэта нумар». Таму дзе гэтая праўда – незразумела.

 – Па-беларуску будзе што-небудзь у новым альбоме? 

– Ёсць у мяне адзін куплет. Калі буду далей нараджаць і ўсё будзе ў добрым духу, то будзе другое «Не веру».

 – Мо нават з Лявонам? 

– О! Нармальная ідэя.

«Вельмі шмат музыкі, вельмі шмат і лайна. І паспрабуй знайдзі ў гэтым усім акіяне нейкі дыямент. Так што я проста радыё ўрубаю і нармальна»

 – У Менску апошнія некалькі гадоў вы ўзмацняеце свой гук яшчэ адным гітарыстам – Андрэем Белым. Чаму толькі тут і ці няма жадання пашырыць склад на пастаянку? 

– Так шчыльнейшы гук, таму на такіх пляцоўках мы бярэм яшчэ аднаго, каб дагрукацца да слухача і каб было зусім угарна. На пастаянку я ўжо даўно хачу, толькі трэба мне прыняць нейкае рашэнне або неяк паўплываць на ўсіх. Карацей, трэба падумаць.

 – Апошнім часам вы моцна захапілі ўкраінскую сцэну і актыўна пашыраецеся ў нас. Адчуваецца рок-н-рольны стайл жыцця ці ўсё гэта байкі? 

– Калі ты ў плане таго, ці жывем мы нейкім рок-н-ролам або ці хапае ў нас яго ў жыцці, то я ўжо за*баўся ад гэтага рок-н-ролу, шчыра кажучы. Добра хоць, што не бухаю. Ён паўсюль спадарожнічае распуснаму ладу жыцця, і я своечасова абдумаў для сябе, што лепш гэтым не захапляцца.

 – Якой музыкай сам натхняешся? Што слухаеш цяпер? 

– Нічога не слухаю цяпер увогуле. Цяпер вельмі-вельмі шмат усяго. Я цікаўлюся, хто дзе ўсплывае, а так, каб угрызціся і маліцца, як мяне раней перла, гэтага няма. Вельмі шмат музыкі, вельмі шмат і лайна. І паспрабуй знайдзі ў гэтым усім акіяне нейкі дыямент. Так што проста радыё ўрубаю і нармальна.

 – А раней як? 

– Раней былі куміры, канешне, але цяпер яны кудысьці зніклі і не прыходзяць новыя. Той жа Цой, Кінчаў, «ДДТ», калі рускі рок браць. А цяпер што, ці ёсць такія? Дзе новае пакаленне? Я ўвогуле не ведаю, каго ў прыклад прывесці. Няма такой манументальшчыны, як раней, тыпу: «Вось нашы куміры! За імі можна крочыць смела». Мне ад гэтага так сумна, што зусім капец. Але мо проста час змяніўся?

 

 

А пасля інтэрв’ю «ДД» выпалілі напалмам «Прайм Хол». Ранейшыя іх канцэрты ў «Рэпабліку» давалі падумаць, што такую атмасферу і ўгар стварае сімбіёз гурта і клуба, дзе можна ўсё. Варта было так лічыць хаця б таму, што рэпаблікаўскіх стэйдждайвінгаў вы б не знайшлі больш нідзе. А ў «Прайм Холе» ўсе папярэднія канцэрты, якія аўтару давялося бачыць, не дацягвалі і да паловы «дайдарожных».

Але, як высветлілася, справа не ў клубе, і гэтую магію «ДД» возіць з сабой. Пляцоўка набілася пад плешку, слэм пачаўся яшчэ да канцэрта, а падчас самога сэйшану сёркл-піт круціўся па ўсёй залі. Фанатаў ад стэйдждайвінгу не ўтрымала ані агароджа перад сцэнай, ані ахова. Роўна як нішто не стрымала іх расцягнуць бел-чырвона-белыя сцягі на тых песнях, дзе інакш ніяк. Атмасферу яднання ў адзіны арганізм гурта і фанаў на канцэртах «Дай Дарогу» можна толькі адчуць і ніяк не апісаць.

Акрамя Лявона Вольскага і Аляксандра Ільіна, госцем на канцэрт таксама завітаў Алесь-Францішак Мышкевіч – вакаліст The Superbullz і басіст Лявона. Варта сказаць таксама, што і гук з другім гітарыстам атрымаўся значна мацнейшым. Адным словам, да свайго дваццацігоддзя «Дай Дарогу» ўпэўнена пацвердзілі званне першых панк-рокераў Беларусі і заадно даказалі, што разарваць можна любую залю.

 

 

Фота – Даша Лабанава

Ад «Салюту» да світання: менскі клубны рух другой паловы 1990-х

Ад «Салюту» да світання: менскі клубны рух другой паловы 1990-х

Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.

Ад «Музыкальнай газеты» да радыёкропкі: хто распавядаў пра электронную музыку ў 90-я?

Ад «Музыкальнай газеты» да радыёкропкі: хто распавядаў пра электронную музыку ў 90-я?

Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.

Галоўныя героі беларускай электроннай сцэны 1990-х – хто яны?

Галоўныя героі беларускай электроннай сцэны 1990-х – хто яны?

Імёны, праекты, альбомы.

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

«Невозможно воспринимать эту жизнь на серьезных щах»: разговор с фронтменом «Снов Синей Собаки»

О кринжовых концертах, поисках своего «Вудстока» и иронии как броне перед критикой.

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

«Усім сарвала дах»: як выглядалі рэйвы 90-х?

Танцы ў школах, ДК, гламурных клубах і ў сценах Белтэлерадыёкампаніі.

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

Як выглядаў першы беларускі рэйв?

«Поўная вакханалія», паводле «Знамя юности».

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Адкуль пайшла беларуская электроніка?

Фестываль біг-біту, першыя сінтэзатары і электроншчына ў кіно.

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Фотарэпорт: у Менску перазапусціўся «Рэактар»

Камбэк праз 13 гадоў.

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Героі часу – 10 артыстаў новай беларускай сцэны

Каго паслухаць, каб захапіцца сённяшняй беларускай музыкай.