LoveSun: як эмэнэснік выдаўцом стаў
- 26.07.2018
- 5777
Лёша Кавальчук – кіроўца ў МНС. Ён прыходзіць на сустрэчу стомленым, бо ўжо вельмі доўга не спаў. Мякка ўсміхаецца і кажа, што можа падтармажваць пасля змены: ён працуе суткі праз двое. А яшчэ Лёша – заснавальнік блога пра Светлагорск LoveSun. Нас вельмі кранула гісторыя пра тое, што эмэнэснік захацеў зрабіць маленькае медыя і разварушыць свой гарадок, і таму вырашылі расказаць табе пра яго.
Эпоха VK
Мне 33. Працую ў МНС з 2009-га, але аднойчы зрабіў перапынак на тры гады. Кожны дзень у нас вучэнні, а ў горадзе – пажары.
Камп’ютар у мяне з'явіўся прыкладна ў 2008 годзе з вясельных грошай. Ён быў б/у, каштаваў каля сотні долараў.
Мне хацелася змяніць горад у лепшы бок, але я зусім не разумеў як. Дзесьці ў 2009-м ці 2010-м вырашыў стварыць групу VK і першыя пасты былі тыпу: «А давайце што-небудзь зробім разам!» Спачатку ніхто не адгукаўся.
У той час у Светлагорску не было навіновага інтэрнэт-выдання. У галоўнага гарадскога медыямастадонта – «Ранак» – тады яшчэ не было свайго сайта з пастаяннымі абнаўленнямі. Вось я і ўзяўся за гэтую нішу.
Вось гэта навіны
У 2014-м я стварыў сайт і стаў рабіць навіны. Адну з іх нават перапосціў tut.by – і панеслася.
Банеры – зло, але ў Светлагорску яшчэ не асабліва разумеюць фармат натыўнай рэкламы. Можа, і разумеюць, але пакуль не гатовыя плаціць за гэта.
Калі з'явіўся першы прыбытак, я змог вярнуць грошы за куплю ровара.
30 000 наведвальнікаў і 150 000 праглядаў – цяпер у LoveSun прыкладна такія паказчыкі ў месяц.
Культура здарэнняў
Да 2018-га мне ўжо надакучыла ствараць навіны – гэта безаблічная штука. Стала цікава пісаць пра эканоміку і новыя ўстановы тыпу бургерных.
Светлагорск 5 гадоў таму і цяпер – розныя гарады адносна культурнага складніка. Але трэба тлумачэнне. Я вырас у гэтым горадзе і магу дакладна сказаць, што адкрыццё адразу двух бургерных – гэта культурная падзея. Для нас гэта не проста кропкі грамадскага харчавання.
Раней толькі паўфабрыкаты разагравалі і рабілі чай пры тэмпературы 120 градусаў. А цяпер вунь нават шаўрму гатуюць як трэба.
Горад маленькі, таму ў нас тут усе прамыя канкурэнты, нават сталовыя.
Такі кантэнт
Я стараюся часцей ездзіць на ровары або хадзіць пешшу, каб нешта заўважыць, сфатаграфаваць, зрабіць з гэтага матэрыял.
Думаю, цяпер эпоха дурацкіх ідэй. Тое, што раней было дзіўным, зараз модна. Напрыклад, карта фруктовых дрэў у горадзе. Здаецца, што лухта, але ж можна зрабіць прыкольна.
Навіны пра культуру зусім не папулярныя. Таму на сайце ёсць проста агульная рубрыка «Грамадства». Здарэнні і крымінал – самыя чытаныя, але мне хочацца адысці ад такога кантэнту.
Ды і няма ў нас асаблівай культуры. Ёсць толькі кінатэатр, у якім раней прам на плёнцы паказвалі фільмы – можна было зрабіць з гэтага славутасць.
Калі б цяпер хтосьці выпаў з акна і накалоўся на кап’ё, гэта быў бы самы папулярны матэрыял.
Я люблю капацца ў інфармацыі перад тым, як выпусціць артыкул. Стараюся рабіць нешта аналітычнае. Тэлефанаваць не люблю – напэўна, я інтраверт.
У нашага райвыканкама ёсць камунальная газета «Светлагорскія навіны». Нам у МНС настойлiва раяць на яе падпісвацца. Часам гартаю, нават знаходжу нешта цікавае. Але, напэўна, ім і хлопцам з «Советской Белоруссии» крыўдна, што іх выданні купляюць проста таму, што прымушаюць. Праца дзеля працы – жэсць. Павінна быць цікава.
Гэта нават не каманда
У асноўным усе тэксты раблю я. Яшчэ ёсць пара чалавек, якія часам нешта пішуць. Не магу сказаць, што ёсць цэлая каманда. Пакуль я нават кадзірую сам.
Яшчэ ў тыя часы, калі была толькі група VK, да мяне далучыўся фатограф, які проста захацеў дапамагчы. Тады ў яго нават фотаапарата не было, а цяпер ён вельмі вырас, нават займаецца нейкімі камерцыйнымі здымкамі. Для LoveSun здымае проста так. Я кажу яму: «Давай хоць бы за тэлефон буду плаціць», а ён адмаўляецца – маўляў, няёмка. Яго ў горадзе ўжо ведаюць як фатографа, хоць наогул ён працуе на заводзе.
Я б хацеў наняць журналістаў, але пакуль не магу даваць ім добры заробак.
Цяпер LoveSun – гэта хобі.
Фота – Таня Капітонава
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекта.