Краўдфандынг дня: Святлана Алексіевіч на мове
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.03.2018
- 11190
Краўдфандынгавая кампанія «“Галасы Утопіі” ад Святланы Алексіевіч» стартавала 21 лютага, а сёння з'явіліся новыя падрабязнасці: Белгазпрамбанк падтрымае выданне кніг нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на беларускай мове і перадасць 15 000 кніг у бібліятэкі па ўсёй краіне. Таксама ў межах кампаніі #NobelNaMove ў сакавіку і красавіку ва ўсіх абласных гарадах Беларусі пройдуць адкрытыя творчыя сустрэчы з пісьменніцай.
«Рэалізацыя гэтага праекта дае нам шанец не паўтараць памылак мінулых гадоў, калі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры былі не прызнаныя і асуджаліся ў роднай краіне, а ў наступным пакаленні перад імі каяліся і іх працы ўключаліся ў школьныя праграмы (Бунін, Пастарнак, Салжаніцын, Бродскі). Мы перакананыя, што любая краіна і яе народ павінны ганарыцца дасягненнямі ў інтэлектуальнай сферы не менш, чым у спорце і працы», – адзначыў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка.
У цыкл «Галасы Утопіі» уваходзяць пяць кніг, над якімі Святлана Алексіевіч працавала на працягу сарака гадоў: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд». У 2015 годзе яна атрымала Нобелеўскую прэмію «за шматгалосную творчасць – помнік пакуты і мужнасці ў наш час».
Краўд-кампанія па папярэдняй замове кніг з цыкла «Галасы Утопіі» будзе доўжыцца да 20 красавіка 2018 года. Поўны наклад плануюць выпусціць у канцы траўня 2018 года, да 70-годдзя пісьменніцы.