Купалу ёсць чым спакусіць, нават калі ты не аматар(-ка) бадзяцца па начным лесе ў пошуках міфічнай вогненнай кветкі, апрануты(-ая) у адную толькі прасціну. Традыцыйнае гулянне і цяпер ладзіцца нібы добры рэйв, з-за якога варта сцягнуць азадак з канапы. Як не апячы гэты азадак, мы падрабязна распавялі ў нашым мануальчыку. Час стрэсці пыл з праверанай сівой даўніны. Калі ў магічным поцемку душа просіць разбэсціцца, лепшы рэцэпт для нястрымнай весялосці знойдзеш ва ўспамінах сваёй бабулі. Не забывайся на карані!
План святкавання
Згуртуйцеся і запрашайце на Купалле: абыходзьце хаты з песнямі й танцамі, каб сабраць вялізную тусу.
Гендар не мае значэння! Збірай кветкі, зёлкі і карэнні, каб было з чаго віць вянкі, – і да царквы. Адначасова мусіць ладзіцца пляцоўка для свята і сцягвацца старызна для вогнішча. Лайфхак: калі агонь раскласці не атрымалася, надзяры кучку крапівы (можна таксама звіць з яе вяроўку) і, як варыянт, гойсай сабе праз яе.
Не забудзь запаліць вогнішча, каб было дзе гарланіць песні.
Можна замуціць сумесную рытуальную вячэру. Самая крутая абрадавая страва – кулага. Як гатаваць: памытыя ягады ставім на агонь. Калі яны разварваюцца, дадаем жытнёвую муку, крыху распушчаную ў вадзе, мёд ці цукар і варым, каб было падобна да кісялю. Зацані яе з блінцамі альбо з хлебам і малаком. Калі з’елі ўсю кулагу, можна прыгатаваць, напрыклад, яшчэ і верашчаку.
Каго не шкада, адпраўляй на пошукі папараць-кветкі. Астатнія няхай абараняюцца ад нячысцікаў песнямі, карагодамі і скокамі.
Зладзьце калектыўнае купанне на світанку ў рацэ ці возеры. Калі з вадой праблема, папросту пагушкайся ў расе.
Калі не згубіў(-ла) ці не прапіў(-ла) вянок, пачынай варажбу. Калі застаў(ла)ся без яго, варажы наўпрост на раслінах.
Некалькі незаезджаных купальскіх традыцый
Скочваем з пагорка ў ваду вогненнае кола. Прымат у гэтым мерапрыемстве, вядома, замацаваны за сімволікай: драўлянае кола, смаляная бочка альбо што заўгодна круглае і абавязкова прапітанае-падпаленае ажыццяўляе сонцаварот і яднанне супрацьлеглых стыхій – агню і вады. Але прыродны рэюніян адыходзіць на другі план, калі ёсць магчымасць пацягаць туды-сюды святочны інвентар, абудзіць свайго ўнутранага арзаніста, хулігана, які псуе рэчы агнём, і голасна бегчы з гары следам за гэтым колам. Прывабнасць абраду відавочная: чым больш абуральна сябе паводзіш, тым больш, відаць, далучаешся да працэсу.
Kill Kupala. Увесь цяжар штодзённасці сублімуе легальнае рытуальнае забойства: прыбраную ляльку, ведзьму-Купалу, – абавязкова «дзяўчыну» – у пэўны час святкавання трэба і падпаліць, і патапіць. Не тое каб «дзяўчына» ўвасабляла сабой увесь магчымы негатыў: гэтая задача палягае на плечы пэўнага няшчаснага пудзіла. Расквітаўшыся з саламянай femme fatale, забяспечыш сабе добры год.
Ламаем плот, крышым слупы. У купальскую ноч памяркоўны вандалізм існуе як бон тон. Эфектыўна змагацца з нячысцікамі можна праз перакуленыя сметнікі ці разламаныя агароджы: наглядная дэманстрацыя, што сілы ў цябе і на іх хопіць. Калі ёсць жаданне і прыдатная кандыдатура, нядрэнна заладзіць і мардабой – зразумела, рытуальны. Адзіная памятка купальскаму Халку: калі што, па сканчэнні свята рэмонт магічным чынам не адбываецца.
Язычнікі – у царкву. Старадаўнія вераванні не зніклі канчаткова з надыходам хрысціянства. Наадварот: у нашым выпадку да свята летняга сонцастаяння дадалі Народзіны Іаана Хрысціцеля – вжух! – і незадаволеных няма. Тыя самыя вянкі, якія ноччу будуць шукаць табе другую палову і прадракаць шчаслівы шлюб, трэба пасвянціць спачатку ў царкве: з такога вянка да наступнага Купалля можна тузаць зёлкі ў гарбату, бо яны мусяць пазбавіць цябе ад любой халеры.
Забяспечым сабе здабытак. Каб ніякая ведзьма не зрабіла тваёй гаспадарцы залом (не скрала ў кароў малако або не заездзіла коней), над дзвярыма лепш павесіць абярэг: якія-небудзь калючыя, рэжучыя ці нават пякучыя рэчы. І серп, і голка, і каса, і нават крапіва – пасуе ўсё!.
Абмывайся ў купальскай вадзе. Асабліва варта паспрабаваць дзяўчатам, каб тых не чапалі русалкі. Прыемны бонус – казачная прыгажосць і аксамітная скура. А вось калі мамзель адмаўляецца лезці ў ваду, трывожны званочак: муціць нешта нядобрае.
Збірай магічную расу. Калі да вадаёму дапаўзці пад раніцу ўжо складана, праз расу можна дазнацца чароўных якасцей купальскай вільгаці. Для той жа гладкай скуры на досвітку варта пагушкацца ў расе. Асабліва прагныя да маладосці жанчыны збіралі яе ў пляшачкі: магчыма, гэта першы язычніцкі стартап. Скарыстоўваць расу раім не толькі з бьюці-мэтамі, але таксама для лячэння зрокавых хвароб. Калі набярэш задужа расы, пакрапі ёй сцены ў хаце: і ад нячысцікаў пазбавішся, і ўсіх тараканаў спужаеш – ад насякомых перастрахуешся.
Зрывай на ростані зубамі трыпутнік. Далей тэхніка простая. Кажам: «Трыпутнік-трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілога?» Ідзем спаць, у марах чакаем суджанага.
Аблівай мінакоў вадой. Актуальны і сёння старажытны інтэрактыўчык, які ў любым калектыве імгненна зробіць якасны team building. Звычайна гэтую купальскую фішачку прызапашваюць на наступны дзень, 7 ліпеня, але гэта не падстава стрымліваць свае станоўчыя інтэнцыі. Першапачаткова аблівалі, каб падчас спякотнага надвор’я выклікаць дождж. Прыжылося, відаць, таму што папросту весела.
Кароткі гід па варажбе на вянках
Травы для вянка пасуюць любыя. Аднак для рытуальнага абавязкова ўплятай чатыры зёлкі: мядзведжае вуха (каравяк), Іван-ды-Мар'я, лопух і чабор.
Запусці вянок па плыні ракі. Можна кідаць без дапамогі рук. Баявы кліч: «Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак».
Паплыў далёка, не прыстаў да берага – рыхтуй вясельную сукенку.
Калі вянок расплёўся ў ланцужок або распаўся на асобныя кветкі, дзяўчына ў гэты год замуж не ідзе.
«Вянок патануў – мілы абдурыў».
Кінь у ваду пару вянкоў. Адзін сімвалізуе дзяўчыну, другі – яе лёс. Калі вянкі сыходзяцца – добры знак, калі не – можна сумаваць.
Куды паехаць святкаваць Купалле, шукай тут.
За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем Маргарыце Латышкевіч і фальклорнай лабараторыі БДУ.
Арт Doctor Oy з’явіцца каля культавага для менчукоў месца.
Дабіраемся да сакральнага. Аўдыягісторыя пра самы андэграўндны часопіс пачатку нулявых – «Студэнцкую думку».
Режиссерка зарабатывает доставкой, пишет каверы на Меладзе и обещает спектакль – рэп-альбом.
Вельмі коратка – пра тое, для каго і навошта мы цяпер робім англамоўны сайт пра Менск.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.