Пра выбар адзення
У знешні выгляд я ўкладаю няшмат сілаў: гэта ў мяне інтуітыўнае. Выбіраю не тое, што модна, а тое, у чым камфортна. Для мяне паняцці «падабацца сабе» і «адчуваць сябе камфортна» моцна судакранаюцца. Мне зручна ў штанах і футболцы, але ў мяне не такая простая фігура, як ва ўсіх: шырокія сцёгны, вузкая талія і пры гэтым даволі невялікі верх. Таму выбіраць штаны ці сукенкі мне цяжка.
Пра любоў да простасці
Мне падабаецца імкненне да простасці. Няма нічога круцейшага за чалавека, на якім добра сядзяць джынсы і цішотка з класным прынтам. У Менску адчувальна не хапае базавых брэндаў накшталт UNIQLO, дзе можна набыць пачак простых штаноў і цішотак.
Пра колеры
Аддаю перавагу вопратцы чорных, белых, нейтральных колераў. Нядаўна мама прывезла спартыўны касцюм ружовага колеру парасячага адцення. Я прымерыла, зірнула ў люстэрка – апынулася, што мне пасуе. Але гэта такая шаблонная гісторыя: светлая дзяўчынка ў ружовым.
Пра брэнды
Вельмі люблю Fred Perry. Гэта дзіўная любоў. У мяне быў малады чалавек, які пёрся па Fred Perry і падарыў мне пола. Потым я сама набыла яшчэ адно пола, футболку і кашулю. Прыйшлося сябе спыняць. Нават рада, што вопратку ад Fred Perry ў Менску можна знайсці толькі на Lamoda, і тое – усяго чатыры мадэлі. Калі б у нас была крама Fred Perry, я б збяднела.
Падабаецца эстэтыка COS. У іх камфортныя крамы. Там усё, як я люблю: проста і лагічна. Праўда, COS не вельмі сябруе з маёй фігурай, але я люблю іх футболкі. У мяне пяць цішотак з COS – ім няма зносу. Мне здаецца, што лепш за іх няма нічога на зямлі.
Мне складана падабраць вопратку ў Менску. Выбраць ніз – задача на мільён. З мас-маркета ў мяне склаліся адносіны з Mango. Гэта адзінае месца, дзе я знаходжу сабе штаны. Больш ніякія не садзяцца. Нядаўна пайшла ў Mango і адразу набыла чатыры пары.
«Калі нічога не атрымлівалася, усе злавала і ламалася, я зайшла ў Mango і набыла гэтыя акуляры. Я апранула іх, і ўсё склалася»
Пра абутак
Калі на мне штаны, футболка і басаножкі, я мушу быць упэўненая, што змагу выхадзіць цэлы дзень у гэтым: трэба шмат рухацца, бегаць, сустракацца з кліентамі. Наўрад ці я апрану раніцай туфлі на абцасах – да вечара я проста памру. Таму звычайна хаджу ў туфлях на платформе альбо красоўках.
Апошнія пяць пар абутку, якія я набыла, гэта Vagabond. Не памятаю, ці быў у мяне больш камфортны абутак.
Раней я скептычна ставілася да New Balance. Усе знаёмыя хадзілі ў базавай мадэлі 376, яна для мяне зусім нязручная. Прымерыўшы мадэль 422, якая адрознівалася ад іншых, паверыла ў легенду пра неверагодную зручнасць красовак і прабегала ў іх увесь фестывальны сезон.
Пра татуіроўкі
Нядаўна здарыўся прарыў: пачала насіць адкрытыя топы. Але ў мяне ёсць загон: не люблю, калі разглядаюць на мае татуіроўкі. Таму стараюся насіць такую вопратку, якая хавае тату: для мяне гэта вельмі інтымная гісторыя.
Пра аксэсуары
Раней я насіла завушніцы-жамчужыны. Цяпер зрэдку – кальцо ад Gunder Jewelry.
У мяне шмат гадзіннікаў CASIO і Swatch, якія я набывала ў 16 гадоў, а нашу толькі адзін. Мне падарыла яго лепшая сяброўка на дваццацігоддзе, ён трохі аблез. Гэты гадзіннік – рэч пра мяне. Ён паказвае на гадзіну менш. Апошні раз перавяла яго ў Мадрыдзе: сядзела пад дрэвам, чытала кнігу і проста зафіксавала момант. Насамрэч гэта небяспечна: я магу забыць, што гадзіннік адстае, і спазніцца. Але ўсё адно пакуль не пераводжу, нашу гэты момант на руцэ.
Пра парфумы
Мне падабаюцца водары COMME des GARÇONS. Праўда, кожны раз, калі я хачу трапіць у іх краму, нешта здараецца. Калі была ў Парыжы апошні раз і збіралася ў краму, мяне збіла машына і я пацягнула нагу. Так і не ўдалося туды патрапіць. Але вось ужо другі год нязменна карыстаюся Molecule 01 ад Escentric Molecule і наўрад ці прамяняю яго на іншы.
«Гэтую майку я купіла ў Пецярбургу гадоў сем таму, і яна ўсё яшчэ выглядае нядрэнна. Мне яе прадаў вакаліст Xiu Xiu, хоць звычайна яны не прадаюць мерч»
Пра посуд
Я люблю гатаваць. Шукала класныя талеркі без надпісаў накшталт «ты сонейка» і малюнкаў з ліскамі і знайшла керамістку Наташу Няхайчык («утки растопят лед»), якая зрабіла для мяне такія талеркі, якія я хацела.
Апошні раз я набывала посуд у Сашы Палідавец з «89 градусаў». Ад яе ў мяне ёсць талерачка, якая пераліваецца фіялетавым колерам і падобная да шакаладкі.
Пра кухонную тэхніку
У мяне няма вельмі дарагога абсталявання накшталт KitchenAid. Не разумею, навошта марнаваць тысячы даляраў на такія рэчы, калі можна набыць крутую альтэрнатыву ў два разы танней. На кухні больш за ўсё люблю дробныя карысныя рэчы для гатавання. Напрыклад, у мяне ёсць штука для ідэальнага пюрэ, лыжкі для соусаў, сіліконавая лапатачка, дзякуючы якой ты дастанеш з міскі ўсё. Многія не звяртаюць на гэта ўвагу, але мяне прама карабаціць, калі падчас гатавання застаецца шмат прадуктаў.
Пра стыль персаналу
Ідэальная форма персаналу ў грамадскім харчаванні — гэта свабодныя джынсы, футболка, фартух і красоўкі. Добра глядзіцца агульная дэталь, якая аб'ядноўвае людзей. Тады відаць, што гэта каманда. Падабаецца прыклад Svobody, 4: калі яны адкрыліся, апранулі ўсіх у аднолькавыя New Balance.
Пра дрэс-код
Для дрэс-коду павінны быць перадумовы. У мішленаўскіх установах з пасадкай на пятнаццаць чалавек ты сапраўды госць, табе аказваюць гонар. А калі дрэс-код – гэта капрыз уладальніка, а ўзровень установы не дацягвае, то я супраць.
«Гэтая сумка — must-have арганізатара. Зручна, калі працуеш на фестывалі. Купіла яе на “Флаконе” ў Маскве»
Пра маркеты
Не сказала б, што з'яўляюся часткай менскай моднай тусоўкі. Але ў некаторай ступені вызначаю, якія брэнды ўбачаць людзі на модных мерапрыемствах, на якіх я працую. Не люблю маркеты, куды прыходзіш, як у гандлёвы цэнтр: людзі не ўкладаюць мэсэдж. Гэта выглядае як бяздушны рынак.
Пра своп-вечарынкі
Своп-вечарынкі (swap-party) – класная тэма. Людзі дзеляцца рэчамі, якія больш не патрэбныя ўладальніку, але, магчыма, спатрэбяцца камусьці яшчэ. Раней скупляла вопратку кучамі. Цяпер старанна ацэньваю, патрэбная мне гэтая рэч ці не вельмі. У 90% выпадкаў разумею, што магу абысціся без яе. Нашу абмежаваную колькасць рэчаў. Да гэтага часу ў мяне ў шафе ляжаць рэчы, якія набыла ў мінулым кастрычніку. Часцей сыходжу са свопаў з кнігамі, чым з рэчамі.
Пра барахолкі
У Менску не хапае барахолак з кучай посуду. Мне падабаецца выкарыстоўваць старыя рэчы. Люблю купляць у букіністаў кнігі. З розных барахолак у мяне ёсць нажы, відэльцы па адной штуцы – люблю разнабой. Сервізы не набываю. Думаю, стол выглядае цікавейшым, калі посуд розны.
Як бы моцна мне ні хацелася, стараюся не атачаць сябе вялікай колькасцю рэчаў. Так, я набываю, але толькі калі разумею, што сапраўды буду карыстацца. Не хачу, каб у мяне стаялі горы лішняга посуду.
За кім сочыць Каця
• Camille Becerra, шэф у Нью-Ёрку;
• christinatosi, пекар, працуе шэф-поварам у Нью-Ёрку;
• Lucy Litman, digital-маркетолаг, фатограф и фуд-стыліст;
• Kate Pepper, пекар;
• Nancy Silverton, шэф, пекар, пісьменніца;
• Mandy Lee, фуд-блогер.
Мне падабаюцца максімальна простыя людзі. У іх нават няма татуіровак.
Арганізатарка рэйваў – пра эйджызм у фэшн-індустрыі, дрэс-код black tie і трэнд на постапакаліптыку.
Арганізатарка рэйваў – пра эйджызм у фэшн-індустрыі, дрэс-код black tie і трэнд на постапакаліптыку.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
Милая, живая, красивая девушка. Видел ее на маркетах.
xiu xiu, COMME des GARÇONS,сіліконавая лапатачка!