Беларускі пратэстны рух сёлета кіпіць, як джынсы апошніх моднікаў, што нарэшце прывяло хоць і не да выразнай, але адмены супярэчлівага «дэкрэта пра дармаедства». Нам стала цікава, як замежныя актывісты змагаюцца з хібамі ўлады і да чаго прыводзіць незадаволенасць народа. Першы клоўзап – Румынія і студзеньска-лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек. Рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску – пра цемрашальства румынскіх улад і (бес)сэнсоўнасць пратэстнага руху.
З кім гутарым? Андрэй Даскалеску, 32 гады – румынскі рэжысёр-дакументаліст. Пасля працы з гукам на BBC World Service Romania і ў фільмах Фрэнсіса Копалы і Уолтэра Мёрча, пачаў здымаць уласныя фільмы. Першы з іх – «Канстанцін і Алена» – выйграў IDFA First Appearance і іншыя ўзнагароды. На сёлетнім Берлінскім кінафестывалі паказвалі яго новае кіно «Планета Петрыла» пра супрацу мастакоў і грамадства дзеля захавання гістарычнай шахты ў горадзе Петрыла. У лютым 2017-га Андрэй быў адным з нямногіх, хто здымаў пратэсты па-за межамі Бухарэста.
Чаму пратэстуюць? У лютым два тыдні запар румыны па ўсёй краіне пратэставалі супраць новага закона, употай прынятага партыяй сацыял-дэмакратаў, якая толькі што прыйшла да ўлады. Гэты закон вызваляў ад адказнасці за карупцыйныя дзеянні пры суме хабару менш за 47 тысяч даляраў. На вуліцы выйшла 600 000 чалавек. Цяпер яго дзеянне адменена.
Андрэй, гэты пратэст называюць самым буйным у гісторыі незалежнай Румыніі з 1989 года. Што прымусіла такую масу людзей выйсці на пратэсты?
– Гэты пратэст – дзіўная з’ява. Я б не сказаў, што ў нас палітычна актыўныя людзі, так што мяне вельмі ўразіла тое, што адбывалася ў Румыніі ў лютым. Вялікіх пратэстаў пасля звяржэння Чаўшэску не было аж да 2013-га. Тады акцыі пратэсту былі справакаваныя планамі аддаць канадскай кампаніі на распрацоўку залатыя радовішчы ў маляўнічым месцы. Дзеля гэтых капальняў, прыбытак з якіх пойдзе нават не Румыніі, а Канадзе, хацелі скапаць цэлую гару. Той пратэст меў поспех, праект спынілі. Вось тады, мне здаецца, пратэставаць стала модным.
Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў у 2014-м з’явіліся навіны, што румынам за мяжой не даюць галасаваць. Засталося зусім мала месцаў, дзе гэта можна было зрабіць. Людзі стаялі ў чарзе ўвесь дзень, а пункты для галасавання пачалі зачыняць, нягледзячы на тое, што не ўсе прагаласавалі. Стратэгія была відавочная: не даць людзям па-за межамі Румыніі, якія разумеюць, што адбываецца ў краіне, прагаласаваць за канкурэнтаў сацыял-дэмакратаў. Былі спантанныя пратэсты ў дзень выбараў.
«Маё пакаленне атрымлівае інфармацыю з фэйсбуку і ведае, якім крыніцам давяраць, а якім – не. А старэйшае пакаленне глядзіць тэлебачанне»
Горшы выпадак адбыўся ўвосень 2015-га, калі здарыўся пажар у клубе. У мяне там загінула тры сябры і выжыла яшчэ некалькі знаёмых. Я сам там бываў шмат разоў, гэта любімае месца для людзей майго пакалення. Аказалася, у яго былі праблемы з супрацьпажарнай бяспекай і не было дазволу на працу. У агні загінула каля 20 чалавек. Ад ускладненняў у бальніцах памерла 63 чалавекі. І нават тыя, хто выйшлі з агню на сваіх нагах і атрымалі невялікія апёкі, потым памерлі ў бальніцы. Журналісцкае расследаванне выявіла, што антысептыкі ў бальніцах былі разоў у 20 менш канцэнтраваныя, чым напісана на ўпакоўках. Людзі паміралі ад заражэння, таму што нехта нажыўся на прэпаратах. Так наогул з’явіўся гэты слоган «Карупцыя забівае». І да гэтага часу гэта вялікая праблема ў Румыніі.
Са снежня 2015-га да верасня 2016-га краінай кіраваў тэхнакратычны ўрад. Яны былі прафесіяналы ў сваіх сферах, яны не былі палітыкамі. Гэта быў выдатны год, хаця і пачаўся з трагедыі. А потым адбыліся выбары. І на здзіўленне майго пакалення была вельмі нізкая яўка – каля 40%. У выніку перамаглі сацыял-дэмакраты, папулярная партыя сярод слаёў насельніцтва, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку – пенсіі, ільготы і г.д. Яны атрымалі прыбаўку ў 5 еўра да пенсіі і аддалі за гэта свае галасы.
Сацыял-дэмакраты прыйшлі да ўлады ў студзені. За першыя пару тыдняў яны фактычна знішчылі тое, што зрабіў урад да іх. Рэформы ў медыцыне, культуры, адукацыі былі адмененыя. А потым з’яўляецца навіна, што яны збіраюцца працягнуць закон, які дэкрыміналізуе хабар. Калі мы прачыталі пра гэта ў навінах, падумалі, што рэдактары сайта збіліся спанталыку.
«Міністр юстыцыі проста працягваў казаць: “Наступнае пытанне, калі ласка”. Праз паўгадзіны людзі выйшлі на плошчы»
Нідзе не гаварылася, што яны збіраюцца яго прыняць. І вось 1 лютага з’явілася навіна, што закон быў прыняты на нейкім вельмі познім пасяджэнні, каля 9-й вечара. Навіны пачаліся а 10-й, яны паўгадзіны распавядалі пра бюджэт і ўсё астатняе і толькі ў самым канцы сказалі: «Дарэчы, мы прынялі гэты закон».
Усе былі ў шоку. Было чуваць, што шакаваныя нават лаяльныя рэпарцёры. Нават яны, якія звычайна запытваюцца пра ўсякія дурніцы, каб цягнуць час прэс-канферэнцыі, спрабавалі насамрэч зразумець, што адбылося. А спікер, міністр юстыцыі, проста працягваў казаць: «Наступнае пытанне, калі ласка». Праз паўгадзіны людзі выйшлі на плошчы.
Маючы такую гісторыю пратэстнага руху, дзіўна чуць, што людзі ў Румыніі палітычна не актыўныя.
– Я б сказаў, што мы актыўныя, але нас такіх мала. На жаль, розніца паміж светапоглядамі пакаленняў жахлівая. Маё пакаленне атрымлівае інфармацыю з фэйсбуку і ведае, якім крыніцам давяраць, а якім – не. А старэйшае пакаленне глядзіць тэлебачанне. Трэба наогул адзначыць, што ў нас дзве тэлекампаніі, наўпрост звязаныя з урадам, таму яны кажуць толькі тое, што трэба. У першую ноч пратэстаў яны казалі, што нам плаціць Сорас. Мне мае бацькі тэлефанавалі і пыталіся, навошта я іду на пратэст, праплачаны Сорасам. Вось што яны бачаць па тэлевізары. Адсюль вынікае гэты разрыў.
Гэтыя пратэсты адбыліся спантанна. Звычайна ствараецца група ў фэйсбуку. Ну і як гэта адбываецца: у цябе ў групе пратэсту 10 000 чалавек збіраюцца пайсці, у выніку на плошчы аказваецца 2000. У гэты раз усё было наадварот. Не было ніякіх груп на фэйсбуку. Гэта не разумнікі, якія сабраліся ў чаце, гэта былі розныя людзі: тыя, хто галасаваў за сацыял-дэмакратаў, і нават тыя, хто не хадзіў на выбары. Людзі проста адчулі, што гэта занадта. Гэтая партыя будзе яшчэ 4 гады пры ўладзе і ў першыя ж тыдні прымае закон, які дазволіць выцягнуць з турмы іх аднапартыйцаў?! Нічым добрым гэта не скончыцца. Гэта быў найчысцейшы народны пратэст.
«У першую ноч пратэстаў мы нават сталі краінай, адкуль ідзе большасць усіх фэйсбукавых трансляцый»
Гэта была рэакцыя на адзін канкрэтны закон? Ці ўсё ж людзі бачылі, што партыя дзейнічае на шкоду краіне, і гэта акумулявалася?
– Я не думаю, што гэта акумуляваная незадаволенасць. На той момант новы ўрад быў пры ўладзе толькі 3 тыдні. Я думаю, што мала хто разумеў, хто такія гэтыя сацыял-дэмакраты, хоць бы таму, што тая ж актыўная моладзь мала ўдзельнічала ў выбарах. І не так шмат людзей адсочвае навіны, каб ведаць, што новы ўрад паспеў нарабіць. А потым з’яўляецца гэты закон. Як быццам хтосьці бомбу ўкінуў. Мы адчулі, што зараз трэба ісці ратаваць краіну. Такога мы не маглі ўявіць.
Як асабіста для цябе пачыналася гісторыя ўдзелу ў пратэстах?
– Пачаткам, напэўна, можна лічыць 2013 год. У румынскай мове ёсць слова golani, якім прэм’ер-міністр Віктар Понта апісваў пратэстоўцаў у 2013-м, а перад ім – Іліэску ў 1999-м. Гэтае слова складана перавесці, прыблізна яно азначае адмарожаных агрэсіўных выблядкаў, якія атакуюць без прычыны. І golani – гэта абсалютная супрацьлегласць таму, каго ты бачыш на плошчах. У гэтым натоўпе стаю я, мае сябры і выдатныя людзі, якія ніколі ў жыцці не падыдуць пад тое апісанне. Я на свае вочы назіраў, як прэм’ер-міністр тройчы выходзіў да прэсы і казаў, што мы адмарозкі, якім плацяць за тое, што яны там стаяць. Гэта мяне вельмі раззлавала. І я пачаў здымаць, каб паказаць людзям іншую карцінку, якая супярэчыць яго словам.
Я стаў здымаць, каб зафіксаваць падзеі ў іншых рэгіёнах краіны. У Бухарэсце на пратэстах працуе мноства прафесійных фатографаў, там і без мяне справяцца. А ў Клужы, дзе я ўдзельнічаў у многіх мітынгах, рэпарцёраў амаль не было. Таму я браў камеру і рабіў тое, што ўмею лепш за ўсё. Я посціў фота ў фэйсбуку, бясплатна даваў правы на іх публікацыю на навіновых рэсурсах і вёў прамыя трансляцыі, каб паказаць, што тут людзі таксама незадаволеныя. Людзі арыентаваліся на мае пасты і ішлі на пратэст. У першую ноч пратэстаў мы нават сталі краінай, адкуль ідзе большасць усіх фэйсбукавых трансляцый.
Ці стане хроніка пратэстаў тваім наступным фільмам?
– Фатаграфіі і відэа – гэта мая форма актывізму. Робіцца ў запале моманту, дапамагае прыцягнуць больш людзей. Я ніколі не разглядаў гэта як кіно. Я выкарыстоўваю тое, што ведаю і ўмею лепш за ўсё. Але гэта тое ж самае, што проста стаяць з транспарантам.
Магчыма, сваім дакументальным фільмам «Планета Петрыла» я дапамог захаваць шахту ў маім горадзе. Але ў гэтых пратэстах мая роля такая ж, як і ва ўсіх іншых пратэстоўцаў. Проста я магу зрабіць яго больш бачным і значным. Прыцягнуць да яго ўвагу. Але ў першую чаргу я такі ж актывіст, як усе.
Ці лічыш ты апошні пратэст паспяховым?
– Тэхнічна – так, закон адменены. Але сітуацыя па-ранейшаму неадназначная. Паколькі законапраект быў прыняты, ён прайшоў праз сістэму і атрымаў свой парадкавы нумар 13. Яго дзеянне адмяняецца іншым законам нумар 14, які змяшчае недакладнасці, верагодна, зробленыя свядома. Калі паступіць скарга на яго недарэчнасці, яго лёгка могуць адмяніць. І тады нумар 13 стане дзейным. Так што для нас нічога не скончылася. У кабінетах не дурныя людзі, зараз яны ўсвядомілі, што трэба дзейнічаць больш асцярожна.
Пасля трагедыі ў клубе на вуліцу выйшла каля 30 000 чалавек. І ўрад сышоў у адстаўку. А зараз нас 600 000. Мы патрабавалі адстаўкі, але яе не адбылося. Пратэсты зараз спыніліся. Яны працягваліся 14 дзён, і людзі нават у мяцеліцу стаялі на вуліцах. Але я думаю, калі яны памыляцца яшчэ раз, людзі з’явяцца на вуліцах зноў.
«Фатаграфіі і відэа – гэта мая форма актывізму»
Ці лічыш ты гэтыя пратэсты бескарыснымі?
– Міністр юстыцыі, які казаў «наступнае пытанне, калі ласка», сышоў у адстаўку. Але гэта быў паказальны жэст, які дазволіў супакоіць натоўп. Лівіў Драгна, кіраўнік партыі сацыял-дэмакратаў, працягвае казаць, што яны маюць рацыю. 600 000 чалавек выходзіць на плошчы, а яны ўсё яшчэ сцвярджаюць, што не зрабілі нічога крымінальнага. Такога не было нават падчас рэвалюцыі. Здаецца, столькі людзей з тых часоў наогул не было на вуліцах. А ён усё яшчэ кажа, што мы няправільна зразумелі закон, што намі маніпулююць, што нам плацяць. Так што ў нейкім сэнсе гэта здаецца бескарысным.
Але мяне абнадзейвае, што столькі людзей ужо выйшла на вуліцы. Людзі прыносілі пратэстантам гарбату. Кавярні бясплатна рыхтавалі гарбату і каву для дэманстрантаў. Многія людзі з рэгіёнаў прыязджалі пратэставаць у Бухарэст у нядзелю. Людзі самі зрабілі вялікі гугл док, дзе пісалі, што могуць прапанаваць начлег або месца ў машыне, каб дабрацца да Бухарэста. Мы дарылі кветкі жандармерыі (адмысловы аддзел паліцыі, накшталт АМАПу). Мая сяброўка, якая працавала ў кветкавай краме, патэлефанавала мне і сама прапанавала нам кветкі для пратэсту.
А ёсць шанец таго, што вашы патрабаванні будуць задаволеныя?
– Калі скласці спіс тых, хто цяпер пры ўладзе, то ў кожнага знойдуцца праблемы з законам. Мы ўжо жартуем, што мець праблемы з законам – гэта абавязковая ўмова для прыняцця ў партыю сацыял-дэмакратаў. Але мы не можам аспрэчыць іх уладу, таму што яны легальна прыйшлі да яе.
Мне здаецца, што кіраўнік іх партыі Лівіў Драгна – галоўнае зло тут. Усе астатнія – яго марыянеткі. І я веру, што ўнутры партыі знойдуцца адэкватныя людзі, якія скажуць, што ён шкодзіць не толькі партыі (таму што яны страцілі рэйтынгі ў рамках свайго пула, ёсць пра што хвалявацца), але і ўсёй нашай краіне. І ўжо гучалі галасы тых, хто лічыць, што гэта няправільны шлях для партыі. На іх і спадзяемся.
Для гэтага спатрэбіцца яшчэ адзін скандал?
– Спадзяюся, гэты будзе ўжо ўнутры партыі і нам не спатрэбіцца ісці на вуліцу. Халодна там.
Ну, вясна ўжо на двары.
– Ага, румынская вясна.
Будзем спадзявацца, што абыдзецца без гэтага. Хоць дзіўна, як пры вонкава падобнай сітуацыі з палітычнай актыўнасцю ў нас у краіне вынікі зусім розныя.
– Ты ведаеш, я быў у Менску, і я думаю, у вас ёсць патэнцыял. Я прыязджаў на кінафэст, і мяне суправаджалі добрыя валанцёры. Я шмат ад іх даведаўся. І мяне здзівіла, якія вольныя і адкрытыя маладыя людзі ў Беларусі. У вас ёсць усе шанцы.
Я таксама быў скептыкам наконт сваёй краіны. Год пры тэхнакратах быў выдатным. І я быў упэўнены, што людзі адчулі, што справы могуць ісці добра і ніхто больш не прагаласуе за сацыял-дэмакратаў. Але выйшла інакш. А потым увесь гэты натоўп выйшаў на вуліцы. Так што ўсё магчыма.
Ніка Водвуд – пра тое, як уладкаваны кіберактывізм.
Заснавальніца руху Марта Лемпарт – пра тое, як польскія пратэсты супраць забароны абортаў сталі паспяховымі.
Джавід Набіеў – пра рэйды на ЛГБТ у Азербайджане, паняцце «fucking solidarity» і сэнс актывізму.
Палітычны актывіст і музыка Мухамед Абу Хаджар – пра пратэсты ў Сірыі і пра музыку як форму актывізму.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (3)
уже Арабской весны хватило, сионо-фашисты не остановятся пока всех гоев не перебьют.
Вы из какой пещеры? Сероводородной?
расскажи сирийским и иракским мертвым детям зачем их с дронами уничтожают. или продолжай верить в " свободу и демократию" под демократичными дубинками.