Навошта рабіць актывісцкае медыя і што гэта мяняе? Звяртаемся з гэтым пытаннем да вопыту Чэхіі. Размаўляем з Вацлавам Драздом, актывістам, рэдактарам незалежнага анлайн-выдання a2larm.cz, пра працу рэдакцыі, чэшскую «левую сцэну» і самыя гучныя журналісцкія расследаванні.
З кім гутарым?
Вацлаў Дрозд – рэдактар і фандрайзер чэшскага незалежнага анлайн-выдання a2larm.cz. З 2012 года ў грамадскім руху, калі студэнты пачалі пратэставаць супраць неаліберальнай рэформы вышэйшай адукацыі. Тады ва ўсіх студэнцкіх гарадах Чэхіі пачалі з'яўляцца актывісцкія групы. Яны ўсталёўвалі базу каштоўнасцяў і патрабаванняў у асяроддзі да гэтага даволі апалітычным. У руху былі людзі прыкладна 89-га года нараджэння, якія выраслі ў грамадстве з моцным антыкамуністычным і антыпалітычным духам.
Студэнцкія пратэсты прабілі ідэалагічныя бар'еры, захавалі бясплатную адукацыю і запатрабавалі лепшага фінансавання для ўніверсітэтаў. З тых часоў Вацлаў актыўна ўліўся ў дзейнасць чэшскага левага крыла: арганізуе пратэсты і ўдзельнічае ў іх, піша на сацыяльныя і палітычныя тэмы і ўжо год працуе ў a2larm.
«Зараз я сканцэнтраваны на тэкстах пра сацыяльныя праблемы, а таксама актыўна займаюся арганізацыяй. Пры гэтым імкнуся знайсці баланс паміж гэтымі двума падыходамі або стратэгіямі як аднолькава каштоўнымі», – кажа Вацлаў.
Што такое a2larm?
– Сайт a2larm.cz заснавалі ў 2013 годзе як форум друкаванага часопіса A2, які тады выходзіў раз на 2 тыдні. Мы хацелі стаць месцам левых поглядаў, дзе можна выказвацца пра чэшскую і міжнародную палітыку, культуру, быць альтэрнатывай з выразнай крытычнай пазіцыяй да мэйнстрымавых СМІ.
Мы развіліся з субкультурнага праекта ў больш прафесійнае медыя з доўгатэрміновымі даследчымі праектамі, арыгінальнымі рэпартажамі і навінамі. Зараз у месяц у нас каля 80 000 візітаў. Мы стараемся здымаць відэаінтэрв'ю, рабіць прамыя трансляцыі, актыўна весці Facebook і Twitter.
Як уладкаваная праца рэдакцыі?
– Мы знаходзімся ў Празе і дзелім офіс разам з калегамі з друкаванага часопіса A2, але большую частку часу мы працуем з дому або кафэ. Рэдакцыйная планёрка ў нас два разы на тыдзень: у панядзелак анлайн і ў аўторак – у офісе.
Наш галоўны рэдактар Яраслаў Фіяла – гісторык, а большая частка нашай рэдакцыі – эксперты ў галіне сацыяльных ці гуманітарных навук. Карэспандэнтка Апалена Рыхлікава – рэжысёрка дакументальнага кіно. Наша галоўная рэпарцёрка Саша Ухлава – адзіная прафесійная журналістка, у якой ёсць досвед працы ў іншых СМІ.
«Наша роля – быць пасрэднікамі паміж рознымі сацыяльнымі рэаліямі і светамі»
Наш інтэлектуальны бэкграўнд уплывае не толькі на мову, але і на тэмы, з якімі мы працуем. Пры гэтым мы пастаянна вучымся пераадольваць культурныя бар'еры і стараемся быць больш інклюзіўным і зразумелым асяроддзем. Акрамя тэарэтычнай рэфлексіі, мы хацелі б рухацца ў бок палявой журналістыкі. Вядома, гэты падыход больш патрабавальны і дарагі, але ён абавязкова варты таго.
Большасць чэшскіх СМІ знаходзяцца пад кантролем алігархаў, напрыклад Андрэя Бабіша, аднаго з самых багатых людзей у Еўропе, які збіраецца стаць прэм'ер-міністрам. Ён набыў медыягрупу Mafra, выдаўца двух самых прадаваных і самых уплывовых газет краіны MF Dnes і Lidové Noviny. Бізнэсмэн Даніэль Кршэцінскі валодае другім найбуйнейшым медыяцэнтрам – Чэшскім інфармацыйным цэнтрам.
У a2larm няма фінансавых і палітычных сувязяў ні з адным буйным бізнэсам або палітычнай партыяй. Праект фінансуецца донарамі, чытачамі, а таксама грантамі, якія дае Незалежны фонд журналістыкі. Добрая навіна ў тым, што мы не падвяргаемся цэнзуры або аўтарскай самацэнзуры. Як вядома, гэта вялікая праблема ў буйных СМІ, якія кантралююцца капіталам.
Якія тэмы «стрэлілі» сёлета?
– Тэма гэтага года – умовы працы некваліфікаваных і малазабяспечаных работнікаў у чэшскіх кампаніях. У верасні-кастрычніку выходзіла журналісцкае расследаванне Сашы Ухлавай «Героі капіталістычнай працы».
Саша працавала пад выдуманым імем у якасці наёмнага работніка, часовага персаналу на розных пасадах. Некалькі месяцаў яна сачыла за тым, якую рэальную зарплату атрымліваюць супрацоўнікі, ці выконваецца Працоўны кодэкс, слухала гісторыі жыцця людзей, занятых на нізкааплатных працоўных месцах у Чэшскай Рэспубліцы. Пра расследаванне напісалі не толькі лакальныя сродках масавай інфармацыі. Матэрыялы выходзілі і ў некалькіх еўрапейскіх выданнях, уключаючы нямецкі ZDF.
«Рабочыя маўчаць – баяцца страціць нават тую невялікую падушку бяспекі, якая ў іх ёсць»
Акрамя тэмы працы, мы пішам пра жыллёвыя сітуацыі ў Чэшскай Рэспубліцы. Напрыклад, нядаўна выходзіў мой тэкст пра мэра чэшскага горада Кладна, які знізіў жыллёвыя льготы для ўсіх жыхароў, каб вывесці бедных з горада.
Мы публікуем штодзённыя нататкі і аналітычныя матэрыялы пра чэшскую і міжнародную палітыку, навіны і агляды. Змест а2larm вызначае набор базавых каштоўнасцяў, якія падзяляюць уся рэдакцыя і аўтары – акцэнт на сацыяльную, гендарную і эканамічную справядлівасць, антырасізм, антыаўтарытарызм і крытычную пазіцыю для капіталізму.
Якія тэмы рэзануюць больш за ўсё ў Чэхіі?
– Тэмы ўмоў працы або зарплаты. Мы здзівіліся, наколькі моцнай была рэакцыя на расследаванне «Героі капіталістычнай працы». У матэрыялу ўжо больш за 250 000 праглядаў на сайце, і колькасць пастаянна расце. Мы намацалі адчувальнае месца і цяпер шукаем спосаб вырашыць іншыя важныя пытанні, напрыклад умовы працы работнікаў аховы здароўя або сек'юрытызацыі грамадства ў будучыні. Але для вырашэння такіх складаных праблем патрабуецца шмат часу і сіл, таму мы шукаем дадатковае фінансаванне.
Мы прапануем чытачам унесці ўклад і падтрымаць нашу працу. Мы прадстаўляем «інфармацыйную паслугу» розным сацыяльным групам, пра якія менш пішуць іншыя СМІ, напрыклад, квір-кам'юніці. Яшчэ мы спрабуем ахапіць сацыяльныя рухі, асвятляем пратэсты.
A2larm запаўняе лакуны на фоне іншых СМІ. Мы шмат працуем, каб быць пачутымі, і стараемся гаварыць пра такія істотныя праблемы, як сацыяльная неабароненасць і несправядлівасць. Наша роля – быць пасрэднікамі паміж рознымі сацыяльнымі рэаліямі і светамі.
Якая была рэакцыя ўладаў на расследаванне «Героі капіталістычнай працы»?
– Кіраўнік інспекцыі працы Чэшскай рэспублікі даў інтэрв'ю аб выніках праекта. Меркавалася, што на птушкафабрыцы Водзаны, якая, дарэчы, належыць алігарху Андрэю Бабішу, правядуць праверку. Тут зафіксавалі самыя шакавальныя ўмовы працы. Праўда, вынікі пакуль невядомыя. Інспекцыя працы паралізаваная, бедна фінансуецца, у яе недастаткова магчымасцяў для кантролю ўсіх нядобрасумленных кампаній.
Андрэй Бабіш публічна абвінаваціў нашу рэпарцёрку Сашу Ухлаву ў тым, што яна ўвесь час ашуквала. У той час ён сам хлусіў тым жа СМІ пра заробкі ў яго кампаніі. Аднак, нягледзячы на гэты медыйны скандал, яго партыя ўсё адно прайшла ў парламент.
У любым выпадку рэакцыя працоўных важная для нас. Мы ведаем, што яны чытаюць артыкулы і адчуваюць: хтосьці «з Прагі» сапраўды клапоціцца пра іх праблемы. Мы атрымалі электронныя лісты і паведамленні з падзякамі.
Думаю, многія праблемы ў краіне ад расчаравання, бязмоўя і непрызнання. Гэта адна з прычын, чаму людзі галасуюць за правых папулістаў і апартуністаў. Спадзяемся, што мы зможам паўплываць на гэта з дапамогай сацыяльна адказнай і крытычнай журналістыкі.
Што адбываецца з актывісцкім сектарам наогул у Чэхіі?
– Прагучыць банальна: грамадзянская супольнасць падзеленая і фрагментаваная. Розныя сацыяльныя групы з розным прыбыткам і культурным мінулым бачаць рэчы зусім па-рознаму. Паміж імі пашыраецца бездань. Становіцца цяжэй знайсці агульныя інтарэсы. Гаворка і пра неіснуючую салідарнасць, і няздольнасць арганізаваць супрацоўніцтва паміж калегамі на адной фабрыцы ці ў адной і той жа сферы (напрыклад, мастацтве).
Найбольш прыкметны сімптом гэтага паралічу – амаль поўнае падпарадкаванне нізкааплачваемым і бесчалавечным умовам працы. Прафсаюзы ўмацоўваюцца, але ва ўмовах эканамічнага росту амаль няма забастовак. Ёсць вялікі патэнцыял для павышэння зарплаты, але амаль ніхто не рызыкуе і не змагаецца за іх. Рабочыя маўчаць – баяцца страціць нават тую невялікую падушку бяспекі, якая ў іх ёсць. Паміж дарэвалюцыйным аўтарытарным камуністычным рэжымам і постсавецкім капіталізмам ёсць падабенства: пастаянны страх казаць супраць улады.
«Левая сцэна» ў Чэхіі – гэта нашы маленькія выспы, але іх сіла палітычна вельмі нязначная. У нас ёсць аўтаномны сацыяльны цэнтр «Клініка» – эпіцэнтр непарламенцкіх антыаўтарытарных левых. У бліжэйшыя пару тыдняў яго выселіць паліцыя. Група «Ініцыятыва супраць расізму» – адна з найбольш прыкметных актыўных антыкапіталістычных арганізацый, акрамя мясцовага антыфашысцкага і анархісцкага руху. Яны арганізуюць дыскусіі, паказы фільмаў і прамыя дзеянні супраць фашыстаў і расістаў, але за імі няма масавага руху.
«“Левая сцэна” ў Чэхіі – гэта нашы маленькія выспы, але іх сіла палітычна вельмі нязначная»
Пасля апошніх выбараў парламенцкія левыя цалкам рухнулі. Большасць прагрэсіўных партый зялёных атрымалі менш за паўтара адсотка галасоў, а левае крыло сацыял-дэмакратычнай партыі пацярпела паразу. Але найважнейшым прамым дзеяннем у гэтым годзе стаў першы чэшскі кліматычны лагер. Лагер мабілізаваў каля 300 экалагічных і сацыяльных актывістаў, каб блакаваць вугальныя шахты на поўначы Багеміі. У наступным годзе, магчыма, атрымаецца мабілізаваць яшчэ больш людзей і пачаць новы grassroots рух.
Грунтоўна гутарым з актывістам грузінскага грамадскага руху «Белы шум», які намагаецца поўнай дэкрыміналізацыі наркотыкаў у краіне.
Ніка Водвуд – пра тое, як уладкаваны кіберактывізм.
Казахстанскія актывісткі Дыяна Акрэмава і Гульміра Біржанава – пра тое, як змагацца з прапагандай у СМІ.
Як мясцовыя жыхары ў Кіеве ператварылі пустку ў месца для прагулак.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.