Маленькія скверы на месцы пустак – мара гарадскіх актывістаў. Пакуль у Беларусі гараджане змагаюцца з «Зелянбудам», у якога свае ўяўленні аб эстэтыцы гарадскіх зялёных насаджэнняў, у Кіеве экаактывісты аб'ядноўваюць раён вакол уласнаручна створанага саду. Бярэм украінскі досвед на ўзбраенне!
З кім гутарым?
Вольга Закрэўская – фатографка, актывістка, ініцыятарка стварэння скверу. У 2009 адкрыла сваю фотастудыю. Пасля пачала займацца добраўпарадкаваннем зон побач са студыяй і домам. У 2014 заснавала закрытую суполку ў Facebook «Падаляначка», якая стала пляцоўкай для камунікацыі падалян і жыхароў Кіева. У 2015 агучыла ідэю стварэння падольскага грамадскага саду на месцы пусткі.
За што змагаецца?
За тое, каб ператварыць пустку ў адным з самых жывых раёнаў Кіева ў гарадскі сад, які стаў бы месцам адпачынку і сустрэч мясцовых: тут можна вырошчваць кветкі і гародніну, гуляць з дзецьмі, праводзіць лекцыі і вечарынкі ды проста сядзець з кубкам кавы пад дрэвамі.
– Вольга, як наогул з’явілася ідэя аб'яднаць раён?
– Усё пачалося пасля Майдану, калі грамадства было пасіянарным – было гатова да супрацоўніцтва. Да Майдану мы гэтага не ўмелі, ды і не ведалі як, а падчас вайны нам трэба было падтрымліваць той дух, які з'явіўся ў нас усіх на Майдане.
Мы зразумелі важнасць сацыяльных сетак – рэальных сацыяльных сетак сярод мясцовых жыхароў, калі ты ведаеш усіх сваіх суседзяў. На адным з валанцёрскіх праектаў мы пазнаёміліся з маім напарнікам Пашам Калюком. Ён, як і я, жыў на Падоле. Дзякуючы аднаму з праектаў мы разам шмат хадзілі па кватэрах раёна і знаёміліся з людзьмі, якія таксама тут жывуць.
Увосень 2014 гада я стварыла ў Facebook суполку «Падаляначка». Падол – гэта раён, дзе мы жывем. Магчыма, гэта наіўная назва, але нічога іншага мне не прыйшло ў галаву. Для чыноўнікаў гэта, дарэчы, зразумелая гісторыя – падобна да назвы хору, для фэйсбучных скептыкаў – падобна да «падляначкі».
«Не пытацца дазволу, а проста браць і рабіць – гэта ўжо нацыянальная традыцыя. Галоўнае – разбіць намёт, а там паглядзім»
– Чым вылучаецца менавіта гэты раён?
– Падол – гэта той самы жывы раён, які ёсць у кожным мегаполісе. Калі ты прыязджаеш у Нью-Ёрк, Лондан ці Парыж – ты заўважаеш, што там ёсць галоўныя славутасці, а ёсць месцы, дзе людзі жывуць, куды ідуць для душы. Там усё самае цікавае, туды едуць мясцовыя жыхары, каб адпачыць і пагутарыць. Падол – менавіта такі раён. Тут ніколі не спынялася жыццё, нават калі Кіеў быў спалены. Гэта раён гандлю і рамеснікаў. У яго нават было Магдэбургскае права – гэта такі горад у горадзе.
Калі я стварала суполку, вядома, прымалі мы ў яе ўдзельнікаў не па прапісцы. Гэта частка горада, дзе многія людзі адпачываюць, жывуць, працуюць і вучацца, тут шмат сэнсавых пластоў. Тут ёсць Кіева-Магілянская акадэмія, ёсць свая «п’яная міля» з барамі, ёсць куча офісаў, крамаў і маленькіх бізнэсаў. Геаграфічна гэты раён не вельмі вялікі, размяшчаецца паміж ракой і гарой, займае прыкладна дзве станцыі метро.
– Чаго можна дамагчыся праз суполку ў Facebook?
– Суполку ў Facebook мы ў выніку зрабілі закрытай, каб не лезлі боты і палітыкі. Юзэры праходзяць прэмадэрацыю – цяпер гэта некалькі тысяч людзей, якія жывуць у раёне і цікавяцца ім. Суполка хутка сябе зарэкамендавала як менавіта жывая і актыўная.
Ужо ў 2015 годзе ў нас было некалькі кейсаў. Напрыклад, абгарадзілі парк для рэканструкцыі – а старых паркаў на Падоле мала, гэта адна з праблем. З самім паркам усё было добра, ён не меў патрэбы ў рэканструкцыі. Дзякуючы суполцы людзі вельмі хутка аб'ядналіся: плот развалілі, а ў панядзелак на грамадскім абмеркаванні звычайна пустая зала была поўная злымі гараджанамі. Чыноўнікі зразумелі, што цяпер ім прыйдзецца рабіць справаздачу пра тое, што яны робяць.
«Ты проста хочаш жыць па-чалавечы. Проста капацца ў зямлі, не адчуваць сябе быдлам»
Паступова суполка стала вельмі дасведчанай. Людзі дзяліліся парадамі, абмяркоўвалі адно з адным розныя праблемы. Пасля гэтага выпадку я вырашыла агучыць сваю даўнюю ідэю. Падчас падарожжаў я натхнілася грамадскімі садамі і прапанавала стварыць такі сад на пустцы каля метро. Я пагутарыла з суседкай Данай і зразумела, што нас такіх ужо двое. Потым аказалася, што пустка турбуе многіх жыхароў. Гэтая тэрыторыя па міжнароднай дамове здадзеная ў арэнду амбасадзе Расійскай Федэрацыі. Там планавалася будоўля, але мясцовыя былі супраць – і пустка засталася пусткай.
– Як пустка ператварылася ў сад?
– У трэдзе абмеркавання прапанавалі як прыклад Сады прынцэс у Берліне. На нашай пустцы не вельмі добры склад зямлі, нічога не расце, валяецца будаўнічае смецце. Нават калі мы ўсё прыбяром – наўрад ці зможам там пасадзіць дрэвы. У Садах прынцэс былі падобныя ўмовы, і ў выніку самі сады – гэта проста скрыні, расстаўленыя па тэрыторыі такой жа спрэчнай пусткі. Нават калі нешта адбудзецца, іх можна будзе проста ўзяць і забраць з сабою, але ў іх ужо будуць расці гародніна і кветкі.
Скрыні нам падагнала Самаабарона Падола – супольнасць, што склалася падчас Майдану. У будынку, дзе быў іх штаб, у склепе ляжала шмат драўляных скрынь – іх мы і ўзялі. Заставалася знайсці зямлю і расліны, што не было праблемай вясной, і на працягу красавіка мы проста высаджвалі расліны ў мяне ў двары і планавалі сад.
У адзін з выходных мы зладзілі нешта накшталт суботніка. Ідэю я проста напісала ў сябе на старонцы, сябры расшарылі. Я прапанавала акцыю па пасадцы раслін на пустцы і сказала, што патрэбная дапамога. Атрымаўся флэшмоб чалавек на 70: я думала, што працы будзе на месяц па выходных, а справіліся мы за адзін дзень.
– Так з'явіўся сад?
– Так мы заявілі, што гэтая тэрыторыя можа быць паркам. Да нас падключыліся хлопцы з праекта «Піларама». Яны зрабілі вакол вялізнага дрэва, якое там расце, лаўку і невялікую сцэну з паддонаў. Гэта ператварыла парк у публічную прастору – і яна хутка стала запатрабаванай. Так з'явіўся «Самасад».
– Ці ўсё атрымлівалася ў садаводаў-пачаткоўцаў?
– Мы сутыкнуліся з праблемай: не маглі толкам арганізаваць паліў саду ў летнюю спякоту. Мы нават пачалі адмаўляць людзям, якія хацелі рабіць у нас івэнты: падымаўся пыл, у зямлі не было структуры і травяністага покрыва. Цягам 2016 праект быў трохі замарожаны.
Мы рабілі геадэзічныя даследаванні, спрабавалі дамовіцца пра ваду. Я пачала глядзець відэа пра арганічную сельскую гаспадарку, каб зразумець, як працаваць з сухім участкам зямлі. У 2016 мы пазнаёміліся з Ленай Папела, ландшафтнай архітэктаркай. За зіму мы прамалявалі план, які вырашылі рэалізаваць у 2017.
У гэты момант да нас прыйшоў адзін з палітыкаў, які сказаў, што зробіць тут парк. Так пачаўся новы канфлікт, які зноў ускалыхнуў грамадскасць: палітыку далі выспятка пад зад. Гэта была наша ідэя, наша грамадская прастора, і мы не хацелі сюды прыцягваць палітыку. Аднак дзякуючы гэтай нагодзе ў нас засталіся кантакты садовага цэнтра, які прадаў нам расліны з вялікай зніжкай.
– Як да грамадскага сквера ставіліся ўлады?
– Улады былі настроеныя добразычліва: яны бачылі, як мы носімся з гэтым садам. Афіцыйна тэрыторыя ў арэндзе, і мясцовыя ўлады не маюць права нешта там мяняць. А наогул гэта, вядома, такі наш садовы сквот.
Мы не пыталі ніякіх афіцыйных дазволаў для саду. У нас ёсць багаты вопыт не пытацца дазволу, а проста браць і рабіць – гэта ўжо нацыянальная традыцыя. Галоўнае – разбіць намёт, а там паглядзім.
«Я паставіла сабе ўмоўную эмацыйную зарплату: мой сын зробіць свае першыя крокі па траве ў "Самасадзе"»
– Ці вырашылася праблема з сухой зямлёй на пустцы?
– Мы высадзілі дрэвы. Скрыні падабаліся не ўсім жыхарам: пачаліся праблемы з пацукамі. Мясцовая адміністрацыя замяніла шэсць смеццевых скрыняў на дзве падземныя – у іх якраз пачаўся праект па ўкараненні падземных бакаў. Яны ж дапамаглі нам вывесці ваду на суседняй тэрыторыі. Такім чынам мы вырашылі нашу самую вялікую праблему, бо мы да гэтага часу высадзілі ўжо 40 дрэваў і іх трэба было паліваць.
А вось як у нас з'явілася зямля. Аднойчы побач на плошчы праходзіў маркет, і для лаўнж-зоны ў спякоту там разгарнулі 200 метраў газону. Два дні я хадзіла і глядзела на гэта, а потым мой унутраны гаспадарнік не вытрымаў і я папрасіла арганізатараў аддаць нам газон. Мы заслалі яго па-над сухой зямлёй, потым пайшлі дажджы – і самая сухая частка саду за месяц зазелянела. Сталі лепш прыжывацца кусты і дрэвы, у жніўні з'явіліся нават краты – зямля стала жывой.
– Вы супрацоўнічалі з якімі-небудзь экалагічнымі арганізацыямі?
Так, на нас выйшлі 350.org, і ў чэрвені мы разам зрабілі шмат крутых штук за дзень у фармаце флэшмобу: усталявалі сонечныя батарэі, разбілі «разумныя градкі», правялі майстар-класы, вечарыну і кірмаш. Яны былі як добрыя феі, якія займаліся з намі цэлы месяц.
Паступова мы зразумелі, якім важным стаў «Самасад» для будавання супольнасці. Ён робіцца грамадскай прасторай, пляцоўкай для людзей, куды ты можаш прыйсці і нешта ўвасобіць. Тут будуць праходзіць лекцыі і тэатральныя пастаноўкі, тут ужо гуляюць бацькі з дзецьмі, сустракаюцца людзі, проста п'юць каву пад вялікім дрэвам. Калі людзі бачаць, што нешта робіцца, гэта вельмі іх натхняе і павышае якасць жыцця.
Мы спрабавалі размаўляць і з мясцовым бізнэсам, але лепей за ўсё праект працуе на асабістым сацыяльным капітале, на тым, што табе давяраюць. Я загадваю фінансамі і бачу, што ад каго прыходзіць. Грошы ўручаюцца ад знаёмых мне людзей, якія разумеюць, што я за іх адказваю і на глупствы не патрачу.
– Чаму для цябе гэта так важна?
– Дзяцінства я правяла ў дэпрэсіўным спальным раёне. Там было страшна: чалавек чалавеку вораг, ты не ведаеш сваіх суседзяў, баішся свайго дома, цёмных пад'ездаў. На вуліцы толькі вандалізм, а парк – гэта проста абломкі дрэваў. У нейкі момант я ўбачыла, як адзін мужык саджае дрэвы каля нашага дома і ставіць побач шыльдачкі.
Высветлілася, што ў нас у доме жыў такі энтузіяст: з батанічнага сада ён браў насенне і потым высаджваў вакол нашага вялікага 16-павярховіка. Так у нас з'явіўся свой сапраўдны батсад з рознымі відамі раслін. Я тады была школьніцай, і гэта неяк крыху змяніла мой погляд на жыццё. Я зразумела, што можна і так. І што адзін чалавек здольны нешта змяніць.
Людзі могуць рабіць нешта проста так – таму што ў іх ёсць у гэтым патрэба. Гэта тое, чаго не могуць зразумець чыноўнікі, для якіх актывісты – гэта толькі адмыслова нанятыя людзі. У нейкі момант я пачала адкрыта казаць, што займаюся «Самасадам» не за зарплату. Я выйшла са сваёй зоны камфорту, я такі ж лакальны бізнэс, які аддае частку свайго даходу «Самасаду». Стаўленне адразу змяняецца. Усе думаюць: калі чалавек нешта робіць, у яго прыземленая матывацыя. Яна ў нас і праўда прыземленая: ты проста хочаш жыць па-чалавечы. Проста капацца ў зямлі, не адчуваць сябе быдлам. У нас цудоўны горад з добрымі людзьмі, які трэба проста адмыць.
– Як будзе далей развівацца «Самасад»?
– «Самасад» – гэта міні-лабараторыя гарадскога азелянення. Зараз мы распачынаем адукацыйны кірунак. Я фатограф, нічога не разумею ў садоўніцтве і, як прафан, спрабую зразумець, як гэта мусіць быць уладкавана. Як пасадзіць траву, каб яна вырасла? Якія дрэвы выжывуць з улікам гарадской прасторы і змены клімату? Гэта тое, што я планую на наступны год рабіць больш актыўна: увасабляць разумныя спосабы гарадскога азелянення. У нас ёсць тры «разумныя градкі», якія можна ператвараць у парнікі. Вясной ужо можна будзе займацца сапраўдным садоўніцтвам.
Гэтым летам у нас з'явіліся высокія градкі, і ўсё цудоўна вырасла: гарбуз, патысоны, базілік, шалфей, суніцы. Суніцы дасталіся хлопчыку, які кожны дзень цягаў туды бутэльку вады і штодня іх паліваў. Неверагодна кранальны момант быў, калі яго мама замовіла ў мяне фотасесію па іх улюбёных месцах, і адным з гэтых месцаў быў «Самасад», дзе яны палівалі свае суніцы.
– Як змагацца з эмацыйным выгараннем?
– Калі ты ўвязваешся ў такую справу, не трэба думаць, што хтосьці табе дапаможа. Выдатна, калі ёсць напарнік, але трэба разумець, што гэта ўсё адно зона тваёй асабістай адказнасці. Калі ніхто не будзе гэтым займацца – гэта таксама нармальна, ва ўсіх ёсць сваё жыццё. Так на нейкі час адбылося і ў нас, калі не было вады. Мы робім нябачную працу: вядома, дрэвы – гэта добра, але агулам усё яшчэ неяк трэшова выглядае. Гэта як дом пабудаваць. Да шпалер і фіранак яшчэ вельмі далёка.
Я паставіла сабе ўмоўную эмацыйную зарплату: мой сын зробіць свае першыя крокі па траве ў «Самасадзе». Так і адбылося – у мяне ёсць фота, дзе ён тупае па траве. Гэта, здавалася б, звычайнае фота: нейкі пацан ідзе па пустцы, што зарасла пустазельнай травой. А для мяне гэта цуд. Тут было месца, дзе поўзалі пацукі сярод смеццевых бакаў, а чалавечая праца, вера ў ідэю, супольная ініцыятыва зрабілі з гэтага прастору, дзе можна гуляць з дзіцём. Гэта і ёсць мая матывацыя.
Як і чаму пратэстуюць за мяжой – румынскі рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску распавядае пра лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек.
Грунтоўна гутарым з актывістам грузінскага грамадскага руху «Белы шум», які намагаецца поўнай дэкрыміналізацыі наркотыкаў у краіне.
Рэдактар a2larm.cz Вацлаў Дрозд – пра працу рэдакцыі, «левую сцэну» і самыя гучныя журналісцкія расследаванні.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.