Год таму Польшча перажыла «Чорны панядзелак». У выніку грандыёзнай акцыі пратэсту палякам і полькам удалося адстаяць права на ўласны выбар адносна свайго цела і спыніць поўную забарону абортаў у Польшчы. З пратэстаў вырас грамадзянскі рух «Агульнапольскі страйк жанчын». Мы пагутарылі з заснавальніцай руху Мартай Лемпарт пра тое, як пратэсты супраць забароны абортаў сталі паспяховымі, чаму сродкі экстраннай кантрацэпцыі і ЭКА дагэтуль недасяжныя і куды ў рэшце рэшт рухаецца польскае грамадства.
З кім гутарым?
Марта Лемпарт – заснавальніца руху «Агульнапольскі страйк жанчын» (Ogólnopolski Strajk Kobiet). У верасні мінулага года ініцыявала масавыя пратэсты ў сувязі з законам аб забароне абортаў. У выніку 3 кастрычніка 2016 года адбылася грандыёзная акцыя пратэсту «Чорны панядзелак». Больш за сто тысяч палякаў і полек, апранутых у чорнае, выйшлі на вуліцы на маштабныя дэманстрацыі, каб выказаць сваю нязгоду з гэтым законапраектам, патрабуючы яго скасавання.
У Польшчы пратэставалі 150 гарадоў, за мяжой – яшчэ 60. У выніку 6 кастрычніка 2016 года Сейм прыняў рашэнне адхіліць праект закона. Разам з тым удалося спыніць поўную забарону абортаў у Польшчы.
Грамадзянскі рух «Агульнапольскі страйк жанчын» паўстаў з людзей, якія далучыліся да гэтых пратэстаў. 3 кастрычніка 2017 тысячы жанчын у Польшчы выйшлі на акцыі пратэсту «Чорны аўторак» з патрабаваннем змякчыць заканадаўства ў дачыненні да абортаў. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны «Чорнага панядзелка».
За што змагаюцца?
За легалізацыю абортаў, даступнасць сродкаў усіх відаў кантрацэпцыі для ўсіх жанчын і за тое, каб правы, якія тэарэтычна ёсць цяпер, выраўняліся для ўсіх.
– Як распачалася твая ўласная гісторыя з актывізмам?
– Каля пятнаццаці гадоў я працавала з людзьмі з асаблівымі патрэбамі. Потым два гады была сяброўкай Камітэта абароны дэмакратыі. То-бок мая праца пачалася ў прадэмакратычным грамадзянскім руху. Калі праз год працы ў тым руху выявілася, што жанчыны – гэта тая група, якая найбольш цярпела ад палітыкі ўраду, то паўстаў «Агульнапольскі страйк жанчын». Цяпер я актыўна ангажаваная ў Страйк.
– Як выглядала сітуацыя з абортамі ў Польшчы да пратэстаў?
– У Польшчы аборты незаконныя. Ёсць тры выключэнні, калі можна зрабіць аборт. Па-першае, калі існуе пагроза жыццю ці здароўю жанчыны. Па-другое, калі цяжарнасць зʼяўляецца вынікам злачынства, інцэсту або гвалту. І па-трэцяе, калі плод не здольны да жыцця ці мае дэфекты, несумяшчальныя з жыццём.
Легальны дазвол на аборт атрымаць цяжка, таму на практыцы нават гэтыя выключэнні і так рэдка выкарыстоўваюцца. Апроч таго, у Польшчы існуе паняцце «агаворка сумлення лекараў» (klauzula sumienia lekarzy). Медыцынскія работнікі могуць проста адмовіцца ад дзеянняў, якія не адпавядаюць іх рэлігійным прынцыпам, то-бок ад абортаў. На ўсходзе Польшчы ёсць цэлыя ваяводствы і лякарні, дзе па гэтай прычыне проста не робяць абортаў.
«За адзін дзень “вялікага збору” мы сабралі 500 тысяч подпісаў за легалізацыю абортаў. Паўмільёна подпісаў за адзін дзень па ўсёй Польшчы!»
Жанчыны робяць аборты ў Польшчы нелегальна або выязджаюць за мяжу. Гэта каштуе каля адной тысячы еўра – цэны ў Польшчы і за мяжою прыблізна аднолькавыя. Перадусім гэта бʼе па кішэнях жанчын з невялікіх мястэчак, якія зарабляюць менш, чым жанчыны з вялікіх гарадоў: узнікае няроўнасць. Так, у пэўных сітуацыях аборт зрабіць можна, але частка людзей абмежаваная ў гэтых правах праз эканамічныя чыннікі.
– «Чорны панядзелак» не быў варшавацэнтрычным: пратэставалі па ўсёй Польшчы. Як удалося ахапіць усю краіну?
– У нас не было іерархічнага падзелу: цэнтр-рэгіёны, таму ніякага цэнтра ў Варшаве не было. Я наогул жыву ў Вроцлаве. Мы з сяброўкамі адтуль дапамагалі людзям з усёй Польшчы зарэгістраваць ініцыятывы. Стваралі спіс гарадоў, дзе актывісткі далучаліся да пратэстаў, падтрымлівалі лакальных арганізатарак.
Мы былі цэнтрам падтрымкі, а не цэнтральным штабам, які дыктуе, што трэба рабіць. У нас няма шэфаў. Магчыма, таму людзі так ахвотна пратэставалі і менавіта таму гэтая формула засталася. Думаю, што гэта таксама прычына поспеху Страйку.
– Як адбывалася арганізацыя «Чорнага панядзелка»?
– У Вроцлаве быў Камітэт, які складаўся з чатырох чалавек. На Facebook я стварыла анкету ў суполцы: людзі адзначалі гарады, у якіх жывуць. У выніку людзі, якія раней не былі актыўныя ў грамадскіх справах, маглі знайсці адна адну ў розных гарадах з дапамогай анкеты.
Апроч таго, у нас быў класны візуал. Знакамітую галаву пратэстаў для плаката зрабіла сяброўка маёй партнёркі, дызайнерка з Варшавы Аляксандра Ясяноўска (Ola Jasionowska). Гэта быў важны сімвал, ён зʼявіўся паўсюль і візуальна аб’яднаў нас. Калі хтосьці арганізоўваў пратэст у сваім мястэчку, то можна было скарыстацца ўжо гатовымі праектамі плакатаў з датамі.
У суполцы з’явіліся дыскусіі: абмяркоўвалі, як пратэставаць і што канкрэтна можна зрабіць. Я сабрала тры галоўныя трэнды, якія вынікалі з дыскусіі, і прапанавала людзям выбар: не ісці на працу, пайсці на пратэст ці арганізаваць яго, або, калі чалавек, напрыклад, працуе лекарам і не можа не ісці на працу, то проста апрануцца ва ўсё чорнае. Кожны мог неяк паўдзельнічаць.
Мы працавалі з медыя, распаўсюджвалі інфармацыю пра пратэст. Галоўная агульнанацыянальная газета Wyborcza напісала пра гэта хіба ў сераду, перад пратэстам. Гэта эфектыўна паўплывала: пачалі далучацца новыя людзі, а не толькі актывісты і актывісткі, якія заўжды ўдзельнічаюць у падобных акцыях. Адзін чалавек адсочваў геаграфію. Калі бачылі, што спіс гарадоў і людзей, якія падтрымліваюць пратэст, расце, гэта мабілізоўвала іншых.
Спрацавала ўсё ў комплексе: прамоцыя, праца з медыя, візуальная ідэнтыфікацыя, захоўванне ўсёй інфармацыі ў адным месцы, канкрэтны агульны мэсэдж і, вядома, фідбэк. Мы збіралі ідэі і прапановы людзей, падсумоўвалі, адказвалі. У суполцы было паўмільёна чалавек – гэта найбуйнейшая суполка ў польскім Facebook.
– Якая твая роля ў руху?
– Медыя часта прадстаўляюць мяне як лідарку. Гэта не зусім так. Я лічу сябе каардынатаркай Камітэта падтрымкі. Спачатку мы змагаліся і папраўлялі назвы, але цяпер проста кажам: «Окей, я лідарка». Так прасцей, бо журналістам патрэбная адна публічная асоба, да якой можна дазваніцца.
Я займаюся зборам грошай. У вялікім горадзе лёгка можна знайсці друкарню, якая бясплатна надрукуе плакаты, а ў малых мястэчках ніхто не дапаможа. Дапамагаем мы.
«Мы, вядома, займаемся жаночымі пытаннямі, але таксама звяртаем увагу і на педафілію ў Касцёле, і на сэксуальную адукацыю»
– Год таму вы атрымалі тое, што хацелі: закон аб забароне абортаў не быў прыняты. У гэтым кастрычніку адбыўся «чорны аўторак» замест леташняга «чорнага панядзелка». Чаму вырашылі пратэставаць зноўку?
– Тады мы пратэставалі, каб не змяняць закон, а ў гэтым годзе мы выступаем за легалізацыю абортаў. Мы ўбачылі, што шмат людзей прагнуць зменаў акурат у гэтым пытанні. Тады мы вырашылі арганізаваць новую акцыю і назвалі яе «вялікі збор». У назве – гульня сэнсаў: па-першае, мы збіраемся, ладзім пікеты і акцыі пратэстаў, а па-другое, збіраем подпісы. Той дзень мы прысвяцілі збору подпісаў за легалізацыю абортаў. Акцыя адбылася ў 100 польскіх гарадах.
Раней, паводле сацапытанняў, найвялікшай была група тых, хто не жадаў ніякіх зменаў, а зараз – наадварот. Цяпер за легалізацыю абортаў выступіла 14 адсоткаў. Можна сказаць, што год мы прысвяцілі таму, каб пазмагацца за легалізацыю абортаў і пакрысе змяніць грамадскую думку. Дзякуючы пратэстам людзі пачалі думаць і схіляцца на наш бок. За адзін дзень «вялікага збору» мы сабралі 500 тысяч подпісаў за легалізацыю абортаў. Паўмільёна подпісаў за адзін дзень па ўсёй Польшчы!
– У гэтай змене грамадскай думкі можна сказаць, што вы змагаецеся з Касцёлам?
– Так, наш рух вельмі антыклерыкальны. Дзякуючы суполцы ў Facebook мы сфармулявалі 4 галоўныя кірункі нашай дзейнасці: рэпрадукцыйныя правы, непрыняцце Касцёлу, гвалт супраць жанчын і эканамічная сітуацыя жанчын.
У Польшчы існуе міф пра тое, што ёсць Польшча А і Польшча Б, усход і захад. Калі паглядзець на нашу мапу пратэстаў, то апынецца, што ніякіх А і Б няма. Другі міф пра тое, што ў маленькіх мястэчках кіруе Касцёл і ніхто не падымае галавы. І гэта няпраўда. Большасць дзяўчат, ангажаваных у пратэсты, з невялікіх гарадоў. І яны ставяцца да рэлігіі нават больш радыкальна, чым жанчыны з буйных гарадоў.
Касцёл увесь час хоча забараніць аборты, таму гэтае супрацьстаянне, напэўна, будзе працягвацца. Многія кажуць, што Касцёл мусіць урэшце адчапіцца ад нас. Мы, вядома, займаемся жаночымі пытаннямі, але таксама звяртаем увагу і на педафілію ў Касцёле, і на сэксуальную адукацыю – усё звязанае адно з адным. Мы, бадай, адзіная арганізацыя ў Польшчы, якая так рэзка выказваецца ў пытанні дзяржава-Касцёл.
– Ты сказала, што адзін з кірункаў вашай дзейнасці – рэпрадукцыйныя правы. Распавядзі пра іх падрабязней. Якая ў вас праграма?
– Мы маем пяць мэсэджаў адносна рэпрадукцыйных правоў. Важным для нас зʼяўляецца апладненне in vitro (ЭКА). Нельга сказаць, што гэтая працэдура недасяжная ў Польшчы, але яна недасяжная з эканамічнага пункту гледжання. Як медыцынская паслуга, ЭКА легальнае, але кошты занадта высокія. Раней гэтую працэдуру фінансавала дзяржава, і яна яшчэ фінансуецца некаторымі мясцовымі адміністрацыямі, але цяпер урад спрабуе забараніць ім фінансаваць ЭКА. Гэта пытанне недасяжнасці не для ўсіх, а толькі для людзей, якія мала зарабляюць. Іншымі словамі, гэта гісторыя пра набыццё правоў.
На жаль, у нашых посткамуністычных краінах мы прызвычаіліся да сітуацыі, калі некаторыя правы прыходзіцца набываць.
Другі важны момант, на якім канцэнтруемся, – перынатальная дапамога. Тут змены акурат заўважныя. Існуе фонд з назвай «Нараджаць па-чалавечы», які гадамі дамагаўся ад польскай сістэмы зменаў у шпіталях, каб увесці стандарты перынатальнай дапамогі. Яны змагаліся за тое, каб да цяжарных жанчын лепей ставіліся ў шпіталях.
«У нашых посткамуністычных краінах мы прызвычаіліся да сітуацыі, калі некаторыя правы прыходзіцца набываць»
Яшчэ два пункты праграмы – легалізацыя абортаў і даступнасць сродкаў кантрацэпцыі для ўсіх жанчын. Вядома, ёсць танныя сродкі, але шмат жанчын маюць такія медыцынскія паказнікі, згодна з якімі яны мусяць ужываць сродкі, якія каштуюць 80-100 злотых ($ 22-28) штомесяц. Мы выступаем за тое, каб існаваў фонд, які б выдаткоўваў грошы на сродкі кантрацэпцыі, як у Вялікабрытаніі, і каб былі цэнтры, дзе можна атрымаць кансультацыю, бясплатныя прэзерватывы і рэцэпты. То-бок мы хочам, каб правы, якія цяпер тэарэтычна ёсць, выраўняліся для ўсіх.
Вядома, мы выступаем і за тое, каб у польскіх жанчын было права на экстранную кантрацэпцыю.
– Ці можна, напрыклад, у Польшчы зараз свабодна, без праблем купіць сродкі экстраннай кантрацэпцыі ў аптэцы?
– Нельга. Па гэтым пытанні ў нас ідзе вялікая дыскусія. Мы даволі нетыповая няўрадавая арганізацыя: мы аб’ядноўваем людзей, якія працуюць на звычайных працах і не зʼяўляюцца грамадскімі актывісткамі ў тыповым разуменні. Гэта моцна ўплывае на мову і на тое, як мы пастулюем нашы прынцыпы, агучваем нашу пазіцыю.
Наша мова даволі спрошчаная. Таму, калі мы гаворым пра сродкі экстраннай кантрацэпцыі, то дэ-юрэ іх можна набыць, але перад гэтым трэба атрымаць рэцэпт. Калі жанчына мала зарабляе і не можа пайсці да лекара з упэўненасцю, што атрымае рэцэпт, то фактычна для яе экстраннай кантрацэпцыі не існуе. Сродак неабходна ўжыць цягам 72 гадзінаў як мага хутчэй, а гэта не тое ж самае, што з’есці таблетку праз адну гадзіну ці праз семдзесят.
Наш мэсэдж такі: мы не кажам, што сродак экстраннай кантрацэпцыі можна купіць з рэцэптам. Мы кажам: таблеткі пасля не існуе. Нам закідваюць: маўляў, не зусім так, таблетка ёсць, але толькі па рэцэпце. Аднак для большасці жанчын гэта азначае, што такіх сродкаў папросту няма. Гэты момант нас моцна адрознівае ад іншых прафесійных рухаў, якія моцна ўзважваюць, што яны кажуць публічна.
Нашыя мэсэджы бʼюць перадусім на эмоцыі. З іншага боку, мы называем рэчы сваймі імёнамі. Калі міністр аховы здароўя кажа, што такія таблеткі шкодныя і ён бы іх не выпісаў, то мы кажам, што нам гэтыя таблеткі забаранілі ўжываць. Ёсць рухі і арганізацыі, якія кажуць пра гэта больш лагодна. Мы кажам спрошчана, эмацыйна, але нас чуюць.
«З мовы пачынаецца ўсё: як кажам, так думаем і дзейнічаем»
– Чаму навучылі пратэсты ўрад? І чаму навучылася Польшча?
– Урад навучыўся, што дзейнічаць трэба малымі крокамі, а не адразу рубіць з пляча. Мы бачым, як гэта працуе: недзе перакрылі фінансаванне, недзе паліцыя прыйшла да нашых дзяўчат. Я таксама маю розныя справы ў судзе. Урад навучыўся ўводзіць нейкія дрэнныя практыкі малымі часткамі. Спачатку палохаюць, пасля адступаюць ад нейкага пытання, потым ізноў вяртаюцца. Гэта надзвычай моцна выцягвае з людзей энергію, калі нешта ўвесь час абмяркоўваецца.
Дэмакратычная частка Польшчы навучылася таму, што правы жанчыны зʼяўляюцца правамі чалавека. Гэта страшная банальнасць, але мы размаўляем пра практычнае вымярэнне.
Яшчэ выявілася, што ў Польшчы шмат класных мужчын з непатрыярхальнымі поглядамі. Польскія мужчыны апынуліся ў вымушанай сітуацыі мець нейкае меркаванне ў пытанні правоў жанчын. І высветлілася, што шмат мужчын думаюць, як і мы. Тут пытанне простае: або ты прымаеш бок урада, які нас ненавідзіць і пагарджае намі, або ты з намі. Мы адкрылі іншы свет мужчын, мужоў, братоў – і гэта класна, бо мы маем падтрымку і на другім флангу.
Адбываюцца вялікія змены ў грамадстве, бо цяпер ніхто з публічных асобаў, палітыкаў не можа адмахнуцца і сказаць: «Ай, правы жанчын – гэта нешта факультатыўнае, неістотнае». Дэмакратычныя актывісты кажуць «грамадзянкі і грамадзяне», хаця можна казаць наўпрост «грамадзяне» – гэта множны лік, і па правілах польскай мовы тут няма памылкі. Але калі кажуць «грамадзянкі і грамадзяне», то робяць рэверанс у наш бок. Выкарыстоўваюць яшчэ і «жыхаркі і жыхары», «жанчыны і мужчыны», «полькі і палякі». З мовы пачынаецца ўсё: як кажам, так думаем і дзейнічаем. Усё мяняецца – і гэта выдатна.
Шматтысячная дэманстрацыя супраць забароны абортаў у Польшчы. Фотасправаздача ад варшаўскага кантрыбутара 34mag.
Калі хочаш даведацца, разарвуць цябе феміністкі ці не, уяві сябе на рэдактарскай пасадзе і зрабі гендарна роўнае медыя.
Якія жаночыя вобразы выкарыстоўваюцца медыя і рэкламай і што з імі не так? Анансуем другую афлайн-сустрэчу ў фармаце 34 Media Days.
Рэдактар a2larm.cz Вацлаў Дрозд – пра працу рэдакцыі, «левую сцэну» і самыя гучныя журналісцкія расследаванні.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.