Рэп падчас вайны

У 2011 годзе ў Сірыі пачалася рэвалюцыя і ператварылася ў бязлітасную вайну. Актывіст і рэпер Мухамед Абу Хаджар змагаўся за свабоду Сірыі і ратаваў сябе ад арыштаў і смерці. Мы пагаварылі з Мухамедам пра тое, што насамрэч адбывалася ў Сірыі, у чым розніца паміж «выгнанцам» і «ўцекачом» і як рэп можа быць формай актывізму.

 

З кiм гутарым?

Мухамед Абу Хаджар – палітычны актывіст, музыка, журналіст, заснавальнік першага сірыйскага рэп-гурта Mazzaj. Нарадзіўся ў Тартусе – прыбярэжным горадзе на поўначы Сірыі. Стварыў міжэтнічную групу супраць рэжыму Асада «Свабодныя людзі з Тартуса», якая арганізавала акцыі пратэсту ў Сірыі. Мухамеда, постмарксіста і атэіста, ва ўзросце 20 гадоў упершыню арыштавалі за музыку, якая крытыкуе рэжым.

Пазней, падчас пратэстаў за свабоду Сірыі, актывіста арыштавалі і адправілі на два месяцы ў турму. Пасля вызвалення Мухамеду прыйшлося бегчы з краіны. З 2014-га ён жыве ў Берліне, працуе каардынатарам праектаў у мясцовым НДА, піша палітычны рэп, арганізуе адукацыйныя івэнты пра падзеі ў Сірыі і заклікае салідарызавацца.

 

Супраць чаго змагаецца?

Супраць інстытуцыянальнага расізму і каланіяльнай традыцыі. Абараняе правы ўцекачоў, «дэкаланізуе» веды пра Сірыю ў Еўропе.

 

 

Пра пратэсты ў Сірыі

Да рэвалюцыі ў Сірыі я і мае аднадумцы, якія прытрымліваліся левых поглядаў, змагаліся за бясплатную адукацыю, даступныя сацыяльныя паслугі і тавары спажывання. У 2011 годзе пачалася рэвалюцыя. Мы пачалі змагацца за свабоду і незалежнасць. Я пратэставаў да 2012 года, пакуль падчас мітынгу мяне не арыштавалі на два месяцы. Мы штодня падвяргаліся катаванням. Я быў сведкам забойства аднаго зняволенага і шмат чуў пра смерць іншых зняволеных. Я не быў упэўнены, што выйду з турмы жывым.

Пасля таго як мяне вызвалілі, я працягнуў расклейваць улёткі на сценах, ініцыяваць пратэсты. Хацелася матываваць людзей удзельнічаць у палітычным жыцці Сірыі і змагацца з рэжымам Асада.

Быць палітычным актывістам у Сірыі – небяспечна. Цябе і тваіх сваякоў могуць арыштаваць у любы момант, адправіць у турму, катаваць.

 

«У паліцыі бацькам адказвалі: “Забудзьцеся пра вашых дзяцей. Ідзіце дадому. Зрабіце іншых, калі не можаце пракантраляваць гэтых”»

 

Пра рэжым Асада

Башар Асад прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе. Тады яму было 34 гады. Згодна з Канстытуцыяй, наступным прэзідэнтам мог быць толькі кандыдат не маладзейшы за 40 гадоў. Як вырашылі гэту праблему? За 4 гадзіны экстранна на фэйкавым рэферэндуме ўнеслі папраўкі ў Канстытуцыю! Чаму фэйкавым? Неабходна было хутка прагаласаваць: «за» ці «супраць». Тых, хто галасаваў «супраць», адразу арыштоўвалі і адпраўлялі ў турму.

Асад абяцаў дэмакратычныя і эканамічныя рэформы, але ўсе яны былі згорнутыя праз год. Як і яго бацька, Башар Асад краў грошы з з дзяржаўнага бюджэту. А ў 2011 годзе падчас пратэстаў ён ужыў сілу супраць мітынгоўцаў, каб застацца пры ўладзе. У некаторых раёнах адмыслова адключалі ваду і электрычнасць. З гэтага і пачалася грамадзянская вайна ў Сірыі.

 

«Актывізм – гэта тое, што адбываецца з людзьмі на вуліцы, а не ў закрытых музычных студыях»


 

Пра тое, што адбываецца ў Сірыі

У Сірыі цяпер тры асноўныя сілы – войскі Асада, узброеная апазіцыя і сілы «Ісламскай дзяржавы». Апазіцыі дапамагае ЗША, а войскам Асада – Расія. Нельга сказаць, што апазіцыя супрацьстаіць Асаду дзеля дэмакратыі. Такія матывы былі спачатку, але цяперашняя апазіцыя радыкалізавалася і разлютавалася. Цяпер гэта пытанне ўлады.

Пасля падзей у Алепа з 2012 па 2016 людзі страцілі надзею. Зараз у Сірыі адбываецца не шмат пратэстаў.

 

 

«Мы спрабуем данесці мэсэдж: мы выгнаннікі, а не ўцекачы»

Пра слоган рэвалюцыі

У сакавіку 2011-га арыштавалі групу школьнікаў, якія малявалі графіці са слоганам егіпецкай рэвалюцыі «Ash-shab yurid isqat an-nizam» («Народ хоча скінуць рэжым»). Рабяты былі не старэйшыя за 15 гадоў, яны яшчэ не вельмі ўсведамлялі, што робяць. Іх арыштоўвалі і катавалі. Бацькі прыходзілі ў мясцовы ўчастак паліцыі за дзецьмі і прасілі: «Вярніце нашых дзяцей. Гэта ж проста дзеці». У паліцыі ім адказвалі: «Забудзьцеся пра іх. Ідзіце дадому. Зрабіце іншых дзяцей, калі не можаце пракантраляваць гэтых».

 

Пра ўцёкі

Увогуле я не хацеў пакідаць Сірыю, але паміраць у турме мне таксама не хацелася. Калі ў ліпені 2012-га па мяне прыйшла паліцыя, я не чакаў затрымання. Аднак я шмыгнуў у сад у піжаме, адтуль перабраўся ў сакрэтную кватэру, і, нарэшце, перабраўся ў Ліван. Потым прыехаў у Рым і паступіў у магістратуру. Я спадзяваўся, што калі скончу яе, рэжым Асада падзе, і я змагу вярнуцца дадому ў Сірыю. Але гэтага не адбылося. Таму праз два гады я з'ехаў з Італіі і атрымаў прытулак у Берліне. Так званы refugee route я не праходзіў.

Каб збегчы з Сірыі за мяжу, неабходная была як мінімум тысяча даляраў. Я ведаю многіх, хто ніколі не збіраў больш за 200 даляраў. Яны да гэтага часу ў Сірыі, не могуць з'ехаць.

 

Пра розніцу азначэнняў

Я не ідэнтыфікую сябе са словам «уцякач». Я называю сябе «выгнанцам». Мы не можам вярнуцца ў нашу краіну з палітычных прычын. Нас выгналі. Я лічу, слова «ўцякач» не ўжываецца да тых, хто стаў ахвярай дыктатуры. У мяне не было выбару. Было толькі дзве опцыі: застацца і памерці ці бегчы з Сірыі. Па сутнасці, гэта гісторыя не пра выбар, а пра выратаванне сябе.

 

 

Пра крызіс Еўропы

Калі я прыехаў у Еўропу, у мяне не было культурнага шоку. Усё ж такі тут не адна культура. Мы касмапалітычныя – у кожнага свая культура. Вядома, мяне шакавала сітуацыя з правамі чалавека ў Еўропе і павага да людзей наогул. Аднак паміж лепшай версіяй Еўропы, якую так старанна прасоўваюць, і рэальнай Еўропай – цэлая бездань. Я жыву ў Еўропе, дзе квітнее дыскрымінацыя і пануе «белы супрэмасізм».

У еўрапейскіх інтэлектуальных колах адмаўляюцца абмяркоўваць канцэпцыю «расы». Кажуць, гэта састарэлае паняцце. Таму мы не можам казаць пра расізм, але мы можам казаць пра каланіяльную традыцыю. Навокал шмат праяваў «белай перавагі». Можна сказаць, што расізм у Германіі прысутнічае на інстытуцыянальным узроўні, палітычным. Гэта такі від расізму, калі людзі кажуць: «Нам тут уцекачы не патрэбныя». Гэта не праславуты refugee crisis, пра які ўсе кажуць, гэта крызіс Еўропы.

Што чулі еўрапейцы пра Сірыю? Што там ідзе вайна. Гэтай веды для еўрапейцаў дастаткова. Але яны не задаюць пытанне, чаму там ідзе вайна і што можна зрабіць, каб вырашыць гэтую праблему.

 

«Я не быў упэўнены, што выйду з турмы жывым»

 

Пра жыццё ў Берліне

Цяпер я жыву ў Берліне. Мы прасоўваем канцэпцыю «інтэлектуальнай рэвалюцыі» і расказваем падрабязна пра тое, што на самой справе адбываецца ў Сірыі апошнія сем гадоў. Мы сустракаемся, каб пагаварыць пра сірыйскую рэвалюцыю і дэкаланізацыю Сірыі. Праводзім адукацыйныя івэнты, ствараем публічную прастору для абмену ідэямі. То-бок мы салідарызуемся з тымі, хто пратэставаў і пратэстуе да гэтага часу ў Сірыі.

 

Пра сутнасць актывізму

Я заўсёды быў музыкам. Але гэта не адзіны від майго актывізму. У музыцы я прайграю толькі маё бачанне і лад палітычнага жыцця. Актывізм – гэта тое, што адбываецца з людзьмі на вуліцы, а не ў закрытых музычных студыях. Я называю сябе актывістам, калі выходжу на вуліцу.

 

 

 

«Я не вярнуся ў Сірыю, пакуль яна несвабодная»

Пра тое, што яднае людзей

Калі сірыйцы выходзяць на вуліцу, то не вельмі разумеюць, што ім рабіць разам: у іх няма вопыту палітычнай барацьбы. Таму яны спяваюць. У Сірыі вы можаце ўбачыць натоўп пратэстуючых, якія спяваюць. Ведайце, што гэта ці не адзінае, што яны ўмеюць рабіць разам. Яны не ведаюць, як уплываць на палітычную сітуацыю, але яны ведаюць, як спяваць разам. Калі вы выходзіце натоўпам на вуліцу, трэба каб вас нешта звязвала. Мастацтва можа злучаць людзей.

 

Пра місію мастацтва

Для мяне місія мастацтва – барацьба. Гэта інструмент супраціву. Спачатку яно можа палохаць людзей або несці страх. А потым аказваецца, што яно спараджае сумнеў і дае ежу для разважанняў. Людзі пачынаюць мысліць крытычна. Мастацтва адлюстроўвае палітычнае жыццё, а рэп можа быць агентам уплыву на грамадскую думку.

 

Пра ўдзел у Берлінскім біенале

Арганізатары Берлінскага біенале ў 2016 годзе прапанавалі мне напісаць і выканаць песню пра ўцекачоў. Гэтая просьба так раззлавала мяне, што я вырашыў выказаць гэтае расчараванне і непаразуменне ў працы «Homeland» у калабарацыі з турэцкім мастаком Халілем Альціндэрам. Ён стварыў відэа, я – музыку. Мы спрабуем данесці мэсэдж: «мы выгнаннікі, а не ўцекачы». У песні ёсць такія словы: «Дом страчаны, дом памёр. І ўсё скончылася».

 

 

Пра ўцекачоў

У Еўропе тады вяліся бурныя дыскусіі пра ўцекачоў. Іх называлі беднымі людзьмі без сваёй краіны. Я выкарыстаў гэты наратыў у працы: наша жыццё пачалося да таго, як мы прыбылі ў Еўропу. Усё, чаго мы хочам, – гэта крыху больш салідарнасці і павагі да нас.

Інтэграцыя мігрантаў – міф. Калі ты стаіш 14 гадзін на холадзе, каб атрымаць дакументы, гэта наўрад ці можна назваць інтэграцыяй. Трэба перастаць хлусіць сабе і думаць, што ўсё так.

 

Пра (не) вяртанне ў Сірыю

Я б вярнуўся ў Сірыю, калі б Асад больш не быў пры ўладзе. Не хачу вяртацца туды, дзе мае дзеці будуць жыць у страху. У нас жа ёсць прыказка: «І сцены маюць вушы». Усё праслухоўваецца. Я не вярнуся ў Сірыю, пакуль яна несвабодная.

 

Фота з асабiстага архiва, з афiцыйнай суполкi Mazzaj у FB