Як абыходзіцца са сваім пашпартам?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 22.05.2019
- 7764
Як кожная важная штука, пашпарт мае ўласцівасць губляцца, псавацца і падводзіць цябе ў самы нязручны момант. Расказваем, што трэба ведаць пра экстранныя сітуацыі, якія тычацца дакумента № 1.
Аднаўляць. Выпраўляйся ў органы правапарадку з дакументам, які пацвярджае тваю асобу. Міліцыя выдасць табе даведку, неабходную для атрымання новага бланка. Помні: даведка дзейнічае адзін месяц.
Потым трэба наведаць пашпартны стол. Туды ты прыходзіш з квітанцыяй аб аплаце дзяржпошліны, чатырма каляровымі фатаграфіямі 4×5 см і дзвюма заявамі: у першай ты распавядаеш, як страціў(-ла) пашпарт, а ў другой просіш выдаць табе новы дакумент. Са зваротам у пашпартны стол рэкамендуем не зацягваць: «даўжнікі» плацяць штраф у памеры ад адной да чатырох базавых велічынь.
Дакумент вырабяць за адзін месяц, але, калі ты спяшаешся, можаш замовіць тэрміновае афармленне: за адну базавую велічыню (25,50 BYN) пашпарт зробяць за два тыдні, за дзве базавыя – за сем дзён (51 BYN).
Калі табе яшчэ няма чатырнаццаці ці ты знаходзішся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, плаціць нічога не трэба. Для астатніх грамадзян Беларусі выраб пашпарта абыдзецца ў адну базавую велічыню (25,50 BYN).
Што рабіць, калі за час стварэння новага пашпарта адшукаўся стары?
Яго варта здаць у органы ўнутраных спраў. Карыстацца такім пашпартам нельга. У крайнім выпадку можаш пакінуць на паліцы і параўноўваць новую фатаграфію са старой – галоўнае, не спрабуй выкарыстоўваць стары пашпарт па прызначэнні.
Новы пашпарт ужо гатовы, але мне патрэбны стары: у ім засталася дзейная віза. Што рабіць?
Пры атрыманні новага пашпарта табе трэба запоўніць заяву і ўказаць прычыну, па якой просіш вярнуць стары дакумент. Тут не павінна ўзнікнуць праблем: гэта нармальная практыка. Пішаш заяву, аддаеш работніку або работніцы стала, у старым пашпарце на кожнай старонцы штампуюць слова «ануляваны» (акрамя патрэбнай табе старонкі) – і гатова.
А што рабіць, калі пашпарт у мяне скралі?
Ісці ў міліцыю і пісаць заяву аб тым, што твой пашпарт скрадзены. Гэта трэба для таго, каб тваім дакументам не скарысталіся для ўзяцця ўмоўнага крэдыту.
Я не губляў(-ла) пашпарт, але хачу яго замяніць. Што трэба рабіць?
Згодна з Указам Прэзідэнта «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь», замяніць пашпарт ты можаш у наступных выпадках:
– калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся (пашпарт прыдатны на працягу дзесяці гадоў);
– пры змене імя, прозвішча або імя па бацьку;
– пры змене полу;
– у выпадку заканчэння аркушаў, прызначаных для розных адзнак;
– пры пашкоджанні пашпарта;
– пры пераездзе ў Беларусь для пастаяннага пражывання;
– калі ты знайшоў(-ла) у сваім пашпарце памылку.
Для замены дакумента спатрэбіцца заява, пасведчанне аб нараджэнні, чатыры каляровыя фатаграфіі 4×5 см, квітанцыя аб выплаце дзяржпошліны і стары пашпарт.
Калі ты змяняеш пашпарт праз шлюб, нараджэнне дзіцяці або смерць жонкі/мужа, неабходна захапіць з сабой адпаведнае пасведчанне.
Аднесці ўсё гэтае дабро трэба ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі.
Я выпадкова надарваў(-ла) пашпарт, памыў(-ла) яго ў пральнай машыне або запэцкаў(-ла) фарбай. Яго трэба мяняць?
Усё залежыць ад узроўню пашкоджанняў. Ключавыя моманты – фота і штампы. Калі пасля мыцця фатаграфія ў тваім пашпарце расцяклася, а штампы сталі нечытэльнымі, дакумент трэба мяняць.
Ірваць старонкі пашпарта не рэкамендуецца: гэта прамы шлях да замены дакумента. Таксама старонкі не трэба «мадыфікаваць» з дапамогай клею або скотчу, такія пашпарты таксама лічацца бракаванымі.
Фарбу ад пашпарта лепш трымаць далей: нават з-за слядоў простага алоўка дакумент могуць палічыць несапраўдным і не прапусціць цябе праз мяжу.
Пра межы: калі ў мяне ёсць віза, але я праліў(-ла) на яе кропельку вады, штамп лічыцца сапраўдным?
Сітуацыя такая: чвэрць штампа расплылася – адкладаеш падарожжа. Але калі дакумент атрымаў нязначныя пашкоджанні, шанцы перасекчы мяжу ёсць: у кожным міжнародным пункце пропуску могуць вывучыць пашпарт у лабараторных умовах. Звычайна такая праверка доўжыцца тры гадзіны (што наўрад ці табе падыдзе), а канчатковае рашэнне па тваім пытанні залежыць ад кантралёра.
Пры гэтым лепшая парада ў такой сітуацыі – схадзіць і замяніць пашпарт, каб зэканоміць сабе нервы і час. Таму што «нязначныя пашкоджанні» – даволі адноснае паняцце. І пашпарт, які табе здаецца цалкам прыглядным, на мяжы выкліча столькі пытанняў, што тваё падарожжа ў Партугалію скончыцца на мяжы з Літвой.
Што рабіць, калі я страціў(-ла) пашпарт за мяжой?
Галоўнае – трымаць сябе ў руках. Спачатку трэба звярнуцца ў паліцыю, затым бегчы ў беларускую амбасаду і афармляць новы дакумент. Гайд з усімі лайфхакамі шукай тут.
Пашпарт можна перадаваць трэцім асобам?
На законных падставах (згодна з Палажэннем «Аб дакументах, якія пацвярджаюць асобу») твой пашпарт можа перавандраваць толькі ў рукі супрацоўнікаў МЗС, прадстаўнікоў памежнай службы і работнікаў праваахоўных органаў. Умоўныя прадаўцы, ахоўнікі і арэндадаўцы павінны вывучаць дакумент з тваіх рук.
Не раім закладваць свой пашпарт: паводле таго ж закона, гэта ўласнасць дзяржавы, таму падобныя дзеянні караюцца штрафам у памеры ад дзвюх да шасці базавых велічынь.
Усе кажуць пра нейкі біяметрычны пашпарт. Што гэта такое?
Гэта пашпарт з тваімі персанальнымі дадзенымі: фатаграфіяй, электроннай лічбавым подпісам і адбіткамі пальцаў. Такі дакумент дазваляе хутчэй праходзіць кантроль на мяжы: па ім ты будзеш выязджаць з краіны, а ўнутраным дакументам будзе ID-карта.
У свеце біяметрычныя пашпарты сталі ўводзіць у канцы нулявых, да Беларусі яны дабраліся ў студзені 2019 года. Трымай падрабязны гайд з усімі дэталямі пра біяметрыю.
Iлюстрацыя by Sheeborshee