Як памяняць імя ці прозвішча?

Думаеш, што імя, як і бацькоў, не выбіраюць? Памыляешся – гэта больш чым рэальна. Чытай наш туторыял пра тое, як памяняць імя ці прозвішча ў пашпарце!

 

Як памяняць імя?

 

Табе мусіць быць больш за 16 гадоў.

Ёсць некалькі прычын для змены імя. Калі цябе называюць інакш, чым запісана ў пасведчанні аб нараджэнні, і ты можаш гэта даказаць. Напрыклад, паказаць запіс у класным журнале (не старонку VK!).

Яшчэ адна падстава для змены імя – іншае імя пры хрышчэнні. Калі цябе хрысцілі як Пятро, а па пашпарце тваё імя – Васіль, і першае імя табе падабаецца больш, то бяры ў царкве даведку аб хрышчэнні і бяжы з ёй у ЗАГС. Асабліва гэта актуальна для каталікоў з рытуалам «бежмавання». Падчас рытуалу можна абраць імя, якое вельмі адрозніваецца ад свецкага. То-бок Аляксандр ці Святлана могуць стаць Юзэфам ці Магдаленай.

Калі бацькі далі табе цяжкавымаўляльнае ці немілагучнае імя, гэта таксама падстава яго памяняць.

Калі дзіцяці няма года, то для змены імя трэба толькі жаданне бацькоў. Дарэчы, памяняць дзіцяці імя ўвогуле без аніякіх складанасцяў магчыма да шасці гадоў.

Калі ты карыстаешся псеўданімам – можаш зрабіць яго сваім афіцыйным імем. Так, напрыклад, зрабіў расійскі спявак Дзіма Білан.

 

Навошта?

Самая мэйнстрымавая прычына для змены прозвішча – шлюб. Традыцыйна нявесты бяруць прозвішчы жаніхоў, у вельмі рэдкіх выпадках пакідаюць падвойныя прозвішчы.

Звычайна мяняюць прозвішча, калі яно не вельмі мілагучнае – Баран, Козел.

У такіх выпадках можна дадаць суфікс, каб зрабіць прозвішча больш выразным. Або абраць прозвішча блізкіх сваякоў – бабулі ці дзядулі.

На жаль, замяніць прозвішча на прыдуманае нельга. Так, вельмі крута было б узяць прозвішча Бонд ці Скайуокер, але беларускае заканадаўства на гэты конт бязлітаснае.

Помні: калі ты мяняеш прозвішча, то твае ўжо народжаныя дзеці застаюцца са старым.

 

Як памяняць імя па бацьку?

Імя па бацьку таксама рухомае. Яго можна змяніць у некаторых выпадках.

Самае відавочнае – замена юрыдычнага бацькі. Напрыклад, твой бацька (не дай бог!) адмовіўся ад цябе, і юрыдычна ім з’яўляецца твой дзед. Натуральна, што імя па бацьку ў цябе таксама зменіцца.

Калі твой бацька памяняў імя, то і табе прыйдзецца памяняць сваё імя па бацьку.

 

Як гэта зрабіць?

Самы першы крок – сабраць усе неабходныя паперы: даведкі і дакументы, якія трэба будзе замяніць.

Спачатку напішы заяву аб сваім жаданні памяняць імя ці прозвішча. Пазнач імя ці прозвішча, якое ты хочаш насіць.  

Не забудзься на два фотаздымкі памерам 30x40.

За ўсё прыйдзецца заплаціць адну базавую (23 BYN).

Гэты пакет дакументаў адпраўляецца ў ЗАГС па месцы рэгістрацыі. Адтуль – у кіраванне юстыцыі аблвыканкама ці – для менчукоў – у Менгарвыканкам.

Праз два месяцы чакання (і гэта максімум) ты будзеш афіцыйна мець тое прозвішча і імя, якое табе хочацца.

У гэты тэрмін твае дакументы будуць правярацца. А што, калі ты раптам злачынец і праз змену імя ці прозвішча хочаш схавацца ад правасуддзя?

Разам з пашпартам памяняць імя ці прозвішча прыйдзецца ва ўсіх дакументах.

 

Калі табе могуць адмовіць?

Калі вырашаць, што прычына для перамены прозвішча недастаткова важная.

Калі ты падазраешся ў злачынстве, знаходзішся ў росшуку альбо маеш не знятую судзімасць.

Адмовяць, калі ў ЗАГСе не будзе копій нейкіх дакументаў. Напрыклад, пасведчання аб нараджэнні ці пасведчання аб шлюбе (калі ты мяняеш прозвішча з-за шлюбу).  

Таксама могуць адмовіць, калі не хапае пэўных дакументаў, – уважліва сачы, каб быў поўны «пакет»!

 

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КАМЕНТАРЫ (4)

Antonina Brodovich | 21.08.2017 16:29

В статье говорится, что одну базовую платить надо, а по факту платишь две за саму операцию по смене имени и ещё одну за внесение изменений в записи актов гражданского состояния (получается в сумме 3 базовые). Информация из белорусского чат-бота в Телеграме https://goo.gl/EZBChA, составленного юристами. Там по шагам расписывается прохождение разных госпроцедур (смену фамилии,получение визы, карты поляка и другие). Может кому пригодится :)

2 0 +2
Вадзім
Вадзім | 2.08.2017 15:36

А як зьмяніць прозвішча ў пашпарце на спраўную лацінку? Маё ніхто ня можа за мяжой прачытаць.

1 0 +1
a.
a. | 31.07.2017 16:05

Асабліва гэта актуальна для каталікоў з рытуалам «бэльжмавання»

https://pl.wikipedia.org/wiki/Bierzmowanie не может звучать как «бэльжмавання», «ль» не нужно

0 0
34mag.net | 31.07.2017 16:48

Дзякуй, выправілі

0 0