Праблема мае некалькі назваў: «партнёрскі гвалт», «хатні гвалт» або «сямейны гвалт». Розніца ў шырыні і плоскасці паняццяў. Гвалт можа быць у стасунках паміж мужчынам і жанчынай, у аднаполых стасунках, у дачыненні да дзяцей або да людзей у гадах.
Адметнай прыкметай гвалту выступае яго паўтаральнасць. Згодна з амерыканскай даследчыцай Ленор Ўолкер, гвалт мае чатыры фазы: нарастанне напругі, інцыдэнт, прымірэнне і спакойны перыяд у адносінах (так званы мядовы месяц). І зноў па коле. Што характэрна, з кожным цыклам гвалт робіцца больш жорсткім, фазы раскаяння і спакою карацейшымі, а фаза напружання – больш дасканалай. Не варта цярпець нават першага выпадку.
Гвалт можа мець фізічную, псіхалагічную, сэксуальную або эканамічную форму. Да фізічнага гвалту адносяцца не толькі збіццё, але і ўтрыманне, удушэнне, апёкі. Псіхалагічнае: абразы, шантаж, пагрозы, маніпуляванне. Сэксуальным гвалтам лічыцца фізічны або на словах прымус да сэксу, праверкі цнатлівасці, жаночае абразанне, інцэст. Пры эканамічнай дыскрымінацыі гвалтаўнік або гвалтаўніца пазбаўляе блізкага чалавека фінансавай свабоды.
Часта гвалт заўважыць цяжка: пачынаецца перыяд сумневу і апраўдання паводзінаў, але калі крыўднік або крыўдніца адчуе смак прыгнёту, выходзіць з сітуацыі будзе цяжэй і з большымі псіхалагічнымі стратамі.
127 краін свету маюць законы аб хатнім гвалце. Моцнае заканадаўства на гэты конт у Бразіліі, ЗША, Францыі, Іспаніі. У Беларусі спецыялізаванага закона аб хатнім гвалце няма.
З 2014 года ў Беларусі дзейнічае закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», але ён вырашае толькі частку праблем, звязаных з прававой падтрымкай. Важна, што ў ім даецца азначэнне хатняму гвалту і акрэсліваюцца члены сям’і: да іх адносяцца не толькі афіцыйныя муж і жонка, але і тыя, з кім ты проста жывеш і вядзеш агульную гаспадарку.
Артыкул 31 закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» прысвечаны абарончаму прадпісанню: пры паўторным гвалтоўным інцыдэнце кампетэнтныя органы могуць адсяліць гвалтаўніка з дома на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Таксама ахвяра можа пераехаць сама, пры гэтым агрэсару будзе забаронена дазнавацца, дзе ахвяра жыве, наведваць яе або яго месцажыхарства, тэлефанаваць ці звязвацца з ёй або ім праз інтэрнэт. У 2018 годзе абвешчана 743 ахоўных прадпісанняў у дачыненні да асоб, якія ўчынілі хатні гвалт.
Пацярпелыя могуць часова размясціцца ў крызісным пакоі. Гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе можна бясплатна пажыць нейкі час. Пры неабходнасці кліентам крызісных пакояў вылучаецца харчаванне і гігіенічныя прыналежнасці. Прадугледжана магчымасць спыніцца тут з дзіцём. Па стане на 1 студзеня 2019 года па ўсёй Беларусі функцыянуюць 132 дзяржаўныя крызісныя пакоі. Поўны спіс па гарадах змешчаны тут.
Можна таксама звярнуцца ў шэлтары недзяржаўных арганізацый. Такія астраўкі бяспекі ёсць у грамадскіх аб’яднаннях «Радзіслава» і «Гендарныя перспектывы». Там жа акажуць псіхалагічную і юрыдычную дапамогу. Некаторыя прытулкі пры неабходнасці могуць дапамагчы з транспартнымі выдаткамі.
Калі мела месца выкарыстанне фізічнай сілы, то неабходна зрабіць медыцынскі агляд. Тут два шляхі: або адразу звярнуцца ў медычную ўстанову, якая апавясціць міліцыю і выдасць даведку з указаннем цялесных пашкоджанняў. Або, калі спачатку ісці ў міліцыю, цябе накіруюць на судмедэкспертызу ў адмысловы медычны цэнтр, дзе такімі выпадкамі якраз і займаюцца. Такія экспертызы робяцца згодна з правіламі Мінздрава, таму стоадсоткава служаць доказамі ў судзе.
Дзейнічаць неабходна аператыўна: злачынствы, звязаныя з гвалтам, маюць тэрмін даўнасці. Адміністратыўны прысуд, які звычайна даюць за збіццё, павінен адбыцца не пазней чым праз два месяцы пасля здарэння.
У выпадку псіхалагічнага гвалту ў Беларусі маюць юрыдычную моц арт 9.3 КоАП РБ «Абраза», арт. 9.2 КоАП «Паклёп» і арт. 186 КК РБ «Пагроза». Каб даказаць віну, трэба збіраць медыйныя доказы: аўдыя-, відэазапісы, гісторыя перапіскі праз смс ці сацсеткі, а таксама паказанні сведак.
8-801-100-8-801 – агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту. На гарачай лініі можна атрымаць псіхалагічныя, юрыдычныя і сацыяльныя кансультацыі штодня з 8 да 20 гадзін, ананімна і канфідэнцыйна. Псіхолаг адказвае на званкі штодня; дадаткова два разы на тыдзень, у аўторак і суботу, на лініі дзяжурыць юрыст. Пацярпелыя могуць даведацца пра падрабязную інфармацыю аб сваіх правах і аб адказнасці агрэсара, а таксама пра тое, якія дзеянні неабходна распачаць, каб абараніць сябе ад хатняга гвалту.
«Гендарныя перспектывы» – грамадскае аб’яднанне, якое займаецца пытаннямі дыскрымінацыі па прыкмеце полу. Гандаль людзьмі, сямейна-бытавы гвалт, дыскрымінацыя на працоўным месцы, сэксуальныя дамаганні – гэта іх тэма. Уваходзіць у буйную міжнародную сетку «Жанчыны супраць гвалту ў Еўропе» (WAVE). На базе арганізацыі працуе прытулак.
«Радзіслава» – грамадскае аб’яднанне, якое стварылі жанчыны, пацярпелыя ад хатняга гвалту. Пры ГА дзейнічае шэлтар. Таксама тут працуюць групы ўзаемадапамогі для асоб з жаночай гендарнай ідэнтыфікацыяй.
Што яшчэ можна зрабіць?
Адзначыць свой траўматычны вопыт, звязаны з гендарным гвалтам, што адбыўся на тэрыторыі Беларусі, на інтэрактыўнай мапе гвалту. Гэта цалкам ананімна і канфідэнцыйна.
Дадаць у закладкі інфармацыйны даведнік «Спыні гвалт», дзе можна азнаёміцца з законамі, даведацца пра месцы прытулку, пачытаць асабістыя гісторыі і агульныя навіны, якія тычацца хатняга
гвалту.
Наведаць заняткі па жаночай самаабароне і асертыўнасці Wen-Do.
Падтрымаць рублём прытулак для жанчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі агрэсараў.
Падпісаць петыцыю за распрацоўку і прыняцце адмысловага закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі.
Падвойнае грамадзянства, пашпарт серыі РР – разбіраемся, як аформіць свае стасункі з нашай краінай, калі ты ўжо адной нагой за мяжой.
Першы блок АЭС у Беларусі плануюць запусціць ужо напрыканцы 2018-га: разбіраемся, як з гэтым жыць.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.