Што рабіць пры інсульце?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 31.07.2018
- 7687
Інсульт – адна з вядучых прычын смяротнасці па ўсім свеце. Развіваецца знянацку, лечыцца доўга і складана. Расказваем, чым небяспечная гэтая хвароба, хто ў групе рызыкі, як яе прадухіліць, распазнаць – і як аказаць першую дапамогу.
Інсульт – гэта вострае (раптоўнае) парушэнне кровазабеспячэння галаўнога мозгу. Наш мозг можа нармальна працаваць, толькі калі праз яго пастаянна ідзе паток крыві – важныя нават самыя дробныя сасуды. Калі паступленне крыві спыняецца, мозг пазбаўляецца кіслароду і іншых важных рэчываў, мазгавая матэрыя пашкоджваецца і з'яўляюцца неўралагічныя сімптомы паразы мозгу.
Пад словам «інсульт» маюць на ўвазе некалькі тыпаў пашкоджанняў мозгу.
Ішэмічны інсульт, інфаркт мозгу. Сасуд закаркоўваецца тромбам або вельмі моцна звужаецца – адбываецца змярцвенне ўчастка мозгу. Гэта прыкладна 70% усіх выпадкаў.
Гемарагічны інсульт – разрыў сасуда і кровазліццё ў мозг.
Так як прычына інсульту – звужэнне, закаркаванне або пашкоджанне артэрый, фактарамі рызыкі становяцца захворванні, якія закранаюць сасуды: атэрасклероз, арытмія, цукровы дыябет, атлусценне, метабалічны сіндром, артэрыяльная гіпертэнзія (падвышаны крывяны ціск).
Калі ёсць хоць бы два з трох фактараў рызыкі (падвышаны ціск, павышанае ўтрыманне цукру ў крыві, падвышанае ўтрыманне ліпідаў у крыві), рызыка інсульту становіцца вышэйшай.
Ад інсультаў пакутуюць і мужчыны, і жанчыны. У жанчын рызыка павышаецца пасля пачатку менапаўзы.
Рызыка інсульту павялічваецца з узростам, але пільнасць трэба захоўваць заўсёды – вядомыя выпадкі інсульту ў людзей, маладзейшых за 30 гадоў.
Па дадзеных СААЗ, у свеце ад ішэмічнай хваробы сэрца і інсультаў штогод паміраюць 15 мільёнаў чалавек.
Інсульт уваходзіць у 10 вядучых прычын смерці ў свеце – гэтая статыстыка застаецца нязменнай апошнія 15 гадоў.
Амаль дзве траціны людзей, у якіх здарыўся інсульт, паміраюць да аказання меддапамогі.
Небяспечна яшчэ і тое, што тыя, хто выжыў пасля інсульту, часта працягваюць жыць ужо з інваліднасцю. Часта ў людзей застаецца паралізаваная канцавіна або палова цела, ім патрэбна дапамога ў самаабслугоўванні і даглядзе.
Як зразумець, што ў чалавека інсульт?
Інсульт развіваецца знянацку і можа хутка прывесці да смерці. Сімптомы такія:
- раптоўная бледнасць;
- слабасць у руцэ або назе (асабліва з аднаго боку цела);
- здранцвенне твару, рукі ці ногі (асабліва з аднаго боку цела);
- заблытанасць маўлення і свядомасці;
- чалавек дрэнна разумее звернутыя да яго словы, з цяжкасцю фармулюе думкі;
- парушэнні гледжання, туман, расфакусіроўка, цяжка глядзець адным ці абодвума вачыма;
- цяжка ісці, галавакружэнне, парушэнне раўнавагі і каардынацыі;
- рэзкі, часты нясцерпны галаўны боль без прычыны;
- страта прытомнасці.
Простыя спосабы праверкі гэтых сімптомаў:
- папрасіць усміхнуцца і высунуць язык (пры інсульце парушаецца сіметрычнасць рыс твару, твар перакрыўлены);
- задаць простае пытанне («Як цябе завуць?»);
- папрасіць падняць дзве рукі адначасова (адны бок цела будзе слухацца горш).
Гэтыя сімптомы могуць слаба выяўляцца і хутка прайсці (на працягу гадзіны). Гэта можа азначаць, што здарылася транзістарная ішэмічная атака (мікраінсульт). Вельмі важна ў гэтым выпадку ўсё роўна тэрмінова звярнуцца да лекара і прайсці абследаванне: вельмі вялікая рызыка інсульту ў людзей, якія перанеслі транзістарную атаку.
Калі сімптомы развіваюцца паступова (пачашчаюцца і ўзмацняюцца галаўныя болі, з'яўляецца галавакружэнне і шум у галаве, зніжаецца памяць і працаздольнасць), гэта можа азначаць недастатковасць кровазабеспячэння мозгу, якая павольна развіваецца. Трэба звярнуцца да лекара і прайсці абследаванне.
Як аказаць першую дапамогу пры інсульце?
Першае і галоўнае правіла – тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, сказаць аб прыкметах інсульту і як мага хутчэй даставіць чалавека ў бальніцу.
Да прыезду хуткай дапамогі трэба даць чалавеку доступ свежага паветра, зняць вопратку, якая яго абмяжоўвае, пакласці ў зручнае становішча, вымераць артэрыяльны ціск.
Ніякіх лекаў даваць не трэба, так як лячэнне ішэмічнага і гемарагічнага інсульту прынцыпова рознае – спачатку лекар павінен вызначыць тып.
Нельга есці і піць (глытальныя мышцы таксама могуць быць паралізаваныя, можна падавіцца).
Калі пацярпелага ванітуе, трэба павярнуць галаву набок, ачысціць рот ад ванітавых мас, праверыць дыханне.
Калі няма пульсу і дыхання, трэба правесці сардэчна-лёгачную рэанімацыю: штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.
Ці ёсць нейкія спосабы прафілактыкі?
СААЗ сцвярджае, што 80% ранніх інфарктаў і інсультаў можна прадухіліць. Калі коратка, то ўся прафілактыка інсульту – гэта падтрыманне сваіх сасудаў, артэрыяльнага ціску і крыві ў здаровым стане. Так, гэта тыя самыя простыя парады, ад якіх так лёгка адмахнуцца. Паўторым іх яшчэ раз.
Не курыць (курэнне – рызыка пашкоджанні сасудаў і павышанага ціску).
Есці досыць гародніны і садавіны (5 порцый, або 400-500 грам, у дзень) і не перабіраць з тлустай, салодкай і салёнай ежай. Соль павялічвае рызыку павышанага ціску (сучасныя рэкамендацыі – не больш за чайную лыжку, або 5 грам, у дзень). Тлустая і салодкая ежа павышае рызыку цукровага дыябету (пры гэтым захворванні таксама пашкоджваюцца сасуды).
Рухацца! Фізічная актыўнасць нармалізуе ціск, абмен рэчываў і павышае дастаўку кіслароду да ўсіх тваіх органаў, уключаючы мозг. Пражытачны мінімум – 30 хвілін шпацыраў у дзень.
Артэрыяльная гіпертэнзія можа працякаць без усялякіх сімптомаў, таму вазьмі за звычку рэгулярна правяраць свой ціск – калі ён павышаны, абавязкова трэба зніжаць яго да нармальных значэнняў.
Нават калі цябе нічога не турбуе, як мінімум раз на год правярай артэрыяльны ціск, узровень цукру ў крыві, узровень ліпідаў у крыві.
Што пачытаць?
Брашура СААЗ аб прафілактыцы інфарктаў і інсультаў.
Статыстычныя дадзеныя і рэкамендацыі прыведзены на падставе матэрыялаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.