Як атрымаць аліменты?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 30.09.2019
- 5777
Аліменты – гэта не міласціна, а цалкам сабе здаровы інструмент фінансавай абароны тых, хто ў сілу абставінаў не можа забяспечыць сябе сам(-а). 34 пакапаўся ў беларускіх кодэксах, каб разабрацца, хто можа прэтэндаваць на аліменты і колькі яму/ёй па законе належыць.
Калі выконваюцца тры ўмовы:
чалавек, які прэтэндуе на аліменты, і чалавек, які патэнцыйна будзе іх плаціць, знаходзяцца ў сямейнай або роднаснай сувязі;
атрымальнік аліментаў аб'ектыўна не здольны забяспечваць сябе самастойна (напрыклад, гэта школьнік або чалавек з ДЦП);
гэтыя персанажы больш не вядуць сумесную гаспадарку.
Дзеці, якія не дасягнулі 18 гадоў, – ад бацькоў.
Непрацаздольныя поўнагадовыя дзеці – ад бацькоў.
Непрацаздольныя бацькі – ад поўнагадовых і працаздольных дзяцей.
Тая ці той з пары, хто займаецца доглядам за агульным дзіцем, – ад былога(-ой) мужа(жонкі). Тут могуць быць розныя варыянты.
Чалавеку да 18-ці, бацька або маці якога зышлі з сям’і, аліменты належаць само сабой, аднак у некаторых выпадках патрэбу ў грошах таксама мае той з бацькоў, хто займаецца яго выхаваннем.
Так, законатворцы разумеюць, што ты не ў сілах зарабіць усе грошы свету, калі прыглядаеш за малым да трох гадоў або выхоўваеш дзіця больш дарослае, але з інваліднасцю.
Калі ваша агульнае дзіця непрацаздольнае, то наогул не важна, колькі яму гадоў. Табе па законе належаць «бонусы на картку» ад другога з бацькоў заўсёды, пакуль ты з вашым дзіцём жывеш і пра яго клапоцішся.
Калі малеча яшчэ не нарадзілася, а бацькі ўжо разбегліся, мама можа атрымліваць аліменты ад таты на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці.
Ты можаш запатрабаваць фінансавую падтрымку мужа ці жонкі, калі станеш непрацаздольным(-ай), а ён ці яна не паспяшаецца дастаць для цябе гаманец (гл. арт. 30 і арт. 40 КоБС РБ). Тут, праўда, усё вырашае суд, і ў выплаце аліментаў лёгка адмовяць, калі твае паводзіны ў шлюбе пададуцца нявартымі. Саліў(-ла) гарбату ці выкідваў(-ла) у акно яе(яго) вопратку? Грошай не чакай.
Цікава, што часам аліменты ад мужа(жонкі) можна атрымліваць і пасля разводу. Праўда, пры ўмове, што непрацаздольнасць наступіла яшчэ да скасавання шлюбу або на працягу аднаго года пасля. Калі муж і жонка пражылі ў шлюбе 10 гадоў, гэты «тэрмін даўнасці» павялічваецца да пяці гадоў.
Як пачаць атрымліваць аліменты?
Дамовіцца з былым(-ой) палюбоўна або падаць у суд.
Дарэчы, добраахвотная выплата аліментаў не пазбаўляе цябе права звярнуцца ў суд, калі дамоўленасці раптам сталі парушацца.
Як выплачваць аліменты дзіцяці добраахвотна?
Арт. 103-6 КоБС прапануе такія варыянты:
штомесяц выплачваць працэнт ад даходу;
рэгулярна плаціць канкрэтную суму (але не ніжэй за 50% бюджэту пражытачнага мінімуму, які ў сярэднім складае 230,91 BYN);
перадаць ва ўласнасць дзіцяці маёмасць;
аднаразова выплаціць суму, якой нашчадку хопіць да паўналецця.
А калі спагнанне адбываецца па рашэнні суда?
Тут варыянтаў усяго два:
– штомесяц выплачваць працэнт ад даходу;
– выплачваць пэўную сумы, кратную базавай велічыні (у верасні 2019-га яна складае 25,5 BYN).
Каб атрымаць аліменты праз суд, прыйдзецца напісаць заяву (узор возьмеш у судзе) і сабраць няхілы пачак дакументаў.
Спатрэбіцца наступнае:
– копія іскавай заявы па ліку зацікаўленых асоб;
– копія пашпарта істца;
– копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці;
– копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу;
– копія пасведчання аб скасаванні шлюбу (гэта толькі ў выпадку, калі шлюб скасоўваўся не судом або вельмі даўно, таму што цяпер калі маюцца непаўналетнія дзеці, то шлюб скасоўваецца выключна судом, а значыць, папросяць
– копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу);
– копія пасведчання аб заключэнні шлюбу (калі спынена вядзенне сумеснай гаспадаркі, але развод не наступіў);
– даведка, аб сумесным пражыванні з дзіцём (яна называецца «Даведка аб месцы жыхарства і складзе сям'і»);
– даведка аб даходах адказчыка (яе можна запытаць праз суд).
Калі выканаўчай уладзе не трэба нейкім чынам дадаткова замарочвацца – напрыклад, усталёўваць бацькоўства або прыцягваць сведак, – то суд пройдзе па лайту, нават без выкліку бакоў.
Што рабіць, калі бацька не лічыць сябе бацькам?
Калі бацькоўства не ўстаноўлена, можна аформіць іск аб устанаўленні бацькоўства і спагнанні аліментаў. Калі адказчык іск у судзе не прызнае, будзе прызначаная генетычная экспертыза. Усе гэтыя працэдуры ідуць праз суд.
А калі ў бацькоўстве ёсць сумневы?
Можна аспрэчыць бацькоўства ў судовым парадку – зноў жа, праз падачу іскавай заявы. Аднак іск прымуць толькі на працягу года з таго моманту, калі бацька-або-не-бацька разведаў нейкую інфармацыю, якая гэтае самае бацькоўства выключае.
Які працэнт ад даходу належыць дзецям?
Адно дзіця – не менш за 25% даходу.
Двое дзяцей – не менш за 33% даходу.
Трое і больш дзяцей – не менш за 50% даходу.
На жаль, гэта здараецца, асабліва калі чалавек працуе за мяжой. Напрыклад, гора-татка працуе ў Расійскай Федэрацыі, хавае свой даход і кажа, што не працуе наогул. У гэтым выпадку можна зрабіць запыт у падатковую РФ.
Наогул чым больш у цябе інфармацыі аб утойванні прыбытку, тым лепш. Калі справа па аліментах знаходзіцца ў судзе, можна звярнуцца да суддзі з хадайніцтвам аб выпатрабаванні дадатковых дакументаў. Але, хутчэй за ўсё, без дапамогі добрага профільнага адваката тут не абысціся.
Нават у гэтым выпадку прэтэндаваць на аліменты можна. Памеры такія:
– адно дзіця – не менш за 50% бюджэту пражытачнага мінімуму;
– двое дзяцей – не менш за 75% БПМ;
– трое дзяцей – не менш за 100% БПМ.
Так. Калі ў твайго(-ёй) былога(-ой) ёсць іншыя дзеці і пасля выплаты аліментаў іх жыццё становіцца не самым камфортным.
У выключных выпадках суд можа ўрэзаць аліменты, што спаганяюцца з чалавека, які аб'ектыўна не здольны столькі здабыць. І наогул вызваліць ад аліментаў бацьку з інваліднасцю I або II групы.
Як быць, калі грошы не прыходзяць?
Прыстрашыць Крымінальным кодэксам. Калі былы(-ая) муж(жонка) «забывае» пра аліменты хоць бы тры месяцы на год (і не абавязкова тры месяцы запар), то гэта ўжо артыкул 174 КК «Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей».
Пакараць неплацельшчыка могуць, напрыклад, грамадскімі ці выпраўленчымі працамі. Сярод санкцый таксама абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў і паўнавартасная «пасадка» – на тэрмін да года.
Схема дзеянняў такая: ідзеш у бліжэйшы РАУС і пішаш заяву (у адвольнай форме) аб правядзенні праверкі па факце нявыплаты аліментаў.
Як быць, калі дзіцяці патрэбная рэабілітацыя, якую аліменты не пакрываюць?
Ты маеш права звярнуцца ў суд. Арт. 96 КоБС кажа нам: «Бацькі, якія выплачваюць аліменты на непаўналетніх дзяцей, могуць быць прыцягнутыя ў судовым парадку да ўдзелу ў дадатковых выдатках, выкліканых выключнымі абставінамі (захворванне дзіцяці і да т.п.)». Важна разумець, што выключныя абставіны – гэта рэальна форс-мажор, а не пра ежу, вопратку ці асадкі-сшыткі.
Суд можа абавязаць былога(-ую) паўдзельнічаць у пакрыцці выдаткаў на лячэнне або рэабілітацыю. Але будзь гатовы(-ая) паказаць чэкі, даведкі ад лекараў і ўсё іншае, што апісвае «выключныя абставіны».
Дзякуем юрыстцы Ірыне Базылевай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
Ілюстрацыя by Sheeborshee