Для выпуснікоў-бюджэтнікаў набліжаецца фенаменальны этап жыцця – размеркаванне. Чаму ўсе бягуць ад яго, як чорт ад ладану, і ці можна як-небудзь гэтага пазбегнуць – пра ўсе нюансы і хібы адпрацоўкі чытай у новым выпуску «Працэсу».
Што такое размеркаванне і навошта яно?
Размеркаванне – гэта накіраванне выпускніка-бюджэтніка на працу цягам аднаго ці двух гадоў, у залежнасці ад месца навучання.
Згодна з Кодэксам аб адукацыі, галоўная мэта размеркавання – сацыяльная абарона выпускнікоў і заахвочванне патрэб эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах.
Дарэчы, размяркоўваюць не толькі бюджэтнікаў. Калі ты платнік і не можаш знайсці сабе месца працы, то можна звярнуцца да ўнівера з просьбай размеркаваць і цябе. Тваю просьбу заахвоцяць, калі будуць вольныя заяўкі.
Што ўплывае на размеркаванне?
Не мае ніякага значэння, дзе ты вучыўся(-лася): у каледжы, універсітэце, Менску ці рэгіянальным горадзе. Адзінае, што сапраўды важна, – гэта спецыяльнасць і той, хто працуе на тваім факультэце.
Але ёсць пэўныя заканамернасці. Для медыкаў ці педагогаў заўсёды ёсць заяўкі і, часцей за ўсё, у рэгіёнах.
Калі ты рыхтуешся атрымаць дыплом юрыста альбо лагіста, то тут сітуацыя больш складаная. Не заўсёды ўніверсітэт можа прапанаваць усім выпускнікам-бюджэтнікам неабходную колькасць месцаў. У такіх выпадках адміністрацыя больш схільная заахвочваць заяўкі, якія прыносяць самі студэнты.
Куды можна размеркавацца?
Размеркавацца можна да любой юрыдычнай асобы ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. Не мае значэння, прыватная гэта арганізацыя ці дзяржаўная.
Праўда, існуе неафіцыйная градацыя ўстаноў для размеркавання. Перш-наперш ідзе базавая арганізацыя – арганізацыя, з якой у ўнівера заключаная дамова аб супрацоўніцтве. Потым заахвочваюцца заяўкі ад дзяржаўных арганізацый, прыватных і некамерцыйных устаноў і толькі ў апошнюю чаргу ад індывідуальных прадпрымальнікаў.
Ты можаш размеркавацца да любога індывідуальнага прадпрымальніка, акрамя сябе. Справа ў тым, што іпэшнікі не могуць самі з сабой заключыць працоўную дамову, якая патрабуецца для размеркавання, – трэба працаўладкавацца.
Ці магу я звольніцца?
Калі ты вырашыш самастойна звольніцца і падстава для звальнення будзе абраная няправільна, то прыйдзецца выплаціць універсітэту кошт свайго навучання.
Аднак можна смела звальняцца, калі твой працадаўца парушае працоўнае заканадаўства, напрыклад не выплачвае заробак. Праўда, для гэтага трэба пацвердзіць факт парушэння. І помні: падчас размеркавання працадаўца не можа цябе звольніць па сваёй ініцыятыве.
Калі цябе скарацілі ці твая арганізацыя больш не існуе, то прыйдзецца звярнуцца ва ўніверсітэт для пераразмеркавання. Калі для цябе не знойдуць іншае месца, то выдадуць свабодны дыплом.
Чым адрозніваецца размеркаванне ад мэтавага накіравання?
Па-першае, ты мусіш адпрацаваць на прадпрыемстве, з якім ты і твой універ заключылі дамову. Напрыклад, перад паступленнем на перакладчыка ты падпісваеш з роднай школай пагадненне, што пасля сканчэння навучання ты будзеш працаваць у іх настаўнікам(-цай) замежнай мовы. Пасля атрымання дыплома ты мусіш туды вярнуцца.
Па-другое, гэтыя паняцці адрозніваюцца тэрмінам дзейнасці. Калі працаваць па размеркаванні прыйдзецца год ці два, то па мэтавым накіраванні – аж пяць гадоў.
Па-трэцяе, мэтавае накіраванне гарантуе табе бясплатнае навучанне і пастаянную стыпендыю, але «адмазацца» ад адпрацоўкі ці памяняць месца амаль нерэальна.
Можна пайсці вучыцца далей?
Так, але размеркавання не пазбегнуць. Яно проста пераносіцца той час, калі ты скончыш наступную ступень. Нават пасля аспірантуры прыйдзецца адпрацоўваць.
Умовы наступныя: ты мусіш паступіць у год выпуску на больш высокую ступень адукацыі (пасля каледжа – у ВНУ на бакалаўрыят, пасля ВНУ – у магістратуру і г.д.), на бюджэтную і дзённую форму навучання, а таксама абавязкова навучацца ў Беларусі.
Ці вызваляе ад размеркавання шлюб?
Не. Але шлюб дазваляе размеркавацца па месцы працы ці жыхарства свайго мужа ці жонкі. З адным удакладненнем: толькі пры наяўнай магчымасці.
Розныя ВНУ тлумачаць гэтае ўдакладненне па-рознаму. Калі няма заявак з месца жыхарства ці працы мужа ці жонкі, некаторыя ВНУ выдаюць свабодны дыплом, але хтосьці накіроўвае на працу ў іншае месца, адкуль ёсць заяўкі.
Цяжарнасць і войска
Перыяд твайго дэкрэту залічваецца за размеркаванне. Размеркаванне не ратуе ад службы ў войску. Як і ў выпадку з дэкрэтам, гэты перыяд можа быць залічаны за размеркаванне.
Калі працадаўца здолее даказаць, што ты спецыяліст «на мільён» і без цябе ніяк, то можаш патрапіць у рэзерв. У такім выпадку трэба будзе некалькі разоў на год прыязджаць на два тыдні на зборы, а не жыць год у казарме ды мясіць ботамі бруд.
Галоўнае пытанне: ці можна неяк адкасіць?
Варыянтаў няшмат. Але калі перспектыва з’ездзіць на два гады на рэзорт у беларускую глыбінку калашмаціць усе твае жыццёвыя планы, дзейнічай рашуча. Напрыклад, ты можаш адлічыцца або проста перастаць хадзіць ва ўнівер. Так, дыплом ты не атрымаеш, але і глядзець вечарамі са смуткам на фоткі з сяброўскіх тусовак не прыйдзецца. Аднавіцца потым можна, але лапы размеркавання абдымуць цябе з ранейшай сілай.
Пра цяжарнасць, войска, вучобу ў магістратуры мы ўжо распавялі вышэй. Яшчэ адна стратэгія – пайсці служыць у праваахоўныя органы. Пакінем гэты варыянт на тваім сумленні.
Ну і, канешне, заўжды можна адмовіцца ад адпрацоўкі і заплаціць за ўсе «залатыя» гады вучобы. Калі ты з 3-га курса дыстанцыйна распрацоўваеш функцыянал новай версіі Spotify і спакойна можаш адбашляць свайму дарагому ўніверу, чаму б не? Толькі плаціць трэба больш, чым за платную форму навучання. Напрыклад, студэнты, якія паступілі ў БДУ ў 2016-м, калі адмовяцца ад размеркавання, павінны будуць выплаціць каля BYN 25 000.
Пераразмеркаванне
Калі няма аніякіх сіл працаваць на дакучлівай і банальнай працы, а раптам паступіла прапанова ад фірмы мары, ты можаш пераразмеркавацца (нашая кантрыбутарка нават зрабіла аўдыядакументалку пра гэта). Галоўнае – атрымаць дазвол ад першага працадаўцы.
Потым трэба звярнуцца ва ўніверсітэцкі аддзел кадраў ці іншую ўстанову, якая займаецца пытаннямі размеркавання, і аформіць там неабходныя дакументы.
У выніку ты атрымаеш накіраванне на перавод да іншага наймальніка (без яго ні ў якім разе нельга звальняцца!). І ўжо тады са спакойнай душой можаш уладкоўвацца на абранае месца працы.
Свабодны дыплом
Cвабодны дыплом – гэта даведка аб свабодным працаўладкаванні, якая фактычна вызваляе цябе ад размеркавання.
ВНУ мусіць выдаць свабодны дыплом, калі не можа забяспечыць выпускнікоў месцамі для размеркавання, згода з заканадаўствам. Аднак ёсць важнае «але»: чым больш выдаецца свабодных дыпломаў, тым больш гэта сведчыць пра незапатрабаванасць спецыяльнасці на рынку працы, і яе могуць закрыць.
Таму ВНУ пачынаюць ціснуць на студэнтаў і патрабаваць, каб яны самі шукалі сабе месца для размеркавання. Але забяспечыць цябе месцам працы – гэта абавязак самога ВНУ, а не студэнта. Не трэба шукаць абы-якую працу: калі ўніверсітэт не можа прапанаваць табе заяўку, то ён мусіць выдаць свабодны дыплом.
Ці ёсць такое за мяжой?
Беларускія чыноўнікі часта кажуць пра замежны вопыт, але насамрэч само паняцце размеркавання ўзнікла менавіта ў Расійскай імперыі і шырока выкарыстоўвалася ў Савецкім Саюзе. У заходніх краінах – США, Брытаніі, Канадзе, Германіі – актыўна выкарыстоўваецца адукацыйны крэдыт, які потым адпрацоўваецца ў кампаніі, якая табе яго выдзеліла. Але ў гэтым выпадку, як і з мэтавым накіраваннем, ты свядома ідзеш на гэты крок.
Калі размеркаванне яшчэ не напаткала цябе, чытай інфармацыю пра правы студэнтаў і як за іх змагацца.
Дзякуем за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу экспертцы праграмы «Размеркаванне БАСС» Хрысціне Мурашовай.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Тлумачым, як працуе пагадненне аб невыдаванні і чым табе пагражае яго парушэнне.
Успамінаем правілы руху на ровары і падтрымліваем зняволеных удзельнікаў «Крытычнай масы».
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (6)
Падкажыце, калi ласка, а цi ёсць магчымасць працягваць вучобу, напрыклад, у магiстратуры за мяжой? Альбо гэта можна зрабiць толькi пасля адпрацоўкi?
Прагледзела, здаецца, увесь Iнтэрнэт, а так адказу i не знайшла
Можна яшчэ зваліць за мяжу. Лепш за ўсё ў Эуразвяз.
Столько ляпов и ошибок в этих советах!
Распределяться к ИП НЕЛЬЗЯ!
Если нет заявок с места жительства/работы мужа/жены - только свободный диплом!
Вместо распределения пойти служить в органы нельзя.
І падрыхтоў'ка' туды ж.
Такі ты ўжо яйкабой!
Чаму ў вас размеркав'анне', накірав'анне' і адпрацоў'ка' у адным тэксце? Гэта назоўнікі, якія азначаюць дзеянне паводле дзеяслова, чаму такі разнабой? Глядзіце цераз акуляры расейшчыны?