Падаткі ў Беларусі — балючая тэма. То за беспрацоўе трэба плаціць, то за закупы на AliExpress. Разбіраемся, што гэта такое, каму гэта патрэбна і ці з’яўляюцца падаткі крадзяжом.
Падатак – гэта плата грамадзян за карыстанне рознымі дзяржаўнымі паслугамі.
З падаткаў у асноўным утвараецца бюджэт краіны. Мы плацім падаткі часцей, чым раз на месяц, калі атрымліваем зарплату (афіцыйную!). Напрыклад, той жа ПДВ (падатак на дададзеную вартасць) ці акцызы на алкаголь, паліва, цыгарэты – гэты падатак ужываецца да тавараў, якія шкодзяць здароўю ці экалогіі.
Пошліна – гэта збор, які з цябе бяруць дзяржаўныя органы за аказанне паслуг. Напрыклад, за жаданне пабрацца шлюбам трэба заплаціць як мінімум 1 базавую.
Разводы, замена пашпарта, суды і нават «суткі» таксама абкладаюцца пошлінамі. Усё проста: дзяржава, а дакладней — супрацоўнікі дзяржаўных службаў аказваюць табе паслугі.
Мытная пошліна збіраецца з тавараў, якія ўвозяцца з-за мяжы. Да іх належыць і скандальны падатак на пасылкі з AliExpress.
Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія і Кыргызстан утвараюць эканамічны саюз — ЕАЭС. Паміж гэтымі краінамі аніякіх пошлін не існуе (так, таму мы нядорага прадаем малако ў Расію). Але ў той жа час гэта значыць, што ў межах ЕАЭС дзейнічаюць адзіныя пошлінныя тарыфы.
Беларусы з-за Мытневага саюзу ЕАЭС хутчэй страцілі: на некаторыя тавары для нас пошліны выраслі, бо яны ў Расіі былі вышэйшыя.
Стаўкі на ўвоз ці вываз тавараў можаш прачэкаць на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Ці ў нашым матэрыяле.
Каб аплачваць само існаванне дзяржавы. Дзяржаўны бюджэт фармуецца за кошт падаткаў: падаходны, на дадатковую вартасць, акцызы, на прыбытак і шмат іншых. Праз падаткі аплачваюцца сацыяльныя паслугі і льготы.
За кошт падаткаў дзяржава ажыццяўляе welfare – «сацыялку». Гэта адукацыя, ахова здароўя, стыпендыі, падтрымка беспрацоўных, дэкрэтныя грошы, ільготы.
Менавіта на кожны месяц ад твайго заробку адлічваецца ўнёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Праз яго збіраюцца грошы на сацыяльныя выплаты: сацыяльная дапамога, ЖКГ, пенсіі, а таксама заробкі супрацоўнікаў гэтых галін.
Ахова парадку таксама фінансуецца грамадзянамі: войска, міліцыя, суды. Ты аплачваеш і працу чыноўнікаў на ўсіх узроўнях: ад сакратара(-кі) гарвыканкама да міністра і прэзідэнта.
У Беларусі падаткаплацельшчыкі яшчэ аплачваюць і падтрымку дзяржаўных прадпрыемстваў праз датацыі з бюджэту. То-бок мы ўсе скідваемся на тое, каб чарговы неэфектыўны завод працягваў сваё існаванне. Так, гэта заробкі людзей, але наколькі эфектыўная іх праца — асобнае пытанне.
У апошнія гады з’явіўся яшчэ адзін шлях размеркавання падаткаў: гэта выплаты па знешніх пазыках Беларусі. Урад набраў пазык на 43 мільёны рублёў, а вяртаць іх прыходзіцца з дзяржаўнага бюджэту.
Усе, што аплачваецца за кошт сродкаў бюджэту, нават твая вучоба на бюджэце ва ўніверы, па факце фінансуецца за кошт падаткаў.
Давай падлічым. Напрыклад, твой заробак да выплаты падаткаў — 763,8 BYN. З тваёй зарплаты аўтаматычна вылічваецца 13% падаходнага падатку і 1% у ФСАН. І застаецца ўжо 656,9 BYN.
Для прадпрыемства ФСАН большы — 34%. Але прадпрыемства выплачвае гэтыя грошы асобна. Раз на месяц прадпрыемства выплачвае ў ФСАН 34% падатку з усіх заробкаў (да налічэння) сваіх супрацоўнікаў.
Кожны пачак цыгарэт, кожны літр паліва, кожны куфаль піва таксама спрыяюць папаўненню дзяржаўнага бюджэту за кошт так званых акцызаў. На сайце Міністэрства па падатках і зборах можна зірнуць, колькі зараз складаюць акцызы на розныя віды тавараў. Праз калькулятар праекта «Кошт урада» можна падлічыць, колькі падаткаў ты штомесячна марнуеш на розныя забаўкі.
Калі мы набываем тавар у краме, мы аплачваем і падатак на дадатковую вартасць. Гандлёвыя сеткі мусяць плаціць падатак у 20% за тое, што прадаюць тавар з нацэнкай. Яны ўкручваюць гэты падатак у канчатковы кошт тавару. Такая схема завецца «перакідванне падатковага цяжару».
Выраз «Беларусь — краіна падаткаў» — гэта ўжо мем. І вось чаму. Напэўна, самы гучны падатак у Беларусі — славуты дэкрэт №3, у народзе — «Закон аб дармаедстве». У адпаведнасці з ім усе, хто не працуе без паважнай на тое прычыны на працягу 6 месяцаў, мусяць выплаціць дзяржаве 360 рублёў. Гэтае back to USSR стала штуршком для шматлікіх пратэстаў вясной 2017 года.
У Беларусі трэба плаціць падатак па даходах па дэпазітах. Маеш дэпазіт у беларускіх рублях на тэрмін да 1 года ці ў валюце да 2 гадоў — плаці падаходны падатак.
Таксама падаходны падатак трэба плаціць і тым, хто браў грошы ў пазыку.
З 2017 года ў Беларусі бяруць ПДВ за продаж мабільных прыладаў ды анлайн-гульняў. Ёсць і ў Беларусі свой «курортны збор». Але не, гэта не пра адпачынак на пляжы ці экскурсіі па старажытных гарадах. Гэты падатак распаўсюджваецца на тых, хто адпачывае ў беларускіх санаторыях.
Маеш сабачку — плаці падатак. Ён залежыць ад памераў твайго «бобіка». Зусім маленькі — 0,5 базавых, 40-70 см у карку — 1 базавая, ад 70 см — 1,5 базавых. З усіх іншых жывёл падатак плаціць не трэба.
Працэс размеркавання дзяржаўных грошай завецца складаным словазлучэннем «бюджэтны працэс». Галоўны складнік у гэтым працэсе — Міністэрства фінансаў.
Акрамя Мінфіна, планаваннем выдаткаў бюджэту займаюцца выканкамы. Яны на год наперад плануюць свой бюджэт і падаюць заяўкі ў Мінфін. Пасля Мінфін падае бюджэт на ўзгадненне ў Парламент. Наступны этап — подпіс прэзідэнта. Дарэчы, толькі загады прэзідэнта могуць карэктаваць бюджэт. Страшэннае Міністэрства па падатках і зборах толькі збірае падаткі.
Памер падаткаў залежыць ад колькасці сацыяльных паслуг, якія даюцца дзяржавай. Напрыклад, у Даніі падатковы цяжар лічыцца найвялікшым у свеце. Галоўны прынцып дацкай падатковай сістэмы: чым больш ты зарабляеш, тым больш плаціш падаткаў.
Самыя багатыя датчане плацяць 58%. «Сярэдні клас» аддае 30% свайго даходу на карысць дзяржаве. Самыя бедныя (чый сярэдні даход у эквіваленце 8 тысяч даляраў) не плацяць падаходны падатак зусім.
Па некаторых дадзеных, прыкладна 50% бюджэту Даніі фармуецца толькі за кошт падатку на даход.
Памер ПДВ у Даніі ў два разы большы за беларускі — 25%, а аналаг ФСЗН — 8% супраць беларускага 1%.
У Даніі ўсе ганяюць на роварах з-за гіганцкіх пошлін на аўтамабілі. Набыць тачку ў Капенгагене будзе каштаваць 25 тысяч еўра, у той жа час, калі, напрыклад, у Гамбургу ты за яе аддасі толькі 10 тысяч.
У сярэднім датчане выдаткоўваюць прыкладна 46% сваіх прыбыткаў на падаткі. Пры гэтым у Даніі цалкам бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя не толькі для датчан, але і для грамадзян ЕС, вялікая дапамога беспрацоўным, немаленькія дэкрэтныя выплаты і шмат яшчэ розных плюшак. У ЗША падаходны падатак, як і ў Даніі, залежыць ад узроўню твайго даходу і сямейнага становішча. Калі гадавы даход сям’і складае 36,9 тысяч даляраў, прыйдзецца плаціць 15% падатку. Калі сям’я зарабляе больш за 250 тысяч даляраў у год, то падатак ужо складае 39,6%. Праз падаткі ўрад ЗША стымулюе развіццё прадпрымальніцтва. Для прадпрымальнікаў у Штатах дзейнічаюць ільготы.
На жаль, свет без падаткаў застаецца толькі лібертарыянскай утопіяй. Бізнэс не ў стане замяніць дзяржаву, бо яго галоўная функцыя — заробак грошай. Яму няма сэнсу сістэматычна займацца тым, што прыбытак не прыносіць: утрыманне садка, школы, універа.
Без падаткаў усё пачне загінацца: не будзе адкуль браць адукаваных і здаровых супрацоўнікаў. У сучасным грамадстве падаткі непазбежныя. Але іх колькасць і памер – добрая падстава для дыскусій.
Напрыклад, у законе «Аб бюджэце» і «Аб выкананні бюджэту».
У 2016 годзе беларускія падаткаплацельшчыкі пазбавіліся падатковага цяжару толькі 15 траўня.
У 2017 годзе ўрад запланаваў 16,7 млрд. расходаў бюджэту. З іх 2,5 мільярды (самая вялікая частка) плануецца патраціць на выплату знешніх пазык Беларусі. 1,8 млрд — на суды і працу міліцыі, а на ахову здароўя і адукацыю па 878 млн і 808 млн адпаведна.
Для параўнання — на парад да Дня незалежнасці ўлады змарнавалі 2 мільёны 300 тысяч даляраў.
На дзяржаўныя СМІ ў Беларусі ў 2016 годзе выдаткавалі 54,6 мільёны даляраў. У той жа час на ахову наваколля выдаткавалася толькі 40 мільёнаў даляраў.
У сярэднім беларусы аддаюць каля 45-50% свайго даходу на выплату падаткаў.
Дзякуем эканамісту і стваральніку праекта «Кошт урада» Уладзіміру Кавалкіну за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Распавядаем, як удала балансаваць паміж офісным прыгонам і дармаедствам.
Распавядаем, як легальна працаваць на сябе і навошта для гэтага ІП.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
"Напрыклад, твой заробак да выплаты падаткаў — 763,8 BYN. З тваёй зарплаты аўтаматычна вылічваецца 13% падаходнага падатку і 1% у ФСАН. І застаецца ўжо 500 BYN."
763,8 - 0,14*763,8=0,86*763,8=656,868.
Дзякуй, выправілі!