Якія рэчы і як часта можна вазіць праз мяжу Беларусі? Колькі літраў любімага французскага віна ці букетаў амстэрдамскіх цюльпанаў можна спакойна прывезці ў падарунак сябрам? 34travel правёў некалькі гадзін у абдымку з мытным заканадаўствам і пераклаў галоўныя пункты з бюракратычнай мовы на простую. Правярай свае чамаданы перад наступнай паездкай!
Калі ты катаешся праз мяжу часцей, чым раз у тры месяцы, і пры гэтым вязеш дадому дабра больш, чым на € 300 або вагой больш за 20 кг (сюды ўваходзяць і асабістыя рэчы, і новыя пакупкі), – табе трэба заплаціць мытную пошліну. Рэчы пры гэтым не павінны быць «аднароднымі» – везці 20 кіло мабільных тэлефонаў не варта.
У выпадку, калі ты перасякаеш мяжу радзей за тры месяцы, гэтыя ліміты павялічваюцца да € 1500 і 50 кг адпаведна.
Калі ты перасякаеш мяжу на самалёце, то частата пералётаў не мае значэння: ты можаш бяспошлінна перавозіць рэчы на суму ў € 10 000 і вагой да 50 кг.
Калі твой багаж перавышае ліміт у € 300 або € 1500 (€ 10 000 для тых, хто абірае авія), то табе прыйдзецца заплаціць мытную пошліну – 30% ад перавышанага кошту, але не менш чым € 4 за 1 кг.
Калі ты вязеш буйную пакупку і загадзя ведаеш, што будзеш плаціць пошліну, захавай чэкі для пацверджання кошту пакупкі і падрыхтуй запас грошай: аплаціць трэба будзе на мяжы ў беларускіх рублях. На мяжы адразу ідзі ў чырвоны калідор: за спробу прарвацца па зялёным да мытнай пошліны дадасца штраф у 5-30 базавых велічынь.
Калі ты вязеш з сабой адну рэч вагой больш за 35 кг, яна лічыцца непадзельнай (нават калі транспартуецца яна ў разабраным стане, як, напрыклад, новенькая шафа з IKEA). Пошліну з гэтай рэчы прыйдзецца заплаціць незалежна ад агульнага кошту і вагі багажу.
Раз на тры гады можаш прывезці ў Беларусь бытавую тэхніку (лядоўню, пасудамыйную і пральную машыну, пліту, мікрахвалёўку, кухонны камбайн, выцяжку, пыласос, кандыцыянер, швейную машыну, воданагравальнік), электратэхніку (ноўтбук, планшэт, тэлевізар, манітор), сантэхніку (ванна, ракавіна, душавая кабіна, унітаз), дзіцячы вазок. Патрабаванне адносіцца да рэчаў аднаго роду: два ноўтбукі за тры гады прывезці нельга, а ноўтбук і планшэт можна. Калі табе ўсё-такі патрэбныя менавіта два ноўтбукі, за другі трэба будзе плаціць пошліну (залежыць ад кошту самога тавару).
Раз на два гады можаш прывезці з-за мяжы шыны: для аўтамабіля 4 штукі, для матацыкла з каляскай – 3, без каляскі – 2.
Ты можаш перавозіць праз мяжу сумы наяўнымі менш за $ 10 000. Калі раптам табе трэба везці больш – задэкларуй гэтую суму. Сумы на банкаўскай картцы пры гэтым могуць быць любымі.
У Беларусь ты можаш завезці да 200 цыгарэт (альбо 50 цыгар, альбо 250 грамаў тытуню) і да 3 літраў алкагольных напояў. Пры перавышэнні гэтай нормы прыйдзецца аплаціць пошліну € 10 за кожны 1 літр звыш дазволеных трох. У любым выпадку везці больш за 5 літраў забаронена. Калі вязеш і тытунь, і цыгарэты, то агульная вага не павінна перавышаць 250 грамаў.
Везці можна толькі букеты (да трох штук, кожны не больш за 15 раслін). Для насення і раслін у гаршках патрэбныя фітасанітарныя сертыфікаты.
Адзін чалавек можа прывезці ў Беларусь 5 кг гародніны, садавіны, арэхаў, ягад, грыбоў, бабовых. Калі вязеш больш – зноў патрэбны фітасанітарны сертыфікат (ім трэба заклапаціцца на месцы куплі ва «ўпаўнаважанага органа па каранціне раслін»). Калі ты бываеш за мяжой часцей, чым раз на тры месяцы, то можаш прывозіць дадому толькі 10 кг любых прадуктаў, а калі часцей, чым раз на тыдзень, – то толькі 5 кг любых прадуктаў.
Для моцна дзейных і псіхатропных прэпаратаў трэба мець пры сабе рэцэпт і выпіску з медыцынскай карткі, дзе павінны стаяць назва і дазіроўка (па-руску ці беларуску), прычым увозіць можна не больш за 90 сутачных доз (для псіхатропных прэпаратаў) і не больш за трохдзённую дозу – для наркатычных прэпаратаў. Запаўняй дэкларацыю і праходзь мытню па чырвоным калідоры.
агнястрэльную зброю,
вайсковы рыштунак,
наркотыкі,
яды,
радыеактыўныя і выбуховыя рэчывы.
Калі ты едзеш з Беларусі
Для пэўнасці правярай мытныя законы той краіны, куды едзеш. Мы сабралі асноўныя патрабаванні Беларусі і Еўрасаюза.
Каштоўныя камяні і металы можна вывозіць толькі для асабістага карыстання і на суму не больш за $ 25 000.
Электратавары і бытавую тэхніку можна везці не больш за адну рэч кожнага роду і для асабістага карыстання.
Дазваляецца правозіць да 10 літраў паліва (у асобнай каністры).
Забаронена вывозіць з Беларусі больш за 5 кг рыбы і морапрадуктаў, а таксама больш за 250 грам ікры асятровых рыб.
У Еўрасаюз забаронена ўвозіць мясныя і малочныя прадукты, больш за 2 кг гародніны і садавіны кожнага віду.
Колькасць цыгарэт і тытуню залежыць ад канкрэтнай краіны і віду транспарту. У Еўрасаюз самалётам можаш захапіць з сабой 200 цыгарэт (альбо 50 цыгар, альбо 250 грамаў тытуню), іншым відам транспарту – 2 пачкі цыгарэт (альбо 10 цыгар, альбо 50 грамаў тытуню). Алкаголю можна везці 1 літр моцнага (мацней за 22%), ці 2 літры (слабей за 22%), ці 4 літры віна, ці 16 літраў піва.
З насеннем і раслінамі прасцей – у Еўрасаюз можна ўзяць да 5 запаковак насення і 5 раслін (калі больш – зноў патрэбны фітасанітарны сертыфікат).
Для моцна дзейных і псіхатропных лекаў, якія знаходзяцца пад асаблівым кантролем (спіс 2 і 3 у дакуменце), трэба запаўняць мытную дэкларацыю і праходзіць па чырвоным калідоры. Не забудзь пры гэтым узяць з сабой рэцэпт і выпіску з медыцынскай карткі на гэтыя лекі (павінны быць указаны назва і дазіроўка). У любым выпадку лекаў бяры не больш за 5 упаковак кожнага віду.
З карцінай у якасці падарунка замежным сябрам таксама могуць быць праблемы. Каб вывезці такія прадметы, спачатку звярніся ў сектар мастацтвазнаўцаў-экспертаў (тэлефон для папярэдняга запісу і кансультацый +375 (17) 203-95-91) – там ты атрымаеш пацверджанне, што прадмет не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і не адносіцца да культурных каштоўнасцяў, абмежаваных да перамяшчэння. Разгляд заявы займае 10 дзён.
Запоўненая дэкларацыя – доказ таго, што ўсе свае каштоўныя рэчы ты першапачаткова вязеш з сабой, а не купіў ці купіла ў адпачынку, – значыць, плаціць пошліну табе не трэба. Гэта можа быць карысным, калі ты ездзіш часцей, чым раз на 3 месяцы, і возіш з сабой новенькі дарагі фотаапарат або ноўтбук даражэй за € 300. Запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю можна загадзя: бланк і інструкцыі ёсць тут.
Info
Уся афіцыйная інфармацыя па правілах правозу рэчаў праз мяжу Беларусі ёсць на сайце Мытнага камітэта.
Больш падрабязна пра мытныя правілы Еўрасаюза чытай тут.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Разбіраемся, як з меншай рызыкай для здароўя і кішэні блукаць па прасторах сеціва.
Першы блок АЭС у Беларусі плануюць запусціць ужо напрыканцы 2018-га: разбіраемся, як з гэтым жыць.
Парады для бацькоў, падлеткаў і іх сяброў, калі хтосьці пачынае прэсаваць іншых.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
А для тых, хто жадае паспрабаваць часовую эміграцыю (да 2 лет) са сваем барахлом, есць магчымасць не плаціць пошліну па звяртанні. Для гэтага трэба стаць на "консульскі ўлік" - http://rsa.mfa.gov.by/ru/consular_issues/registry/