Калі ты б’еш татуіроўкі, здымаеш вяселлі або голіш бароды як шалёная пчолка і часам думаеш пра легальнасць свайго заробку, распавядаем, як аформіць адносіны з працадаўцамі, плаціць падаткі і выводзіць валюту без лішняга болю галавы. Усім фрылансерам прысвячаецца!
Спецыяльнай нарматыўкі, якая тычыцца фрылансерскай дзейнасці, у Беларусі няма. Таму арыентавацца трэба на самы блізкі па сэнсе панятак «прадпрымальніцкая дзейнасць». Калі ў цябе ёсць сталае месца і любімы кубак у офісе, а фрыланс ты разглядаеш як падпрацоўку, самы просты варыянт – заключаць дамову падраду, то-бок дакумент на выкананне канкрэтнай працы з выплатай канкрэтнага ганарару. Адносіны паміж бакамі ў гэтым выпадку рэгулююцца не Працоўным кодэксам, а Грамадзянскім.
Калі аб’ёмы працы даволі прыстойныя, заказчык казліцца рабіць дамову падраду або ты поўнасцю хочаш перайсці на фрыланс, паслаць шэфа і з’ехаць на зімоўку, самы лагічны варыянт – дадаць да свайго імя гучнае словазлучэнне «індывідуальны прадпрымальнік».
Забіваць на падаткі, працаваць «па-чорнаму» і хавацца – таксама опцыя, але рыхтуйся да рызыкі: заказчык можа не заплаціць (без дамовы на руках ты нічога не дакажаш), а таксама можна атрымаць штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
Дамову падраду з табой могуць заключыць як з фізічнай асобай, а таму кіпішыць і рэгістраваць юрыдычную асобу ці ІП не трэба. Калі ты напрацуеш на падрадзе больш за 183 дні і сума твайго заробку складзе BYN 1470, цябе нават не будуць лічыць дармаедам (у сітуацыі, калі сталай працы ў цябе няма). Але памятай, што дамова падраду – гэта не працоўная дамова, таму на выплаты па бальнічным ці на ўключэнне часу ў працоўны стаж, з якога разлічваецца пенсія, можаш не спадзявацца. Нават стаўка па такой дамове можа быць ніжэйшай за мінімальную заработную плату па краіне. Але мы ўпэўнены, што ты хоць крыху ўмееш таргавацца і такога не дапусціш. Глядзі сярэднія расцэнкі за гадзіну для фрылансераў.
Добры момант: калі ты выступаеш як фізічная асоба, не трэба парыцца з падатковай інспекцыяй і дэкларацыямі – пра гэта клапоціцца твой працадаўца ці заказчык. Грошы могуць выдаваць кэшам.
Мінус у тым, што, калі ты працуеш па такой сістэме менш, чым паўгода, цябе могуць узяць у абарот адпаведныя органы. Падатак на дармаедства цяпер складае 20 базавых.
Па законе, у дамове трэба абавязкова прапісваць суму, якую ты заробіш, абавязкі замоўцы і падрадчыка, а таксама абавязкі па забеспячэнні бяспечных умоваў працы.
Перш за ўсё ідзі ў выканкам. Для менчукоў – пл. Свабоды, 8 (удалую падачу можна пасля абмыць келіхам вінца ў бары побач). Табе спатрэбяцца:
– пашпарт ці від на жыхарства;
– фотаздымак (3х4 ці 4х5);
– заява аб адкрыцці ІП (раздрукаваць давядзецца самастойна – форма і ўзор тут), з нядаўніх часоў усё можна зрабіць анлайн;
– чэк за аплату дзяржпошліны.
За дзяржпошліну трэба аддаць 0,5 базавай, у «Беларусбанку» рэквізіты ведаюць на зубок, для астатніх лепш раздрукаваць. Пасведчанне ІП аддаюць адразу ж. З пасведчаннем на руках ужо можна рабіць пячатку ў любым паліграфічным цэнтры (калі хочаш, бо гэта не абавязкова).
З пасведчаннем ІП і пячаткай трэба ісці адкрываць разліковы рахунак. Вялікай розніцы паміж тарыфамі банкаў няма, так што прасцей за ўсё стаць кліентам банка, які бліжэй да дома. Інтэрнэт-банкінг – таксама карысная фіча. Да разліковага рахунку ІП прыйдзецца адкрываць звычайны цякучы, каб выводзіць лавэ.
Праз 5 працоўных дзён можна забіраць дакумент аб пастаноўцы на ўлік ІП у падатковай у тым жа выканкаме – прыходзь раніцай, людзей будзе мінімум. На ўлік у ФСАН (рус. ФСЗН) цябе паставяць аўтаматычна.
Наступны прыпынак – падатковая. Няма часу тлумачыць: бяры нітку, іголку, нажніцы, клей, пяць канвертаў па Беларусі. Перш чым ісці ў падатковую, зазірні ў банк: трэба заплаціць за Кнігу скаргаў і прапаноў (рэквізіты ў банках каля інспекцый звычайна ведаюць). У самой інспекцыі звярніся ў даведку – табе падкажуць, дзе купіць бланкі строгай справаздачнасці, выдадуць Кнігу скаргаў і прапаноў і Кнігу ўліку праверак (для таго, каб яе прашыць і праштампаваць, і спатрэбяцца ніткі з іголкай). Пасля ідзі знаёміцца з інспектарам і, галоўнае, падаваць заяву на спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Дарэчы, не забудзься, акрамя пашпарта, прыхапіць працоўную кніжку.
Калі няма жадання рэгістравацца, а пераступаць закон падціскае ачко, можаш выбраць са спісу паслуг, для якіх не абавязкова адкрываць ІП: расціць буракі, драбіць зерне, пасвіць коз, прыбірацца, выгульваць чужых хатніх жывёл, працаваць тамадой на вяселлі, зарабляць сакратаркай ці сакратаром або рамантаваць чужыя футравыя вырабы.
У залежнасці ад таго, чым ты вырашыш займацца, будзе адрознівацца і сістэма падаткаў. Калі ты здымаеш відосы, голіш бароды, таксуеш ці робіш яшчэ што-небудзь з гэтага спісу, разлічвай на адзіны падатак. Памер падатку трэба даведвацца самому(-ой): здаецца, у інспекцыі каля мільёна крытэраў для фінальнай лічбы. Для прыкідкі можаш глянуць стандартны спіс.
Самы распаўсюджаны варыянт для ІП – фігачыць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Заяву на яе трэба напісаць на працягу 20 дзён пасля пастаноўкі на ўлік, а то будуць драць па максімуме (ад 18%). Стаўка залежыць ад таго, ці плаціш ты ПДВ (рус. НДС) – 3% з ім і 5% без яго.
Падаходны падатак для ІП – гэты звычайна 16%. Выбіраць яго трэба тым, хто ў сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці мае вялікія выдаткі: сыравінныя, матэрыяльныя, на аплату працы нанятых супрацоўнікаў. Хаця стаўка падатку вышэй, разлічваецца ён не з выручкі, а з чыстага прыбытку. Бяры калькулятар ці Excel і падлічвай больш кашэрны варыянт.
Самы просты спосаб – плаціць падаткі раз на квартал. Дэкларацыю інспектар чакае да 20-й лічбы наступнага за справаздачным месяца. Да 22-га трэба ўзгадніць суму і адправіць плацеж. Падатковая дэкларацыя падаецца з нарастальным вынікам – гэта значыць, што кожны раз улічваецца мінулы перыяд. Калі ты прапісаны ў адным месцы, а жывеш у іншым, зімуеш на Гоа ці проста не любіш марнаваць час на перасоўванні па горадзе, можаш набыць сістэму электроннага дэкларавання. Кошт – BYN 78,74 на два гады.
Калі ты зарэгістраваў(-ла) ІП, а зарабіць нічога не здолеў(-ла), нулявую дэкларацыю можна не падаваць, але трэба папярэдзіць свайго інспектара.
Хочаш жыць у сацыяльна-арыентаванай краіне – будзь ласкавы адлічваць 35% ад мінімальнай зарплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэтая сума плаціцца раз на год, да 1 сакавіка. Колькі месяцаў ты ІП, прапарцыянальна столькі ты і вінен дзяржаве. За поўны 2015 год набягае BYN 898,84.
Калі ты аказваеш паслугі на экспарт і плануеш атрымліваць грошы ў валюце, ёсць сэнс працаваць па спрошчанай сістэме з ПДВ. Лайфхак: у такім выпадку ПДВ складзе 0% і ты можаш эканоміць. Памятай, што дзяржава абавязвае прадаваць 20% твайго валютнага cash flow, а выводзіць грошы ў далярах ці еўра немагчыма – трэба мяняць на белкі, а пасля банк канвертуе назад ва ў.а. Magic! Калі хочаш плаціць нулявы ПДВ, трэба глянуць выключэнні: некаторыя тыпы паслуг, кшталту міжнародных перавозак, так аказваць нельга – чэкні з інспектарам. Важна: калі ты плануеш яшчэ браць і беларускіх заказчыкаў, на іх паслугі трэба будзе выстаўляць 20% ПДВ, а таму выгада знікае.
Дэкларацыю па ПДВ можна падаваць раз на квартал, абавязкова ў электронным фармаце.
Калі ты марыш зашыбаць бабло праз Upwork, Guru.com, Freelancer.com, Toptal.com, Envato.com ці, барані божа, Fl.ru, схема такая. Працуеш па спрошчанай сістэме з 5% без ПДВ ці 3% з ПДВ па стаўцы 0%. Каб пералічваць грошы, на кожную транзакцыю ў свой банк адпраўляеш user agreement (дагавор публічнай аферты, яго можна спампаваць проста з сайта біржы) і падпісаны акт выкананых прац. Для гэтага ў сапорце просіш акт на двух мовах – не толькі англійскай, але і рускай.
Дамова падраду – артыкул 657 Грамадзянскага кодэкса
Як скласці дамову падраду – Указ Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць працу па грамадзянска-прававых і працоўных дамовах»
Хто лічыцца дармаедам – Дэкрэт №3 «Пра папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства»
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Як паводзіць сябе з ахоўнікамі ў метро, чытай у самай канкрэтнай, як лічба «пі», рубрыцы «Працэс».
Падрабязна разбіраем, як і чым жывуць грамадскія арганізацыі ў Беларусі.
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.