На днях прамільгнула навіна пра ўпартае нежаданне НЦСМ (дзяржаўнай арт-установы) раскрываць дадзеныя, куды ідуць грошы мастацкага цэнтра. Мы зацікавіліся тэмай і на простых прыкладах разабраліся, адкуль дзяржава бярэ грошы, на што іх траціць і пра якія свае фінансавыя дзеянні яна павінна расказваць грамадскасці.
У агульным сэнсе дзяржаўны бюджэт – гэта важнейшы фінансавы дакумент краіны, у якім прыкладна распісаныя ўсе прыбыткі і выдаткі за год, ці, яшчэ прасцей, гэта ўсе грошы, якімі кіруе дзяржава. Ён складаецца Міністэрствам фінансаў напрыканцы года, праходзіць узгадненне з абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу, падпісваецца Прэзідэнтам, а потым даводзіцца да шырокай грамадскасці.
Сёлета дзяржбюджэт на 2017-ы быў прыняты 5 кастрычніка і, як кажуць эксперты, стаў самым рэалістычным за апошнія гады: чыноўнікі перасталі арыентавацца на казкі пра беларускае эльдарада і вывелі лічбы з улікам усіх эканамічных пераплётаў.
Па сутнасці, усе грошы ў дзяржбюджэце – гэта падаткі, якія мы плацім: падаходны, на прыбытак, на ўласнасць, на дададзены кошт, акцызы плюс прыбыткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Сюды ж дадаюцца непадатковыя прыбыткі, фонд сацыяльнай аховы насельніцтва, прафесійнае пенсійнае страхаванне і бязвыплатныя паступленні.
Акром дзяржаўнага бюджэту, ёсць яшчэ і мясцовыя, іх ажно 1354 на сённяшні дзень. Гэта асобныя бюджэты для кожнага горада, райцэнтра ці сельсавета. Усе разам, на розных узроўнях, яны фармуюць кансалідаваны бюджэт Беларусі. Гэта і ёсць усе грошы роднай старонкі.
У 2016 годзе з прагнозам на апошнія месяцы дзяржава агулам зарабіла амаль 8,6 мільярдаў даляраў. Прыкладна столькі ж плануе зарабіць амерыканская NBA у наступным сезоне.
Усе расходы краіны распісаныя папярэдне. Напрыклад, на нацыянальную абарону ў гэтым годзе планавалася выдаткаваць BYN 457,2 млн, а на фізічную культуру, спорт, культуру і СМІ – BYN 404,5 млн. Але ж варта заўважыць, што расходы на абарону ў параўнанні з папярэднім годам скарачаюцца, а на культуру – павялічваюцца. Падрабязней гартай тут.
За тым, як выдаткоўваюцца сродкі, ты можаш сачыць анлайн на сайце Мінфіна.
Дзякуючы спецыяльнаму калькулятару ты можаш разлічыць, колькі асабіста плаціш сваёй дзяржаве.
Мы ўзялі сярэдняга беларуса з чыстым заробкам у $ 300, які працуе па 8 гадзінаў, выпівае літр піва і літр віна і выпальвае 2 пачкі цыгарэтаў кожны тыдзень. Наш average citizen плаціць $ 15 за камуналку, а таксама не мае ўласнага аўто.
Тады атрымліваецца, што за 8-гадзінны працоўны дзень 4 гадзіны і 2 хвіліны ён працуе на аплату дзяржаўных паслуг, а $ 236 адыходзіць дзяржаве (разам з падаткамі, якія сплачвае працадаўца). Такім чынам, мы плацім $ 45 падаходнага падатку, яшчэ $ 4.89 аддаем за акцызы, $ 47.50 – падатак на дададзены кошт. Цэлых $ 3.49 – наша будучая пенсія, а яшчэ $ 120.70 забірае ФСАН. Ёсць пра што задумацца.
Калі цябе насамрэч усхвалявала тэма адсочвання дзяржаўнага бюджэту, звярніся да сайта «Кошт урада», дзе проста і зразумела ў інфаграфіцы і табліцах распавядаюць пра цяжкі лёс нашых агульных грошай.
Расходы дзяржкампаній ажыццяўляюцца праз дзяржаўныя закупкі. На афіцыйным сайце дзяржазакупак пішацца запыт пра набыццё пэўных рэчаў, неабходных для задавальнення патрэбаў установы. Напрыклад, цяпер «Беларусьфільм» закупляе здымачнае абсталяванне, а Брэсцкая абласная бальніца – доктарскую каўбасу на наступны год. Аплачваюцца ўсе гэтыя віш-лісты за кошт дзяржбюджэту ці пазабюджэтных фондаў.
Дзяржаўныя закупкі могуць праводзіцца праз конкурсы, адкрытыя ці закрытыя, электронныя аўкцыёны, біржавыя таргі. Але, незалежна ад формы, усе дадзеныя па актуальных прапановах (акром дзяржсакрэтаў) павінны публікавацца анлайн.
У адкрытым доступе павінны публікавацца таксама гадавыя планы закупак, запрашэнні да ўдзелу, падрыхтоўчыя дакументы, паведамленні пра вынік таргоў (адсутнасць якіх з’яўляецца самым частым адміністратыўным парушэннем, звязаным з дзяржзакупкамі), а таксама дамовы, калі іх кошт перавышае 3000 базавых адзінак.
Апісанне закупкі павінна быць дэталёвым, але не ўтрымліваць спасылкі і алюзіі на канкрэтнага вытворцу тавараў. Нельга выкарыстоўваць дакладныя назвы і брэнды, але, калі гэта непазбежна (праз суперунікальныя характарыстыкі тавару, напрыклад), можна ўжыць назву і дадаць словы «ці аналаг».
Замоўца павінен абавязкова пазначаць крыніцу сродкаў, якімі ён збіраецца аплачваць тавары ці паслугі.
Найбольш буйныя сектары эканомікі, у якіх праводзяцца дзяржаўныя закупкі, – гэта будаўніцтва і архітэктура, машынабудоўля, медыцына, транспарт.
Штогод у Беларусі адбываецца каля 3000 дзяржаўных закупак.
Сярод істотных прынцыпаў дзяржзакупак галоўныя – галоснасць і празрыстасць працэсу, з чым часта бываюць праблемы (глядзі кейс НЦСМ і мастака Аляксея Талстова).
Акрамя афіцыйных сайтаў, ёсць і іншыя спосабы назіраць за дзяржзакупкамі. Праект «Адкрытыя закупкі» займаецца адсочваннем дзяржаўных здзелак і зніжэннем карупцыі ў гэтай сферы.
Заснавальнікі праекту назіраюць за працэсамі закупак, сочаць за іх законнасцю, паведамляюць дзяржаве пра парушэнні, а таксама рыхтуюць спецыялістаў у гэтым кірунку.
Пакуль што праект крыху збавіў абароты, бо знаходзіцца ў стадыі канцэптуальнага пошуку далейшых шляхоў развіцця, але там усё роўна можна адшукаць цікавую інфаграфіку і звесткі пра асноўныя парушэнні.
У падрыхтоўцы тэксту выкарыстана інфармацыя з сайтаў opentenders.by і koshturada.by, а таксама з адкрытых крыніц і афіцыйных дзяржаўных сайтаў.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Разбіраемся, як ажаніцца ці выйсці замуж, калі вы аднаго полу і з беларускім пашпартам.
Жадаеш змяніць нешта ў жыцці? Пачні з імя. Пакрокава распавядаем як і навошта.
Высвятляем, як планаваць абарону зялёных волатаў у сваім двары.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.