Яны варушаць Магілёў
- 31.07.2018
- 5649
Працягваем цікавіцца тым, што адбываецца ў рэгіёнах і што рухае гарадамі. Адкрытая дыскусія ў Берасці паказала, што гараджане ўмеюць аб'ядноўвацца супраць агрэсіўных дзеянняў з боку ўладаў; у Светлагорску людзі скардзяцца на адсутнасць цікавых падзей, а ў працэсе размовы разумеюць, што ім гэта асабліва і не патрэбна. Надышла чарга даведацца ў магілёўцаў, што ж рухае іх горадам і чаго ім не хапае.
Дзейныя асобы:
басіст Akute
журналіст, мадэратар
Аліна Скрабунова
прадстаўніца «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў»
Ірына Снапкова
член аргкамітэта TED x Магілёў
Трошкі самарэкламы
– Якую самую прыемную неафіцыйную падзею за апошнія паўгода вы можаце ўспомніць?
Ірына: Вядома, TED x Магілёў. Ну яшчэ «Большой городской пикник» і «Наука вне себя». TED x Магілёў праходзіў у трэці раз, удзельнікаў было каля ста. Хутка чакаем відосаў. Дарэчы, выступ Ані Цітовіч з першага магілёўскага TED – амаль самы праглядальны рускамоўны TED.
Аліна: Мне прыходзяць у галаву начныя гарадскія экскурсіі, якія прыдумалі выпускнікі «Школы городских инициатив». Такога фармату ў горадзе раней не было, і ён выклікаў вялікую цікавасць. Як правіла, людзей збіраюць у будні дзень позна ўвечары, калі ва ўсіх ёсць адгаворка, маўляў, заўтра трэба на працу. Пры гэтым усе экскурсіі былі з аншлагам – прыходзіла больш за сто чалавек.
– Гэта кажа пра тое, што ў Магілёве вялікае беспрацоўе? Або пра тое, што ў горадзе мала нефармальных мерапрыемстваў?
Аліна: Мы пыталіся ў людзей, навошта яны сюды прыйшлі. Усе казалі, што гэта вельмі цікава, гэта ўнікальнае стыхійнае мерапрыемства, якога хутка можа не стаць. Яшчэ адзін фактар – вядомыя людзі, якіх запрашаюць у якасці экскурсаводаў. Таксама былі экскурсіі на роварах, і ўдзельнікі прыехалі ў гадзіну ночы ў будні дзень і каталіся да пяці раніцы.
– Вас суправаджала міліцыя?
Аліна: Не, такога не было. Ну і мы не ездзілі па вуліцы Ленінскай, таму што гэта забаронена. Дзіўна тое, што людзі не прыходзяць на іншыя цікавыя мерапрыемствы, а гэта чамусьці вылучылі.
«Многія людзі наогул нідзе не бываюць, а потым скардзяцца, што ў горадзе нічога не адбываецца»
– Паспрабуем гэта яшчэ высветліць. Раман?
Рома: Калі ў мяне пытаюцца пра тое, што адбываецца ў Магілёве, я адразу пасылаю людзей да цябе.
– Я заўважыў. Дык штосьці адбываецца ў Магілёве, акрамя канцэртаў гурта Akute?
Рома: Звычайна я даведаюся пра гэта з твайго твітара.
– Мабыць, ты бачыш нейкія змены на вуліцах?
Рома: Так, і гэтыя змены мне катэгарычна не падабаюцца. Мала дрэў, шмат пліткі. Палі з пліткі.
– Як думаеш, навошта гэта трэба? Гэта нейкі дар богу пліткі?
Рома: Не, гэта ўсім вядомыя адкаты.
– Я ўсё спрабую згладзіць куты... У пліткі.
Рома: Калі б не высякалі дрэвы, то ўсё было б ок.
– У гэтым годзе мяне гэта асабліва абурыла, калі ссеклі вярбу каля дыягнастычнага цэнтра. Я ў сэрцах напісаў пра гэта ў сябе ў «Одноклассниках», і праз 10 дзён гэты пост набраў штосьці каля 80 тысяч праглядаў і неверагодную колькасць каментароў. Я зразумеў, што гэтая тэма хвалюе ўсіх, але толькі ля экранаў манітораў. Пасля гэтага на магілёўскім тэлебачанні выйшаў апраўдальны матэрыял пра тое, што гэтая вярба хварэла. Яшчэ паказалі вельмі радасных людзей, якія заклікалі выразаць увогуле ўсе дрэвы.
Ну, і раз я перахапіў ініцыятыву ў размове, то скажу, што мяне больш за ўсё ўразілі кінапаказы пад адкрытым небам. Туды прыходзяць абсалютна розныя людзі.
«Нам усім вельмі не хапае згуртаванай каманды, у якой усе маглі б звяртацца адно да аднаго па дапамогу»
Крытычна думаць
– Пяройдзем да наступнай тэмы. У нашай тусоўцы дзеячаў прынята адно аднаго хваліць. Ёсць пытанні да таго, што мы робім? Напрыклад, я дакладна ведаю, што ў зале ёсць чалавек, незадаволены праектам «Поэзия на стенах».
Аліна: Думаю, такіх людзей шмат. І гэта нармальна: адваротнае меркаванне павінна быць. Калі праект камусьці не спадабаўся, гэта дапаможа зрабіць яго лепш. У Цэнтры гарадскіх ініцыятыў усе зразумелі, у чым была памылка, таму ў гэтым годзе не сталі паўтараць праект. І людзі, якія не баяцца казаць праўду ў твар, вельмі важныя.
– Меркаванне часта выказваюць постфактум.
Аліна: Так, патрэбны прэцэдэнт. І меркаванне залежыць ад таго, хто глядзіць.
– Якая была крытыка TED? Ці не скочваецца ён у клуб знаўцаў і аматараў пагаварыць пра цвыркуноў, гендар, правы людзей з інваліднасцю?
Ірына: Шмат усяго было. Гэта такі фармат. Вядома, у нас не можа выступіць Біл Гейтс – на нашу сцэну выходзяць мясцовыя. А магілёўцы больш высокага статусу пакуль адмаўляюцца ў нас выступаць. Але думаю, што ў кожнага чалавека ёсць ідэя, якую можна цікава падаць.
Попыт на мерапрыемствы
– Ва ўсіх калісьці была класная ідэя, для рэалізацыі якой чагосьці не хапала: аднадумцаў, грошай. І здавалася, што калі гэта знайсці, то ўсё запрацуе. Калі казаць пра дзвіж у Магілёве, чым мы абмежаваныя тут? Малы ахоп мерапрыемстваў, перашкода ўладаў або занадта вялікая ўвагу з іх боку, уласная лянота, адсутнасць крэатыўнасці, малая нагледжанасць?
Рома: Магу расказаць пра тое, што ведаю. Грошы – вельмі важны момант. Калі ўтварылася група Akute, у нас не было грошай. Але мы паставілі сабе мэту – перамагчы ў конкурсе «Басовішча». Мы перамаглі, выйгралі 1000 долараў і на гэтыя грошы запісалі першы альбом. Думаю, абмежаванні залежаць ад канкрэтных людзей.
Ірына: Мне здаецца, што грамадзянская супольнасць у Магілёве толькі пачынае фармавацца. Адны і тыя ж людзі ходзяць на розныя мерапрыемствы. Многія людзі наогул нідзе не бываюць, а потым скардзяцца, што ў горадзе нічога не адбываецца.
Аліна: Распавяду пра сітуацыю з уладамі. Праект «Кіно пад адкрытым небам» задумваўся яшчэ два гады таму. Тады мы былі поўныя надзей і думалі, што правядзем яго разам з гарвыканкамам і прадпрыемствам «Хімвалакно», якому належыць старая сцэна на ўскраіне горада. Мы дамовіліся пра тое, што нам дадуць доступ да разетак. У самым ДК усе былі за – можа, супрацоўнікі і самі хацелі паглядзець кіно. Мы рыхтавалі лакацыю, стваралі рэндары. «Хімвалакно» павінна было даць нам дазвол на прагляд фільма «ГараШ» беларускага рэжысёра Андрэя Курэйчыка. Тады ён толькі выйшаў і яшчэ не набраў вялікай колькасці негатыўных водгукаў. Мы зрабілі афішу, СМІ апублікавалі ў сябе. І тады нам патэлефанавалі з гарвыканкама і забаранілі ладзіць такі паказ, маўляў, гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. Прычыну забароны не назвалі. Наступны паказ нам таксама сарвалі. На трэці раз мы вырашылі супрацоўнічаць з прыватнікам. Знайшлі этна-хутар, якому не патрэбна было атрымліваць дазвол, як і для правядзення ўсіх астатніх мерапрыемстваў тыпу вяселляў і карпаратываў.
«Магілёў нішто не варушыць, таму што людзі ні пра што не ведаюць»
– Значыць, кінапаказы – гэта вяселле?
Аліна: Можна і так сказаць. І ў нас усё атрымалася, ніхто з уладаў нам не тэлефанаваў. Як паказала практыка, гарвыканкам не перашкаджае знайсці іншае месца.
Рома: Дзякуй, што не пабілі!
Аліна: Як мне здаецца, можна арганізаваць усё, хай і з некаторымі стратамі першапачатковай ідэі. Крытыкаваць і даваць парады могуць усе, а зрабіць штосьці – літаральна пара чалавек.
– А мне здаецца, што ўсе нашыя мерапрыемствы праводзяцца ў той меры, у якой ёсць попыт. Калі б усе пёрліся ад кінапаказаў, іх бы праводзілі ў кожным двары.
Аліна: Пасля таго як мы наладзілі кінапаказ, нейкія прыватнікі змаглі сабраць ледзь не тысячу чалавек на прагляд чэмпіянату свету па футболе. Гэта ж падобна на кіно пад адкрытым небам.
Рома: Попыт трэба ствараць. І калі попыту няма, гэта не значыць, што трэба перастаць штосьці рабіць.
– Ёсць адваротны бок медаля. Вядома, можна зрабіць рэкламу. Але, калі яшчэ больш рэкламаваць той жа «Дранік-фэст», туды прыйдзе 20 тысяч чалавек і ніхто не зможа з'есці ніводнага драніка. Калі ў сацсетках ты напішаш, што ў Akute выходзіць новы альбом...
Рома: Выходзіць.
– Гэта не пытанне. Вось вы напішаце пра гэта, і ўсе пачнуць рэпосціць, рэтвіціць...
Рома: Усе пачнуць гэта рабіць, калі ім гэта ўцюхаць. Усім даўно ўсё роўна. Пакуль канкрэтныя людзі не зоймуцца пэўнай праблемай і не давядуць яе да канца, нічога не адбудзецца.
«Мне здаецца, што многія апраўдваюцца фразай, маўляў, мы робім хоць нешта. Гэта біч не толькі Магілёва, а ўсёй Беларусі»
Згуртаванасць
– Думаю, нам усім вельмі не хапае згуртаванай каманды, у якой усе маглі б звяртацца адно да аднаго па дапамогу. Час форумаў сышоў – нам хапае магчымасцяў для камунікацыі праз усякія месенджары. Не хапае, так бы мовіць, інтэграцыйных п'янак раз у квартал.
Рома: Мне здаецца, яны бываюць значна часцей.
– Добра, што яшчэ здарылася за 2018 год? Чаго чакаеце далей?
Ірына: Калі не казаць пра TED, то мне б шчыра хацелася развіцця праекта «Наука вне себя», які можа быць цікавым і студэнтам, і старэйшым людзям. Яшчэ чакаю «Дранік-фэст».
Аліна: Планую супрацоўнічаць з гарвыканкамам і ўладамі, таму што без іх падтрымкі нам немагчыма працаваць. Таксама мы робім праект «Тутэйшы Ровар» для падтрымкі і развіцця інфраструктуры ў горадзе.
– У Магілёве мінімум тры велаклубы. Чаму няма інтэграцыі?
Аліна: Інтэграцыя ёсць. Але ва ўсіх розны лад жыцця, інтарэсы і занятыя нішы.
– Але пры гэтым усе веласіпедысты проста праглынулі тое, што ім забаранілі ездзіць па Ленінскай?
Аліна: Так, проста праглынулі, як і звычайна. Адкрываецца завод «Омск Карбон» – ніхто пра гэта не кажа. Але я ведаю людзей, якія працягваюць ездзіць па Ленінскай, нават калі ім трэба выплачваць штрафы за гэта.
– У гэтай зале ёсць людзі, якія вядуць телеграм-канал «Магілёў нармальны». Там прапаведуецца ідэя таго, што тут хапае класных падзей. Усім рэкамендую падпісацца.
Аліна: Ці лічыцца падзея класнай, калі пра яе ніхто не ведае? Пра многае людзі даведаюцца ўжо пасля таго, як гэта здарылася.
«Нам патрэбны здаровы магілёвацэнтрызм»
– Раз у нас з'явіліся зародкі дыскусіі, то скажу так: увесь дзвіж я раблю для сябе. У мяне ніколі не было ідэі стаць рок-зоркай...
Аліна: Наша дыскусія называецца «Што варушыць Магілёў», а не «Што варушыць Дзяніса Васількова». Дык вось, Магілёвам нішто не варушыць, таму што людзі ні пра што не ведаюць.
– Напрыканцы мне хацелася б атрымаць ад усіх адказ на пытанне, што ж варушыць Магілёў. Пачну з сябе – Магілёў варушаць неабыякавыя людзі.
Аліна: Я б сказала, не што, а хто варушыць Магілёў. На адным энтузіязме далёка не з'едзеш. Ты не можаш днём рабіць на працы, а потым варушыць Магілёў. Скажам так, грошы могуць рухаць Магілёвам.
Ірына: Пустата і адсутнасць альтэрнатывы. Калі дзяржава нічога не рабіла, людзям проста надакучыла гэта.
Рома: Так, лянота – рухавік прагрэсу.
Галасы з залы:
– Падтрымка.
– Нічога не варушыць Магілёвам. Апошнімі былі дыназаўры.
– Калабарацыі.
– У Магілёве няма ідэй, і таму горад нічога не варушыць.
Пытанні з залы
– Рома, чаму ты круціў галавой, калі Дзяніс казаў, што ўсе мерапрыемствы робіць для сябе?
Рома: Гэта вельмі простая псіхалагічная пастка. Ты як бы гаворыш: «Рабяты, я ж наогул гэта раблю для сябе. Мне ўсё роўна, колькі людзей прыйшло на мой канцэрт. Я ж чыста для сябе ўсё раблю: рэпаю, запісваюся...» Ніхто нічога для сябе не робіць. Ты хочаш, каб цябе ацанілі. Па сутнасці, ты чакаеш фідбэк ад сваёй дзейнасці.
Дзяніс: Я хачу запісацца да цябе на прыём!
Рома: Насамрэч гэта здаровы эгаізм, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Не трэба шэйміць сябе і апраўдвацца. Па-мойму, трэба рабіць наадварот.
Дзяніс: Збольшага ты маеш рацыю. Але нават пры маім невялікім укладзе ў горадзе вельмі мала падзей.
– Каб займацца рэкламай мерапрыемства, трэба яго ідэальна распрацаваць. Бывае, што прыходзіш на мерапрыемства, рэкламу якога бачыш паўсюль, а там так сабе. Вельмі важная падрыхтаваць прадукт перад тым, як яго ўцюхваць.
Аліна: А ці ёсць розніца, платнае мерапрыемства або бясплатнае?
– Так, ёсць розніца.
Аліна: А ці трэба спрабаваць фармат фры данэйшн? Можа, трэба неяк мяняць свядомасць людзей? Усе прывыклі да бясплатных мерапрыемстваў...
Рома: Ой, гэта наогул складана.
«Ты не можаш днём рабіць на працы, а потым варушыць Магілёў»
– Гэта праблема рэгіёнаў. У нас людзі не прывыклі вылучаць грошы на культурныя мерапрыемствы. Хтосьці загадзя рыхтуецца да таго ж Дня Незалежнасці і адкладае, напрыклад, па 70 рублёў.
Аліна: Думаю, што некаторыя касякі можна спісаць на тое, што нашы мерапрыемствы бясплатныя. Але, вядома, гэта не апраўданне. Арганізатары, напэўна, зробяць мерапрыемства лепш, калі яно будзе спансараванае або калі на яго будуць платныя квіткі.
– Трэба фармаваць не толькі грамадзянскую супольнасць, але і «ІП-шнае» грамадства. Гэта нармальна – супрацоўнічаць. Можна прасіць фінансавання ў прыватных кампаній.
Дзяніс: Так, тыя ж кафэ і друкарні гатовыя дапамагаць. Прычым не якой-небудзь пачкай сурвэтак.
Ірына: Проста трэба расказаць, чым цікавае тваё мерапрыемства.
Аліна: Так, арганізацыям трэба ісці да бізнэсу.
– У мяне не пытанне, а меркаванне. Мне здаецца, што многія апраўдваюцца фразай, маўляў, мы робім хоць нешта. Гэта біч не толькі Магілёва, а ўсёй Беларусі. У выніку ў нас з'яўляюцца размаляваныя сцены, лесвіцы-вышыванкі і кінапрагляды. Па вялікім рахунку, не бачу нічога выбітнага – у нармальнай дзяржаве гэта павінна рабіцца лёгка. Дранік-фэст – гэта рэальна крута. TED – гэта франшыза, і людзі ідуць паглядзець на тое самае шоу з ютуба. А ўсё астатняе – ад таго, што нічога больш няма.
Аліна: А што вы прапануеце?
– Ды нічога.
Рома: Я думаў, вы скажаце, што сістэму трэба мяняць.
– Ну ўвогуле так, у нас трэба дазволіць права на свабоду мірных сходаў. Калі б людзі не баяліся таго, што іх міліцыя схопіць, як цяпер, калі б людзі адчувалі сябе гаспадарамі, то крутых штук было б больш.
Дзяніс: Можа здацца, што ў нас мала падзей адбываецца. Але важна азірнуцца і паглядзець, што было раней. Было значна сумней. У Магілёве толькі пачалі фарміравацца супольнасці. Нам патрэбны здаровы магілёвацэнтрызм.
Фота – Таня Капітонава
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекту.