Падазроны ды без нагляду

 

На мінулым тыдні ў Доме-інтэрнаце № 3 у межах «Адкрытага жніўня» прайшоў прагляд п’есы Лёхі Чыканаса «Сэкс мне не патрэбны». Ці варта баяцца чалавека са стрэльбаю, як тэатр успрымаецца ў доме для састарэлых і на што натхняе мастацтва, разбіраемся ў жыццёвых пытаннях.

 

«Прывітанне! Глядзі, які ў мяне аўтамат, ага!» – я адразу не разумею, хто і адкуль мяне кліча. Узнімаю галаву дагары, з акна, закрэсленага кратамі, выстаўленая стрэльба, а за ёй шчаслівы твар: «Магу і пісталет паказаць!». Я ні кроплі не баюся Пашы. Паводле ягоных суседзяў з інтэрнату, ён ужо не першы год абараняе мянтоў з расейскіх серыялаў ад злодзеяў. Мы сядзім на лаўцы ў двары Інтэрнату № 3, дзелімся папіросамі ды арэхамі з мужчынамі, на вуліцы жоўта-сіні прыцемак, хутка дакурым і пойдзем на танцы. На маю параду патанчыць высокі, з прыгожымі вачыма і пальцамі Анатоль у адыдасе кажа: «Пайду, толькі калі Разэмбаўмс будзе спяваць, ён мне напрыканцы п’есы абяцаў».

За Разэнбаўма Анатоль прыняў Лёху Чыканаса, аўтара п’есы «Сэкс мне не патрэбен», якую сённяшнім вечарам ладзяць тут, у Доме-інтэрнаце для састарэлых у Навінках. Імпрэза праходзіць падчас «Адкрытага жніўня» – адкрытага культурнага фестывалю, які ладзіць працаўніца інтэрнату Дар’я Яскевіч.

«У мяне было моцнае жаданне апынуцца яшчэ ў адной незалежнай тэатральнай прасторы, у месцы, якое, безумоўна, застаецца табу для афіцыйных тэатральных дзеячаў у Беларусі. Зноў адчуць сябе “падазроным ды без нагляду”»

Сумневаў у тым, што трэба паказаць «эскіз», як кажа драматург, п’есы менавіта ў Доме для састарэлых ды інвалідаў у Аляксея і ягонай партнёркі Святланы Гайдайлёнак не было. Гэта не першы раз, калі яны бяруць удзел у жыцці інтэрнату: Лёша ўжо выступаў з канцэртам раней, а Святлана наагул працавала ў летнім лагеры з яго жыхарамі. Таму акторы добра ведалі, з якою беспасярэдняй і добразычлівай публікай яны сустрэнуцца. «У мяне было моцнае жаданне апынуцца яшчэ ў адной незалежнай тэатральнай прасторы, у месцы, якое, безумоўна, застаецца табу для афіцыйных тэатральных дзеячаў у Беларусі. Зноў адчуць сябе “падазроным ды без нагляду”», – кажа Лёха.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сама п’еса складаецца з трох гісторыяў, якія сплятаюцца ў моцную касу з разважанняў. За асноўную лінію бярэцца рэальны нашумелы выпадак закаханасці паміж амерыканскай прафесаркай Ганнай Стаблфілд і чалавекам з парушэннямі развіцця Дзіманам Джонсанам. Астатнія дзве часткі – разважанне аўтара на тэму кахання, поўныя побытавых момантаў, вельмі шчырыя, блізкія амаль кожнаму, вострыя як кавалкі пабітага керамічнага кубачка з шафы на сцяне ў кожнай кватэры.

Сцэны хутка змянялі адна адную, амаль увесь час гледачы сядзелі моўчкі і з вялікай зацікаўленасцю слухалі п’есу, а на самых моцных момантах у зале разносіліся то смех, то воплескі. Герой адной з сюжэтных лініяў праз сумненні, споры і шматгадзінныя паўторы «Сэкс мне не патрэбен!» прыходзіць да таго, што ёсць шмат важных рэчаў, апроч фізічнага задавальнення.

Апроч актора і акторкі, над п’есай працавалі саўнд-дызайнерка Наста Альшанец-Дарафей, адказны за візуальную частку і адначасова кіраўнік арт-студыі ў інтэрнаце Зміцер Яфрэмаў. У адной са сцэнаў было гукавое афармленне, якое падрыхтавалі жыхары дому Юрый Траян, Алег Воранаў і Пётр Запольскі, ім трэба было зымітаваць гучанне натоўпу людзей.

Святлана Гайдайлёнак дзеліцца ўражаннямі: «Я не магу быць ўпэўненая, што п’есу зразумелі ўсе гледачы, але магу дакладна сказаць, што яны былі радыя імпрэзе – сабраліся ўсе разам, глядзелі на экран з малюнкамі, слухалі двух людзей, якія рознымі галасамі чыталі п’есу. Таксама там прысутнічалі санітары і санітаркі, пасля чытання адна з працаўніц прызналася, што вельмі даўно не была ў тэатры і я натхніла яе на паход».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пасля п’есы пачаліся тыя самыя танцы, спяваў не Разэмбаўм, а кавэр-гурт «Таня і Сярожа». Я ўвесь час не пераставала танчыць і фатаграфаваць людзей, кожны выглядаў глыбокім, розным, цікавым і самым лепшым танцорам. Дарыць усмешкі было вельмі лёгка – гэта самае меншае, што я магу ім даць, але самае простае і патрэбнае. На выхадзе я заўважыла мужчыну са шчырымі, трохі сумнымі вачамі, які глядзеў у адну кропку.

– Як справы? Усё добра?
– Так, нармалёва.
– Падалося, што сумуеце.
– Мне вельмі не стае Анжэлы.

 

 

P.S. На імпрэзы «Адкрытага жніўня» можа прыйсці любы, хто хоча. І гэта рабіць трэба. Падрабязней пра Дом-інтэрнат чытай тут.

 

 

 

 

 

 

 

Дарэчы, учора якраз адбылася адкрытая Minsk Music Sessions з гуртом «НагУаль», якія пасля запісу злабалі паўнавартасны канцэрт. Слухачы танцавалі з поўнай аддачай, такой удзячнай публіцы пазайздросціў бы любы музыкант.