«Грамадскі фуршэт», ці «Оскар» па-віцебску
- 04.04.2018
- 17564
Прыемна рабіць грамадска-значныя рэчы, а яшчэ больш прыемна атрымліваць за гэта ментальнае пагладжванне па сваёй светлай галаве – напрыклад, як гэта было на Rada Awards. Вось і ў віцебскай суполкі «Віцебск для мяне» з’явілася ідэя святочнага вечара пад назвай «Грамадскі фуршэт», мэта якога – сказаць «вялікі грамадскі дзякуй» заўважным людзям і ініцыятывам Віцебска і вобласці. І 1 красавіка каля пяці дзясяткаў гасцей, старанна апранутых у black tie, сабраліся ў бары «Brevis», каб максімальна сур’ёзна аддзячыць грамадскім актывістам горада і ўшанаваць іх. Расказваем, што ж такога бліскучага і вартага адбывалася ў Віцебску цягам апошняга года.
Клубны дом «Крылы надзеі»
Віцебскі клубны дом «Крылы надзеі» атрымаў падзяку «За добрую працу». Клуб адзначыўся заўважнай і карыснай працай у сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі людзей з псіхічнымі захворваннямі. Кіраўніца клуба Алена Барыла актыўна ладзіць рэабілітацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы, псіхалагічныя гульні і трэнінгі не толькі для чальцоў клуба, але і для максімальна шырокага кола зацікаўленых.
Супольнасць «Кухня 33»
У горадзе мастакоў трэба адзначыць супольнасць «Кухня 33» за круты сацыяльны дызайн. Гэтая суполка аб’ядноўвае ў сабе і вакол сябе неабыякавых творцаў і дызайнераў(-к), якія сваімі прафесійнымі ведамі дапамагаюць грамадскім праектам. «Прыгатаваць» тут могуць усё: ад нескладанай афішы для івэнта да распрацоўкі паўнавартаснага фірмовага стылю і айдэнтыкі.
Творчая майстэрня F33
Самы свежанькі праект з адзначаных гэтых вечарам – творчая майстэрня F33, што атрымала свой дыплом «за свежы подых у творчае асяроддзе». Арганізатаркі Ліза Грышчук і Ганна Карагіна паставілі перад сабой мэту сабраць творчых людзей горада ў адну супольнасць, каб размаўляць і рабіць сучаснае актуальнае мастацтва разам. «Першы стрэл» праекта стаў лакальным мемам: калі дзяўчаты рассылалі ўсім прэс-рэліз пра сябе, там было 2 ці 3 аркушы А4 без загалоўкаў і абзацаў, а сам рэліз пачынаўся са словаў «складана сказаць». Цяпер іх усё па-добраму троляць, але дзяўчаткі падышлі да гэтага з гумарам і ў будучыні паабяцалі не толькі працаваць больш старана, але і не забываць падкідваць свежыя нагоды для жартаў.
Арт-прастора VZAP
Арт-прастора VZAP – гэта віцебскія «Корпус», «Ок16» і іжэ з імі. Творчы кластар у асобе дырэктаркі Інгі Багінскай атрымаў падзяку за добрую працу. VZAP ахвотна і адказна хосціць маркеты, канцэрты, спектаклі, прэзентацыі і лекцыі. Таму, калі раптам збярэшся распавядаць віцебчукам пра жыццё і асаблівасці марскіх коцікаў, – тут табе дапамогуць зрабіць гэта максімальна якасна.
Праект «Жывая Бібліятэка ў Віцебску»
Праекту «Жывая Бібліятэка ў Віцебску» асобнае прадстаўленне не трэба: арганізатаркі Юля Буевіч і Вольга Яфрэмава яшчэ нядаўна атрымалі ўзнагароду ад RADA за лепшы рэгіянальны праект. На «Грамадскім фуршэце» ім далі падзяку «за цікавыя гісторыі людзей».
Фэст добрасуседства «Ільінка»
Канец 2017-га запомніўся Віцебску вулічнымі фэстамі, прысвечанымі старым і ўтульным часткам горада. Адным з такіх мерапрыемстваў стаў фэст добрасуседства «Ільінка», які ладзіўся на базе школы №21 пры дапамозе клуба ЮНЭСКА «Прайд» і яго куратаркі Алены Кутоўскай. Камандзе фестывалю са шчырай радасцю падзякавалі «за добрую працу з супольнасцю». Ільінка – пяшчотна любімы жыхарамі горада раён побач з Дзвіной, напоўнены зелянінай, графіці і пахам піўзавода. Фэст дазволіў жыхарам і гасцям гэтай часткі горада пазнаёміцца з Ільінкай бліжэй дзякуючы майстар-класам, кірмашу, спартовым пляцоўкам і адукацыйным заняткам. Сродкі ад кірмашу пайшлі на добраўпарадкаванне гэтага куточка горада.
«Арт-майстэрня»
У снежні, калі Віцебск актыўна замятала, арт-тусоўка ўсё роўна адчайна жыла насычаным культурніцкім жыццём: а менавіта хадзіла на майстар-класы «Арт-майстэрні». 10 і 17 снежня каманда праекта вучыла жыхароў горада рабіць паштоўкі, скетчбукі, елачныя цацкі і прыгожыя эка-пакункі на занятках са святочнымі назвамі «Каляровы пластык», «Адкрый радасць», «Чыстая старонка», «Галінка шчасця», «Завярні каханне». Каманда vitebsk4me наведвала ўсе заняткі, а таму з вялікай радасцю аддзячыла праекту «за цёплыя творчыя моманты».
Урбан-арт-форум «Прастора»
Лаўрэатамі падзякі «за зялёнае развіццё» стаў урбан-арт-форум «Прастора», што адбыўся ў горадзе 23-25 чэрвеня мінулага года. У горад прыехалі з лекцыямі Андрэй Касцючэнка, Аксана Кузіна, Яўген Калбовіч. Тры дні эка-Віцебск абмяркоўваў гарадскія дызайн-коды, публічныя прасторы, коды гістарычных будынкаў і крэатыўнасць у горадзе.
Суцяшальны і пяшчотны дзякуй «за тое, што разам з намі», атрымалі таксама сталыя сябры vitebsk4me: Віталь Броўка, Уладзімір Булаўскі і Віка Фаміна. Вялiкi дзякуй за падрыхтоўку фуршэту дырэктарцы V4M Вользе Бізікавай.
Фота – Іван Сямёнаў