Спікеры
Анора Лангар – PR-менеджарка таварыства «Зялёная сетка».
Антон Трафімовіч – журналіст «Радыё Свабода».
Вікторыя Церашонак – прэс-сакратарка грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Мадэратарка:
Саша Губская – журналістка 34mag.net, івэнт-менеджарка.
«Экалогія – папкорн для батанікаў?»
Анора Лангар: З ініцыятывы «Зялёнай сеткі» мы праводзілі даследаванне «Навакольнае асяроддзе ў люстэрку масмедыя». Высновы аказаліся сумнымі. Асноўны вынік гучаў так: тэма аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі ў беларускім актывізме займае крыху менш за 1%. Рэдактары, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, назвалі экалогію занадта спецыялізаванай тэмай, гэтакім «папкорнам» для батанікаў.
Самы папулярны «шумны» кейс у медыя – сквер Котаўка. Будзем шчырыя: калі мясцовыя жыхары выйшлі абараняць Котаўку, міліцыі нічога не каштавала вырашыць праблему за пару хвілін. Але пра гэтую сітуацыю пісалі практычна ўсе медыя, і сітуацыя была на слыху цэлы год. Гэты кейс атрымаў маштабнае медыяасвятленне, і будаўніцтва касцёла ў Котаўцы спынілі.
«Кейс Котаўкі дазволіў зразумець, што СМІ – гэта сапраўды чацвёртая ўлада»
Наяўнасць на пляцоўцы СМІ дапамагае рабіць сітуацыю празрыстай. Многія журналісты вялі анлайн-трансляцыі і дапамагалі не дазволіць сілавым структурам паступаць так, як яны могуць паступіць. СМІ ўвесь час асвятлялі тое, што адбывалася ў скверы, бралі каментары ў мясцовых жыхароў і экалагічных актывістаў. Гэта той кейс, які дазволіў зразумець, што СМІ – гэта сапраўды чацвёртая ўлада.
«У нас на руках ёсць козыры»
Анора Лангар: Ёсць і іншыя кейсы. Напрыклад, свінакомплексы пад Маладзечна. Кожнае наша дзеянне і кожная спасылка на закон, які парушаўся, былі падмацаваныя публікацыямі на розных рэсурсах. Наша стратэгія была ў тым, каб чыноўнікі не маглі прыняць рашэнне за зачыненымі дзвярыма.
Мы дамагліся таго, каб кароўнік пад Нараччу не будавалі. Калі сітуацыя атрымлівае значнае медыяасвятленне, мы разумеем, што і ў нас на руках ёсць козыры.
Саша Губская: Колькі публікацый з падачы «Зялёнай сеткі» выходзіць у медыя?
Анора Лангар: З улікам радыё і тэлебачання – каля пяцідзесяці ў месяц.
«Кажаны – гэта прыкольна»
Вікторыя Церашонак: «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – гэта буйнейшая прыродаахоўная арганізацыя ў Беларусі. Мы выступаем не столькі як СМІ, колькі як ньюсмэйкер. АПБ дае шмат навін з полюсамі «плюс-мінус». Але лепш за ўсё беларускія СМІ бяруць пазітыўныя навіны.
Самыя прадаваемыя інфападаставы – новы від птушак і штосьці першае ў Беларусі. У беларускай прэсе добра разыходзіцца фан. Кажаны – гэта прыкольна. Адна навіна пра кажаноў разыходзіцца лепш, чым навіны пра птушак.
Ёсць шмат сур’ёзных і важных тэм, якія журналісты не бяруць. Напрыклад, паляванне на птушак. У Беларусі дазволена вясновае паляванне на птушак, а ва ўсёй Еўропе яно забароненае. Калі птушкі прылятаюць размнажацца, іх проста забіваюць. Аднак паляўнічае лобі ў краіне вельмі моцнае. Калі ты зліваеш гэтую тэму СМІ, яны адмаўляюцца ад яе. Не хочуць браць і тэму татальнага знішчэння ваўкоў у Беларусі і гаспадарчай дзейнасці ў нацыянальных парках.
«Самыя прадаваемыя інфападаставы – новы від птушак і штосьці першае ў Беларусі»
Журналісты не даводзяць тэмы да канца. Напрыклад, паляўнічы забіў чырванакніжны від птушкі. СМІ адпрацавалі гэтую навіну, але ніхто не робіць пазнаку «давайце паглядзім, што будзе далей». Ці падасць паляўнічы апеляцыю, заплаціць штраф, будзе прасіць сабе змякчэнне, перастане паляваць або ўзлуецца на ўвесь свет і заваліць яшчэ дзесяць чырванакніжных птушак? Можа быць, калі б СМІ даводзілі лінію да канца, то сітуацыя змянілася б. Мусіць быць нейкая мараль байкі і дальнабачнасць. Важна зразумець, чаму гэта адбылося, хто вінаваты і як настроіць людзей на тое, каб у далейшым такога не адбывалася.
«Мы не дастаем з рукава жураўлёў»
Вікторыя Церашонак: Праца ў журналістыцы – гэта жудасны канвеер і ашаламляльная хуткасць. Складана доўга займацца адной тэмай. Часта я сутыкаюся з запытам: «Мы хочам сабраць інфармацыю хутка і лёгка». У сферы аховы прыроды і экалогіі так бывае не заўсёды, таму журналісты часта саскокваюць з тэм. Мы не можам даць гарантыі, што ўбачым птушку, калі паедзем рабіць рэпорт: птушкі вельмі асцярожныя. Бадай, найлепшы спосаб працы з медыя – трымаць пры сабе журналісцкі пул адэкватных людзей, якія ўжо ў тэме і разумеюць, што мы не дастаем з рукава жураўлёў.
Часта журналісты робяць бамбічныя памылкі. Напрыклад, ёсць такі від птушак, як ісландскі пясочнік, які СМІ абазвалі «ісламскім» пясочнікам. Быў грандыёзны скандал.
Мы ўсе жывём як у заапарку – час выходзіць з клетак»
Ці, напрыклад, АПБ пісала на рускай мове пра «турухтанов»: «на территории Туровского луга отмечено 120 тысяч турухтанов». Да гэтага мы давалі тэкст на беларускай мове. А па-беларуску «турухтаны» – баталёны. І некаторыя рускамоўныя СМІ так і напісалі пра «120 тысяч батальонов птиц».
«Facebook выратаваў Котаўку»
Антон Трафімовіч: Большасць маладых генерацый ведае «Радыё Свабоду» па сацыяльных сетках. Зараз гэта анлайн-пляцоўка: мы працуем на сайце і ў сацыяльных сетках. На тэму аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі з 40-60 публікацый выходзіць 2-4 матэрыялы. «Свабода» піша пра змяненне клімату, платнае наведванне азёраў, пра Котаўку і вырубку парку ў Віцебску ад будаўніцтва копіі Сафійскага сабора.
Наша місія – прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў у працы. Ахова навакольнага асяроддзя – гэта абавязковая частка дэмакратычнага грамадства. Навакольнае асяроддзе шмат узгадваецца ў Канстытуцыі Беларусі, таму калі тэма – на стыку палітыкі і экалогіі, мы абавязкова яе асвятляем.
Калі ў 2008 годзе я працаваў у «Аргументах і фактах», матэрыял пра балоты ў Беларусі, зроблены АПБ, выклікаў рэзананс, быццам ён быў пра марсіянаў. Да яго ставіліся вельмі падазрона, і ён мог ісці ў рубрыку «Невядомае». Цяпер ужо ўсе інфармацыйныя выданні, у тым ліку БелаПАН і БелТА, пішуць пра балоты, таму што з’явіліся ініцыятывы, якія пастаянна пра гэта гавораць.
Тая ж Котаўка. Можна сказаць, Facebook выратаваў Котаўку. Людзі стрымілі, мы рэпосцілі ў сацсеткі, рабілі працяг гісторыі. Калі грамадская ініцыятыва нешта робіць, гэта не застаецца без увагі медыя. «Свабода» рэагуе на ініцыятыўных.
«Экалогія – гэта не багоўкі і ЗЛЖ»
Саша Губская: Які ў «Радыё Свабода» топ-3 «вечных» экалагічных тэм?
Антон Трафімовіч: Тэмы, звязаныя з якасцю жыцця: меліярацыя, забруджванне рэк і паветра – усё, што масава ўплывае на якасць жыцця чалавека. Безумоўна, тэма нумар адзін – падзеі, звязаныя з атамнай станцыяй. Напрыклад, з апошняга – манстрацыя актывістаў руху «Зялёных».
Анора Лангар: Мы ўжо шмат гадоў думаем, як ажывіць «Чарнобыльскі шлях» і як вярнуць яго ў экалагічнае рэчышча. Год таму мы рабілі касцюмы: хтосьці быў ветраком, хтосьці – матухнай-прыродай. У гэтым годзе мы пераапраналіся ў жывёл. Асноўны мэсэдж быў такі: мы ўсе жывём як у заапарку – час выходзіць з клетак. У кожнага(-ай) з нас былі шыльды, якія суадносіліся з гэтай жывёлай. Напрыклад, у каровы на шыльдзе было напісана: «Я не хачу, каб маё малако было радыеактыўным».
Антон Трафімовіч: Сёлета акцыя была ва ўсім Facebook. Я запытваўся ў нашага рэдактара сацыяльных сетак, што лепш заходзіць аўдыторіі. Адказ такі: жывёлы і мімімішнае. Гэта экалагічная манстрацыя на 99% мімімі, але пры гэтым закранае глыбокую і сур’ёзную тэму.
Анора Лангар: Зраблю ўдакладненне. Экалогія – гэта не багоўкі і ЗЛЖ. Гэта палітыка. Астравецкая атамная электрастанцыя – гэта экалогія? Гэта вельмі нават палітыка. Не трэба пра гэта забываць.
«Гараджан хвалююць дрэвы»
Анора Лангар: У эколагаў таксама ёсць свой топ-3 тэм. У нас ёсць праект «Зялёны тэлефон». Яго асноўная ідэя ў тым, што беларусы тэлефануюць на нашу лінію і распавядаюць пра сваю праблему. Часцей за ўсё да нас звяртаюцца з праблемай зялёных насаджэнняў. Гараджан хвалююць дрэвы. Калі недзе сякуць, у людзей сэрца крывёй абліваецца.
Другі пункт – добраўпарадкаванне двара. Беларусаў звычайна хвалюе тое, што адбываецца блізка.
Трэцяя – тэма адкідаў. Калі знаходзяць сметнік, узнікае шмат пытанняў пра тое, што рабіць.
Часта тэлефануюць з просьбай «Прыязджайце, дапамажыце, будзьце “хуткай дапамогай”, “вы ж эколагі”».
«Людзі ў рэгіёнах не інстаграмяць, што вырасцілі на падаконніку цыбулю»
Саша Губская: Якая ваша палітыка ў дачыненні да гарадскіх уладаў?
Анора Лангар: Не варта думаць, што дзяржчыноўнікі нас не чытаюць. Гэта не так. Наіўна было б думаць, што калі мы будзем агрэсіўнымі актывістамі, то чагосьці даб’емся. Калі мы хочам працаваць з дзяржорганамі і каб нас успрымалі як экспертаў, трэба быць карэктнымі.
«Гэта разбурыць усю аўтэнтыку Палесся»
Саша Губская: За якія тэрыторыі нам яшчэ трэба будзе яшчэ пазмагацца?
Вікторыя Церашонак: Пад пагрозай вядомая для ўсяго свету тэрыторыя – «Тураўскі луг» на Палессі. Да гэтага часу там знаходзіцца вялікая колькасць кулікоў, якіх няма ва ўсёй Еўропе. Пойму Прыпяці называюць Палескай Амазонкай. Цяпер з’явілася праблема з дзіўнай назвай «Е-40» – міжнародны праект, мэта якога адрадзіць шлях з «варагаў у грэкі» і злучыць Чорнае мора з Балтыйскім. Для таго каб гэта зрабіць, трэба перакалечыць усю раку і прылеглыя тэрыторыі. Гэта разбурыць усю аўтэнтыку Палесся.
«Поп-тэмы экалайфстайлу – гэта пачатак пачаткаў»
Саша Губская: Менск ужо адкрыў роварны сезон, мы п’ем з экакубачкаў і ядзім экаежу. Прыстаўка «эка-» становіцца трэндам. Мы гэтым нешта мяняем? Гэта пра экалагічны актывізм?
Анора Лангар: Поп-тэмы экалайфстайлу – гэта пачатак пачаткаў. Ад гэтага зручна рухацца далей. Галоўнае – не спусціцца ў грынвошынг, калі мы выдаем папсовыя ідэі за важнае экалагічнае. Напрыклад, гэта той выпадак, калі нашыя ўнівермагі робяць вясёлую раздачу саджанцаў і кажуць, што гэта эка, але іх вытворчасць зусім не эка.
Вікторыя Церашонак: Цяпер гэтыя рэчы асацыююцца са словам «мода». Але гэта вельмі дзіўна. Калі ты прыязджаеш у рэгіён, для жыхароў слова «мода» стаіць на апошнім месцы, калі яны ездзяць на ровары і ядуць са свайго агарода. Людзі ў рэгіёнах не інстаграмяць, што вырасцілі на падаконніку цыбулю. Гэта павінна быць не ў інстаграме перад сябрамі, а ў галаве. Не павінна захапляць, што мы сартуем смецце. Мы ўсе прыйдзем да таго, што гэта стане для нас нормай.
Разглядаем задумлівыя фота з цікавымі фактамі самага старога лесу Еўропы.
У дзяцінстве я выбраў водны – разглядаем новы «Краявід», прысвечаны самаму глыбіннаму зрэзу нацыянальнай ідэнтычнасці – балотнаму лімба.
Дайв-рэпорт з птушынага раю, праз які плануюць пусціць шматтонныя баржы.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.