За балота!

  • 07.10.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 8273

Увесь свет прыходзіць да неабходнасці eco-friendly ладу жыцця, але неабавязкова есці адно рукалу, пяшчотна выгадаваную без пестыцыдаў у італьянскай вёсцы, ці карыстацца роварам, нават калі снег храначыць проста ў твар, каб зрабіць нешта карыснае для наваколля. Можна, напрыклад, дапамагчы нашым родненькім балотам. Якраз у «Багны» стартавала адпаведная акцыя.

 

Амаль 14% тэрыторыі краіны – гэта менавіта балоты, буйнейшыя з якіх – Спорава, Ельня, Званец, Пціч ды Марочна. Асушэнне дзеля здабычы торфу наносіць ім непапраўную шкоду, а атрыманыя грошы не ідуць у параўнанне з тым, што захоўвае ў сабе іх экасістэма.

Мы ўжо пісалі пра Ельню, пятае найбуйнейшае ў Еўропе балота, кошт адной толькі прэснай вады ў якім дасягае $ 250 млн. Але фіг з ёй, з камерцыяй, трэба разумець, што балоты – гэта перш за ўсё месца жыхарства шматлікіх унікальных жывёлаў, птушак і раслін, а таксама дамінанты фармавання сучаснага клімату. І натуральна, што іх асушэнне і знішчэнне вядзе да парушэння экасістэмы цэлых рэгіёнаў.

Пару дзён таму ў «Багны» стартавала акцыя па зборы сродкаў для выдання «Падарожнай кніжкі па балотах Беларусі», пра стварэнне якой больш падрабязна распавёў Канстанцін Чыкалаў, актывіст арганізацыі:

«З тэматыкі аховы балотаў пачалася дзейнасць нашай каманды, што доўжыцца ўжо які год. Цікавасць да багны не выпадковая, бо шмат людзей ніколі там не былі і нават не прадстаўляюць, як яны насамрэч выглядаюць, што гэта не небяспечныя месцы, дзе абавязкова загінеш. Разбурэнне такіх стэрэатыпаў – адна з мэтаў, чаму мы вырашылі выпусціць такі гід.

Пробная ініцыятыва ў нас ужо была: гэта праект «Восем балот», дзе мы ў простай і цікавай інфаграфіцы распавядаем пра іх важнасць для Беларусі. Але зараз хочацца стварыць нешта большае: наш даведнік звяжа балоты Беларусі ў адзіны турыстычны маршрут, які зможа паўтарыць кожны зацікаўлены чалавек, улічваючы замежных турыстаў. У гідзе будзе змешчана інфармацыя пра 10 найбольш цікавых балот Беларусі, а таксама пра інфраструктуру: дзе пераночыць, паесці, якія культурніцкія аб’екты ёсць побач. Мы плануем дадаць у кнігу якасныя фотаздымкі, цікавыя факты пра балоты, птушак, расліны і жывёлаў, што знаходзяцца там. Да таго ж усюды будуць змешчаныя рэкамендацыі адносна правілаў паводзінаў на балотах, каб падарожжа атрымалася бяспечным і экалагічным. Такім чынам, мне здаецца, мы можам сумясціць фан і экалагічную асвету».

Перамога на Social Weekend 8 і збор неабходнай сумы дазволіць «Багне» рэалізаваць сваю ідэю, а людзям – атрымаць унікальны план для падарожжа па радзіме. Каманда плануе распаўсюджваць гід бясплатна, асноўны акцэнт будзе зроблены на папулярызацыі сярод саміх беларусаў, а ўжо потым для замежных турыстаў. Вядома, прырода і навакольнае асяроддзе нашай з табой Радзімы – нязбітая турыстычная тэма, і прыцягненне турыстаў за кошт незвычайных self-made падарожжаў у натуральных умовах можа лёгка стацца нашай фішкай.

 

Калі ўжо не можаш вытрываць жадання сабраць заплечнік ці проста хочаш дапамагчы захаваць містычны беларускі скарб – падтрымай ініцыятыву на «МаеСэнс».


Фота by Саша Губская